Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XXIX Звычайную нядзелю, Год С (16 кастрычніка) |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
|
12.10.2016 14:32 |
Каментарый да літургіі
Сёння, сабраўшыся на святой Імшы, заклікайма Пана з даверам у малітве. Няхай наша трывалая просьба будзе падобная да ўзнятых рук Майсея. Пан Бог сам возьме нас у абарону, каб мы не аслаблі ў ёй.
Знакам трывалай малітвы з’яўляецца Эўхарыстыя, таму мы кожную нядзелю адзначаем гэтую святую таямніцу прысутнасці нашага Пана і ўзносім з Езусам да Айца нашы просьбы.
Каментарый да літургіі слова
Слова Божае заклікае нас трываць у малітве. Прыкладам такой малітвы з'яўляецца ўдава з Евангелля і ўзнятыя рукі Майсея. Давайце трымацца слова Божага, таму што гэта наша сіла і дапамога на шляху да навяртання.
Малітва вернікаў
З упэўненасцю, дадзенай Хрыстом, што Бог прыме нас у абарону, звернемся да Яго ў нашых малітвах.
1. Молімся, каб Касцёл быў месцам трывалай малітвы, выпрошваючы дар збаўлення людзям ва ўсім свеце. Цябе просім... 2. Молімся аб благаслаўленні і дарах Божай ласкі для Папы Францішка, нашага біскупа ... і ўсіх святароў. Цябе просім... 3. Молімся за місіянераў, каб, абвяшчаючы Евангелле, дапамагалі іншым людзям спазнаць любоў і міласэрнасць Хрыста. Цябе просім... 4. Молімся за памерлых, каб дасягнулі шчасця прабывання ў Валадарстве Нябесным. Цябе просім... 5. Молімся за нас, каб мы былі трывалымі ў малітве і ўдзячнымі за ўсе дары Божыя. Цябе просім...
З усім Касцёлам просім Цябе, Ойча, выслухай малітвы і ўмацуй нашу веру. Праз Хрыста, Пана нашага.
С. Людміла Леўдаровіч MChR
|