Прамова Святога Айца Бэнэдыкта XVI падчас сустрэчы з маладымі законніцамі на XXVI Сусветны дзень моладзі ў Мадрыдзе
|
22.08.2011 12:20 |
Кляштар св. Лаўрэнція ў Эскурыяле, 19 жніўня 2011 г.
Дарагія маладыя сёстры законныя, падчас Сусветнага дня моладзі, які адзначаем у Мадрыдзе, мне прыносіць вялікую радасць магчымасць сустрэчы з вамі, якія прысвяцілі сваю маладосць Пану, і дзякую за мілыя віншаванні, якія да мяне скіравалі. Я цаню факт, што Яго Эмінэнцыя кардынал арцыбіскуп Мадрыда запланаваў гэтую сустрэчу ў такім пераканаўчым месцы, як кляштар св. Лаўрэнція ў Эскурыяле. Калі ў яго славутай бібліятэцы захоўваюцца важныя выданні Святога Пісання і манаскіх статутаў розных законных сем’яў, то ваша жыццё ў вернасці атрыманаму пакліканню з’яўляецца такім жа каштоўным спосабам захоўвання слова Пана, якое гучыць ва ўласцівых вам формах духоўнасці.
Дарагія сёстры, кожная харызма — гэта евангельскае слова, якое Дух Святы нагадвае свайму Касцёлу. Нездарма кансэкраванае жыццё «нараджаецца са слухання Божага слова і прымае Евангелле як сваю норму жыцця. Жыццё, якое з’яўляецца наследаваннем Хрыста чыстага, убогага і паслухмянага, становіцца такім чынам спосабам „жывой экзегезы Божага слова“. З яго ўзяла пачатак кожная харызма, а кожны статут хоча быць выражэннем гэтага, даючы пачатак формам хрысціянскага жыцця, якія вызначаюцца евангельскім радыкалізмам» (адгартацыя «Verbum Domini» 83).
Евангельскі радыкалізм — гэта трыванне ў «паглыбленні каранёў (…) і ўмацаванні ў веры» (пар. Кал 2, 7), што ў дачыненні да кансэкраванага жыцця азначае крочанне да каранёў любові Езуса Хрыста непадзельным сэрцам, без стаўлення чагосьці па-над такой любоўю (пар. св. Бэнэдыкт, Рэгула, IV, 21). Асабістая сустрэча з Хрыстом, якім падмацоўваецца ваша кансэкрацыя, павінна быць сведчаннем, якое з усё моцай перамяняе ваша жыццё; і гэта мае асаблівае значэнне сёння, калі «мы заўважаем працэс пэўнага роду „знікнення Бога“, пэўнай амнезіі, калі не поўнага адвяржэння хрысціянства і выцяснення скарбу атрыманай веры, з рызыкай страты найглыбейшай уласнай адметнасці» (Пасланне на XXVI Сусветны дзень моладзі 2011, 1). Перад абліччам рэлятывізму і пасрэднасці вылучаецца патрэба такога радыкалізму, сведкам якога з’яўляецца кансэкрацыя як прыналежнасць Богу, якога любяць у найвышэйшай ступені.
Такі евангельскі радыкалізм выяўляецца ў сыноўняй супольнасці з Касцёлам — хатнім ачагом дзяцей Божых, збудаваным Хрыстом. У супольнасці з пастырамі, якія ў імя Пана абвяшчаюць дэпазіт веры, атрыманы праз пасрэдніцтва апосталаў і хрысціянскай традыцыі. У супольнасці з вашай законнай сям’ёй, захоўваючы з удзячнасцю яе праўдзівую духоўную спадчыну і цэнячы таксама іншыя харызмы. У супольнасці з іншымі членамі Касцёла, такімі, як свецкія людзі, пакліканыя да сведчання, зыходзячы з уласнага спецыфічнага паклікання, таго ж самага Евангелля Пана.
І, нарэшце, евангельскі радыкалізм выяўляецца ў пасланніцтве, якое Бог захацеў вам даверыць. Пачынаючы ад сузіральнага жыцця, якое прымае ў сваіх кляштарах слова Пана ў характэрным маўчанні і любіць Яго прыгажосць у самотнасці, пазначанай Яго прысутнасцю, і да розных шляхоў апостальскага жыцця, у барознах, дзе выспявае евангельскае насенне, у выхаванні дзяцей і моладзі, у апецы над хворымі і старымі, у падтрымцы сем’яў, у справах на карысць жыцця, у сведчанні аб праўдзе, у абвяшчэнні міру і любові, у місіянерскай працы і ў новай евангелізацыі і на столькіх абшарах касцёльнага апостальства.
Дарагія сёстры, гэта сведчанне святасці, да якой кліча нас Бог, каб мы ішлі ў блізкасці і без усялякіх умоваў за Езусам Хрыстом у кансэкрацыі, у супольнасці і ў місіі. Касцёлу патрэбна ваша дзіцячая вернасць, укаранёная і збудаваная на Хрысце. Дзякую за ваша велікадушнае, поўнае і вечнае «так» на заклік Умілаванага. Малюся, каб Панна Марыя падтрымлівала і суправаджала вашу кансэкраваную маладосць, разам з жывым прагненнем, каб яна дадавала адвагі і асвячала ўсіх маладых.
З гэтымі пачуццямі прашу Бога, каб шчодра ўзнагародзіў велікадушны ўклад кансэкраванага жыцця ў гэты Сусветны дзень моладзі і ў Яго Імя благаслаўляю вас ад усяго сэрца. Шчыра дзякую.
|
III катэхеза Мітрапаліта Кандрусевіча на XXVI Сусветны дзень моладзі
|
18.08.2011 13:55 |
Мадрыд, 19 жніўня 2011 г.
Сведкі Хрыста ў свеце
1. Сучасны свет, у тым ліку і краіны з антычнай хрысціянскай традыцыяй, знаходзяцца ў такім культурным кантэксце, які ўсё мацней і мацней вядзе да лаіцызацыі і маргіналізацыі Бога ў жыцці людзей і нават цэлых супольнасцяў і прапануе будаванне раю на зямлі без Бога. Аднак штодзённы вопыт нагадвае нам пра тое, што свет без Бога становіцца пеклам, ён характарызуецца эгаізмам, разбітымі сем’ямі, нянавісцю паміж асобнымі людзьмі і цэлымі народамі, недахопам любові, радасці і надзеі. З іншага ж боку, калі толькі людзі прымаюць прысутнасць Бога і жывуць паводле Яго закону, тады будуецца цывілізацыя любові, дзе шануецца годнасць кожнага чалавека і ўзрастае пачуццё супольнасці разам з усімі яе карысцямі. Аднак далёка не ўсе хрысціяне жывуць паводле гэтага прынцыпу — кажа папа Бэнэдыкт XVI (пар. Пасланне на XXVI Сусветны дзень моладзі, 3). Таму наш свет ізноў стаўся светам сапраўдных місій.
Сёння існуе вялікая патрэба новай евангелізацыі, як да гэтага заклікаў благаслаўлёны Ян Павел II, які між іншым і ўвёў гэты тэрмін, і працягвае заклікаць Бэнэдыкт XVI. Сусветныя духоўныя пустыні павінны быць засеяны словам Божым. Бо на самой справе, нягледзячы на працэс секулярызацыі, усё ж такі шмат людзей шукае Бога і сэнсу свайго жыцця. Каб іх знайсці ў мітусні сучаснага свету, які ў галаву вугла ставіць матэрыяльныя справы, імкненне да ўлады і прыемнасці гэтага жыцця, і дасягнуць збаўлення, патрэбна новае абвяшчэнне Евангелля.
А для гэтага неабходна падрыхтаваць духоўную глебу, каб зерне падала не на цвёрды грунт, скалістае месца і паміж церняў, але на добрую глебу і прынесла добры плён — трыццацікратны, шасцідзесяцікратны і стократны (пар. Мц 13, 1-9). Таму патрэбна культывацыя душ людскіх. Практыка паказвае, што з пустыні можна ўчыніць квітнеючы аазіс. Прыкладам можа быць амерыканскі Лас-Вегас — паўмільённы горад, які быў збудаваны ў пустыні Невада, больш вядомай нам як месца ядзерных даследаванняў ЗША. Напэўна, гэты горад не можа пахваліцца прыкладам маральнасці, бо на самой справе гэта адно велізарнае казіно, куды прагульваць грошы едуць людзі са ўсяго свету. Але гэта прыклад, што можна культываваць нават пустыню. Дарэчы, у Лас-Вегасе існуе таксама і каталіцкая дыяцэзія.
2. Кожны ахрышчаны пакліканы да спаўнення місіі новага абвяшчэння Евангелля. Пакліканне да евангелізацыі — гэта заданне не толькі для некаторых асобаў у Касцёле, як Папы, біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, але мандат і ласка для ўсіх пахрышчаных. Нельга жыць верай у Хрыста без яе перадачы іншым, бо асабістая вера чалавека ўзмацняецца евангелізацыяй іншых, — як навучае Ян Павел II (пар. Redemptoris missio 2), падобна таму як перадача ведаў павялічвае кваліфікацыю прафесара, часамі нават змушаючы яго да гэтага.
Адзін студэнт, праходзячы каля дома, дзе жыў славуты прафесар, які напісаў шмат кніг, заўсёды бачыў яго чытаючым новыя навуковыя кнігі і часопісы. Пры гэтым ён думаў: ну што ж яшчэ можа такі знаны прафесар даведацца? І аднойчы спытаў яго пра гэта. Прафесар адказаў: «Я не хачу карміць сваіх студэнтаў падагрэтым учарашнім абедам, але хачу кожны дзень даваць ім свежую ежу, таму сам павінен вучыцца».
3. Калі заданне новай евангелізацыі з’яўляецца заданнем для ўсіх хрысціян, то яно найперш датычыць маладых. Іх энергія, бадзёрасць і імкненне да новых подзвігаў павінны быць накіраваны на справу новай евангелізацыі. Маладыя павінны стаць пратаганістамі новай эпохі місій у Касцёле ўжо XXI стагоддзя. Хрыстус іх кліча прысвяціць сваё жыццё сведчанню Яго любові ўсім людзям і асабліва сваім аднагодкам.
Евангелізаваць — азначае паказаць Хрыста іншым, паказаць нашымі словамі і нашым штодзённым жыццём. Таму мы пакліканы гаварыць пра нашу веру і сведчыць яе сваім чынамі. Мы пакліканы навярнуць сучасных нам людзей, паказваючы ім аблічча Хрыста, дзейнічаючы разам з Ім і паводле Ягонага слова, служачы свету і асабліва патрабуючым. Такім чынам маладыя, будучы соллю зямлі і святлом свету (пар. Мц 5, 13-14), могуць унесці свой уклад у прысутнасць хрысціянства ў сучасным свеце, а таксама стаць ферментам новага гуманізму і абвяшчальнікамі рэвалюцыі любові.
Аднойчы на судзе Божым перад Хрыстом стаў чалавек і сказаў: «Езу Хрысце, паглядзі, якія чыстыя мае рукі!» А Хрыстус яму адказаў: «Сапраўды чыстыя, але, на жаль, пустыя». Нашы рукі, сэрцы і душы павінны быць чыстымі і адначасова поўнымі добрых учынкаў і хрысціянскага сведчання.
Мы добра ведаем, чаму служыць соль. Яна захоўвае прадукты ад сапсавання і надае смак ежы. Маленькая шчапотка солі змяняе смак ежы.
Сучасны свет маральна загнівае. Яго трэба ратаваць ад сапсаванасці. Яму трэба нанава вярнуць смак хрысціянства. Таму яму трэба даць соль хрысціянства, а гэта перадусім заданне моладзі.
Святло свеціць у цемры. На жаль, у сучасным свеце неонаў вельмі шмат духоўнай цемры. Яе трэба асвятліць. Езус кажа, што лямпы ніхто не ставіць пад сталом, але на стале, каб свяціла. Таксама і хрысціянін павінен быць наверсе, гэта азначае павінен жыць праўдай хрысціянства ў паўсюдным жыцці, каб святлом свайго жыцця і захавання свяціць іншым.
4. Каб шчодра адказаць на гэтае місійнае пакліканне, маладыя павінны браць прыклад з Касцёла, які па сваёй прыродзе з’яўляецца місійным, а таксама наследаваць святых і мучанікаў. Заданнем Касцёла з’яўляецца абвяшчаць Евангелле ўсяму стварэнню і несці ў свет святло Хрыста. Так павінны паступаць усе хрысціяне. Яны павінны быць евангельскай закваскай і евангельскім вогнішчам.
Адна гісторыя распавядае пра маладога чалавека, які пажадаў стаць добрым кавалём. І сапраўды, ён вельмі хутка ім стаў. Ён навучыўся каваць вельмі прыгожыя рэчы і захацеў працаваць самастойна. Аднак у яго нічога не выйшла. Чаму? Бо ён, будучы добрым кавалём, не ведаў, як распаліць вогнішча, каб разагрэць метал да белага калення, без чаго, як вядома, з яго нічога нельга выкаваць.
Таксама і мы, будучы хрысціянамі, і можа нават вельмі добрымі, не маем права захаваць толькі для сябе дар веры. Ім трэба дзяліцца, а для гэтага вакол сябе трэба стварыць такую атмасферу, якая магла б спрыяць перадачы веры іншым людзям.
У часы пераследу, калі не было касцёлаў і святароў, хто абвяшчаў Добрую Навіну? Нашы бабулі і дзядулі на простай малітве, ружанцы, літаніях, Крыжовым шляху і г. д. Іх вера была моцная і сталая, і яны стараліся выкарыстаць кожную магчымасць, каб толькі маладое пакаленне ўмацоўвалася ў веры.
Колькі хрысціян было і ёсць жывым сведчаннем моцы веры, якая выражаецца ў любові! Гэтыя людзі з’яўляюцца будаўнічымі міру, змагарамі за справядлівасць, аніматарамі больш чалавечага і згоднага з Божым планам свету. Яны працуюць для дабра ўсіх. Любоў, якая выплывае з веры, вяла і далей вядзе іх да канкрэтнага сведчання словам і чынам. Хрыстус не з’яўляецца дарам толькі нам самім. Ён з’яўляецца самым каштоўным скарбам, якім нам трэба дзяліцца з іншымі. У наш час глабалізацыі трэба быць сведкамі надзеі. Перад труной памерлага Лазара Езус сказаў яго сястры Марце: «Калі паверыш, то ўбачыш славу Божую». Таксама і сучасны чалавек, калі паверыць, будзе жыць вераю і яе сведчыць, то стане інструментам, дзякуючы якому іншыя змогуць знайсці сэнс і радасць жыцця, якое нараджаецца са спаткання з Хрыстом, — падкрэслівае папа Бэнэдыкт XVI (пар. Пасланне на XXVI Сусветны дзень моладзі, 5).
Люстэрка не з’яўляецца крыніцай святла, але з яго дапамогай можна паслаць сонечнае святло туды, куды яно ніколі не даходзіць. Таксама і мы павінны быць Божымі люстэркамі і перадаваць святло Евангелля тым, якія яго не атрымалі. Няхай гэтая праўда стане сэнсам вашага жыцця. Амэн.
|
ІІ катэхеза Мітрапаліта Кандрусевіча на XXVI Сусветны дзень моладзі
|
17.08.2011 15:40 |
Мадрыд, 18 жніўня 2011 г.
Укаранёныя ў Хрысце
1. Моладзь паклікана будаваць сваё жыццё і жыццё грамадства. Яна павінна быць не індыферэнтнай, але актыўнай у гэтай справе. Нездарма благаслаўлёны Ян Павел II назваў моладзь надзеяй свету і Касцёла. Ад таго, якой будзе моладзь, залежыць наша будучыня.
Аднак постмадэрнісцкі свет, у якім мы жывём, вельмі часта выхоўвае маладых людзей без яснай і моцнай чалавечай і хрысціянскай тоеснасці. У выніку чаго яны застаюцца без хрысціянскіх каранёў, не ведаюць, адкуль прыходзяць і куды ідуць. Яны падобныя да чалавека, які на чыгуначным вакзале ў касе просіць білет на цягнік. Касірша пытаецца: «Куды?» — «Усё роўна». Яму зусім не важна, куды ехаць, абы толькі ехаць. Таму відавочна паўстае пытанне: як такім людзям будаваць сваё жыццё ў сучасным кантэксце, пазначаным дыктатурай рэлятывізму і людзьмі, якія не ведаюць, як адрозніць дабро ад зла, праўду ад фальшу?
2. Выхад ёсць. Мы не пакінуты самі на сябе і на свае слабыя чалавечыя сілы. Езус Хрыстус заклікае нас будаваць нашае жыццё з Ім і на трывалым падмурку. Таму моладзь паклікана ўвайсці ў адносіны з Хрыстом. «Імкненне быць хрысціянінам не з’яўляецца вынікам этычнага выбару або нейкай вялікай ідэі, але вынікам спаткання з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і тым самым выразны накірунак» (DCE 1), — навучае папа Бэнэдыкт XVI. Быць хрысціянамі азначае быць прышчэпленымі да Хрыста як галінкі з вінаграднай лазой. «Без Мяне нічога не зможаце зрабіць» (Ян 15, 5), — кажа Езус.
3. Кім для нас, хрысціян, з’яўляецца Езус Хрыстус? Гістарычнай асобай, якая жыла 2000 гадоў таму? Магам, які тварыў цудоўныя справы? Добрым аратарам, якога любілі слухаць? Артыстам, які падабаўся гледачам? Палітычным лідэрам, за якім ішлі натоўпы, верачы, што Ён адбудуе былую палітычную і эканамічную моц Ізраіля? Калі толькі так, то гэтага замала.
Езус для нас — гэта перадусім Уцелаўлёны Бог, Эмануэль — Бог з намі. Дзякуючы цуду ўцелаўлення, Бог стаў блізкі нам. Хрыстус паказаў любоў Бога Айца, якая ўвайшла ў жыццё чалавека (пар. ККК 456-463). Дзякуючы сваёй міласэрнасці Езус дазваляе нам стаць Ягонымі сябрамі (пар. Ян 15, 14-15). «Хрыстус, новы Адам, у самім аб’яўленні таямніцы Айца і Яго любові поўнасцю паказвае чалавека самому чалавеку і адкрывае яму яго найвышэйшае пакліканне» (GS 22), — навучае Другі Ватыканскі Сабор. Таму Езус Хрыстус з’яўляецца адказам Бога на самыя вялікія аспірацыі чалавека і таму нам трэба Яго прыняць.
4. Прыняць Хрыста як корань і падмурак нашага жыцця азначае самым сур’ёзным чынам паставіцца да сакрамэнту хросту, у якім Хрыстус заключыў з намі саюз. Гэта не былы Савецкі Саюз, не аморфная Саюзная дзяржава Беларусі з Расіяй і нават не збудаваны на эканамічным прагматызме без духоўных каштоўнасцяў Еўрасаюз.
Саюз з Езусам — гэта духоўны саюз, у якім Езус заклікае нас жыць Ім ва ўсіх абставінах нашага жыцця і імкнуцца да святасці. Святасць — гэта поўня жыцця ў Хрысце. Таму, каб дасягнуць гэтай поўні, не трэба баяцца святасці. «Будзьце святымі новага тысячагоддзя», — заклікаў благаслаўлёны Ян Павел II моладзь падчас іх сусветнага форуму ў Рыме ў 2000 г. У сакрамэнце хросту мы ўключыліся ў Хрыста і таму павінны быць Ягонымі, павінны быць абагаўлёнымі. Ён для нас павінен быць самым дарагім.
Сын аднаго караля палюбіў дачку пекара і ажаніўся з ёю. Яны былі вельмі шчаслівымі. Калі памёр кароль, то прынц заняў яго месца. Усе міністры былі не задаволены тым, што яго жонка з простага люду і настойвалі, каб ён развёўся і ажаніўся з дачкой караля суседняй дзяржавы. Яны былі настолькі настойлівымі, што малады кароль сказаў сваёй жонцы, каб яна вярнулася дамоў да бацькоў. Пры гэтым ён сказаў ёй, што яна можа ўзяць з сабой самае дарагое, што толькі хоча. У той вечар яны апошні раз вячэралі. Жонка падлівала ўсё больш і больш віна каралю, і ён заснуў. Тады яна паклала яго ў палотнішча і занесла да бацькоўскага дому. Кароль, праснуўшыся раніцай, быў здзіўлены, чаму ён знаходзіцца ў доме булачніка. А жонка яму адказала: «Ты ж сказаў мне ўзяць самае дарагое. Ты мне самы дарагі. Я цябе і ўзяла».
А што самае дарагое для нас? Хрыстус, з якім мы злучыліся ў сакрамэнце хросту, ці нешта іншае?
Слова «хрысціянін» паходзіць ад слова «Хрыстус», а не «Хрыстус» ад «хрысціяніна». Таму хрысціянін павінен быць ім не толькі падчас малітвы, у касцёле на набажэнстве, на Сусветным дні моладзі і г. д., але паўсюль, каб сваім жыццём сведчыць сваё хрысціянства і гэтым самым несці Хрыста людзям, якія Яго яшчэ не пазналі або сумняваюцца ў веры. Калі мы будзем жыць паводле Евангелля, бараніць хрысціянскія каштоўнасці і іх несці ў штодзённае жыццё, то станем жывымі старонкамі Евангелля. Такім чынам будзем прымаць актыўны ўдзел у новай евангелізацыі.
Прыняць Хрыста азначае жыць паводле Яго Евангелля, што ў наш час становіцца ўсё больш і больш цяжкай справай з-за пашыраючыхся тэндэнцый маральнага рэлятывізму, які сцвярджае, што няма абсалютнай праўды і ўсё адносна. Не мы павінны змяняць Евангелле, але Евангелле павінна змяняць нас, калі мы хочам быць шчаслівымі ў гэтым жыцці і дасягнуць шчасця ў вечнасці.
Прыняць Хрыста азначае бараніць еднасць сям’і як самім Творцам устаноўленага адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны, з мэтай узаемнай дапамогі, працягу роду чалавечага і выхавання новага пакалення.
На жаль, у гэтай галіне шмат недахопаў. Інстытут сям’і, які з’яўляецца галоўнай клеткай кожнага грамадства, знаходзіцца ў вялікім крызісе. Пасля ХХ стагоддзяў хрысціянства людзі вяртаюцца да правіла Старога Запавету, калі Майсей дазволіў мужчыне пакінуць жонку. Але як казаў Езус, ён так учыніў, бо сэрцы габрэяў былі цвёрдымі. На грэчаскай мове гэта слова гучыць як склерозіс — не трэба перакладу — склероз, вельмі цяжкая хвароба. Сучасны свет хворы на духоўны склероз.
Прыняць Хрыста азначае жыць свабодай усыноўленых дзяцей Божых, а не свабодай ад Бога і Яго закону. Калі нехта думае, што, не захоўваючы Божага закону, ён становіцца свабодным, то трэба сказаць, што такі чалавек вельмі моцна памыляецца. Вядзе амаральны стыль жыцця і не можа ад яго адмовіцца, гэтым самым становячыся залежным ад яго. Пачынае піць у імя свабоды і становіцца алкаголікам, рабом алкагалізму. Прымае наркотыкі і становіцца іх нявольнікам, залежным ад іх, бо без іх не можа больш жыць. У Беларусі кожная пятая сям’я мае праблемы з наркаманіяй, а кожны трэці школьнік сярод сваіх сяброў мае нарказалежных, што ставіць яго ў вельмі небяспечную сітуацыю.
Прыняць Хрыста азначае не думаць, што дасягненні навукі і тэхналогіі здольны вырашыць усе праблемы, асабліва калі яны выкарыстоўваюцца не згодна з маральнымі прынцыпамі. Жыццё вельмі добра паказвае, што вырашэнне адных праблем вядзе да паўстання другіх.
Распашка цаліны, асушэнне палескіх балот, Чарнобыль, Фукусіма, мінскае метро 11 красавіка г.г., аварыя цеплахода «Булгарыя», калі на вельмі старым, шмат разоў спісаным і перагружаным судне 10 ліпеня г.г. на Волзе загінула больш за 100 чалавек, і ўсё з-за таго, што кампанія хацела больш зарабіць.
Вельмі часта ў сучасным свеце можна пачуць пра праблему перанасялення і ў сувязі з гэтым пра праблему голаду. Сапраўды, праблема голаду існуе, але не па прычыне таго, што зямля не можа пракарміць ужо каля 7 млрд. людзей, а па прычыне існуючай сацыяльнай несправядлівасці. Добрая па сваёй ідэі глабалізацыя, калі рэалізуецца без этычных прынцыпаў, вядзе да яшчэ большага падзелу паміж багатымі і беднымі, сведкамі чаго мы з’яўляемся.
Прапановы рэгуляваць прырост насельніцтва абортамі ці забаронай мець больш чым адно дзіця, як гэта ёсць у Кітаі, ужо прывялі да дэмаграфічнага крызісу, асабліва ў развітых краінах Еўропы. Але хтосьці павінен працаваць. І ў Еўропу, з яе багатай хрысціянскай традыцыяй і культурай, прыязжаюць людзі зусім іншага менталітэту, якія змяняюць воблік Старога кантынента.
Адсюль і з’яўляецца новая праблема паліткарэктнасці ў справах рэлігіі. У многіх краінах Еўрасаюзу ў школах забаронены ёлкі і стаенкі на Божае Нараджэнне, каб толькі не абразіць прадстаўнікоў іншых веравызнанняў. З гэтай самай прычыны англійская авіякампанія «British Airways» забараніла сцюардэсам публічна насіць знакі прыналежнасці да хрысціянства. Такім чынам, паўсюль бачна спіхванне рэлігіі на перыферыю жыцця, каб яна стала выключна прыватнай справай чалавека.
Эўтаназія. На самой справе гэта не дапамога цяжка хвораму чалавеку годна завяршыць жыццё. Яе падмурак эканамічны. Дэмаграфічны крызіс прывёў да таго, што з’яўляецца ўсё больш пенсіянераў і кожны павінен працаваць на ўтрыманне большай колькасці людзей. А хто хоча проста так аддаць свае грошы? Ніхто. Таму эўтаназія якраз і з’яўляецца яшчэ адным спосабам вырашыць гэтую эканамічную праблему.
Прыняць Хрыста таксама азначае на Яго навучанні будаваць сваё асабістае і грамадскае жыццё. А як ёсць на самой справе ў нас, у нашым асабістым і грамадскім жыцці? Ці мы заўсёды і найперш верым слову Божаму, Евангеллю і навучанню Касцёла? А можа, усё наадварот?
Колькі з нас зацікаўлены магіяй, варажбой, акультызмам, гараскопамі і г. д. Менавіта там мы стараемся адгадаць свой лёс і будучыню. Мы верым у Езуса Хрыста, але далёка не заўсёды Яго Евангелле з’яўляецца для нас настольнай кнігай і правадніком па жыцці. Мы давяраем тэлевядучым, розным Кашпіроўскім, а Богу? Ці сапраўды наша веру ўкаранёна ў Хрысце?
Нездарма папа Бэнэдыкт XVI у сваім Пасланні на XXVI Сусветны дзень моладзі ў Мадрыдзе піша, што дзякуючы веры мы з’яўляемся збудаванымі на Хрысце, падобна як збудаваны на скале дом. Быць збудаванымі на Хрысце азначае адказваць канкрэтна на Божы заклік, давяраць яму і рэалізаваць на практыцы Яго слова. Сам Езус навучаў сваіх апосталаў: чаму Мяне называеце Панам, а не чыніце таго, што Я вам кажу? А на прыкладзе пра будоўлю Ён дадаў, што кожны, хто прыходзіць да Яго, слухае Ягонага слова і выконвае яго, падобны да чалавека, які збудаваў дом на скале, так што нават паводак не збурыў яго, бо быў дабра збудаваны.
5. Каб наша вера была сапраўднай, нам трэба абсалютна даверыцца Хрысту. Успомнім евангельскую гісторыю пра буру на моры. Апосталы амаль што гінуць і дакараюць Езуса, кажучы, што Яго не турбуе іх лёс. А Ён ім адказвае: чаго вы баіцеся, чаму вы такой малой веры? Або іншая бура. Езус ідзе па вадзе. Апосталы думаюць, што гэта прывід і вельмі баяцца. Езус, аднак, кажа: «Не бойцеся, гэта Я». Пётр у адказ гаворыць: «Калі гэта ты, то скажы, каб я прыйшоў да Цябе па вадзе». Езус кажа: «Прыйдзі». І Пётр ідзе. Якая вялікая вера была ў яго! Вакол хвалі, а ён ідзе. Аднак у пэўны момант ён спалохаўся хваляў, засумняваўся і адразу пачаў тануць. Тады Езус схапіў яго за руку і спытаўся: чаму засумняваўся і чаму такой малой веры? Гэты прыклад паказвае, на што здольная моцная вера і адвага будаваць жыццё на ёй. Таму для Касцёла знешнія пагрозы не ўяўляюцца такімі небяспечнымі, як унутраныя, менавіта сумненне і малая вера яго вернікаў.
Нездарма св. апостал Павел усклікае: «Калі Бог з намі, то хто супраць нас?»
Два сябры спаткаліся пасля многіх гадоў разлукі. Адзін быў багаты, другі бедны. Яны паабедалі. Потым бядняк заснуў. У той час багаты палажыў у кішэню ягонай вопраткі дарагі камень. Бядняк яго не заўважыў і працягваў жыць вельмі бедна. Праз некалькі год яны зноў спаткаліся. Багаты быў здзіўлены і спытаў сябра: «Ці ты не знайшоў дарагі камень у тваёй кішэні?»
Напэўна, не адзін з нас хацеў бы спаткацца з Хрыстом і не ведае, як. Езус сам нас навучае, як гэта ўчыніць. Успомнім сцэну на восьмы дзень пасля ўваскрасення, калі Ён сказаў апосталу Тамашу: «Укладзі свой палец у мае раны і не будзь больш няверуючым». Таксама і мы можам мець бачны кантакт з Езусам, у слядах Яго мукі і любові — гэта азначае ў сакрамэнтах, найперш у Эўхарыстыі, дзе Ён становіцца настолькі блізкім нам, што з’яўляецца хлебам жыцця вечнага, у сакрамэнце пакаяння, дзе аб’яўляе сваю міласэрнасць, і ў бедных і патрабуючых.
У сакрамэнце хросту мы атрымалі самы дарагі дар веры і з’ядналіся з Хрыстом. Гэта самы вялікі падарунак Бога, які адкрывае нам дарогу да вечнасці. Але ці бачым мы яго? Ці знаходзім у гомане сучаснага свету? Ці з дня на дзень усё больш укараняемся ў Хрысце?
Дадзім адказ сёння, бо заўтра ўжо можа быць позна. Амэн.
|
І катэхеза Мітрапаліта Кандрусевіча на XXVI Сусветны дзень моладзі
|
16.08.2011 15:06 |
Мадрыд, 17 жніўня 2011 г.
Моцныя ў веры
1. Папа Бэнэдыкт XVI, яшчэ як прэфэкт Кангрэгацыі веравучэння кардынал Ёзаф Ратцынгер, у 1985 г. апублікаваў свой славуты «Рапарт аб стане веры», які на самой справе з’яўляецца інтэрв’ю з вядомым ватыканістам Вітторыё Мессоры і ў якім падкрэслена вялікая трывога адносна веры сучаснага чалавека.
Кардынал Ратцынгер пачынае ад аналізу праблемы аспрэчвання, якая з’яўляецца тыповай асаблівасцю Захаду. У той жа час рэчаіснасць Касцёла, канкрэтнага і пакорнага народу Божага, цалкам адрозніваецца ад таго, аб чым мараць пэўнага тыпу лабараторыі, у якіх дыстылюецца ўтопія… Спрэчнасць з’яўляецца дарогай у нікуды. Веру трэба бараніць праз яе абвяшчэнне, бо Касцёл — гэта не будаўнічы пляц, на якім згубіліся планы і кожны будуе, як яму падабаецца. Касцёл — гэта таксама не калектыў веруючых і не сума членаў, а перадусім прастора рэальнай прысутнасці Пана ў свеце. Мы ж з’яўляемся Яго народам, імплантаваным у Яго Цела, які ўзрастае Яго ўзрастаннем. Касцёл перавышае ўсе межы — нават смерці, бо ён з’яўляецца Касцёлам Хрыста, а не нашым. Нашымі з’яўляюцца толькі грахі. Вельмі моцныя словы кардынала Ратцынгера.
Сярод найважнейшых небяспек Ратцынгер вылучае наступныя: тэалагічная пустыня, дылемы маральнасці (лібералізм, пермісівізм, кансумізм, вызваленне), а таксама сацыялагічныя альтэрнатывы (быць бліжэй да грамадства ці бліжэй да навучання Касцёла).
Сапраўды, калі мы паглядзім на сучаснае хрысціянства, то нас часта проста бярэ жах. Людзі называюць сябе веруючымі, але на самой справе такімі не з’яўляюцца. З Касцёлам іх вельмі часта яднае толькі пасведчанне хросту, можа, час ад часу яны зазірнуць на набажэнства, найчасцей на Вялікдзень ці на Божае Нараджэнне. Асвецяць велікодную ежу ці паставяць у памяшканні ёлку на Божае Нараджэнне, але на самой справе найчасцей — з нагоды Новага году. Носяць крыж, і нярэдка вельмі дарагі, але не вельмі ведаюць, што ён азначае.
Кардынал Ёзаф Ратцынгер аднойчы апавядаў, як у музеі ў Дрэздэне адзін з наведвальнікаў, гледзячы на крыж, сказаў: «Вось і ўкрыжавалі Спартака».
Асабісты досвед з базылікі св. Пятра: у Юбілейным 2000 годзе дзве жанчыны спыталі, дзе ў Рыме знаходзіцца месца ўкрыжавання Езуса.
2. Праблема веры — гэта вялікая і актуальная праблема сучаснага хрысціянства, якая выражаецца таксама і ў тым, што падчас набажэнства ў касцёле чалавек лічыць сябе хрысціянінам, а па-за яго парогам жыве як язычнік. Хто ў хрысціянскай Еўропе прымае законы, не згодныя з законам Божым, такія, як права на разводы, аборты, эўтаназію, рэпрадуктыўнае здароўе, гомасексуальныя саюзы з правам усынаўлення дзяцей і г. д.? Хто там жа друкуе календары для школьнікаў, дзе ў імя паліткарэктнасці, якая ўжо ўвайшла таксама і ў сферу рэлігіі, каб толькі не абразіць вернікаў нехрысціянскіх веравызнанняў, няма нават успаміну пра Божае Нараджэнне і Пасху? Хто забараняе рэлігію ў школах, як, напрыклад, у Іспаніі, дзе яна заўсёды была? Ніхто іншы, як хрысціяне, якія дэмакратычным спосабам большасцю галасоў прымаюць такія ганебныя законы і адначасова лічаць сябе хрысціянамі.
3. У сучасным свеце існуе яшчэ іншая вельмі небяспечная тэндэнцыя прыватызацыі веры. Гэта азначае, што веру імкнуцца спіхнуць на перыферыю жыцця і жадаюць, каб яна была толькі прыватнай справай чалавека і не праяўлялася ў публічным жыцці. Аднак, напрыклад, рэклама алкаголю, тытуню, эротыкі і рэпрадуктыўнага здароўя, амаральныя кіна- і тэлепраграмы, забруджаны Інтэрнэт, узрастаючая колькасць казіно з іх аднарукімі бандытамі, якія разараюць чалавека, секс-шопы і г. д. — ці гэта таксама прыватная справа?
4. Вялікую небяспеку нясе і тэндэнцыя змяняць Божы закон, паслабляць яго, што на сучаснай мове называецца маральным рэлятывізмам. Цікава і тое, што заклікі Касцёла захоўваць Божы закон у наш час ацэньваюцца як сярэднявечча, адсталасць, адмова ад прагрэсу і нават фундаменталізм. Гэта трэба прызнаць, асабліва ў моладзевым асяроддзі, у якім нямодна размаўляць пра справы маралі. Моладзь нярэдка кажа: чаго ж узнімаць такія складаныя і не адпавядаючыя сучасным тэндэнцыям праблемы? Лепей жыць так, як усе жывуць. Жыць філасофіяй натоўпу. Плысці не супраць цячэння, а па цячэнні і г. д. Але мы добра ведаем, куды нас занясе плынь вады, калі мы не будзем ёй супраціўляцца. Ва ўзбуранае мора, адкуль мы ўжо не выплывем. Так і ў маральным жыцці.
Спартсмен, каб дасягнуць добрага выніку, павінен шмат трэніравацца і заўсёды ўздымаць планку намаганняў. Таксама і хрысціянін, каб стаць духоўным чэмпіёнам, павінен павышаць патрабаванні да сябе. Ён павінен жыць евангельскім радыкалізмам, а не духоўнай расхлябанасцю, каб прынесці плён свайго жыцця.
5. Наступнай пагрозай у галіне веры з’яўляецца тое, што сучасны чалавек у сваім імкненні да аўтаноміі і абсалютнай свабоды кажа, што Божы закон яе абмяжоўвае і забараняе чыніць усё тое, што ён хоча. Трэба памятаць, што абсалютнай свабоды няма і не можа быць. Нож служыць, каб рэзаць хлеб, але нажом можна забіць чалавека, калі ім карыстацца безадказна. Божы закон — гэта дарожныя знакі на нашым жыццёвым шляху. Як трэба захоўваць правілы дарожнага руху, калі мы вядзём машыну, так трэба захоўваць прынцыпы Евангелля, каб шчасліва дайсці да мэты нашага жыцця — дасягнуць вечнага шчасця ў Валадарстве Нябесным.
6. Гэтыя і іншыя праблемы сучаснасці пацвярджаюць, што наша хрысціянства вельмі часта з’яўляецца не сапраўдным, а штучным. Сучасны хрысціянін, на жаль, вельмі часта жыве вераю ў Бога і Езуса Хрыста ў асаблівым кантэксце «забыцця Бога», у нейкім «зацьменні сэнсу Бога», распаўсюджвання лаіцызму, які выключае веру з публічнага жыцця. З іншага ж боку, трэба памятаць і аб тым, што, паколькі Бог з’яўляецца крыніцай жыцця, то без адносін са сваім Творцам чалавек губляе сваю годнасць і тоеснасць.
Папа Бэнэдыкт XVI навучае, што Бог ёсць крыніцай жыцця. Адмовіцца ад Бога азначае адысці ад гэтай крыніцы і пазбавіцца яго спаўнення і радасці, бо «стварэнне без Стварыцеля марнее» (GS 36). Сучасная культура імкнецца да выключэння Бога або да прызнання веры як прыватнай рэчы без уплыву на грамадскае жыццё. І хоць каштоўнасці, якія з’яўляюцца падмуркам грамадства, паходзяць з Евангелля, заўважны працэс знікнення Бога, некаторай амнезіі або нават абсалютнай адмовы хрысціянства і адмовы скарбу веры з рызыкай страты сваёй тоеснасці (пар. Пасланне на XXVI Сусветны дзень моладзі, 1).
Калі нам нядобра і ў нас праблемы, мы хутка шукаем дапамогі ў людзей. Спяшаемся да лекара, да суседа, да юрыста і г. д. Пішам таксама скаргі, што ў апошнія часы прыняло характар сапраўднай скаргаманіі. У той жа час мы забываем, што калі б распачыналі кожную справу з Богам і ўсё чынілі паводле Яго закону, то не мелі б столькіх праблем. Адыход ад Бога і Яго закону і ёсць прычына ўсіх праблем кожнага грамадства. У такім кантэксце існуе неадкладная патрэба вярнуцца да першынства Бога ў жыцці чалавека, бо ўсё змяняецца і толькі Бог застаецца.
6. Што азначае верыць у Бога і таго, каго Ён паслаў — Езуса Хрыста? Вера — гэта дар Божы, у якім Бог аб’яўляецца чалавеку і сябе аддае яму. Хрыстус аб’яўляе чалавеку Бога, якого ніхто і ніколі не бачыў. Прычым Ён аб’яўляе Бога з чалавечым тварам і сэрцам, гэта азначае, вельмі блізкага нам. Гэтае аб’яўленне можа наступіць нечакана, і таму нельга праспаць такі момант, нельга не заўважыць аб’яўляючагася і прыходзячага Бога, нельга паступіць так, як паступілі габрэі, якія не распазналі знаку часу прыйсця Збаўцы. Вера асвятляе жыццё веруючага, перамяняе яго, бо чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму. Толькі дзякуючы веры ў Бога, праз якую чалавек уваходзіць у адзінства з Ім, жыццё набывае сваю паўнату і дае надзею на вечнасць. У сувязі з гэтым які няшчасны няверуючы чалавек! Што яго чакае пасля смерці, якая раней ці пазней наступіць? Ён перастае быць! Ці варта дзеля гэтага столькі цярпець у жыцці? У такой сітуацыі жывёлы знаходзяцца ў лепшай сітуацыі, бо не маюць ніякіх абмежаванняў у сваіх паводзінах.
У Евангеллі Хрыстус часта гаворыць пра веру і заахвочвае сваіх вучняў узрастаць у ёй. Вера ёсць фундаментальным выбарам жыцця: вера ў Божае слова дазваляе будаваць наша жыццё на скале (пар. ККК 153-155).
Пры гэтым трэба заўважыць, што мы павінны верыць у аб’яўленыя Богам праўды найперш таму, што яны аб’яўлены Ім, а не таму, што яны зразумелыя для чалавечага розуму. Сёння толькі лянівы не ведае пра электронны каллайдэр, які знаходзіцца ў Еўрапейскім Цэнтры ядзерных даследаванняў (так званы ЦЭРН). Менавіта там вучоныя спадзяюцца знайсці антыматэрыю і змадэляваць так званы Вялікі выбух, які паводле іх стаў прычынай з’яўлення Сусвету. Нават калі іх намаганні і будуць паспяховымі, то гэта не перакрэслівае аб’яўленай праўды, што Бог стварыў свет, бо хтосьці павінен быў выклікаць гэты выбух. Кожнае следства мае сваю прычыну. Нядаўна славуты англійскі фізік Сцівен Гаўкінг (Stephen Hawking), які, дарэчы, вельмі хворы і зносіцца з асяроддзем толькі дзякуючы стымулятару мовы, заявіў, што Сусвет з’явіўся без Божай інтэрвенцыі і ў выніку спантаннага працэсу на моцы фізічных правілаў і механізмаў. Але тут паўстае пытанне: а што было да Вялікага выбуху? Якія фізічныя законы ім кіравалі? Адкуль узяўся Вялікі выбух? Законы фізікі ўключаюць каўзальнасць, гэта азначае існаванне прычыны. Нічога само з сябе не адбываецца. Гэта відавочна. Ідэя чагосьці, што не мае прычыны, проста нефізічная ў прынцыпе. Таму падаецца, што сваімі заявамі Гаўкінг дае сваё сведчанне веры ў фізіку. Ён верыць, што фізіка з’яўляецца самаіснуючым законам, які кіруе рэчаіснасцю. Гэта яго вера. Яна малая, як гарчычнае зерне, але гораў не перанясе. 7. Нагадваючы пра нашу веру, трэба нагадаць і пра тое, што яна павінна выражацца не толькі асабіста, але і супольна. Нездарма можна пачуць такія выразы, як вера народа, гэты ці іншы народ сапраўды з’яўляецца веруючым. Вера Касцёла, якую мы вызнаём у Сімвале веры, заўсёды распачынаецца асабістым актам «я веру» і потым пераходзіць у супольны — «мы верым» (пар. ККК 166).
А як з нашай асабістай верай і верай народу? Ці яна сапраўдная і моцная? А можа, штучная?
Ці мы да канца давяраем Богу? А можа, толькі збоку пазіраем і чакаем, што будзе? На веру і хрысціянства наогул трэба глядзець не збоку, але яно павінна стаць часткай нашага жыцця.
Вера здольная чыніць цуд. Аднойчы жыў-быў шэра-карычневы верабей. Усё яго жыццё было чарадой трывог і запытальных знакаў. Будучы яшчэ ў яйцы, ён з трывогай думаў, ці зможа раскалоць шкарлупіну. Ці не выпадзе з гнязда? Ці бацькі будуць мець, чым яго пракарміць?
Потым гэтыя страхі прайшлі, але з’явіліся іншыя. Ён дрыжаў, седзячы на галінцы, з якой павінен быў першы раз паляцець. Ці вытрымаюць мяне крылы? Ці не разаб’юся я аб зямлю? Хто мяне тады падыме наверх?
Зразумела, што з часам ён навучыўся лятаць, але зноў пачаў ныць. Ці знайду сабе сяброўку? Ці змагу звіць гняздзечка?
Усё ў яго атрымалася, аднак ён і далей мучыў сябе. Ці будуць захаваны яйкі? А можа, у дрэва ўдарыць пярун і ўся сям’я загіне? Ці змагу я пракарміць сям’ю? А калі прыляціць сокал і з’есць маё патомства?
Калі маладыя вераб’і сталі прыгожымі, здаровымі і рухлівымі і пачалі лятаць, верабей ізноў пачаў скардзіцца. Ці знойдуць яны дастаткова ежы? Ці ўратуюцца ад кошак і іншых звяроў?
Але вось аднойчы пад дрэвам праходзіў Хрыстус і, паказваючы пальцам на вераб’я, сказаў сваім вучням: «Паглядзіце на нябесных птушак, яны не сеюць і не жнуць і не збіраюць ураджай, а Мой нябесны Айцец іх корміць».
І тады шэра-карычневы верабей зразумеў, што ў яго было ўсё, толькі ён гэтага не заўважаў.
А ты, малады чалавек, ці заўважаеш, што Бог дае табе ўсё, толькі трэба верыць? Амэн.
|
|
|