Вялікі пост – перыяд навяртання, час супакою і духоўнай цішыні. Мы прыходзім сёння ў святыню на нядзельную літургію, каб падзякаваць Богу Усемагутнаму за асаблівы час выпрабаванняў нашай хрысціянскай веры.
Каментарый да літургіі
Вялікі пост – перыяд навяртання, час супакою і духоўнай цішыні. Мы прыходзім сёння ў святыню на нядзельную літургію, каб падзякаваць Богу Усемагутнаму за асаблівы час выпрабаванняў нашай хрысціянскай веры. Мы шукаем Божага аблічча і прагнем з’яднацца са Збаўцам у святой Эўхарыстыі, каб сваёй ласкай і любоўю міласэрны Айцец ачысціў нас ад старой грахоўнасці і перамяніў нашыя сэрцы.
Каментарый да літургіі слова
Літургія слова сённяшняга дня з Кнігі Быцця скіроўвае нашу ўвагу на заключэнне запавету з верным Абрагамам. Мы бачым выпрабаванне веры Абрагама і вернасць Бога свайму абяцанню. Абрам паверыў Пану, і Ён залічыў яму гэта як праведнасць.
Бог – адзінае святло і наша збаўленне, таму мы павінны сэрцам даверыцца Яму і спадзявацца толькі на Бога, шукаючы аблічча Ягонага. Калі мы цалкам даверымся Яму, тады Хрыстус пераменіць нашае цела ў падабенства свайго праслаўленага Цела.
Цудоўная перамена адбылася, калі Езус узыйшоў на гару памаліцца, узяўшы з сабою сваіх вучняў – Пятра, Яна і Якуба. Гэтая перамена адбываецца і з намі, калі мы трываем разам з Езусам на нядзельнай святой Эўхарыстыі, з якой мы чэрпаем моц для пераадолення розных выпрабаванняў і цяжкасцяў нашага жыцця.
Малітва вернікаў
Пакорна схіляючыся перад нашым Збаўцам, з глыбіні сэрцаў зараз узнясём да міласэрнага Бога свае малітвы:
1. Молімся за Айца Святога Францішка, каб, кіруючыся праўдаю святога Евангелля, асабліва падчас Вялікага посту, заклікаў людзей да навяртання і шчырага пакаяння. Цябе просім… 2. Молімся за ўсіх святароў, якія праводзяць велікапосныя рэкалекцыі, каб Божае слова, якое яны абвяшчаюць, прынесла вялікія духоўныя плёны ў сэрцах людзей для Божай хвалы. Цябе просім… 3. Молімся за навяртанне тых, хто доўгі час жыве ў стане граху, каб адкрылі свае сэрцы на дзеянне Божай любові і міласэрнасці. Цябе просім… 4. Молімся за моладзь нашай краіны, каб, нягледзячы на спакусы, выпрабаванні і выклікі сучаснага секулярнага свету, заўжды імкнулася трываць у адзінстве з Хрыстом. Цябе просім… 5. Молімся за дзяцей-сірот, якія не маюць бацькоў, каб адчулі айцоўскую падтрымку і мацярынскую апеку ад бліжніх, родных і знаёмых, а таксама любячага Бога. Цябе просім… 6. Молімся за людзей з рознымі формамі інваліднасці, каб сваім жыццём яны праслаўлялі Усемагутнага Бога і з’яўляліся сапраўдным прыкладам для тых, хто страціў сэнс жыцця і прабывае ў роспачы. Цябе просім… 7. Молімся за нас, сабраных каля алтара Пана, каб з кожным днём мы ўсё больш узрасталі ў цнотах веры, надзеі і любові, імкнучыся да святасці. Цябе просім…
Дапамажы нам, міласэрны Божа, праслаўляць Цябе ў штодзённай працы, у малітоўнай цішыні, каб памерці для граху і падняцца на новы ўзровень у духоўным развіцці. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Анастасія-Алена Блусянкова
|