Каментарый да літургіі
Нядзеля — час асаблівага духоўнага адпачынку, калі прыходзім да алтара Збаўцы, каб пачуць Ягоны голас і напоўніць свае сэрцы бязмежнай Божай любоўю, прыняць святую Эўхарыстыю.
Езус Хрыстус нас сёння запрашае, каб ачысціць нашыя сэрцы і кожнага ўмацаваць сваімі святымі дарамі. Толькі тады мы з Яго дапамогай у чыстых сэрцах зможам захаваць Божае слова і прыносіць у цярплівасці трывалы плён.
Каментарый да літургіі слова
У Божым слове пачуем сёння, хто годны жыць у шатры Пана, — а менавіта той, хто паступае беззаганна, здзяйсняе справядлівасць, гаворыць праўду і бліжніх не абмаўляе, не чыніць свайму бліжняму зла, не прымае подкупу і хваліць тых, хто баіцца Бога.
Праз словы святога Евангелля паводле Лукі Езус заахвочвае нас прыгледзецца да свайго штодзённага жыцця: каго мы наследуем — Марту ці яе сястру Марыю? Як мы звычайна сябе паводзім: можа, як Марта, зашмат заклапочаны непатрэбнай мітуснёй, альбо на першае месца ў жыцці ставім Бога, падобна Марыі, якая выбрала для сябе найлепшую частку?
Малітва вернікаў
Схіляючыся ў глыбокай пакоры перад усемагутным Богам, які насычае нашыя спрагнёныя сэрцы сваім святым Словам, узнясём да Збаўцы свету свае просьбы:
1. Молімся за святы Каталіцкі Касцёл, каб, нягледзячы на пераслед у сучасным секулярным свеце, нястомна абвяшчаў вернікам Божую праўду. Цябе просім… 2. Молімся за Айца Святога Францішка, біскупаў і святароў, каб, умацаваныя патрэбнымі дарамі Святога Духа, яны заўсёды імкнуліся наследаваць Хрыста, а асабліва ў часы выпрабаванняў. Цябе просім… 3. Молімся за кіраўнікоў нашай дзяржавы, каб пачулі ў сваіх сэрцах голас Хрыста і прымалі добрасумленныя рашэнні, якія не супярэчаць Божаму праву. Цябе просім… 4. Молімся аб шматлікіх пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, каб тыя, хто чуе ў сэрцы Божы заклік: «Ідзі за Мною», змаглі зрабіць адважны крок наперад уваскросламу Хрысту. Цябе просім… 5. Молімся за ахвяр аварый, катастроф і стыхійных бедстваў, каб атрымалі падтрымку і належную дапамогу ад добразычлівых людзей і не згубілі даверу ўсемагутнаму Богу. Цябе просім… 6. Молімся за дзяцей, якім пагражае небяспека аборту, каб міласэрны Хрыстус уратаваў іх жыццё, а бацькам прасвятліў розум — не чыніць такога жудаснага злачынства. Цябе просім… 7. Молімся за нас, сабраных на нядзельнай Эўхарыстыі, каб мы адкрылі свае сэрцы на праўду Хрыстовага Евангелля, выбіраючы для сябе сярод непатрэбнай мітусні найлепшы духоўны скарб. Цябе просім…
Праз Хрыста, Пана нашага, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова
|