Каментарый да літургіі
Збіраемся зараз у святыні вакол Божага алтара, каб падзякаваць усемагутнаму Богу за ласку нашага паклікання, за радасць паяднання з Ім у сакрамэнце святой Эўхарыстыі.
Сам Бог першы звяртаецца да кожнага з нас асабіста і кліча сёння: «Ідзі за Мною». Але толькі ад нас залежыць, ці адкрыем мы свае сэрцы і ці адкажам станоўча на Ягоны заклік.
Каментарый да літургіі слова
Літургія Божага слова канцэнтруе нашу ўвагу сёння на таямніцы паклікання. Першае чытанне з Кнігі Валадарстваў прадстаўляе нам пакліканне Елісея, сына Сафата, якога Бог намасціў прарокам замест Іллі. Елісей пачуў Божы голас, сам устаў і пайшоў за Іллёю, каб служыць яму.
На голас Божага паклікання адказвае той, хто цалкам спадзяецца на Пана і ў паўнаце Яму давярае.
Апостал Павел у Пасланні да Галатаў робіць акцэнт на тым, што ўсе мы пакліканы да свабоды і да служэння адзін аднаму, кіруючыся наказам любові да бліжняга.
Праз словы святога Евангелля Бог сёння прамаўляе да нас: «Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага». Тым самым Ён падкрэслівае вернасць таму пакліканню, таму шляху, які чалавек для сябе ў жыцці выбірае.
Малітва вернікаў
Да Бога, Айца Усемагутнага, які кліча нас сёння пайсці за Ім, узнясём з даверам нашыя падзякі і просьбы:
1. Прымі падзяку, Божа, за дар апостальскага служэння Айца Святога Францішка і ўмацуй яго ў веры, надзеі і любові. 2. Прымі падзяку, Божа, за ўсіх святароў, якіх Ты сам паклікаў да служэння на Божай ніве, і ўчыні іх сапраўднымі апосталамі Тваёй міласэрнасці. 3. Прымі падзяку, Божа, за святароў, якія праводзяць рэкалекцыі і «вакацыі з Богам», шчодра адары іх патрэбнымі ласкамі і святымі дарамі. 4. Прымі падзяку, Божа, за нашых родных і блізкіх і за ўсіх людзей, якіх штодня мы сустракаем у сваім жыцці. Акажы ім, Езу Хрысце, бязмежную міласэрнасць сваю. 5. Прымі падзяку, Божа, за ўсё, што маем, і за тое, чаго не маем. Перамяні нашыя сэрцы, каб мы больш прагнулі духоўных дабротаў і ахвотна служылі бліжнім у любові.
Божа, наш Ойча, які маеш словы вечнага жыцця, прымі ўсе нашыя падзякі і просьбы, якія мы Табе прыносім. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова
|