Каментарый да літургіі
“Не пакіну вас сіротамі, — кажа Пан, — іду і прыйду да вас, і ўзрадуецца сэрца вашае”.
Дух Святы, калі зышоў на апосталаў, даў ім сілу і мудрасць прапаведваць Хрыста. Сёння мы прыходзім на літургію ў чаканні Духа Святога. Ведаем, што без Яго дапамогі мы ні на што не здольныя. Таму мы сваёй прысутнасцю сёння на Імшы просім добрага Бога, каб даў нам дапамогу Святога Духа. Няхай Ён перамяняе нашы сэрцы, няхай пераможа наш страх, няхай дасць нам сапраўдную мудрасць.
Прыйдзі, Дух Святы!
Каментарый да літургіі слова
“Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх”.
Сёння ў літургіі слова чуем малітву Езуса, нашага Настаўніка, за нас. Сам Бог моліцца за нас. Мы не павінны ўжо нічога баяцца, а бязмерна давяраць Божаму Провіду, таму што ўсё ў Яго руках.
Езус просіць: “каб усе былі адно”, таму мы, хрысціяне, павінны прыкладаць намаганні, каб злучыцца ў адно. А пачынаць трэба са сваёй сям’і, супольнасці, на працы, сярод сяброў.
Таксама Хрыстус паказвае нам ўзор малітвы, у якой мы павінны памятаць пра іншых. Наша малітва ніколі не павінна канцэнтравацца толькі на сабе, але мы павінны заносіць просьбы за іншых.
Малітва вернікаў
Да Бога, які праз свайго Сына вучыць нас маліцца, занясём свае малітвы і просьбы:
1. Молімся за Святы Касцёл, каб быў крыніцай супакою ў сучасным свеце. 2. Молімся аб еднасці хрысціян, каб Дух Святы дапамог пераадолець падзел у Целе Хрыстовым. 3. Молімся за дзяцей, якія хутка прымуць Першую святую Камунію, каб былі верныя Хрысту да канца свайго жыцця. 4. Молімся за нашу Бацькаўшчыну, каб навука Хрыста пашыралася на нашай зямлі. 5. Молімся за памерлых, каб добры Бог прыняў іх у сваё Валадарства. 6. Молімся за нас, тут прысутных, каб заўсёды памяталі ў сваіх малітвах тых, хто побач з намі.
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
С. Таццяна Гмыза SJE
|