Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адказнасць: справы дарослыя
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
10.04.2014 15:53

У папярэдняй размове мы разважалі аб тым, як фарміруецца адказнасць у дзяцей, якое дачыненне яе фарміраванне мае да асабістай псіхалагічнай прасторы, даведаліся, якія памылкі найчасцей сустракаюцца на працягу гэтага працэсу.

Сёння прапаную вам, паважаныя чытачы, паглядзець, як пытанні адказнасці ўплываюць на адносіны дарослых людзей: сяброў, дарослых дзяцей і бацькоў, калег і г.д. Прапаную сёння вашай увазе некалькі простых правіл, якія дапамогуць зрабіць гэтыя адносіны больш адказнымі, шчырымі і дазволяць пазбегнуць шматлікіх памылак і непаразуменняў.

1. З намі абыходзяцца так, як мы дазваляем з сабой абыходзіцца.

Гэта даволі жорсткая праўда, якую нам часта цяжка прыняць. Аднак варта запытацца ў саміх сябе: ці я сапраўды паважаю сябе самога? Ці не дазваляю абыходзіцца з сабой непрымальна, каб, напрыклад, не атрымаць праблем (напрыклад, дазваляю свайму шэфу хаміць)? Простыя прыклады: ці можна ў вашай прысутнасці лаяцца матам? Ці дапускаеце вы магчымасць, што ваш знаёмы (сябар, муж) падыме на вас руку? Якой была б ваша рэакцыя? Ці дапускаеце вы прыніжаючыя жарты, кпіны ў ваш адрас?..

З гэтага правіла вынікае наступнае:

2. За тое, каб адносіны былі гарманічнымі, нясуць адказнасць усе іх удзельнікі. Часам вялікай спакусай у адносінах становіцца выбранне для сябе ролі пасіўнай ахвяры: «Ад мяне нічога не залежыць, я не магу кіраваць развіццём адносінаў, і калі мяне нешта не задавольвае – я магу толькі скардзіцца (ці нават проста маўчаць аб гэтым), - а змяніць сітуацыю мне не па сілах». Гэтая пазіцыя дазваляе нам «плыць па хвалях», не робячы ніякіх высілкаў, у той час як уся адказнасць за развіццё адносін ускладаецца на партнёра – сябра, калегу, мужа, жонку і г.д. Відавочна, што менавіта партнёр уяўляецца вінаватым, калі адносіны развіваюцца не так, як бы нам хацелася. Паспрабуйце, разважаючы аб адносінах, якія вас не задавольваюць, задацца пытаннем: «Які мой унёсак у сітуацыю? Што я раблю (альбо чаго не раблю), што яна складваецца такім няўдалым чынам?»

Паколькі адказнасць за той ці іншы стан адносін ляжыць на ўсіх іх удзельніках, то варта вызначыць яе меру для сябе. У побытавым сэнсе мы часта вырашаем гэтае пытанне ў форме «хто ў чым вінаваты?». Паняцце адказнасці, аднак, значна больш слушнае і практычнае, чым паняцце віны. Адказнасць адносіцца да канкрэтных дзеянняў, якія маюць канкрэтныя наступствы, у той час як пачуццё віны можа распаўсюджвацца на думкі, пачуцці, жаданні, намеры і наогул станавіцца неабсяжнай. Трэба памятаць, што мера адказнасці аднаго чалавека заканчваецца там, дзе ўзнікае адказнасць партнёра. Даволі слушна гэта выражаецца ў такім жарце: «Я адказваю за тое, што я кажу. А не за тое, што вы чуеце».

3. За задавальненне маіх жаданняў і патрэбаў адказваю ў першую чаргу я.

Калі мы былі маленькімі, нашы мамы неяк умелі даведвацца аб нашых патрэбах без словаў – і імкнуліся іх задаволіць. У дарослым жыцці нам вельмі хочацца захаваць такія адносіны з іншымі – каб нас разумелі з паўслова, здагадваліся пра нашыя патаемныя думкі і жаданні і іх выконвалі. Калі ж гэтага не адбываецца, мы абураемся і скардзімся на «нячуласць» і «чэрствасць» нашых атачаючых.

На самой справе ўвага і павага да нашых жаданняў з боку іншых людзей пачынаецца тады, калі мы самі заўважаем і паважаем свае жаданні, не лічым іх «глупствам» ці «дробяззю» і самі робім намаганні, каб іх задаволіць. Як ні парадаксальна, людзі, якія вакол нас, – сябры, сужэнцы, калегі, знаёмыя – не абавязаны задавольваць нашыя жаданні. Яны проста могуць гэта рабіць з любові да нас. Гэта ж тычыцца і нас: тое, што мы робім для іншых, варта рабіць не з пазіцыі абавязку, а з пазіцыі любові, бо інакш нас чакае «выгаранне» - мы проста не зможам задаволіць усіх, хто чагосьці ад нас патрабуе, і вельмі лёгка можам упасці ў дэпрэсію і пачуццё віны.

Першы крок да паразумення з іншымі - шчыра выказваць свае жаданні, а не чакаць, пакуль хтосьці здагадаецца пра іх.

4. Не прычыняйце дабро!

«Дарагая лыжка ў час абеду» - а дапамога сапраўды карысная тады, калі вас аб ёй просяць. Шмат непаразуменняў узнікае менавіта тады, калі нам падаецца, што мы ведаем, чаго хоча ад нас іншы чалавек. Насамрэч нашыя здагадкі на гэты конт узнікаюць на падставе нашых асабістых жаданняў: чаго б мы хацелі на месцы іншага?.. Людзі, аднак, розныя і розныя ў іх чаканні. Не палянуйцеся запытацца ў чалавека: «Табе патрэбна дапамога?», «Можа, чымсьці дапамагчы?», «Што я магу зрабіць, каб дапамагчы табе?» - замест таго, каб, усё вырашыўшы за суразмоўцу, «кідацца ў бой».

5. Будзьце шчырымі, не маніпулюйце іншымі і самі не паддавайцеся на маніпуляцыі! Умейце казаць і чуць слова НЕ.

Парады, якія мы тут абмеркавалі, могуць стварыць уражанне размежавання людзей: сапраўды, кожны сам па сабе, дабро не прычыняць, свае патрэбы задавольваць самому... Аднак насамрэч сітуацыя прама супрацьлеглая: у выніку следавання гэтым парадам вы створыце сабе як бы пляцоўку, сваю прастору, зыходзячы з якой будзеце дзейнічаць. Можна параўнаць яе з псіхалагічным домам: вы адказваеце за яго і адчуваеце ў ім сябе бяспечна і ўтульна. Вы можаце запрасіць туды сяброў - і зачыніць дзверы перад тымі, хто спрабуе прычыніць вам шкоду. Гэта ваша апора, кропка старту, з якой пачнуцца вашы шчырыя, адказныя і радасныя адносіны з іншымі.

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.