Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на асвячэнне алтара і парафіяльны адпуст у Варончы
23.07.2010 16:46
24 ліпеня 2010 г., касцёл св. Ганны
Ваша варанчанская парафія сёння мае некалькі нагодаў да святкавання. Сярод іх — парафіяльны адпуст ва ўспамін апякункі парафіі — св. Ганны. Адпуст збіраў шматлікіх вернікаў заўсёды. Нават у часы атэістычнага дзяржаўнага пераследу, калі касцёл быў разбураны. Сёння ў касцёле прысутнічае ваш арцыпастыр біскуп Гродзенскі Аляксандр, а таксама найвышэйшы кіраўнік Ордэна Паўлінаў. Айцы гэтага ордэна на працягу многіх гадоў вядуць душпастырства ў вашай парафіі. Сёння будзе асвечана алтарная настава (галоўны алтар), зробленая намаганнямі вашага пробашча і парафіян. Група вернікаў атрымае сакрамэнт канфірмацыі. Паразважаем аб некаторых важных падзеях гэтай урачыстасці.
Адбываецца асвячэнне новага алтара. Са шчырай верай вы ахвяруеце яго Пану. Вы збудавалі новы алтар, як Ной пасля патопу, як Абрагам на гары Морыя, які не адмаўляецца аддаць Богу нават свайго сына Ісаака, як Майсей, які вядзе народ па пустыні, як Саламон, які стварыў храм і ахвярнік. Алтар кажа аб сустрэчы Бога з чалавекам на гэтым месцы. Хто бачыў алтары, пабудаваныя на гары, той можа ўзгадаць аб дабрыні Бога. Пасля будавалі храмы Пану, а ў самым святым месцы ставілі ахвярнік, на якім складалі прынесеныя ахвяры хлеба і ладану. Езус таксама ўдзельнічаў у літургічных святах, наведваў храмы кожны год.
Там быў алтар, прысвечаны Богу Айцу.
Там было месца святое, таму Хрыстус выганяў гандляроў, якія зрабілі гэтае месца месцам гандлю. Алтар паказвае прысутнасць Бога і з’яўляецца Яго сімвалам. Хто хоча зняважыць народ, той апаганьвае храм, руйнуе алтары. Апаганьваючы храмы і алтары, знішчаюць месца сустрэчы з Богам.
Хто знаходзіцца ў стане вайны з самім Богам, той нішчыць алтары. Падобнае адбывалася ў нядаўнім мінулым, часах камуністычных ...
Колькі алтароў было разбурана тут, на Навагрудчыне! Мала таго — не дазволена было будаваць новыя алтары, таму што алтар кажа аб прысутнасці Бога. Слугаў алтара заключалі ў турмы, забівалі альбо высылалі ў Сібір. Недалёка адсюль знаходзіцца месца пакаранняў, канцэнтрацыйны лагер смерці, арганізаваны гітлераўцамі, які забраў таксама жыцці многіх святароў з навакольных парафій — кс. Антонія Мацкевіча з Міра, кс. Яна Язерскага з Гарадзішча, кс. Каўрэцкага з Паланэчкі, кс. Леона Буйно з Мядзведзіч, кс. Баляслава Брычкоўскага з Крывошына, кс. Вацлава Нэймака са Стоўбцаў. На месцах храмаў у пасляваенныя гады будавалі палацы культуры, а на месцы алтара ставілі фігуру Леніна.
Нашы продкі пры алтары вучыліся складаць ахвяру Богу, іншым людзям і Айчыне. Пры алтары вырасталі святыя. У гэтай святыні пры алтары маліліся і Адам Міцкевіч, і філаматы, і філарэты, і Марыля з Верашчак (бабуля св. Рафала Каліноўскага), Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, сёстры мучаніцы з Навагрудка. Пры гэтым алтары выраслі Слуга Божы Бернар Рафаэль Прошовіц, які жыў у XVI ст., і бласлаўлёны святар Юзаф Паўлоўскі, мучанік з Дахаў.
Сёння схіляем галовы перад алтаром, які сімвалізуе Хрыста. Святар, падышоўшы да алтара, цалуе яго, аддаючы такім чынам павагу Хрысту.
Такі алтар у цэнтры вучняў паставіў Езус Хрыстус у чацвер падчас Апошняй Вячэры. З таго часу алтар стаў Эўхарыстычным сталом. У той момант Езус заключыў дагавор з хлебам. Ён сам стаў свайго роду хлебам і віном.
Віктар Зін у сваёй кнізе «Прыгажосць» разважае пра першы запавет чалавека з хлебам. Можа, гэта было так... Першы чалавек блукаў галодны па палях. Дакранаючыся рукамі да сухой травы, знаходзіў зерне. Клаў зярняты ў рот і адчуваў жаданае наталенне. З тых часоў чалавек не можа абысціся без хлеба.
Ёсць яшчэ адзін запавет з хлебам. Гэта было падчас Апошняй Вячэры. Вучні прынеслі хлеб і віно для 12 апосталаў і Езуса. Яны падрыхтавалі пасхальнае ягня, у адпаведнасці з яўрэйскім абрадам святкавання. Апосталы перадалі нам падзею, якая будзе паўтарацца да канца свету. Езус сеў каля стала, узяўшы хлеб, паблагаславіў яго. У гэтым няма нічога новага — Езус часта благаслаўляў хлеб, асабліва перад яго цудоўным памнажэннем. Затым над хлебам прамовіў словы: «...гэта ёсць Цела Маё» (Мф. 26, 26). «Гэта чыніце ў маю памяць» (Лк 22,19). Тады даў хлеб вучням, каб елі.
З тых часоў чалавек, які верыць у Хрыста, не можа абысціся без гэтага хлеба. З тых часоў алтар і хлеб Эўхарыстычны сталі адзіным. Стол Эўхарыстыі стаў цэнтрам кожнага храма Божага. Каля гэтага стала гаспадаром заўсёды з’яўляецца Езус. Ён збірае ўсіх пры стале, як у часы апосталаў, як падчас Апошняй Вячэры. Ён запрашае ўсіх да стала. Каля стала не будзе бракаваць месца.
На стале Ён паклаў хлеб, які з’яўляецца Яго Целам.
На стале ніколі не скончыцца хлеб.
Якой цаной вы можаце прыступіць да стала? Цаной чыстага сэрца. Чыстым сэрца можа стаць з дапамогай Божай міласэрнасці. Бацька чакае сына, які пакінуў Яго. З чыстым сэрцам можна ўвайсці і працягнуць руку па хлеб Езуса. Можам прывесці сваіх родных, і яны таксама могуць працягнуць руку па хлеб Хрыста.
А якая карысць будзе з гэтага хлеба? Калі вы прыйдзеце ў свае дамы, калі сядзеце за адным сталом, вы будзеце сябрамі разам са сваімі бацькамі, дзецьмі, бабулямі і дзядулямі. Пры гэтым, успомніўшы хлеб Езуса, вы не будзеце сварыцца або крыўдзіць адно аднаго.
Пры гэтым стале гавораць на адной мове.
Пры гэтым стале мы разумеем адно аднаго.
Дзіўны стол алтара ...
Да гэтага стала прыходзіць маладыя людзі, каб распачаць сумеснае жыццё. З гэтага стала святар бярэ хлеб і нясе да хворага, як віятык у апошнюю дарогу яго жыцця. Калі жыццё пакідае чалавека, прынясуць яго да алтара — каб развітаўся з алтаром, на якім склаў ахвяру жыцця.
Дарагія мае! Сёння вы ахвяруеце Богу новы алтар, узведзены ў адбудаваным храме. Вы ахвяравалі на гэты алтар свае сродкі і свае малітвы. Ведайце, што алтар Езуса не мае цаны. Гэта крыж, на якім Ён зведаў смерць і выратаваў чалавецтва. Ён хацеў, каб на кожным алтары паўтаралася Вялікая Пятніца.
Ідучы да алтара, бярыце з сабой дзяцей. Пры алтары не згубіцеся ў віры сучаснага жыцця.
Група вернікаў сёння атрымае сакрамэнт канфірмацыі. Гэты сакрамэнт мы называем Сакрамэнтам Агню — таму што Дух Святы сышоў на Марыю і Апосталаў у Вячэрніку у выглядзе полымя. Сёння вернікі атрымаюць дары Духа Святога: Мудрасці, Розуму, Рады, Мужнасці, Умеласці, Пабожнасці і Дар Боязі Божай. Дары патрэбныя для выканання чалавечых заданняў у свеце і ў Касцёле. А сярод гэтых заданняў — паглыбляць веру, працаваць для Хрыста, для Касцёла, не баяцца прыняць цярпенні дзеля Хрыста і Касцёла. Канфірмацыя пакідае на чалавеку асаблівы знак, які будзе спадарожнічаць верніку усюды, як у зямным жыцці, так і ў вечнасці. Сёння гэтыя выбраныя атрымліваюць касцёльны атэстат сталасці, становяцца рыцарамі Хрыста, каб быць асабліва адказнымі за Касцёл. Жадаем ім, каб як рыцары Хрыста яны ўзорна выканалі заданне Касцёла. Святая Ганна, маліся за нас! Амэн.
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў гадавіну біскупскай сакры
23.07.2010 15:44
25 ліпеня 2010 г., Мінск
архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
Стукайце, і вам будзе адчынена
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Гэтыя словы сённяшняга Евангелля не пакідаюць чалавека без надзеі і заахвочваюць пакладаць яе ў Богу. Езус нагадвае пра тое, што калі нехта чагосьці настойліва дабіваецца, то ён таго і дасягне. Без станоўча акрэсленай мэты і імкнення да яе чалавек у жыцці нічога не дасягне. Галоўнай жа мэтай жыцця чалавека з’яўляецца дасягнуць шчаслівай вечнасці, да якой нас вядзе Касцёл. І таму нам трэба настойліва дабівацца гэтага, настойліва імкнуцца да дасягнення гэтай мэты, настойліва стукаць у дзверы Валадарства Божага.
2. Што азначае стукаць у дзверы ў евангельскім сэнсе? Мы не ведаем, як выглядаюць дзверы Божага Валадарства і фізічна не можам стаяць перад імі. Але мы павінны ведаць, што такім стуканнем у дзверы Пана найперш з’яўляецца малітва. У народзе кажуць, што малітва прабівае нябёсы. Бог выслухоўвае малітву чалавека і выслухоўвае цэлыя народы. Каля 20 гадоў таму на Філіпінах была пагроза грамадзянскай вайны, і арцыбіскуп Манілы кардынал Джэймс Сін наказаў ва ўсіх сем’ях маліцца Ружанец у інтэнцыі міру. Такім чынам ён як быццам апаясаў Філіпіны малітвай Ружанца. І Бог уратаваў гэты край ад грамадзянскай вайны.
3. Падчас пераследу веры ў нашай краіне вернікі таксама пакладалі сваю надзею ў малітве. Не было дастаткова касцёлаў, святароў, кансэкраваных асобаў, рэлігійнай літаратуры, мас-медыя і г.д., аднак вернікі трывалі ў малітве. Яны добра памяталі цуд у Кане Галілейскай, калі Езус перамяніў ваду ў віно. Таму яны, давяраючы заступніцтву Марыі, маліліся: «Пане Езу, мы не маем касцёлаў, не маем святароў, не маем законнікаў і законніц, не маем свабоды веравызнання. Учыні цуд, бо мы хочам Бога і хочам заставацца вернымі Яму». І Бог цудоўным чынам выслухаў іх малітвы. Сацыяльна-палітычныя перамены канца 80-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прынеслі якасныя змены ў сферы веравызнання.
4. 21 год таму, 25 ліпеня 1989 г., Слуга Божы Ян Павел II прызначыў першага пасля многіх дзесяцігоддзяў біскупа ў Беларусі. Здзейснілася мара святароў, якія чакалі і не маглі дачакацца, калі нарэшце на Беларусі будзе свая іерархія. Здзейснілася мара і вернікаў, якія, можа, ніколі ў сваім жыцці не бачылі біскупа. Для іх біскуп быў нейкай нерэальнай марай.
Памятаю, калі ў 1988 г. Прымас Польшчы кардынал Юзаф Глемп наведаў Беларусь, то на Савецкай плошчы ў Гродне перад Фарным касцёлам яго некалькі гадзін чакалі каля 30 тысяч чалавек. Адзін мой знаёмы спытаўся ўстарога чалавека, які знаходзіўся побач: ці не цяжка так доўга чакаць? А той адказаў, што апошні раз бачыў біскупа яшчэ перад II Сусветнай вайной, і таму для яго вялікім шчасцем з’яўляецца нават цэлы дзень чакаць. «Для мяне біскуп — гэта знак Касцёла», — сказаў той чалавек.
5. Такім чынам, гэты просты чалавек выказаў вельмі важную праўду, якую яшчэ св. Ігнацы Антыяхійскі выразіў словамі: «Ubi episcopus — ibi Eccsia», што азначае: «Дзе біскуп — там і Касцёл».
Хрыстус заснаваў Касцёл як сакрамэнт паўсюднага збаўлення. У Касцёле Ён устанавіў іерархію, каб ад Яго імя здзяйснялася справа збаўлення чалавека. Апосталы, паслухмяныя наказу Хрыста абвяшчаць Евангелле, пайшлі да розных народаў. Яны абвяшчалі Божае слова і з тых, хто прымаў сакрамэнт хросту, стваралі хрысціянскія супольнасці, засноўвалі мясцовы лакальны Касцёл. Першым такі Касцёл у Антыёхіі заснаваў св. Пётр Апостал. Менавіта ў Антыёхіі паслядоўнікаў Хрыста ўпершыню сталі называць хрысціянамі.
Калі паглядзім на прыклад Апостала народаў св. Паўла, то ўбачым, як многа мясцовых Касцёлаў ён заснаваў.
Вядомы Святым Духам і для выканання місіі Прымата ў Хрыстовым Касцёле, апостал Пётр ідзе да сталіцы Рымскай імперыі. Там ён засноўвае хрысціянскую супольнасць. Да яго далучаецца св. апостал Павел. Яны ўдваіх, як крывавыя падмуркі Касцёла, там, у Рыме, аддаюць сваё жыццё за Хрыста і Касцёл.
Гісторыя заснавання ўсіх мясцовых Касцёлаў ці дыяцэзій звязана з тым ці іншым біскупам. Так было на пачатку хрысціянства. Так ёсць і ў наш час. Калі Святы Айцец засноўвае новую дыяцэзію, то адразу прызначае ў ёй біскупа. Калі, як у выпадку многіх краін былога Савецкага Саюза, у тым ліку і Беларусі, пасля многіх дзесяцігоддзяў пераследу з’явілася магчымасць адраджэння мясцовага Касцёла, то Папа прызначаў біскупа. Нездарма ў Каталіцкім Касцёле дыяцэзія называецца дыяцэзіяй біскупа ардынарыя. Біскуп часта ўжывае выраз «мая дыяцэзія». Такім чынам, мясцовы Касцёл атаясамліваецца з біскупам.
6. 25 ліпеня 1989 г. я ўпершыню пераступіў парог нашай мінскай катэдры. Тады тут была спартыўная зала. Дзяжурная нават не хацела мяне пусціць, даволі сурова сказала: «Сюда нельзя!» Аднак потым дазволіла. Я ўвайшоў у падзелены на тры паверхі касцёл, заглянуў у залу і ўбачыў спартсменаў, якія трэніраваліся. Ціха памаліўся, ведаючы, што гэта мая катэдра, хоць ніхто не ведаў і не мог нават дапусціць у думках, што тут зноў будзе дом малітвы. Я тады маліўся: «Божа, учыні цуд, каб гэты святы будынак стаў духоўнай спартыўнай залай, каб тут вернікі трэніравалі свой дух, каб сустракаліся з Богам». І сапраўды, Божае Нараджэнне 1990 г. мы адзначалі ўжо на трэцім паверсе катэдры. Якая гэта была радасць! Сакральны будынак, які доўгі час прафанаваўся, нанава выконвае свае функцыі! Хоць шлях да канчатковага вяртання катэдры быў яшчэ далёкі, аднак пачатак быў зроблены.
Бог шчодра благаславіў час майго паўтарагадовага біскупскага служэння ў Беларусі ў 1989-1991 гг. Тады ўдалося вярнуць каля 100 раней канфіскаваных касцёлаў, заснаваць духоўную семінарыю ў Гродне, выдаць на беларускай мове 50 тысяч асобнікаў парадку святой Імшы і 95 тысяч Катэхізісаў. Быў вялікі недахоп святароў, і яны прыехалі з дапамогай з-за мяжы.
7. Пасля 16 з паловай гадоў служэння ў Расіі, дзе трэба было падымаць Касцёл з сапраўдных руінаў, я ізноў з радасцю вярнуўся на сваю Радзіму, каб працягнуць справу адраджэння Касцёла. Я удзячны ўсім, хто адбудоўваў і працягвае адбудоўваць Касцёл на нашай зямлі, найперш Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку, за здароўе якога мы молімся, бо ён знаходзіцца ў бальніцы.
Сёння, дзякуючы Богу за апеку і ласкі, якімі Ён адорвае мяне і наш Касцёл, разам з вамі, дарагія святары і кансэкраваныя асобы, члены касцёльных рухаў і вернікі, якім усім я бязмежна ўдзячны, імкнуся далей адраджаць і умацоўваць Касцёл у нашай бацькаўшчыне, найперш сваю Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію.
Прашу вас маліцца за мяне, каб мог годна і з моцай Божай выконваць свае абавязкі. Прашу таксама асабліва маліцца аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Без святароў біскуп не зможа рэалізаваць сваёй місіі. Біскуп разам са святарамі, кансэкраванымі асобамі і верным народам засноўвае мясцовы Касцёл. Таму, каб гэты Касцёл паспяхова развіваўся, мы ўсе павінны быць адзіным цэлым, найперш у малітве.
Няхай жа наша супольная малітва будзе нашым супольным стукам у дзверы Валадаства Божага. Няхай яна нас яднае і праб’е нябёсы ў вырашэнні праблем, якія сёння стаяць перад намі. Сярод гэтых праблем асаблівае месца займае тэндэнцыя ўвядзення прынцыпаў свецкага лібералізму ў рэлігійную практыку. Аднак трэба памятаць, што Езус сказаў: будзьце гарачымі або халоднымі. Сучасны свет патрабуе евангельскага радыкалізму, бо ніхто і нішто не можа змяніць Божага закону, які дадзены на хвалу Творцы нашага збаўлення. Божа, у 21-ю гадавіну сваёй біскупскай намінацыі, давяраючы сваё біскупскае служэнне Марыі, малю Цябе: адары мяне сваімі ласкамі і благаславі мяне, святароў, кансэкраваных асобаў, рухі і ўсіх вернікаў нашай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на далейшае служэнне на хвалу Богу і для збаўлення людзей! Амэн.
Гамілія дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янкі з нагоды малітвы ў 67-ю гадавіну з дня смерці мучанікаў бл. а. Ахілеса Пухалы і а. Германа Стэнпеня, расстраляных нацыстамі ў Налібоцкай Пушчы летам 1943 г.
19.07.2010 15:07
18 ліпеня 2010 г., Баравікоўшчына
Гадавіна смерці расстраляных у Баравікоўшчыне святароў пар. Пяршаі а. Ахілеса Пухалы і а. Германа Стэнпеня пераносіць нас у часы Другой сусветнай вайны, у часы нянавісці і пагарды чалавекам. У імя ілжывай ідэалогіі Гітлера і ўзвышэння адной нацыі над іншай чыніліся страшныя злачынствы.
Варта адзначыць, што ў гэты самы час іншыя асобы паказвалі вялікі дух гераізму, вялікай любові да Бога, Айчыны і да іншага чалавека. Як жа часта вера ў Бога, надзея на Хрыста былі крыніцай натхнення для вялікіх спраў міласэрнасці і пакутніцкай смерці. Сёння ў цэлым свеце ведаюць св. Максіміліяна Кольбэ, які за іншага чалавека ў Асвенціме аддаў сваё жыццё.
Чаму так жорстка пазбавілі жыцця гэтых святароў, як і многіх людзей з розных хутароў, пасёлкаў і вёсак вакол або ў самой Налібоцкай Пушчы ў тыя страшныя часы Другой сусветнай вайны? Таму, што людзі, якія іх забілі, не жылі паводле Закону Божага, дзесяці запаведзяў, перададзеных Богам праз пасрэдніцтва Майсея для людзей, сярод якіх запаведзь «Не забівай».
Сярод забітых былі і нашы продкі, якія жылі тут на працягу стагоддзяў. Былі і тыя, якія схаваліся ў Налібоцкай Пушчы падчас вайны, удзельнікі ваенных дзеянняў — прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, розных веравызнанняў. Усе падзялілі той самы лёс. Чаму? Яны любілі жыццё, а многія з іх і гэтую зямлю. Гэта былі людзі міру. Многія з іх нават у час ваенных дзеянняў не хацелі пакінуць родныя мясціны — зямлю сваіх бацькоў, дзядоў, зямлю сваіх продкаў, дзе яны нарадзіліся і хацелі перадаць жыццё будучым пакаленням. Таму яны былі пазбаўленыя жыцця.
Сёння мы аддаём даніну памяці таксама святарам суседніх парафій, якія былі забітыя карнікамі ў той час: кс. Паўлу Должыку з маёй роднай парафіі Дзераўная, кс. Юзафу Байка, кс. Юзафу Барадыну з Налібак, кс. Леапольду Аўліху і кс. Казімежу Рыбалтоўскаму з Каменя, святарам са Стоўбцаў, Хатава. За што іх расстралялі, чаму катавалі? Яны пакутавалі і паміралі, таму што былі святарамі, спрабавалі несці для іншых сакрамэнтальную паслугу і перадаваць словы Евангелля Хрыста, у гэтай прорве нянавісці несці прабачэнне, любоў і надзею, клапаціліся аб дзецях, інвалідах, хворых, састарэлых асобах. Сведчанне дабрыні патрабуючым было соллю ў воку тых, хто распаўсюджваў цывілізацыю смерці.
З часу апошняй сусветнай вайны ў польскай мове з’явіліся такія выразы, як: поўнае знішчэнне нацыі, вобыск, масавыя забойствы, канцлагер, лагер, ссылка, дэпартацыя, вымушанае перасяленне на вызначаную тэрыторыю пасля адбытага тэрміна пакарання, пагромы. Гэтыя выразы выкарыстоўваліся для таго, каб акрэсліць з часоў вайны пакутніцтва нявінных людзей, цэлых народаў.
Сёння мы ўшаноўваем памяць аб забітых у Баравікоўшчыне. Складаем ім належнае ўшанаванне і ўзносім малітвы, што паходзяць з веры ў Бога. Памяць аб гэтых людзях заахвочвае да ўзмоцненай малітвы аб міры, да якога так настойліва заклікае нас Касцёл і Святы Айцец Бэнэдыкт XVI.
Дні Другой сусветнай вайны, сітуацыя на нашай зямлі ў гэты час былі страшнымі. Жыхары прылеглых да Налібоцкай Пушчы мясцовасцей не пагадзіліся з акупацыяй і тэрорам. Многія пайшлі ў партызаны, каб змагацца за свабоду, каб выратаваць сябе і тых, хто жыў тут.
Словы Святога Пісання са Старога і Новага Запавету заклікаюць любіць бліжняга. Фрагмент з Кнігі Лявіт заканчваецца словамі: «Ты не будзеш помсціць, не будзеш несці ніякай злосці на сыноў свайго народа, але будзеш любіць бліжняга свайго як самога сябе». – «Будзеш любіць бліжняга, як самога сябе!»
У Евангеллі ў заключай частцы апошняга суда Хрыстус кажа збаўленым: «Усё, што вы зрабілі аднаму з меншых братоў маіх, — Мне зрабілі». А асуджаным скажа, што яны гэтага не зрабілі.
У абодвух выпадках мы маем справу з заахвочваннем да нясення дапамогі патрабуючым, але з рознымі матывацыямі. У Старым Запавеце гэта святасць Бога, які карае, але заканчваецца гэтая любоў на чалавеку — «як самога сябе».
Езус заклікае любіць бліжняга і ставіць гэтую любоў на ўзроўні Божай; любоў тут становіцца адным з ключавых элементаў, які належыць Хрысту. Другі чалавек — гэта другі Хрыстус. Больш за тое, кожны патрабуючы для мяне параўноўваецца з Хрыстом, і нават той, хто, здаецца, не мае ніякай вартасці і значэння, можа нават быць выгнаннікам у сваім грамадстве. Вось з такім чалавекам і атаясамліваецца Збаўца, і на ім Ён правярае нашу любоў да сябе.
Вялікі святы Касцёла Геранім запісаў, што аднойчы бачыў сон, у якім перажыў свой Апошні Суд перад Хрыстом. Ён даведаўся ў гэтым сне, што хаця і ахрышчаны, аднак не хрысціянін і не будзе збаўлены, хоць і прызнае Хрыста. Збаўленне не дасць пазіцыя ў грамадстве, навуковая ступень альбо іншая заслуга — але перш за ўсё любоў. Святы Геранім даведаўся тады, што больш, чым Езуса і чалавека, які мае патрэбу ў дапамозе, палюбіў творы язычніцкага пісьменніка Цыцэрона. Даведаўся, аб чым вучыць Евангелле.
Хай жа падзеі, якія мы сёння ўспамінаем, дапамогуць нам цвёрда трымацца вучэння Хрыста. Ваша пешая пілігрымка з Пяршаяў і Івянца ў гэты спякотны ліпеньскі дзень сведчыць аб удзячнасці да гэтых пакутнікаў, старэйшага пакалення святароў, душпастыраў вашых бацькоў і дзядоў. Вы выказалі ім сваю падзяку і ўшанавалі іх мучаніцкую смерць, прыходзячы ў гадавіну іх гібелі да месца, дзе пралілася нявінная кроў, дзе адбылася іх Галгофа, таму што да апошняй хвіліны яны не пакінулі вернікаў, хацелі спадарожнічаць ім у месцы зняволення. Быць разам падчас іх прыніжэння, спадарожнічаць у месцах утрымання пад вартай, у канцэнтрацыйным лагеры, у ссылцы, на прымусовых працах у Германіі. Яны хацелі быць пры найбольш патрабуючых — дзецях, хворых, жанчынах, састарэлых людзях. Былі сапраўднымі Самарыцянамі нават падчас вайны, калі ў экстрэмальных сітуацыях чалавек нярэдка паказваў, наадварот, свае дрэнныя рысы.
Сярод тых, хто загінуў, пацярпелых у выніку Другой сусветнай вайны, некаторых мучанікаў Касцёл узнёс да хвалы алтара. Сярод іх францішканцы вашай парафіі з Пяршаяў — бл. а. Ахілес Пухала і бл. а. Герман Стэмпень. Яны не пакінулі сваіх вернікаў да самага канца, як і сёстры мучаніцы з недалёкага адсюль Навагрудка, бл. с. Стэла Мардасевіч і яе дзесяць спадарожніц, якія аддалі жыццё за бліжніх. Яны благаслаўлёныя, таму што ўмелі велікадушна ахвяраваць сваё жыццё — тое, што вельмі дарагое чалавеку, — каб дапамагчы іншым, якія таксама маюць патрэбу. Крочылі за Езусам Хрыстом, які за нас аддаў сваё жыццё, паміраючы за нас на Галгофе ў Вялікую Пятніцу.
Здараецца, асабліва ў апошнія часы, што ў грамадстве распаўсюджваецца расчараванне і апатыя — нават сярод хрысціян, калі сур’ёзна падрываюцца маральныя каштоўнасці, годнасць чалавечага жыцця. Таму Касцёл указвае нам на прыклад мучанікаў як на новыя, канкрэтныя прыклады вернасці Закону Божаму ў сітуацыях значна цяжэйшых, чым сучасныя. Благаслаўлёныя даюць нам прыклад таго, што з дапамогай Божай Ласкі кожны, хто верыць у Хрыста, зможа пераадолець цяжкасці, захаваць веру і быць прыкладам для іншых у руплівым выкананні Божага Права. Благаслаўлёныя Ахілес і Герман, маліцеся за нас! Амэн.