Пасля саміх сужонкаў цешча з’яўляецца, здаецца, самым папулярным персанажам анекдотаў і гісторый аб сямейным жыцці. Трэба прызнаць, што з яе з’яўленнем такія гісторыі сталі набываць характар «чорнага гумару»: цешча, як можа, атручвае жыццё сужонкам, падкідваючы ім у суп бітае шкло, адмываючы ад каструлек тэфлонавае покрыва ці прынамсі загадваючы пахаваць сябе ў Крамлёўскім муры.
Звычайна асабліва балюча разгортваюцца адносіны цешчы з зяцем. Вялізная колькасць і папулярнасць такіх змрочных гісторый кажа, на жаль, аб тым, што ў нечым яны блізкія да жыцця, адлюстроўваючы некаторыя з бакоў у адносінах паміж пакаленнямі бацькоў і дзяцей. Але як выйсці з гэтага становішча і ўсталяваць добрыя адносіны з бацькамі як мужа, так і жонкі?
Калі запытацца ў маладых людзей, якія пачынаюць сваё сужэнскае жыццё, аб тым, што найважнейшае для таго, каб адносіны з бацькамі склаліся добра, часта можна пачуць катэгарычны адказ: «Жывіце асобна!» Гэтая парада, якая для слыху шматлікіх бацькоў і, верагодна, некаторых дзяцей, гучыць крыху жорстка, сапраўды мае пад сабою пэўны практычны і псіхалагічны падмурак.
Мы ўжо шмат разважалі ў нашых размовах аб такой з’яве, як сепарацыя — аддзяленне дзяцей ад бацькоў. Гэты працэс пачынаецца для дзіцяці ў маленстве, ва ўзросце прыкладна двух з паловай гадоў, калі маленькі чалавечак пачынае ўсё больш аддаляцца ад маці фізічна: спускаючыся ля яе кален на падлогу, потым гуляючы ў іншым куце пакою, у іншым пакоі, на дзіцячай пляцоўцы і г.д. Пры гэтым эмацыйная сувязь дзіцяці з маці застаецца вельмі моцнай. Маці жыццёва неабходна дзіцяці, каб задаволіць ягоныя асноўныя (базавыя) патрэбы: пачуццё бяспекі, абароненасці, цеплыні, любові, прынятасці...
Сепарацыйны працэс набывае асабліва востры характар у падлеткавы перыяд, калі хлопец ці дзяўчына пачынаюць адчуваць неабходнасць пашырэння асабістых межаў, набыцця большай незалежнасці. Пры гэтым, калі дзіця выхоўвалася правільна, у падлеткавым узросце яно можа само ў значнай ступені задаволіць свае патрэбы — як псіхалагічныя, так і побытавыя. У той жа час узрастае і мера адказнасці дзіцяці за ягоныя ўчынкі.
Шлюб можна лічыць кульмінацыяй гэтага працэсу. Мы ўжо казалі аб тым, што ён становіцца выразам здаровай сталасці чалавека, ягонай гатоўнасці распачаць самастойнае жыццё. Фактар асобнага пражывання для пачатку гэтага новага жыцця часта недаацэньваецца. Бацькі (асабліва калі маюць вялікую кватэру ці дом) часта кажуць маладым: «Навошта вам марнаваць грошы на тое, каб здымаць кватэру? Мы цудоўна змесцімся ўсе разам і нават не будзем перашкаджаць адно аднаму!» У чым жа сувязь паміж асобным пражываннем і сталасцю?
Сувязь у тым, што адным з найважнейшых перажыванняў, якое фармуе сталасць, з’яўляецца пачуццё адказнасці, заснаванае на глыбокім перажыванні «гэта — маё». Гэтае перажыванне не мае нічога агульнага з фактычным валоданнем чым-небудзь. Так, маладая жонка ў першыя месяцы шлюбу можа адкрыць для сябе перажыванне «гэта — маё» нават калі пара здымае кватэру. Няхай кватэра фактычна не належыць дзяўчыне — але яна мае, напрыклад, кухню, дзе яна і толькі яна гаспадыня і дзе толькі яна нясе адказнасць за тое, што адбываецца. Калі прывесці прыклад з іншых моваў, то адчуванне «гэта — маё» звязана не з «house» (дом як будынак), але з «home» (дом як месца, дзе жывуць, як асабістая прастора сям’і). На пачатковых этапах шлюбу менавіта гэтае адчуванне сябе гаспадаром (гаспадыняй) з’яўляецца адным з найважнейшых, таму вельмі важна, каб нават у не сваім house маладыя навучыліся ствараць свой home — прастору, дзе яны жывуць, сваю ўласную атмасферу. Ва ўмовах жа, дзе сумесна жывуць прынамсі дзве гаспадыні — напрыклад, маці і дачка ці свякроў і нявестка, — стварыць такую атмасферу значна цяжэй, калі наогул магчыма.
Асобнае пражыванне выклікае шмат пытанняў, якія клапоцяць як бацькоў, так і дзяцей. Бацькоў, напрыклад, часта турбуе такая праблема: як перадаць дзецям свой жыццёвы досвед? Часта ад іх можна пачуць: «Мы ж ужо жыццё пражылі, шмат чаго ведаем — а дзеці толькі пачынаюць. Чаму б ім не выкарыстаць наш досвед? Мы маглі б столькі карысных парадаў ім даць, так дапамагчы!.. Чаму б і не?!»
Сапраўды — чаму б і не?
Мне падаецца, што адказ на гэтае пытанне можа быць падвойным. З аднаго боку, такое дзяленне досведам далёка не заўсёды дае чаканыя станоўчыя вынікі, па той простай прычыне, што наяўны досвед — гэта досвед бацькоў, інакш кажучы, двух канкрэтных людзей. З гэтага пункту гледжання досвед можна параўнаць з парай абутку: нават калі я, напрыклад, маю вельмі прыгожыя і якасныя туфлі, якія шыкоўна мне падыходзяць, гэта не азначае, што яны гэтак жа выдатна падыдуць маёй сяброўцы ці, напрыклад, маёй дачцэ. Справа ў тым, што жыццёвы досвед — гэта з’ява дынамічная. Ён часта і моцна змяняецца ў залежнасці ад узросту чалавека, ягонага характару, абставінаў ягонага жыцця і г.д. Таму мой досвед, нават самы цудоўны, зусім не абавязкова настолькі ж добра будзе пасаваць іншаму чалавеку, нават вельмі блізкаму.
Але ці вынікае з вышэйсказанага, што бацькі наогул не павінны ўдзельнічаць у жыцці дзяцей пасля таго, як тыя заключылі шлюб? І ці вынікае з гэтага, што бацькам «няма чаго сказаць» сваім дарослым дзецям? Безумоўна, не. Справа ў тым, што, разважаючы аб жыццёвым досведзе, мы павінны ўдакладніць, што менавіта пад гэтым словазлучэннем маем на ўвазе. Часта праблема таго, што дзеці не ўспрымаюць і не прымаюць бацькоўскі досвед, звязана са зместам гэтага досведу. А менавіта: вельмі часта бацькі, асабліва маці, імкнуцца пераказаць маладым, асабліва дочкам, нейкую канкрэтную практычна-побытавую інфармацыю: як і што гатаваць, у якія крамы хадзіць, якое адзенне насіць, як і дзе адпачываць і г.д. Зразумела, нельга казаць, што гэтая інфармацыя некарысная ці шкодная. Аднак побыт і будаванне ўнутрысямейных адносінаў — гэта якраз тая сфера, дзе маладым найбольш неабходна навучыцца дзейнічаць самім, гэта значыць адшукаць і накапіць свой досвед, які будзе ідэальна ім пасаваць. Гэты асабісты досвед становіцца адным з ключавых элементаў адчування «гэта — маё!», якое, у сваю чаргу, з’яўляецца моцным рухавіком працэсу сталення чалавека. Зразумела, што, спасцігаючы яго, маладыя людзі не застрахаваныя ад памылак. Вельмі верагодна, што маладая гаспадыня будзе напачатку гатаваць горш, чым яе маці, і не так умела весці гаспадарку. Справа, аднак, не ў практычных здольнасцях, якія прыйдуць з часам, галоўнае — што чалавек развіваецца, стварае сваю ўласную жыццёвую прастору.
Што ж бацькі могуць і нават абавязаны перадаць дзецям?
Адказ вельмі просты і адначасова глабальны: прынцыпы, па якіх варта жыць. У веруючых сем’ях гэтымі прынцыпамі з’яўляюцца Божыя запаведзі і наогул вера. Выхаваць дачку ці сына ў пабожнасці, у веры — гэта нашмат больш важна, чым пераказаць ім прынцыпы здаровага харчавання ці давесці да іх вядомасці, чым курорт у Балгарыі лепшы за курорт у Румыніі (ці наадварот). Вера і пабудаваныя на ёй адказнасць, вернасць, любоў, шчырасць, добрасумленнасць і радасць — вось тыя скарбы, якімі адорваюць бацькі сваіх дзяцей.
Гледзячы на гэтыя каштоўнасці, няцяжка заўважыць, што час для іх перадачы настае не тады, калі дзіця ўступае ў шлюб, але значна і значна раней. Можна сказаць, што на момант шлюбу «праца» бацькоў ужо выканана: тое найважнейшае, што яны маглі перадаць дзецям, яны ўжо перадалі.
«Што ж атрымліваецца — калі дзіця дасягне сталасці, мы ўжо не будзем яму патрэбныя?!» — часта ўсклікаюць бацькі.
Парадаксальна, але так. Сталым людзям бацькі не патрэбныя ў тым сэнсе, што дарослы чалавек сам задавольвае тыя свае патрэбы, якія раней задавальняліся бацькамі. Аднак угледзімся ў Божае слова: ці Бог кажа нам, што вяршыняй і ідэалам чалавечых адносінаў з’яўляюцца адносіны патрэбнасці, карыснасці аднаго чалавека для другога? Не. Ён кажа, што вяршыняй адносінаў з’яўляецца любоў, якая «не шукае свайго» і якая магчымая толькі ў атмасферы свабоды. Такім чынам, сталасць дзяцей прыводзіць да таго, што яны могуць свабодна, без прымусу і страху любіць сваіх бацькоў — толькі цяпер не з пазіцыі дзіцяці, якое залежала ад дарослых і, можна сказаць, пазірала на іх знізу ўверх, а з роўнай пазіцыі дарослага чалавека. Даросласць дзяцей — гэта магчымасць для прадстаўнікоў розных пакаленняў па-іншаму паглядзець адно на аднаго, убачыць новыя якасці, па-новаму адкрыць адно аднаго, адшукаць новыя скарбы адзін у аднаго і навучыцца атрымліваць прыемнасць з гэтых новых адносінаў.
Часта, аднак, узнікае пытанне аб тым, ці павінны бацькі дапамагаць дзецям у практычным плане, і калі так, то як і ў якіх памерах варта гэта рабіць.
Зразумела, што ў кожнай сітуацыі варыянты такой дапамогі могуць быць рознымі. Аднак варта звярнуць увагу на некалькі важных момантаў.
Па-першае, трэба заўважыць: практычная дапамога бацькоў дзецям павінна заўсёды быць дабравольнай як з боку бацькоў, так і з боку дзяцей. Гэта азначае, што бацькі дабравольна, з любові аказваюць дапамогу дзецям, а дзеці — і гэта вельмі важна! — хочуць гэтую дапамогу прыняць. Бо часта бывае так, што бацькі імкнуцца «ўпіхнуць» дзецям дапамогу, якая ім не патрэбна. Напрыклад, маці настойвае, што будзе раз на тыдзень прыходзіць да дачкі, каб прыбраць у яе кватэры і прыгатаваць ёй абед, з тою мэтаю, каб, маўляў, дачушка не стамілася занадта. Пры гэтым дачка хоча самастойна весці сваю гаспадарку і паводзіны маці ўспрымае як агрэсіўнае парушэнне сваіх межаў (чым, зрэшты, яны насамрэч і з’яўляюцца).
Па-другое, дабравольнасць дапамогі з боку бацькоў прадугледжвае, што яны не чакаюць і не патрабуюць ад дзяцей нейкіх дзеянняў у адказ. Так, маці з папярэдняга прыкладу можа патрабаваць, каб дачка ў якасці падзякі выконвала нейкія яе парады ці патрабаванні, напрыклад, у сферы выхавання дзяцей.
І па-трэцяе, варта памятаць, што бацькі не абавязаны аказваць гэтую дапамогу. Асноўным прынцыпам аказання дапамогі ў любым выпадку павінна быць, такім чынам, першасная адказнасць дзяцей за іх жыццё. Гэта значыць, што менавіта дзеці павінны як мага больш імкнуцца задавольваць свае патрэбы, а бацькоўская дапамога можа быць толькі «бонусам», дадаткам, а ніяк не асноўным сродкам існавання маладой пары. У гэтай сувязі важна адзначыць, што асобнае пражыванне — гэта толькі адзін з чыннікаў фармавання даросласці ў дзяцей. Сапраўдным жа ягоным выражэннем з’яўляецца аддзяленне псіхалагічнае. Яно азначае, што, напрыклад, пасля першай жа «сямейнай сцэны» маладыя муж і жонка не разбягуцца па сваіх мамах, скардзячыся адно на аднаго, а самі будуць вырашаць узнікаючыя праблемы.
Іншы бок уздзеяння бацькоў на сужэнскае жыццё дзяцей больш глабальны: менавіта яны нас выхавалі такімі, якімі мы ёсць, стварыўшы падмурак для нашага сужэнскага жыцця. І ў гэтым, як мне падаецца, галоўная роля належыць не цешчы — маці жонкі, а свекрыві, бо менавіта яны выхоўваюць нашых мужоў.
Крызіс мужнасці з’яўляецца бядой нашага часу. Мы ўжо шмат разважалі пра тое, як уплывае на хлопцаў выхаванне з боку маці і наколькі балючым можа быць выхаванне без бацькоўскага прыкладу ў няпоўных сем’ях. Бядой сучасных сем’яў становіцца таксама неаддзельнасць ужо дарослых мужчын ад іх маці. Часта жанчыны, якія звяртаюцца да мяне па кансультацыю, як аб нечым звычайным і непазбежным расказваюць аб сваіх мужах: «Ну вы ж ведаеце — ён у мяне так пры маме і застаўся... Калі што не так — адразу да мамы... Калі трэба параіцца — да мамы... Маме дапамагае заўсёды, нават жыве часам з ёю... Ды зрэшты і я пры ім як мама — апякаю, падтрымліваю, клапачуся, гаспадарку вяду... Так што дзяцей у мяне — N+1».
Знаёмая гісторыя?
Як кансультант, я магу сказаць, што за такімі словамі часта хаваюцца нявыказаныя і нават не ўсвядомленыя трагедыі жаночых лёсаў. Таму што, насамрэч, сітуацыя, калі для жанатага мужчыны галоўная жанчына ў жыцці не жонка, а мама, — гэта трагедыя для сям’і. Яна можа быць вострай — калі, напрыклад, муж у выніку пакідае сям’ю і вяртаецца да мамы, а бывае «латэнтнай», непрыкметнай, калі год за годам жонка жыве ў сітуацыі параўнання са свякроўю, і параўнанне гэтае не на карысць жонкі. А часам здараецца і так, што муж нават і не дапякае жонку параўнаннямі з мамай, але жыве ўвесь час клопатамі сваёй бацькоўскай сям’і, і такім чынам целам знаходзіцца ў шлюбе, а душой, сэрцам і розумам — з бацькамі. У любым выпадку гэта набывае вельмі нездаровыя для сям’і наступствы.
Як жа адказаць на пытанне, якое стала назвай гэтага артыкула? Як пасябраваць з цешчай, і, больш шырока — з бацькамі маладых сужонкаў?
Мне падаецца, што гэтае «сяброўства» — трывалыя, спакойныя і добразычлівыя адносіны — магчымае, перш за ўсё, на падмурку ўзаемнай павагі. Павага азначае прызнанне ўзаемных межаў, прыняцце ладу жыцця маладой і бацькоўскай сем’яў і жаданне падтрымліваць добрыя сувязі паміж сабою. На гэтай глебе могуць шчыра заквітнець такія плады, як узаемная цікавасць, любоў, захапленне адзін адным, узаемная падтрымка, адным словам, сапраўднае шчырае сяброўства.
Наталля Станкевіч
|