Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
16 жніўня — успамін св. Роха, апекуна Мінска
Каляндар
16.08.2011 10:06

Свайго нябеснага апекуна ўзгадвае 16 жніўня горад Мінск. У свой час праз яго заступніцтва тут спынілася эпідэмія халеры. А ў 1861–1864 гг. у гонар святога ў Мінску была ўзведзена мураваная святыня.

Рох нарадзіўся каля 1295 г. у Францыі. Пасля смерці бацькоў раздаў усю сваю маёмасць і без усялякіх матэрыяльных сродкаў вандраваў па свеце. Меў цудоўны дар аздараўляць хворых на чуму. Такім чынам ён выратаваў шмат жыхароў Рыма падчас эпідэміі, аднак і сам захварэў. У П’ячэнцы ён, пакінуты ўсімі, ужо не спадзяваўся падняцца і чакаў смерці. Аднак тады Роху з’явіўся Анёл, які яго падбадзёрыў, а нейкі сабака штодня прыносіў яму хлеб, пакуль Рох цалкам не ачуняў.

Вандраванні і хвароба моцна змянілі знешнасць Роха, і таму, калі ён вярнуўся ў родны Манпелье, там яго не пазналі і, прыняўшы за ворага, пасадзілі ў вязніцу. Правёўшы там пяць гадоў, поўных пакутаў, Рох памёр у вязніцы ў 1327 г. Толькі пасля смерці жыхары пазналі ў памерлым свайго славутага земляка.Святы з’яўляецца апекуном хворых, лекараў і шпіталяў, а таксама вандроўнікаў.

Мінская парафія Св. Роха з’яўляецца самай старажытнай каталіцкай супольнасцю ў горадзе, пра якую захаваліся дакументальныя звесткі. Парафію Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) заснаваў у XIV ст. кароль Ягайла. А вось ахвяраванні на пабудову мураванага касцёла ў 1861–1864 гг. збіралі не толькі мінскія католікі, але і праваслаўныя, і юдэі ў знак падзякі святому Роху за выратаванне горада ад эпідэміі халеры.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме