Каментарый да літургіі
Бог прымае кожнага чалавека, таму ўсе мы пакліканы да веры. Прымаючы ўдзел у Эўхарыстыі, далучым свой голас да пакорлівай малітвы ўсяго Касцёла, каб у свеце панавала Божае Валадарства, а людзі жылі ў праўдзе і любові.
На пачатку святой Імшы перапросім Найвышэйшага за ўсё, што з'яўляецца перашкодай да яднання з Ім і нашымі братамі.
Каментарый да літургіі слова
Хрыстус у сваім Слове вучыць нас малітве, якую Бог заўсёды выслухоўвае. Адкрыем нашыя сэрцы на Божае слова, каб мы вучыліся сапраўднай малітве і выпрасілі міласэрнасць, якой усе патрабуюць.
Малітва вернікаў
Богу, які дае нам збаўленне і дары, неабходныя для дасягнення гэтага, прадставім нашыя просьбы.
1. Просім, каб Касцёл з адвагай абвяшчаў Божае слова ўсяму свету. 2. Просім, каб хрысціяне былі заўсёды падрыхтаваны да сустрэчы з Богам. 3. Просім, каб бацькі перадавалі сваім дзецям перад усім духоўныя каштоўнасці. 4. Просім, каб людзі бедныя і церпячыя ўзбагачалі Касцёл праз свае пакуты і ахвяры, а таксама не былі пазбаўлены сэрца і матэрыяльнай дапамогі. 5. Просім, каб памерлыя (...), узнагароджаныя за жыццё на зямлі, увайшлі ў радасць Пана. 6. Просім, каб мы з пакорай трывалі ў малітве і былі ўдзячнымі за ўсе Божыя дары.
Божа, які ўзбагачаеш людзей рознымі дарамі, каб служылі іншым праз сваю працу і жыццё, просім, пачуй нас і выслухай усе нашыя просьбы. Праз Хрыста, Пана нашага.
С. Людміла Леўдаровіч MChR
|