Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Субота — трыццаць другі звычайны тыдзень

«Езус расказаў сваім вучням прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам: У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: Абарані мяне ад праціўніка майго. Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне».

 
Пятніца — трыццаць другі звычайны тыдзень

«Езус сказаў сваім вучням: Як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага. Елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, калі ўвайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і знішчыў  усіх. Таксама было і ў дні Лота. Елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі. Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліліся з неба агонь і сера і знішчылі ўсіх. Так будзе і ў той дзень, калі з’явіцца Сын Чалавечы».

 
Чацвер — трыццаць другі звычайны тыдзень

«Фарысеі спыталіся ў Езуса, калі прыйдзе Валадарства Божае. І Ён адказаў ім: Не прыйдзе Валадарства Божае прыкметна, і не скажуць: вось тут, — або: там. Бо Валадарства Божае ёсць унутры вас. Сказаў таксама вучням: Прыйдуць дні, калі захочаце ўбачыць хоць адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце. І скажуць вам: вось там, — або: вось тут, — але вы не ідзіце і не ганіцеся. Бо, як маланка, якая мільганула з аднаго краю неба да другога, так будзе Сын Чалавечы ў свой дзень. Але спачатку трэба Яму шмат выцерпець і быць адкінутым гэтым пакаленнем».

 
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча ва ўрачыстасць Усіх Святых
02.11.2010 17:39

Мінская архікатэдра, 1 лістапада 2010 г.


Праз прыклад святых да святасці

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых — вядомых нам і невядомых. Аб гэтым выдатна нагадвае св. апостал Ян у сённяшнім першым чытанні, калі распавядае пра незлічоную колькасць тых, хто «абмыў адзенне сваё, і выбеліў яго ў крыві Ягняці». І сапраўды, далёка не ўсе, хто сапраўды з’яўляецца святым, былі афіцыйна аб’яўлены Касцёлам. Гэта вынікае з таго, што не заўсёды праводзіцца беатыфікацыйны ці кананізацыйны працэс. Аднак у той жа час вядома, што многія людзі вялі святое жыццё, нягледзячы на тое, што шлях да святасці нялёгкі.

 
Святы Айцец заклікае да малітвы ў інтэнцыі ахвяраў тэрарыстычнага акту ў Багдадзе
02.11.2010 16:22

31 кастрычніка 2010 г. каталіцкую катэдру ў Багдадзе захапілі тэрарысты. 1 лістапада ў выніку штурму святыні сіламі іракскіх спецслужбаў загінулі 52 асобы, сярод якіх два святары. Больш за 50 чалавек паранены. У выніку спецаперацыі большасць заложнікаў удалося выратаваць, усе тэрарысты былі забіты.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ХXXI нядзелю, Год С
02.11.2010 13:40
Мінск, архікатэдральны касцёл, 31 кастрычніка 2010 г.

Збаўленне прыходзіць у наш дом

«Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула»

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Гэтыя словы сённяшняга Евангелля перадаюць галоўную мэту прыйсця Сына Божага ў гэты свет, а менавіта тое, што Сын Божы стаўся чалавекам для нас і для нашага збаўлення. Ён прыйшоў у свет, які загубіў сябе з-за граху Адама і які трэба было адрадзіць і выбавіць з сеткі зла.

Сёння, пасля 20 стагоддзяў абвяшчэння Евангелля, бачна, што свет усё яшчэ хворы маральна і не выбраўся з гэтай бяды. Не выбраўся не таму, што збаўчая моц Езуса недастатковая, а таму, што свет не хоча яе прыняць, асабліва ў наш час адыходу ах духоўных каштоўнасцяў. Гэта асабліва актуальна, калі усё больш і больш праяўляецца так званая паліткарэктнасць у справах рэлігіі і маралі.

2. У наш час нярэдка можна пачуць, што калі Касцёл аддзелены ад дзяржавы, то ён не мае права ўмешвацца ў прыватнае жыццё грамадзян. У той жа час трэба памятаць, што Касцёл заснаваны Езусам Хрыстом як сакрамэнт паўсюднага збаўлення, і яго задачай з’яўляецца весці людзей да Бога. Для гэтага ён абвяшчае Евангелле, цэлебруе сакрамэнты, вучыць маральным нормам, перасцерагае ад памылак і ад імя Хрыста шукае загубленых, каб прывесці іх да збаўлення.

Нярэдка можна бачыць і тое, што чалавек, які лічыць сябе веруючым, на самой справе ў жыцці паступае так, як яму падабаецца, і не захоўвае маральных прынцыпаў. Ён кажа: я веру ў касцёле падчас набажэнстваў, а ў жыцці паступаю паводле сітуацыі. На гэта трэба адказаць пытаннем: а якая ж вера без духоўных каштоўнасцяў? Як не можа быць веры без маральных каштоўнасцяў, так не можа быць і сапраўднага жыцця без веры, бо тады яно ператвараецца ў трагедыю і роспач. Аб гэтым сведчыць, напрыклад, рост колькасці самазабойстваў. Таму вера без маральных каштоўнасцяў — гэта не сапраўдная вера, а толькі яе фальсіфікат. Выкарыстоўваючы словы св. апостала Паўла — гэта нішто, гэта пусты звон.

3. Гэта вельмі добра пацвердзіў пратаганіст сённяшняга Евангелля Закхей. Ён быў мытнікам і таму займаў асаблівае становішча ў супольнасці. Ён хоць і належаў да Выбранага народу і хадзіў у сінагогу, аднак ашукваў людзей, прысвойваючы сабе частку мытнага падатку, і таму лічыўся публічным грэшнікам.

І вось настаў дзень «Х», дзень праўды, дзень выбару. Закхей павінен быў выбраць, што ў яго жыцці на самой справе з’яўляецца праўдай і каштоўнасцю. Павінен быў выбраць, якая яго жыццёвая пазіцыя. Застацца такім, якім ён быў да гэтага і якімі з’яўляюцца ўсе іншыя мытнікі? Або выбраць Хрыста і Ягоную праўду?

4. Як сведчыць сённяшняе Евангелле, Закхей не мог заставацца перад абліччам Езуса без кардынальнай змены на лепшае свайго жыцця, і таму выбраў адзіную і нязменную праўду, а менавіта Езуса Хрыста.

Божая ласка так моцна падзейнічала на яго, што ён захацеў хаця б убачыць Езуса. Маючы невялікі рост, ён залез на дрэва, каб толькі Яго ўбачыць.

Падчас агульных аўдыенцый Святога Айца на плошчы Св. Пятра ў Рыме можна ўбачыць людзей, якія становяцца на крэслы, а дзеці ўзбіраюцца на плечы бацькоў, каб толькі ўбачыць Папу. Таму можна зразумець і Закхея, які не пасаромеўся залезці на дрэва, каб толькі ўбачыць праходзячага Езуса.

Хрыстус не застаўся ў даўгу перад Закхеем. Ён таксама заўважыў яго і выказаў жаданне наведаць яго дом. Гэта быў пераломны момант у жыцці мытніка, які спаткаў Збаўцу і прыняў Яго да сябе.

5. Адна гісторыя распавядае пра сляпога чалавека, які прыйшоў у касцёл на шлюб свайго сябра. Касцёл быў вядомы сваімі прыгожымі фрэскамі. Калі маладая пара выйшла з касцёла, то маці жаніха выказала спачуванні сляпому чалавеку, што ён не можа бачыць прыгажосці фрэсак. Сляпы чалавек толькі паціснуў плячыма і пра сябе падумаў: ці гэтая жанчына не чула, як прыгожа званілі званы, калі маладыя ўваходзілі ў касцёл і яго пакідалі? Іх голас ствараў сапраўдную атмасферу радасці і святасці. Таму ён падумаў, як шкада, што маці маладога бачыла толькі прыгажосць фрэсак і ў той жа час не чула прыгажосці звону званоў.

Закхей быў аслеплены і аглушаны сваім эгаізмам і самалюбаваннем. Ён быў сляпы на бяду іншых і глухі на голас сумлення і Бога. Аднак усё гэта не перашкодзіла Езусу бачыць у ім чалавека як твор Божы і асобу. Таму Ён захацеў увайсці ў яго дом, каб вылечыць яго ад духоўнай слепаты і глухаты і тым самым вярнуць яму Божую ласку, якую той страціў. Словы Езуса: «Закхей, хутчэй спускайся з дрэва, бо Я хачу быць у тваім доме», — сталі паваротным пунктам у жыцці Закхея. Прымаючы Езуса ў сваім доме, Закхей стаў сімвалічным рэцыпіентам Божай ласкі ад імя ўсіх тых, хто яе страціў.  

6. А кім з’яўляемся мы? Хрыстус праходзіць каля нас. Але ці спяшаемся мы Яго ўбачыць? На кім і на чым мы засяроджваем свой позірк? Толькі на знешнім свеце, забываючыся пра ўнутраны? Ці чуем мы голас Бога, які прагне знайсці месца ў нашых сэрцах, каб іх перамяніць і збавіць нас?

Як шмат сярод нас сучасных Закхеяў — мытнікаў! Ці стараемся мы на самой справе быць падобнымі да евангельскага Закхея? Мы ходзім у касцёл, прымаем удзел у набажэнствах і рэкалекцыях, аднак пры гэтым вельмі часта застаёмся толькі знешнімі назіральнікамі ўсяго таго, што там адбываецца. Тады хрысціянства робіцца для нас нейкім фальклорам, тэатрам, канцэртнай залай. Усё прыгожа і святочна, але не змяняе нашага жыцця. Такая пазіцыя гарантуе нам спакойнае жыццё, мы вяртаемся да сваіх штодзённых спраў такімі, якімі былі перад гэтым.

Гэта азначае, што мы баімся саміх сябе, баімся пакінуць прывычны стыль жыцця, баімся адказнасці. А ў той жа час хрысціянства павінна стаць часткай нашага жыцця і змяняць яго на лепшае.

7. У адной сям’і дзіця павінна было выканаць дамашняе заданне, якое складалася з некалькіх частак. Трэба было скласці з паасобных элементаў часткі малюнка, а потым сабраць іх у адно цэлае. Калі ўсе часткі былі гатовы, дзіця сустрэлася з цяжкасцю скласці іх у адно, каб з гэтага выйшла цэльная кампазіцыя. Яно нервавалася і плакала. Тады бацька сказаў: «Прынясі мне ўсе часткі, і я дапамагу табе скласці іх у адно».

Падобнае сталася і з Закхеем, калі ён дазволіў Езусу ўзяць пад кантроль усе часткі яго жыцця і скласці іх у адно цэлае. Услухаемся і мы ў голас Езуса, злезем з дрэва нашага вельмі часта далёкага ад сапраўднага хрысціянства жыцця і дазволім Езусу ўзяць кантроль над ім, каб разам са Збаўцам сказаць: «Сёння збаўленне прыйшло ў наш дом». Амэн.

 
4 лістапада — успамін св. Караля Барамэя, біскупа

«Езус сказаў: Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. А найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак. Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. І жыццё сваё аддаю за авечак».

 
3 лістапада — успамін св. Марціна дэ Порэса, законніка

«Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе? Езус сказаў яму: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі».

 
2 лістапада — успамін усіх памерлых вернікаў
02.11.2010 11:35

2 лістапада — дзень, прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, на працягу актавы ўспаміну ўсіх памерлых, якая працягваецца з 1 па 8 лістапада, вернікі наведваюць могілкі і моляцца за памерлых.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас парафіяльнай ўрачыстасці св. Юды Тадэвуша ў Лучаі з нагоды 20-годдзя вяртання касцёла вернікам
30.10.2010 21:50
30 кастрычніка 2010 г.

Вярнуць надзею
    
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
 
<< Першая < Папярэдняя 1551 1552 1553 1554 1555 1556 1557 1558 1559 1560 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1560 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.