Каментарый да літургіі
Перажываем час Вялікага посту. Час, калі Езус шукае нас і звяртаецца са Сваім Словам. Напачатку Святой Літургіі суцішымся і задумаемся, як перажываем гэты час. Ці штосьці пачало змяняцца ў нашым жыцці? Ці дае плён наш пост, малітва і міласціна?
«Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння». А далей Ён пачынае дзіўным чынам лячыць хворага. Можам быць упэўненыя, што Езус нас бачыць, ён бачыць кожную нашую хваробу і праблему. Ці дазволім мы дакрануцца да сябе? Ці дазволім вылечыць сябе?
Каментарый да літургіі слова
«Ён жа сказаў: Веру, Пане, — і пакланіўся Яму». Сённяшнее Евангелле прадстаўляе нам цуд аздараўлення сляпога. Можа, здзівяць нас незвычайныя дзеянні Езуса падчас аздараўлення. Няўжо не мог Ён проста дакрануца? Мы таксама можам параўнаць сябе з хворым, якога лечыць і аздараўляе Хрыстус. І таксама Ён можа рабіць гэта дзіўным і незразумелым чынам. Нягледзячы на гэта, мы павінны давяраць Яму, слухаць Яго Слова і разважаць у нашым сэрцы. Даверым Хрысту кожную нашу хваробу і папросім Яго дзейнічаць у нашым жыцці!
Перажываючы час вялікага Посту і поўныя святога запалу, узнясём свае малітвы і просьбы:
- Молімся за святы Касцёл, каб нёс людзям Божае прабачэнне і надзею на новае жыццё
- Молімся за спаведнікоў, каб усім духоўна прыгнечаным яны ўмелі дапамагчы і перадаць Божае суцяшэнне
- Молімся за нашую Краіну, каб будавала сваю будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях
- Молімся за тых, дзякуючы каму мы прыйшлі да веры, каб Бог узнагародзіў іх і адарыў сваім благаслаўленнем
- Молімся за сляпых людзей, каб іх падтрымлівала надзея на уваскрасенне і на радасць будучага жыцця ў вечнасці
- Молімся за нас, каб мы дазволілі Богу вылечыць усе нашыя раны
Узглянь, Пане, на нас, якія стаяць перад табою, і абудзі ў нашых сэрцах імкненне да святасці. Праз Хрыста Пана нашага. Амэн. С. Таццяна Гмыза SJE
|