Каментарый да літургіі
“Благаславі, душа мая, Пана * і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы”
Сёння, у ІІІ нядзелю Вялікага посту, да нас скіроўваюцца словы з Кнігі Зыходу, дзе Бог, размаўляючы з Майсеем, паказвае і нам сваю любоў і міласэрнасць, — Пан заўсёды памятае і клапоціцца пра людзей, якіх стварыў. Праз другое чытанне ж святы Павел нагадвае нам пра пакору і адказнасць за свае дзеянні і думкі, вяртаючыся прыкладам да часоў Майсея.
Каментарый да літургіі слова
“Пакайцеся, — кажа Пан, — бо наблізілася Валадарства Нябеснае”
У Евангеллі сёння сам Езус прамаўляе да нас на першы погляд жорсткімі словамі: «калі не пакаецеся, усе таксама загінеце». Ці ж з’яўляецца гэта спробай запалохаць? Не зусім так: хутчэй праявай любві і паказваннем сапраўднай рэчаіснасці, якая можа стацца з кожным чалавекам без выключэння, калі ён адвернецца ад Бога.
Малітва вернікаў
Усім сэрцам просім Бога Усемагутнага:
- Молімся за Святы Касцёл, каб узрастаў у супольнай любові.
- Падтрымай Папу Францішка, усіх біскупаў, святароў і дыяканаў, каб хапала сілаў і жадання на выкананне штодзённых паслугаў верным.
- Дадай уладам усіх краін разважлівасці ў дзеяннях, каб усё рабілі для дабрабыту грамадзян.
- Молімся за ўсіх, хто церпіць ад вайны і прыродных катаклізмаў, каб атрымлівалі патрэбную падтрымку і ніколі не сумняваліся ў Божай любові.
- Даручаем Табе ўсіх церпячых і хворых, дадай ім вытрымкі і вернасці Табе.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці.
- Благаславі нам, прысутным ля Твайго алтара, каб мы, наследуючы прыклады папярэдніх часоў, былі свядомыя і адказныя за свае дзеянні ў сучасным свеце.
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Рэгіна Рудкоўская
|