Каментарый да літургіі
Нядзельная святая Імша — гэта асаблівы момант сустрэчы са сваім Богам. Ён першы нас кліча, але ад нас залежыць, ці адбудзецца гэтая сустрэча. Сам Вялікі Бог хоча карміць нас сваім Словам і Целам, гэтаму зайздросцяць нават анёлы ў небе. Ці ўсведамляем мы веліч свайго хрысціянскага паклікання або гэта для нас проста традыцыя?
Няхай Міласэрны Айцец узмацняе нашу веру, каб мы не марнавалі каштоўныя дары нашага Пана.
Каментарый да літургіі слова
Сёння ў літургіі слова Езус задае пытанні. Першае з іх: «Кім лічыць Мяне народ?» Езус добра ведае, што меркаванне іншых можа ўплываць на веру вучняў, на вобраз Бога, які фарміруецца ў іх. А як у нас? Ці ідзём мы за голасам большасці? Каго больш слухаем — Бога ці людзей?
«А вы кім лічыце Мяне?» — пытаецца наш Настаўнік у кожнага з нас сёння. Хто для нас Езус? Рэлігія, традыцыя, «хуткая дапамога»…? Ці ведаем, што значыць асабістыя адносіны з Хрыстом? Ці чулі Яго голас? Ці з’яўляецца для нас Езус сапраўдным Жывым Богам, які дзейнічае ў нашым асабістым жыцці?
Езу, узмацні нашую веру, каб мы не баяліся загубіць сваё жыццё дзеля Цябе ў гэтым свеце, каб атрымаць яго ў жыцці вечным.
Малітва вернікаў
Перажываючы асаблівы час Божай Міласэрнасці, час навяртання і ачышчэння, даверым Усемагутнаму Богу ў малітве патрэбы нашы і ўсяго свету.
1. Молімся за Святога Айца Францішка, каб яго навучанне і прыклад жыцця былі знакам Божай любові да кожнага чалавека. 2. Молімся за Святы Касцёл, каб сярод заганаў гэтага свету быў светачам праўды і міласэрнасці. 3. Молімся за тых, хто кіруе нашай краінай, аб мудрасці і любові ў спаўненні сваіх абавязкаў. 4. Молімся за дзяцей і моладзь, каб, умацаваныя добрым прыкладам старэйшых, былі заўсёды верныя Хрысту. 5. Молімся за нас, каб у сваім штодзённным жыцці бачылі побач прысутнасць Жывога Бога.
Божа, Ты аказваеш нам сваю любоў, выслухай нашыя малітвы і ўчыні, каб нашае жыццё было згоднае з вызнаванай верай. Праз Хрыста, нашага Пана. Амэн.
С. Таццяна Гмыза SJE
|