Каментарый да літургіі
Кожная Эўхарыстыя нагадвае нам пра таямніцу Божай любові да чалавека, які прынёс у ахвяру Сына свайго Адзінароднага, каб праз смерць на крыжы нас выратаваць ад няволі граху і адчыніць брамы неба. Кожная Святая Імша з'яўляецца абнаўленнем гэтай таямніцы, якая здзейснілася на крыжы. Эўхарыстыя для кожнага хрысціяніна — гэта ўрок прабачэння і любові да ворагаў. Толькі той можа сапраўды любіць, хто шчыра даруе віну свайму брату.
Каментарый да літургіі слова
У першым чытанні з Другой кнігі Самуэля мы бачым прызнанне Давіда ў сваім граху. Прызнанне віны дае жыццё — прабачэнне. Прабачэнне і апраўданне зла, якое здзяйсняецца людзьмі, магчыма толькі праз веру ў Езуса Хрыста, а не праз закон. Аб прабачэнні праз веру кажа нам сёння святы Павел ў другім чытанні. У Евангеллі паводле Лукі мы будзем ўдзельнікамі даравання ўсіх вінаў жанчыне, якая слязьмі жалю за свае грахі абмыла ногі Езуса.
Малітва вернікаў
Да Бога, які заўсёды нас выслухоўвае, з верай занясём нашыя просьбы:
1. Молімся за Касцёл Святы, каб у сённяшнім свеце абвяшчаў Евангелле і вёў усе народы да збаўлення. Цябе просім... 2. Молімся за Айца Святога, біскупаў і святароў, каб, напоўненыя моцаю Духа Святога, кіравалі Касцёлам. Цябе просім... 3. Молімся за сем’і, каб, моцныя Богам, выхоўвалі дзяцей паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў. Цябе просім... 4. Молімся за хворых, бедных і самотных, каб сустрэлі на сваёй дарозе жыцця людзей, якія змогуць ім дапамагчы. Цябе просім... 5. Молімся за памерлых, каб дасягнулі шчасця прабывання ў Валадарстве Нябесным. Цябе просім... 6. Молімся за нас, сабраных вакол алтара Пана, каб мы, перамененыя Божым словам і Хлебам Эўхарыстычным, моцна трывалі ў веры. Цябе просім...
Божа, выслухай нашыя малітвы, якія да Цябе з верай прыносім. Праз Хрыста, Пана нашага.
С. Людміла Леўдаровіч MChR
|