Гэтыя словы, якія я пачула на адным псіхалагічным трэнінгу, успомніліся мне падчас размовы з адной маёй знаёмай. Тэма размовы датычылася адзначэння розных святаў. Клопат маёй знаёмай быў у тым, што яна не любіць святкаваць свой дзень народзінаў і ніколі гэтага не робіць. Не любіць яна і віншаванняў з гэтай нагоды. Аднак яе знаёмыя штогод імкнуцца навязаць ёй гэтае святкаванне, зыходзячы з пазіцыі, што на дзень народзінаў належыць радавацца, віншаваць і ладзіць вечарыну. Калі ж нехта мае іншыя жаданні, то ён (ці яна) альбо няшчыры чалавек, альбо гэта проста ненармальна.
Пры больш глыбокім разгледжанні ў гэтай сітуацыі можна ўбачыць два складаныя пытанні, на якія мусяць адказваць людзі: па-першае, ці маю я права мець жаданні, думкі, намеры і г.д., якія адрозніваюцца ад агульнапрынятых, ад таго, што чакаюць ад мяне іншыя? Відавочна, што гэтае пытанне актуальнае для тых, хто апынуўся ў такой сітуацыі, як мая знаёмая. Другое пытанне датычыцца таго, наколькі далёка мы можам зайсці ў сваім жаданні зрабіць дабро іншаму чалавеку. На гэта варта адказаць людзям, якія імкнуцца зрабіць добры ўчынак, нягледзячы ні на што, і ў выніку замест дабра робяць зло, а замест удзячнасці атрымліваюць злосць і раздражнёнасць з боку «аб’ектаў» сваёй дабрачыннасці.
Насамрэч, абедзве гэтыя праблемы звязаны з пытаннем межаў, якое мы ўжо абмяркоўвалі. Нагадаю, што межы існуюць, каб акрэсліць асабістую прастору як у знешнім свеце (напрыклад, ніхто не любіць, калі незнаёмы ці непрыемны нам чалавек стаіць да нас вельмі блізка), так і ва ўнутранай, псіхалагічнай прасторы. Менавіта нашыя межы даюць нам магчымасць быць сабой, гэта значыць мець свае асабістыя пачуцці, жаданні, светапогляд і г.д. Яны ж даюць нам магчымасць адрознівацца ад іншых, ствараюць пачуццё «я — гэта не ты», ствараюць нашу індывідуальнасць. Індывідуальнасць, якую чалавек мае права адстойваць і бараніць. Такім чынам, відавочным становіцца адказ на наша першае пытанне.
Іншая справа, што ўяўленні, якія мае той ці іншы чалавек, не заўсёды бываюць зразуметымі і прынятымі іншымі. Асабліва складана даецца гэтае разуменне і прыняцце ў выпадках, калі гэтым іншым падаецца, што сваімі поглядамі чалавек прычыняе сабе шкоду (напрыклад, не хоча святкаваць свой дзень народзінаў і гэтым пазбаўляе сябе прыемнасцяў свята). У такіх сітуацыях у людзей часам спрацоўвае жаданне зрабіць чалавеку дабро, нягледзячы ні на што, як у анекдоце: «і ніякія ахвяры і разбурэнні нас не спыняць». І тады ўзнікае пытанне: наколькі далёка мы можам зайсці ў сваім жаданні зрабіць дабро? І ці тое дабро, што зроблена праз гвалт, з’яўляецца яшчэ дабром? Ці дапамога, якая навязваецца, застаецца дапамогай?
Разважаючы над гэтымі пытаннямі, варта прыгадаць такі факт: ніхто ніколі не чыніць зло дзеля зла. Гэта значыць, што за любым дрэнным учынкам, несправядлівасцю, гвалтам, здрадай — хаваюцца тыя ці іншыя добрыя намеры людзей, якія іх учынілі. Часам гэтыя намеры пабудаваны на вельмі вычварэнскіх уяўленнях аб добрым — але гэта нічога не змяняе.
Таму, мне падаецца, варта нам усім вучыцца далікатнасці ў дачыненні да іншых людзей. Памятаць, што не бывае відавочнага дабра, і тое, што добра для мяне, не заўсёды добра для іншага. Імкнуцца пазнаць, што сапраўды патрэбна чалавеку, а не вырашаць нешта за яго. Вучыцца глядзець на свет больш шырока, прымаючы і паважаючы погляды, якія адрозніваюцца ад нашых уласных. Нарэшце, ніколі не губляць павагу да іншых і да сябе саміх, цаніць тую індывідуальнасць, якую ўклаў у нас Пан Бог.
Наталля Станкевіч
|