Каментарый да літургіі
Эўхарыстыя — гэта асаблівы момант сустрэчы нашай душы з Умілаваным. Ён кажа нашаму сэрцу патрэбныя словы. Але ад нас залежыць, ці будзем мы іх слухацца. Няхай жа Дух Святы ўмацоўвае нашае сэрца і робіць яго чулым на голас Хрыста, няхай корміць нас Яго Целам. А мы будзем старацца быць вернымі Яго заклікам.
Каментарый да літургіі слова
Сёння літургія слова нагадвае нам пра вышэйшыя каштоўнасці і перасцерагае, каб не аддалі свайго сэрца зямным дабротам. «Марнасць марнасцяў» тут, на зямлі, калі мы бачым сэнс толькі ў зямных дабротах. Таксама чалавек з прыпавесці Езуса кажа нам аб тым самым, што ніколі мы не павінны прывязвацца да зямных рэчаў.
«Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога». Трэба глядзець у Неба! На зямлі ўсё праміне, а нашая Айчына знаходзіцца ў Небе. Скіруем жа наш позірк на Неба і будзем старацца багацець перад Богам.
Малітва вернікаў
У надзеі даверым Усемагутнаму Богу нашыя малітвы і просьбы:
1. Молімся за Святы Касцёл, каб у Год Міласэрнасці ён з радасцю прымаў кожную заблукалую душу і паказваў свету Міласэрнае Сэрца Бога. 2. Молімся за Святога Айца Францішка і ўсіх біскупаў, каб прапаведвалі і сведчылі аб міласэрнасці і вялікай любові Бога да чалавека. 3. Молімся за тых, хто жыве ў граху, каб не баяліся наблізіцца да Бога і паверылі, што Ён чакае навяртання кожнага чалавека. 4. Молімся аб духоўным плёне для кожнага ўдзельніка Сусветных дзён моладзі ў Кракаве, каб былі сапраўднымі сведкамі Хрыста. 5. Молімся за нашых дабрадзеяў, каб сам Бог быў для іх узнагародай. 6. Молімся за нас, тут прысутных, каб удзел у сённяшняй літургіі навучыў распаўсюджваць Божую міласэрнасць сярод усіх людзей.
Просім Цябе, Божа, выслухай нашыя просьбы, якія ў пакоры Табе прадстаўляем. Праз Хрыста, Пана нашага.
С. Таццяна Гмыза SJE
|