Каментарый да літургіі
Эўхарыстыя – літургія падзякі. Усемагутны Бог нас сёння заклікае навучыцца жыць у духу падзякі за ўсе даброты, якія маем, і за ўсё, чаго не маем, а таксама заставацца заўсёды ўдзячнымі Богу падчас цярпенняў і выпрабаванняў, якія Ён даспускае ў нашым жыцці. Мы заўсёды павінны памятаць, што ўсялякія цяжкасці, хваробы, засмучэнні, пераследы маюць глыбокі духоўны сэнс. Гэта не Божае пакаранне для нас, а цярністы шлях да збаўлення душы.
Каментарый да літургіі слова
«За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас Божая воля ў Езусе Хрысце», — спяваем сёння ў літургіі. Калі мы застаемся ўдзячнымі Богу асабліва ў цяжкія хвіліны, то Збаўца свету заўсёды чуе наш голас і спасылае яшчэ большыя благаслаўленні, дары і ласкі, патрэбныя для нашага збаўлення.
Варта нам не засмучацца, а памятаць, што «калі церпім, то разам з Хрыстом валадарыць будзем». Галоўнае — ніколі не губляць даверу да Бога і хрысціянскую веру, таму што моцная вера адкрывае нам шлях збаўлення.
Малітва вернікаў
З радасцю з глыбіні сэрцаў скіруем сёння свае падзякі да нашага міласэрнага Нябеснага Айца:
1. Прымі нашу падзяку, Пане Божа, за дар апостальскага служэння Айца Святога Францішка і ўсяго духавенства, – дапамажы ім з годнасцю штодзённа абвяшчаць праўду Хрыстовага Евангелля. Цябе просім… 2. Прымі, Божа Ойча, падзяку за развіццё апостальскіх рухаў і малітоўных супольнасцяў у святым Каталіцкім Касцёле – шчодра благаславі ўсіх іх удзельнікаў патрэбнымі ласкамі. Цябе просім… 3. Прымі, Збаўца свету, падзяку за навяртанне грэшнікаў, якія Цябе шчыра шукалі і з Тваёю дапамогаю змаглі вярнуцца на шляхі Божай праўды – умацуй іх у веры, надзеі і любові. Цябе просім… 4. Прымі, міласэрны Айцец, падзяку за кожнае народжанае дзіця, якому пагражала небяспека аборту, а таксама за бацькоў тых дзяцей, якія прынялі з любоўю дар жыцця, – дапамажы ім, Божа, узрастаць ва ўзаемнай любові. Цябе просім… 5. Прымі падзяку, добры Божа, за Тваю літасць да цяжка хворых і церпячых, якіх Ты ніколі не пакідаеш без сваёй падтрымкі і апекі – абудзі ў іх сэрцах перакананне, што цярпенне мае глыбокі сэнс для збаўлення душы. Цябе просім… 6. Прымі, Усемагутны Божа, падзяку за кожную душу, якую Ты моцаю сваёй міласэрнасці вызваліў з чысца, – дазволь душам гэтым вечна радавацца з усімі святымі ў Нябесным Валадарстве. Цябе просім... 7. Прымі падзяку, Ойча, за тое, што збіраеш нас сёння вакол свайго алтара і вучыш шчыра дзякаваць Табе за ўсе Твае шчодрыя дары і ласкі, якія нам штодзённа спасылаеш, – умацуй нас духоўна на шляхах хрысціянскай дасканаласці. Цябе просім…
Міласэрны Божа, прымі ўсе падзякі Тваіх дзяцей, якія ўскладаем сёння на Твой алтар, праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова
|