Каментарый да літургіі
Езус Хрыстус збірае нас вакол алтара на нядзельнай святой Эўхарыстыі, каб адарыць патрэбнымі ласкамі, напоўніць нашыя сэрцы любоўю і сапраўдным Божым супакоем, а таксама каб умацаваць нашу веру ў тое, што для Бога няма нічога немагчымага. Галоўнае, чаго чакае ад нас Езус, – гэта бязмежнага даверу да Ягонай міласэрнасці. Таму зараз адкрыем свае сэрцы і дазволім Богу Усемагутнаму дзейнічаць у кожную хвіліну нашага жыцця, згаджаючыся цалкам з Ягонай воляй.
Каментарый да літургіі слова
У літургіі слова з Першай кнігі Валадарстваў сёння мы пачуем, як на голас прарока Іллі праявілася Божая моц ва ўваскрашэнні памерлага сына асірацелай удавы.
Словамі псальма ўзвялічым Пана Бога, бо Ён нас збавіў. Праславім усемагутнага Бога за Ягоную ласкавасць і святасць і за тое, што ратуе наша жыццё і суцяшае сваіх верных.
Сёння Збаўца свету праз словы святога Евангелля паводле Лукі паказвае нам: тое, што немагчыма ў людзей, магчыма ў Бога – нават уваскрашэнне памерлых.
Малітва вернікаў
З вялікім даверам узносім свае малітвы да Бога, просячы дапамогі, апекі і духоўнай падтрымкі на кожны дзень:
1. Добры Божа, дапамажы, каб святы Каталіцкі Касцёл развіваўся і ўзрастаў у веры, надзеі і любові, а паміж народамі запанавалі згода, супакой і міласэрнасць. 2. Міласэрны Божа, адары Святога Айца Францішка і ўсё духавенства патрэбнымі ласкамі і святымі дарамі, каб годна неслі сваё ахвярнае служэнне на хвалу Богу і дзеля дабра бліжніх. 3. Усемагутны Божа, уратуй і духоўна падтрымай цяжка хворых і церпячых, асабліва тых, хто страціў надзею і прабывае ў роспачы, і тых, хто ўжо не бачыць сэнсу жыцця, каб знайшлі яго ў Божай любові 4. Літасцівы Божа, змілуйся над закаранелымі грэшнікамі і ўзбудзі ў іх сэрцах моцны жаль за грахі, распалі гарачае прагненне да пакаяння і навяртання. 5. Спрадвечны Божа, прымі ў сваё Нябеснае Валадарства душы, якія церпяць у чысцы, асабліва тыя, пра якія ўжо доўгі час не памятаюць іх родныя і блізкія. 6. Найсвяцейшы Божа, наш Ойча, дапамажы нам, сабраным зараз вакол алтара, ва ўсіх нашых штодзённых патрэбах, каб мы спазналі моц Тваёй бязмежнай любові і міласэрнасці.
Праз Хрыста, Пана нашага, які з Табою і з Духам Святым жыве і валадарыць на вякі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова
|