Каментарый да літургіі
Прыходзячы сёння на Вячэру Пана, мы павінны ўзгадаць, што кожны раз падчас Імшы міласэрны Бог схіляецца над кожным з нас. Гэта асаблівы дар Бога, каб мы маглі перамяняцца і быць падобнымі на Езуса Хрыста. Няхай Дух Святы напаўняе нас сваім натхненнем, каб мы не стамляліся крочыць у Дом Нябеснага Айца.
Каментарый да літургіі слова
Сёння чуем, як апосталы просяць Настаўніка: «Дадай нам веры». Разам з імі і мы таксама звяртаемся да Езуса з гэтай просьбай. Як жа часта мы пакутуем тут, на зямлі, з-за недахопу веры.
Калі Дух Святы адорвае нас ласкай веры, у нас павінна быць пастава слугі перад Богам і іншым чалавекам. Але мы павінны чуць голас свайго Гаспадара, які нам кажа, што рабіць. Адносіны з Настаўнікам напоўняць нас верай і супакоем, калі мы будзем рабіць тое, што павінны.
Малітва вернікаў
Да Бога, які ў кожнай святой Імшы звяртаецца да нас са сваім словам, узнясём нашы малітвы і просьбы:
1. Молімся за святы Касцёл, каб, абвяшчаючы навуку Хрыста, ён яднаў усіх людзей у веры і любові. Цябе просім… 2. Молімся за святароў, манахаў і манахінь, каб былі верныя свайму пакліканню і ўзрасталі ў святасці. Цябе просім… 3. Молімся за кіраўнікоў дзяржаў, каб яны падтрымлівалі хрысціянскія каштоўнасці. Цябе просім… 4. Молімся за нашу парафію, каб яна была сапраўднай Божай сям’ёй. Цябе просім… 5. Молімся за памерлых, каб яны атрымалі радасць уваскрасення ў вечнай хвале. Цябе просім… 6. Молімся за нас, удзельнікаў гэтай святой Імшы, каб Божае слова і святая Камунія былі для нас духоўным пажыткам. Цябе просім…
Усемагутны Божа, узносім да Цябе нашы просьбы і спадзяёмся на Тваю бясконцую дабрыню. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
С. Таццяна Гмыза SJE
|