«Езус сказаў фарысеям: Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў. А нейкі жабрак, па імені Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя».
«Ян сказаў Езусу: Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі. Езус жа сказаў: Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі. І хто напоіць вас кубкам вады ў імя таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды».
«Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народу: Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку. Але той адказаў: Не хачу! А пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады ён падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: Ужо іду, спадару. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі? Кажуць Яму: Першы. Тады Езус кажа ім: Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае».
«Калі ўсе здзіўляліся ўсяму, што рабіў Езус, Ён сказаў сваім вучням: Пакладзіце сабе ў вушы словы гэтыя, бо Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей. Але вучні не зразумелі сказанага, таму што гэта было схавана ад іх, каб яны не спазналі. Запытацца ж у Яго пра сказанае баяліся».
«Калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго. І спытаўся ў іх: Кім лічыць Мяне народ? Яны сказалі ў адказ: Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос. Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? І адказаў Пётр: Месіяй Божым. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, што адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, што Ён будзе забіты і на трэці дзень уваскрэсне».
«Тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што здзяйснялася Езусам і пачаў сумнявацца, бо адны гаварылі, што Ян уваскрос з мёртвых; другія, што з’явіўся Ілля; іншыя ж, што паўстаў нехта з даўніх прарокаў. Але Ірад казаў: Яну я адсек галаву, то хто ж гэта, пра каго я чую такія рэчы? І хацеў убачыць Езуса».
«Езус паклікаў Дванаццаць і даў ім сілу і ўладу над усімі злымі духамі і ўладу лячыць хваробы. Ён паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых. І сказаў ім: Нічога не бярыце з сабою ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні грошай — не майце таксама па дзве вопраткі. Да якога дому ўвойдзеце, у тым і заставайцеся аж да свайго адыходу. Калі ж вас нехта не прыме, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне супраць іх».
«Прыйшлі да Езуса Маці Ягоная і браты Ягоныя. І не маглі наблізіцца да Яго з-за натоўпу. І паведамілі Яму: Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы ўбачыць Цябе. Ён сказаў ім у адказ: Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго».
«Езус сказаў народу: Ніхто, запаліўшы свечку, не хавае яе пад начынне і не ставіць пад ложак, але ставіць яе на падсвечнік, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло. Бо няма нічога схаванага, што б не стала яўным, і нічога таемнага, пра што б не стала вядома і што б не выявілася. Таму зважайце, як слухаеце. Бо, хто мае, таму дадасца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што, як здaецца яму, ён мае».
«Казаў Езус сваім вучням: Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму, калі вы ў нікчэмнай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае? Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам...».