Каментарый да літургіі
Збіраемся сёння на нядзельную літургію ў святыні вакол алтара нашага Пана Езуса Хрыста – Добрага Пастыра, які кожнага з нас ведае па імені і асабіста запрашае да стала Божага слова і стала эўхарыстычнага.
Прыходзім, каб у велікодны час праславіць нашага Нябеснага Айца за Яго міласэрнасць і вернасць, якая трывае з пакалення ў пакаленне, а таксама каб, давяраючыся Яго бязмежнай міласэрнасці, прадставіць свае малітвы і выказаць падзяку за дар вечнага жыцця, якое Езус Хрыстус здабыў для нас праз сваё хвалебнае ўваскрасенне.
Каментарый да літургіі слова
У літургіі слова пачуем, што юдэі не прынялі і пачалі пераследваць апосталаў Паўла і Барнабу, якія вучылі ў сінагозе, як заўсёды заставацца ў Божай ласцы. Таму Божае слова пачало абвяшчацца язычнікам, якія паверылі і праслаўлялі Бога за надзею вечнага жыцця.
Сам Хрыстус, заўсёды верны свайму Слову, сёння запэўнівае і кожнага з нас, што дае вечнае жыццё сваім авечкам. Ён – наш Добры Пастыр, а мы ўсе – авечкі Ягонай паствы.
Езус Хрыстус кажа вельмі моцныя словы: авечкі Ягоныя ніколі не загінуць і ніхто не зможа вырваць іх з рук Айца Нябеснага.
Малітва вернікаў
Ойча Спрадвечны! З вялікім даверам да бязмежнай міласэрнасці Тваёй узносім зараз да Цябе малітвы сваіх сэрцаў:
1. Молімся за святы Каталіцкі Касцёл, каб штодзённа трываў і ўмацоўваўся ў любові ўваскрослага Збаўцы і асвячаў верных Божым словам. Цябе просім… 2. Молімся за Айца Святога Францішка і ўсё духавенства, каб па прыкладу Езуса – Добрага Пастыра – заўсёды накіроўвалі ўсіх верных на шлях Божай праўды. Цябе просім… 3. Молімся за моладзь нашай краіны аб новых пакліканнях да святарскага служэння і кансэкраванага жыцця, каб актыўна адкрываліся сэрцы на голас Хрыста, які кліча: “Ідзі за Мною”. Цябе просім… 4. Молімся за ўсіх пілігрымаў, якія наведваюць розныя санктуарыі ў Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці, каб уваскрослы Хрыстус выслухаў іх малітвы і ўзнагародзіў патрэбнымі дарамі згодна з Божаю воляю. Цябе просім… 5. Молімся за тых, хто не мае жылля, ежы і працы, каб праз дапамогу добрых людзей яны своечасова атрымалі патрэбныя матэрыяльныя даброты. Цябе просім… 6. Молімся за медыкаў, якія робяць аборты, каб адвярнуліся ад злога і зразумелі, што жыццё чалавека – гэта каштоўны Божы дар. Цябе просім… 7. Молімся за нас, сабраных пры алтары ўваскрослага Збаўцы, каб, умацаваныя Божым словам і святой Эўхарыстыяй, неслі святло Хрыста тым, хто прабывае ў грахоўнай цемры. Цябе просім…
Усемагутны Ойча! Змілуйся над намі, бо мы прагнем узрастаць у Тваёй міласэрнай любові, ідучы за голасам нашага Добрага Пастыра. Пачуй сёння нашы малітвы, якія мы з надзеяй узносім да Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Алена-Анастасія Блусянкова
|