Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Асцярожна — дзеці! Першы раз у першы клас
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
31.08.2012 09:17

Дзіця падрастае, і — не паспелі бацькі азірнуцца — наступае час ісці ў школу.

Вельмі падрабязныя практычныя парады адносна выбару школы, а таксама арганізацыі жыцця дзіцяці ў сувязі з пераходам у школьны ўзрост прадстаўлены ў кнізе Алены Первушынай «Как выжить в начальной школе?». Асабіста я набыла яе ў краме «Духоўная кніга» ў Мінску і вельмі раю бацькам, у якіх падрастаюць «першаклашкі», з ёю пазнаёміцца.

Я ж у сённяшняй размове закрану толькі псіхалагічныя аспекты гэтага этапу жыцця дзіцяці.

Амаль ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, што паступленне ў школу — гэта стрэс як для дзіцяці, так і для ўсёй сям’і. Зразумела, што падзея гэтая вельмі радасная, узнёслая — белая кашулька, вялізны букет, першы званок… Аднак ужо з 2 верасня на дзіця кладзецца цяжар нязвыклага раскладу, новыя знаёмствы, патрабаванні і г.д. Каб палегчыць дзіцяці гэтыя нагрузкі, трэба памятаць аб некалькіх важных рэчах.

Па-першае, добра, калі ваша дзіця ўжо мае добры вопыт камунікавання з іншымі дзецьмі, а таксама старэйшымі. У гэтым сэнсе дзіцячы садок (з улікам усіх асаблівасцяў і супярэчнасцяў выхавання ў гэтай установе) добрая з’ява. У садку дзіця можа хаця б прыблізна пазнаёміцца з тымі патрабаваннямі, якія сустрэнуць яго ў першым класе, навучыцца камунікаваць з іншымі дзецьмі і выхавацелькамі (а потым — настаўніцай). Таксама ёсць верагоднасць таго, што хаця б некалькі дзяцей з садковай групы патрапяць разам у адзін клас, і тады маленькаму школьніку будзе лягчэй: у новай абстаноўцы ён будзе бачыць ужо звыклыя твары.

Калі дзіця не ходзіць у садок — напрыклад, таму, што часта хварэе, — варта паклапаціцца аб тым, каб яно, нягледзячы на гэта, мела дастаткова стасункаў са сваімі равеснікамі, вучылася жыць сярод іх, засвойваць своеасаблівыя правілы, якія існуюць у дзіцячым асяродку. Таму дзеці, якія выхоўваюцца па большай частцы сярод дарослых, могуць сутыкнуцца са значнымі праблемамі адаптацыі ў дзіцячым калектыве.

Па-другое, вельмі важна таксама памятаць, што пачатак школы — гэты пачатак хай і павольнага, але аддалення дзіцяці ад сям’і. Гэта натуральная з’ява: вырастаючы, дзіця ўсё больш і больш будуе сваё ўласнае жыццё, ягоныя адносіны з бацькамі змяняюцца. І таму вельмі важна не парушыць у гэты час сувязяў з дзіцём: пройдзе яшчэ некалькі год, і ў падлеткавым узросце ўсе шчыліны ва ўзаемаадносінах пачнуць хутка пашырацца! Не зачыняйце дзвярэй свайго дома перад школьнымі сябрамі вашага дзіцяці: няхай паміж школай і домам не ўзнікне нябачнага бар’еру: школа — там, дом — тут, і паміж імі няма сувязі. Насамрэч, варта цікавіцца тым, што адбываецца ў школе, і не толькі тады, калі дзіця сустракаецца з праблемамі. Ваша цікавасць да паўсядзённых спраў маленькага школьніка, да ягоных уражанняў, да школьных падзей будуць трывалым падмуркам для захавання даверу паміж вамі і дзіцём, даверу, які асабліва спатрэбіцца ў няпросты перыяд сталення дзіцяці.

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.