Каментарый да літургіі
Эўхарыстыя — гэта вяршыня Божай любові. Божая любоў не ведае меры. Творца дае нам любоў і чакае, што мы таксама адкажам на Яго любоў. Нядзеля — гэта дзень, калі асаблівым чынам набліжаемся да любові, да Бога. Удзел у святой Імшы і прыняцце святой Камуніі з'яўляецца выразам нашай любові да Бога. Мы робім гэта ў духу платы за свае грахі і грахі свету. На пачатку Эўхарыстыі папросім прабачэння ў Бога за ўсе нашы грахі, якія аддаляюць нас ад Яго.
Каментарый да літургіі слова
Толькі прыняцце Езуса, які з'яўляецца найбольшым дабром і любоўю, можа гарантаваць чалавеку шчасце. Выбар Езуса – гэта выбар шчасця, якое не праходзіць тут, на зямлі, але трывае назаўжды.
Давайце адкрыем нашыя сэрцы на Слова Божае ў нашым жыцці.
Малітва вернікаў
Да Бога, які заўсёды нас выслухоўвае, узнясём з пакорай нашыя просьбы:
1. Молімся за Касцёл святы, каб паказваў усяму свету дарогу да Праўды, якой з’яўляецца наш Пан – Езус Хрыстус. Цябе просім... 2. Молімся за Айца Святога Францішка, каб, асвечаны святлом Духа Святога, набліжаў людзей да Бога. Цябе просім... 3. Молімся аб новых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця, каб Добрая Навіна абвяшчалася ўсім народам. Цябе просім... 4. Молімся за памерлых, каб Бог аказаў ім сваю міласэрнасць і дазволіў прабываць у Валадарстве Нябесным. Цябе просім... 5. Молімся за нас, прысутных пры алтары Пана, каб мы заўсёды былі верныя Богу. Цябе просім...
Пане, наш Божа, які няспынна адорваеш нас сваімі ласкамі, выслухай нашыя просьбы. Праз Хрыста, Пана нашага.
С. Людміла Леўдаровіч MChR
|