Каментарый да літургіі
Пан Бог збірае сёння нас вакол эўхарыстычнага стала як настаўнік сваіх вучняў, каб мы змаглі глыбей спазнаць Ягоныя намеры.
Нашы шляхі і нашы думкі — гэта не Божыя шляхі і думкі, паколькі намеры Божыя — дасканалыя, а чалавек праз усё сваё зямное жыццё толькі імкнецца да святасці. Таму прыходзім на нядзельную Эўхарыстыю, каб убачыць Божае аблічча і навучыцца пастановам Ягоным.
Каментарый да літургіі слова
«Ніхто з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем», — так звяртаецца сёння да нас Збаўца.
Езус не заклікае нас, каб мы зненавідзелі сваіх родных — бацьку, маці, жонку, дзяцей, братоў, сясцёр, і нават сваё жыццё, але Ён падкрэслівае гэтымі словамі, што перш за ўсё мы павінны мець у сабе любоў, а менавіта любоў да Бога і любоў да бліжніх, таму што ўсе Божыя загады грунтуюцца на любові.
Але мы не павінны моцна прывязвацца да людзей і да матэрыяльных рэчаў; нашы сэрцы перш за ўсё павінны прагнуць і шукаць Бога, Яго мудрасці, любові і міласэрнасці. І, каб быць сапраўднымі Ягонымі вучнямі, кожнаму з нас патрэбна з любоўю ўзяць свой крыж і без нараканняў ісці за Хрыстом, бо праз любоў да Бога ўзмацняецца любоў да бліжніх.
Малітва вернікаў
Пане Божа, прагнем сёння, умацаваныя Тваім святым словам, спазнаць Твае намеры і адкрыць свае сэрцы, каб Ты напоўніў іх Сваёю любоўю, таму ўсклікаем зараз шчыра да Цябе:
1. Благаславі Святога Айца Францішка і шчодра адары яго ўсімі патрэбнымі ласкамі для плённага служэння і пашырэння Тваёй хвалы. Цябе просім… 2. Узмацні духоўна хрысціян, каб тыя, хто яшчэ блукае ў грахоўнай цемры, з даверам наблізіліся да Цябе праз шчырае пакаянне. Цябе просім… 3. Вызвалі, міласэрны Хрысце, з палону цяжкіх залежнасцяў і розных неўпарадкаваных схільнасцяў тых, хто не можа самастойна стаць на шлях Божай праўды. Цябе просім… 4. Уратуй, Пане Божа, тыя сужэнствы, якім пагражае небяспека разводу, і дазволь, каб зраненыя сэрцы ацаліла Твая бязмежная любоў. Цябе просім… 5. Прымі, Божа Ойча, у Нябеснае Валадарства душы, якія Ты паклікаў да Сябе з гэтага свету, каб цешыліся яны ў прысутнасці Твайго святла, якое ніколі не згасне. Цябе просім… 6. Навучы, Ойча, нас, якія зараз стаім у пакоры перад Тваім алтаром, прабачаць, маліцца, цярпець, давяраць Табе, а таксама верыць, спадзявацца і любіць — любіць сэрцам, душой і розумам Цябе і нашых бліжніх. Цябе просім…
Пачуй, усемагутны вечны Божа, малітвы нашых сэрцаў, якія мы адкрываем сёння з вялікім даверам да міласэрнасці Тваёй. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова
|