Напэўна, ніводная эмоцыя не мае такога супярэчлівага характару, як гнеў. Для хрысціян ён часта становіцца сапраўдным «каменем спатыкнення»: вядома, што гнеў з’яўляецца адным з сямі галоўных грахоў, гэта значыць, ён можа прывесці да шматлікіх іншых грахоў. З іншага боку, няўжо кожны раз, як чалавек адчуе раздражненне ці разгневаецца, бо супраць яго здзейснена несправядлівасць, — ён губляе Божую ласку?
Каб адказаць на гэтае пытанне, вельмі важна правесці мяжу паміж гневам як спантаннай эмоцыяй і свядомым настроем душы і ладам жыцця.
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла навучае, што пачуцці, да ліку якіх адносіцца і гнеў, «ні добрыя, ні дрэнныя. Яны атрымліваюць маральную ацэнку толькі ў той меры, у якой яны фактычна залежаць ад розуму і волі» (с.424, 1767).
Акрамя таго, Катэхізіс прыгадвае, што для цяжкага граху неабходны адначасова тры ўмовы: свядомасць, добраахвотнасць і цяжкая матэрыя.
Такім чынам, раздражненне, злосць, абурэнне, выкліканыя нейкімі абставінамі, самі па сабе яшчэ не з’яўляюцца цяжкім грахом, бо іх узнікненне не залежыць ад волі чалавека. Найважнейшым момантам з’яўляецца наступны крок, які прадпрымае чалавек у дачыненні да ўзнікшых пачуццяў. Біблія кажа нам, што бязвольнае падпарадкаванне пачуццю гневу з’яўляецца лёсам неразумных людзей, бо гнеў перашкаджае ісці Божымі шляхамі і выконваць Божыя загады. «Разважлівасць робіць чалавека павольным на гнеў» (Прып 19, 11). Апостал Якуб заклікае нас: «Ведайце, мае ўмілаваныя браты: няхай кожны чалавек слухае з ахвотай, але не будзе ахвочы да размоў, не будзе ахвочы да гневу. Бо чалавечы гнеў не здзяйсняе міласці Божай» (Як 1, 20).
Таму ў стаўленні да гневу магчымы дзве дыяметральна супрацьлеглыя сітуацыі. У адной з іх чалавек кажа сабе: «Так, я вельмі гневаюся. Але я ведаю, што гэта нядобрае пачуццё, і таму, нават калі я не магу супакоіцца адразу, я буду прыкладаць высілкі, каб гэта зрабіць». У гэтай сітуацыі ёсць вельмі важная дэталь: чалавек, ахоплены эмоцыямі, не можа спыніць іх у адно імгненне. Але ён можа НІЧОГА НЕ ПРАДПРЫМАЦЬ пад уздзеяннем гневу. Варта памятаць, што зграшыць мы можам думкаю, словам і ўчынкам, і з гэтых трох грэх думкаю — самы лёгкі. Трэба прыкласці як мага больш намаганняў, каб гнеўнае пачуццё — думка — не вылілася ў абразлівае слова ці ў жорсткі ўчынак, бо такім чынам мы ранім не толькі сябе саміх, але і іншых.
Іншая сітуацыя складаецца, калі чалавек, адчуваючы гнеў, не супрацьстаіць яму, але наадварот — заглыбляецца ў гэтае пачуццё, пястуе яго ў сваёй душы. Адной з найбольш небяспечных пастак, якую падсоўвае чалавеку гнеў, з’яўляецца тое, што часамі ён прыносіць не толькі боль, але і нейкае вычварэнскае задавальненне, пачуццё ўласнай разбуральнай моцы. Чалавек, які заглыбіўся ў гнеў, можа бясконца прыпамінаць усе свае крыўды, рэальныя ці нерэальныя, атрымліваць асалоду ад прыдумвання (а часамі і здзяйснення!) планаў помсты. Такіх людзей узрушвае пачуццё асабістай улады, якое можа падпітвацца страхам іншых перад імі. У гэтым стане чалавек аказваецца закрытым на любоў і разумее толькі сілу. У псіхалогіі такі тып людзей называецца псіхапатычным ці соцыапатычным. Зразумела, што падобнае свядомае пагружэнне ў злосць, нянавісць і помсту з’яўляецца цяжкім грахом.
Гнеў як эмоцыя не з’яўляецца аднародным. Псіхолагі вылучаюць некалькі яго ўзроўняў. Самы лёгкі ўзровень — гэта нудота. Нудота — гэта незадаволенасць тым, што я маю.
Наступны ўзровень — незадавальненне. Гэтае пачуццё несвядомае, чалавек не скіроўвае яго на нейкі канкрэтны прадмет і нават не заўсёды можа яго вылучыць і назваць.
Далей ідзе ўзровень прыкрасці — пачуццё жалю, калі нешта не ўдаецца, калі не рэалізуюцца нашыя жаданні.
Раздражненне — наступны этап. У адрозненне ад незадаволенасці гэта ўжо свядомае пачуццё, скіраванае на канкрэтны прадмет.
Далей ідзе ўласна гнеў, калі чалавек можа сказаць пра сябе: «Я злуюся!»
Абурэнне — даволі моцны гнеў, які для свайго апраўдання патрабуе нейкай маральнай падтрымкі («Я маю права злавацца, таму што...»).
Апошні ўзровень — жывёльнае шаленства, калі чалавек не кантралюе сваіх дзеянняў і эмоцый, словаў. Псіхолагі называюць гэты стан афектам.
Хацелася б прыгадаць таксама два важныя моманты, якія дапамагаюць пашырыць бачанне феномену гневу.
Па-першае: гнеў часта з’яўляецца вонкавай праявай унутранага болю. Пад ім могуць хавацца зусім іншыя пачуцці, напрыклад віна, сорам ці страх. Вельмі добра бачна гэта на прыкладзе так званых «цяжкіх падлеткаў». «Навальніцы» школы ці двара вельмі часта аказваюцца занядбанымі ва ўласных сем’ях, дзе бачаць толькі агрэсію або абыякавасць. Іх паводзіны — гэта «крык аб дапамозе»: «Хто-небудзь, заўважце, як мне дрэнна!!!» Калі вы адчуваеце, што ваш гнеў справакаваны менавіта ўнутраным болем, то вельмі важна знайсці чалавека, якому давяраеце, і выказаць менавіта боль, а не гнеў, падзяліцца сваёй ранай. Калі знішчыцца гэтае «паліва» для гневу, то і само «полымя» суцішыцца.
Другі момант звязаны з такой рысай характару, як гняўлівасць. Кожны ведае, што адны людзі хутчэй зрываюцца на гнеў, іншыя больш спакойныя. Што ж рабіць, калі вы з’яўляецеся «лёгкім на выбух» чалавекам? Хрысціянскае веравучэнне кажа нам аб неабходнасці пазбягання нагоды да граху. У нашым выпадку гэта тыя сітуацыі ці словы, якія запальваюць наш гнеў. Напэўна, у кожнага чалавека ёсць такія фразы, словы, тэмы, а можа нават проста позірк ці выраз твару субяседніка, якія правакуюць моцную гнеўную рэакцыю. Такія фразы псіхолагі называюць «пускавымі механізмамі». Што ж з імі рабіць? Можна прапанаваць некалькі крокаў.
«Ворага трэба ведаць у твар». Таму не палянуйцеся выпісаць для сябе свае «пускавыя механізмы». Можна зрабіць спіс «Мяне даводзіць да шаленства, калі...». Заўважце, што ў пускавых механізмаў ёсць асаблівасць: яны самі маленькія, а правакуюць вельмі моцныя, несуразмерныя хвалі гневу ці іншых пачуццяў — сораму, віны, страху і г. д.
Калі спіс складзены, задайце сабе пытанне, чаму менавіта гэтыя фразы, позіркі ці словы так вас злуюць? Калі яны пачалі вас злаваць? Ад каго і пры якіх абставінах вы іх чулі? Калі такія «карані» будуць знойдзены, вы пачнеце больш асэнсавана ставіцца да сваіх пачуццяў, лепей разумець сябе, і кантраляваць свае эмоцыі стане прасцей.
Па-другое, паспрабуйце пазбягаць тых сітуацый ці размоваў, якія правакуюць ваш гнеў. Гэтая парада цесна звязана з уменнем казаць «не», аб якім мы разважалі ў папярэдніх артыкулах. Паназірайце за тым, як нарастае ў вашай душы пачуццё гневу. Калі сітуацыя проста перастае вам падабацца — папрасіце субяседніка спыніць размову ці перайсці да іншай тэмы. Калі гэтага не адбываецца, а вашае незадавальненне расце — папярэдзьце, што, калі размова не скончыцца зараз — вы сыдзеце. Калі ж і пасля гэтага сітуацыя не скончваецца — сапраўды перарвіце гутарку: «Даруй, мне непрыемна нашая размова. Я не хачу больш у ёй удзельнічаць». Вельмі важна перарваць размову тады, калі вы яшчэ можаце кантраляваць сябе і прадухіліць выбух эмоцый. Такое ўменне прагназаваць сітуацыю, увага да асабістага эмацыянальнага стану, а таксама кантроль розуму над пачуццямі дапамогуць вам больш рашуча і асэнсавана «схіляць волю сваю да дабра».
Наталля Станкевіч
|