Каментарый да літургіі
Трэцяя нядзеля Адвэнту – нядзеля радасці, сапраўднай радасці Божай, якая сёння напаўняе нашы сэрцы. Радасць вынікае з таго, што паступова мы набліжаемся да свята Божага Нараджэння і верым, што сам Бог прыйдзе ў хвале, каб нас збавіць.
Нядзельная Эўхарыстыя – гэта найвялікшы цуд прысутнасці Бога сярод нас, калі мы яднаемся з Ім у святой Камуніі. Таму так важна для кожнага прысутнага на святой Імшы адкрыць сваё сэрца і цалкам даверыцца свайму Збаўцу.
Каментарый да літургіі слова
Прарок Ісая кажа нам сёння вельмі моцныя словы: “Будзьце адважнымі! Не бойцеся!” Бог не ставіць да нас вялікіх патрабаванняў, але толькі заклікае адкінуць усялякі страх і свае празмерныя клопаты. Бог сам набліжаецца да чалавека, а людзі павінны цярпліва з радасцю чакаць Ягонага прыйсця, не наракаючы адзін на аднаго.
Радасць у нашых сэрцах павінна з кожным днём узрастаць, таму што словы святога Евангелля, скіраваныя сёння да нас, маюць мэту ўмацаваць нас у веры. Езус кажа: “сляпыя зноў бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не будзе сумнявацца ўва Мне”.
Малітва вернікаў
Не сумняваючыся ў тым, што для Бога няма нічога немагчымага, з радасцю і вялікім даверам скіруем да нашага Нябеснага Айца тыя просьбы, якія прыносім Яму ў сваіх сэрцах:
1. Молімся за святы Каталіцкі Касцёл, каб пад мацярынскаю апекаю Найсвяцейшай Панны Марыі ён надзяляў сваіх дзяцей скарбамі міласэрнасці. Цябе просім… 2. Молімся за Святога Айца Францішка, каб ён мог радавацца з прычыны вяртання да поўнай еднасці святароў і вернікаў, якія не падпарадкоўваліся рашэнням і вучэнню Касцёла. Цябе просім… 3. Молімся за ўвесь беларускі народ, каб, усведамляючы сваю гістарычную місію, ён паглыбляў сваю хрысціянскую веру, надзею і любоў. Цябе просім… 4. Молімся за нашыя братнія народы, каб, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, яны ўсё глыбей пазнавалі Хрыста і Яго Евангелле. Цябе просім… 5. Молімся за людзей, якія трапілі ў палон розных цяжкіх залежнасцяў, каб Усемагутны Бог умацаваў іх сваёй сілай і дапамог вызваліцца з путаў цяжкіх грахоў. Цябе просім… 6. Молімся за невылечна хворых, церпячых і канаючых, каб яны не ўпалі ў роспач і разлад з самімі сабою ў найважнейшы момант свайго жыцця. Цябе просім… 7. Молімся за нас саміх, сабраных на святой Імшы, каб мы ніколі не стамляліся абвяшчаць Добрую Навіну, дбаць пра хвалу Бога і збаўленне душаў. Цябе просім…
Міласэрны Божа, выслухай нашы пакорныя шчырыя малітвы, якія зараз прыносім Табе, перамяні наш смутак у радасць і наталі нашы душы сапраўдным Божым супакоем. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Анастасія-Алена Блусянкова
|