Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста
|
17.07.2008 14:28 |
Божае Цела – распаўсюджаная назва ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, таму што ў чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі (Вялікі чацвер). У цэлебрацыі ўрачыстасці Божага Цела Касцёл складае падзяку Збаўцы за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае са сваім народам. У гэты дзень або ў наступную пасля яго нядзелю адбываецца працэсія, у якой Найсвяцейшы Сакрамэнт з пашанаю нясуць па вуліцах гарадоў і вёсак. |
17.07.2008 14:26 |
«Праўду кажу вам: лепш для вас, каб Я пайшоў, бо калі Я не пайду, Суцяшыцель не прыйдзе да вас, калі ж пайду, пашлю Яго да вас» (Ян 16,7) Гэтым абяцаннем Езус Хрыстус загадзя падрыхтоўваў сваіх вучняў да прыняцця Святога Духа, Духа Суцяшальніка, Духа, які адзіны здольны на працягу ўсёй будучай гісторыі даваць тым, хто прыняў Добрую Навіну, суцяшэнне. «Ён, прыйшоўшы, выкрые свет у грэху і ў праўдзе, і ў судзе» (Ян 16,8). Дык які свет абвінаваціць, прыйшоўшы, Святы Дух? Наш, што патанае ў граху. Гэта менавіта наш свет пазнае тады свой грэх, праўду і суд з пазіцыі вечнасці. Каб прасачыць гэтую дынаміку дзейнасці Святога Духа ў сучасных паслядоўніках Божых вартасцяў і жыцця – хрысціянах, напэўна, трэба сягнуць да вытокаў Касцёла, першахрысціянскай супольнасці, да падзей, удзельнікамі якіх былі першыя вучні Пана Езуса. Прыгадаем, што адбывалася з апосталамі пасля Унебаўшэсця Хрыста. У Дзеях Святых Апосталаў (1,12-14) сказана, што пасля таго як Пан Езус узышоў у неба, апосталы «вярнуліся ў Ерузалем з гары, называнай Аліўнай», і «падняліся ў святліцу», дзе і знаходзіліся, чакаючы, калі выканаецца абяцанне Хрыста. Але як яны там прабывалі? Будзем памятаць, што ў дзень Унебаўшэсця яны ўжо атрымалі ласку ад Пана супольна чакаць спаслання Святога Духа. Вось гэтае іхняе малітоўнае духоўнае адзінства і гэтае агульнае прабыванне сталі залогам таго, што адбылося ў Пяцідзесятніцу. «І калі падыходзіў да канца дзень Пяцідзесятніцы, былі яны ўсе разам». Гэта значыць, што яны трывалі разам на малітве ўсе дзесяць дзён пасля Унебаўшэсця свайго Пана. Што такое «дзень Пяцідзесятніцы»? Гэта было вялікае юдэйскае свята, свята не толькі Жніва, але яшчэ і Аднаўлення Запавета з Богам, які быў парушаны Ізраэлем і адноўлены пры цары Асе, як пра гэта сказана ў Старым Запавеце (гл.2Кр 15,10-13). Гэтае свята заўсёды адбывалася на 50-ы дзень пасля Пасхі. І не дзіўна, што менавіта ў гэтае свята адбываецца першае жніво Духа праз Яго Спасланне, калі робіцца бачным першы і галоўны плён Яго служэння на Зямлі. І ў гэты дзень Аднаўлення Запавету прыходзіць у дзеянне і здзяйсняецца ў гісторыі чалавецтва Новы Запавет, які быў заключаны Хрыстом на Крыжы і ў Змёртвыхпаўстанні. Тады ён быў заключаны, а цяпер, у Пяцідзесятніцу 30-га года н.э., ён пачаў дзейнічаць Дарам Святога Духа ў людзях. Ужо не ў адным Хрысце, але ва ўсёй Яго супольнасці, члены якой ад Унебаўшэсця былі разам і ўжо часткова складалі пэўнае духоўнае адзінства, хоць гэтая супольнасць і чакала яшчэ абяцанага спаслання ёй Святога Духа, Суцяшальніка. «І раптам зрабіўся шум з неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі» (Дз 2,2). «Раптам». Значыць, людзі хоць і чакалі, хоць, магчыма, і рыхтаваліся, але ўсё ж заставаліся не гатовыя да таго, што адбылося. Для іх Божая дзея была вышэй за іхнюю падрыхтоўку, вышэй за ўсе чалавечыя чаканні, бо адзін толькі Бог ведае час і тэрмін свайго дзеяння і яго выканання. «Шум». Гэта заўсёды вобраз дзеяння нейкай сілы, чагосьці такога, што перапыняе звычайную плынь жыцця. Гэты шум – першы знак грознага і моцнага «ветру» з Неба, ад Пасаду Усявышняга, які з’явіўся апосталам. Гэта – яўны знак дзівоснай сілы Духа. «Вецер». На старажытнагабрэйскай мове «руах» азначае тое ж, што і слова «дух». Прыгадаем тут «малую Пяцідзесятніцу», калі Пан Езус дзьмухнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога». Так Пяцідзесятніца стала нібы мабілізацыяй да чакання прыняцця нязнанага і неўсвядомленага. Шум «напоўніў увесь дом, дзе яны былі». Гэта вельмі цікава: Дух, Вецер, які прыйшоў з шумам, напоўніў увесь дом. Ён, бязмежны, абмяжоўваецца!.. Здавалася б, калі ўсюдыісны і па сваім дзеянні бязмежны Бог пасылае свайго таксама бязмежнага Духа, то гэты Дух павінен запоўніць не толькі дом, не толькі Ерузалем, не толькі Юдэю і г.д., а ўвогуле – увесь свет. Адбываецца ж штосьці іншае – дзеянне Божага Духа лакалізуецца. Чаму? Таму, што хоць Божы Дух і бязмежны, але ж мы застаемся абмежаванымі. Божы Дух у адрозненне ад фізічнага ветру і нашых абстрактных уяўленняў пра Бога ўваходзіць у чалавечае сэрца, якое ў пэўнай ступені ўжо адкрыта для Бога, ужо гатова прыняць гэты Дух. Менавіта такія людзі, ужо адкрытыя для Бога і гатовыя прыняць Яго Дух, знаходзіліся тады ў святліцы, адзінадушныя ў сваім чаканні. Пасля таго як шум Ветру, Духа напоўніў увесь дом, над апосталамі «з’явіліся языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусціліся па адным на кожнага з іх» (Дз 2,3). Пра тое, што Бог – гэта Агонь, які здольны адных спапяліць, а іншых, адкрытых для Яго, сагрэць і нібы пераплавіць, высвеціць ды перамяніць знутры, мы ведаем яшчэ са Старога Запавету. Аднак на Пяцідзесятніцу апосталам і іх блізкім адкрылася штосьці большае: ад Бога з’явіліся не проста нейкія вогненныя языкі, але яны яшчэ і «апусціліся па адным на кожнага».Чаму? Таму што гэта – аб’яўленне поўні Духа, а Бог кожнаму асабіста пасылае Свой дар Святога Духа. Божы Дух ніколі не бывае бясплодным, усялякае Яго ўздзеянне прыносіць плён. Апосталы, як і ўсе члены гэтай супольнасці, аказаліся настолькі духоўна адзінымі, узаемнапранікнёнымі, што яны «напоўніліся ўсе (адным) Святым Духам і (усе разам, цяпер ужо якасна новыя, як поўныя члены толькі што народжанага новазапаветнага Касцёла) пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць» (Дз 2,4). Апосталы гаварылі на вялікай мове Духа, поўнага адзінства з Богам і бліжнімі. Магчыма, гэтаю моваю стала мова чалавечага сэрца, мова дабрыні, адкрытасці і любові... Гэта здзейсніў дар Святога Духа, дар Пяцідзесятніцы. Цяпер нам павінна быць зразумела, што ён бывае магчымы толькі тады, калі чалавек пераадольвае сваю карэнную адчужанасць ад Бога і бліжніх – гэты галоўны яд грахоўнага падзення, і заключае ў сваім сэрцы з дапамогай Хрыста новы саюз з Богам. Можна лічыць, што першае казанне Новага Запавету, па-сапраўднаму керыгматычнае (абвяшчэнне праўды аб збаўленні чалавецтва Езусам Хрыстом), прамовіў ад імя ўсёй першахрысціянскай супольнасці самы гарачы з вучняў – апостал Пётр. Яно, вядома ж, не выпадковае, у ім сказана самае патаемнае з таго, што «абвяшчаецца на дахах», адкрыта і для ўсіх. Апосталы ўжо больш не баяліся, яны ўжо не маглі больш таіцца ад людзей ды маўчаць. Яны выйшлі і па-прароцку звярнуліся да «горада і свету» (urbi et orbi). Заўважым, што ці не самы першы вынік Спаслання Святога Духа – адсутнасць боязі ў тых самых вучняў Хрыста, якія дагэтуль збіраліся толькі патаемна «ад страху перад юдэямі» (Ян 20,19). Пра гэты ж дар Святога Духа напісаў потым і святы Павел. Якія страхі зазвычай перашкаджаюць чалавеку свабодна жыць сёння? Страх смерці, болі, пакутаў, страх зрабіць памылку, згубіць штосьці альбо кагосьці, страх перад невядомым... Гэтыя і іншыя страхі пераплятаюцца, утвараючы свайго роду сетку, якая паралізуе нашыя рухі. Што ж супрацьпастаўляе ім Святы Дух? Па-першае, Ён дае моц, не чалавечую, што толькі падмацоўвае нашую пыху і на якую заўсёды знойдзецца мацнейшая сіла, але дае нам моц Божую, якая здзяйсняецца ў нашай слабасці. А калі Бог за нас, то хто ж супраць нас? (Пар.Рым 8,31) Па-другое, Дух прыносіць з сабою любоў: да Бога, якая дазваляла хрысціянам усіх часоў бясстрашна прымаць пакуты і смерць, бо ў іх чалавек яднаецца з пераможцам смерці Хрыстом; да бліжняга, у якой няма страху страціць блізкіх нам людзей, бо яны належаць не нам, але ідуць сваім шляхам, а страта не можа быць вечнай таму, што вечная толькі любоў. І нарэшце, дар нявіннасці, цнотаў, які супрацьстаіць нашай боязі саміх сябе, боязі ўласных памылак. Вось і спазналі мы сакрэт перамены Пяцідзесятніцай, вызвалення для сапраўднай хрысціянскай свабоды, якая заклікае нас жыць адкрыта і бясстрашна. Гэтую свабоду дае нам Святы Дух, які нясе з сабою сілу, любоў і цноты. Пяцідзесятніца – гэта таямніца Хросту Духам Святым, тая самая, што была раней абвешчана Янам Хрысціцелем. Пяцідзесятніца з’яўляецца актуалізацыяй таго, што закладзена ў кожным чалавеку, асабліва праз дзейнасць Хрыста, Яго Крыж і Змёртвыхпаўстанне. Хрыстус ідзе да Айца, а Святы Дух сыходзіць на свет і застаецца з намі. Касцёл – гэта супольнасць на чале з Хрыстом. У Касцёле, як казаў святы Ерыней Ліёнскі ў канцы ІІ стагоддзя, ёсць «поўня ласкаў і дароў». А дзе ёсць дары Святога Духа, там ёсць і Яго плён. У Касцёле магчыма рэальная ўзаемадапамога ў рэалізацыі дароў. Яна будуецца на аснове духоўнага ўзаемаразумення і бескарыслівага жадання служыць іншым, выкарыстоўваючы атрыманы ад Бога дар. Таму кожны член Касцёла патрэбны іншым. Калі ж мы абыякавыя да свайго бліжняга (незалежна ад таго, добры ён хрысціянін альбо дрэнны), то мы самі яшчэ не добрыя хрысціяне. Бо сапраўдныя хрысціяне павінны тонка адчуваць пастаянную, неэгаістычную патрэбу ў іншым чалавеку. Усім нам цяпер вельмі патрэбна паглыбленае адчуванне Касцёла. Нельга верыць у Бога толькі для сябе, толькі «ў душы». Калі ж чалавек кажа, што ён верыць, але з Касцёлам не хоча мець ніякіх дачыненняў, то такая вера вельмі нават сумніўная. Бо калі чалавек не мае той любові да бліжняга, што вядзе яго ў Касцёл, то ці ёсць тады і любоў да Бога? Будзем жа памятаць, што жывая вера і жывая любоў паходзяць ад Хрыста, і ім патрэбна полымя Святога Духа. Кс. Сяргей Сурыновіч Ave Maria №5-6(108-109) 2004 |
Нядзеля Змёртвыхпаўстання (Уваскрасення) Пана.
|
17.07.2008 14:25 |
Вялікдзень – найбольш распаўсюджаная ў нашым народзе назва асноўнага і найстаражытнейшага хрысціянскага свята Змёртвыхпаўстання (Уваскрасення) Пана, якое адзначалася ўжо першымі хрысціянамі. Свята з’яўляецца рухомым (яно не прыпадае на нейкую пэўную дату) і ў лацінскім Касцёле адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай веснавой поўні (пасля дня раўнадзенства). Калі ж на гэты самы дзень прыпадае і юдэйскае свята Пасхі, то святкаванне Вялікадня пераносіцца на наступную нядзелю. Ад таго, на які дзень прыпадае Вялікдзень, залежыць, калі ў гэтым годзе будуць адзначацца іншыя рухомыя святы: Унебаўшэсце, Спасланне Духа Святога, свята Божага Цела і ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Першая ўрачыстая святая Імша ў нядзелю традыцыйна распачынаецца працэсіяй, у якой нясуць Найсвяцейшы Сакрамэнт і фігуру ўваскрослага Хрыста. Гэта так званая рэзурэкцыя (ад лац. уваскрасенне). На Вялікдзень існуе звычай благаслаўлення традыцыйных велікодных страваў: хлеба (печыва), мяса, вяндліны, солі, а таксама фарбаваных яек (пісанак), якія з’яўляюцца неад’емным атрыбутам святочнага стала. |
17.07.2008 14:22 |
На працягу трох дзён, якія называюцца «Святым Пасхальным Трыдуумам», Касцёл урачыста адзначае найбольшую таямніцу нашага адкуплення, у асаблівых цэлебрацыях успамінаючы ўкрыжавнне, пахаванне і ўваскрасенне свайго Пана Езуса Хрыста.
«Пасхальны Трыдуум Мукі і Уваскрасення Пана пачынаецца з вечаровай Імшы
Вячэры Пана, мае свой цэнтр ў Пасхальнай вігіліі і завяршаецца
Нешпарамі нядзелі Уваскрасення». (Гл. Рымскі Імшал. Агульныя нормы
літургічнага года і календара, № 19)
Вялікі чацвер Святы Пасхальны Трыдуум пачынаецца ў Вялікі чацвер увечары Імшою Вячэры Пана. Сама назва паказвае, што ў гэтай літургічнай цэлебрацыі ўспамінаецца ўстанаўленне Сакрамэнту Эўхарыстыі і наказ Хрыста аб братняй любові, дадзены на Апошняй Вячэры. На гэтай Імшы гучыць гімн Хвала на вышынях Богу, якога не было на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас спеву гімна б’юць званы, якія пасля яго заканчэння змаўкаюць, пакуль Хвала на вышынях Богу не загучыць ізноў падчас Пасхальнай вігіліі. У некаторых касцёлах падчас Імшы Вячэры Пана адбываецца абрад абмывання ног на ўспамін таго, што Езус перад апошняй Вячэрай абмыў ногі сваім вучням. Пасля Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў спецыяльна падрыхтаванае месца, якое сімвалізуе цямніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту ў Гэтсыманіі. З алтара здымаецца абрус, а табэрнакулюм застаецца пустым і прыадчыненым. Вялікая пятніца Мукі Пана У гэты дзень, а таксама ў наступны, згодна са старадаўняй традыцыяй, Касцёл не ўдзяляе ніякіх сакрамэнтаў, акрамя пакаяння (споведзь) і намашчэння хворых. У другой палове дня цэлебруецца літургія Мукі Пана, цэнтральнай часткай якой з’яўляецца адарацыя святога Крыжа. Пасля святой Камуніі, якая адбываецца пасля адарацыі, Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу. Вялікая субота У Вялікую суботу Касцёл прабывае каля гробу Пана, разважаючы пра Ягоную муку і смерць, а таксама пра Яго сыходжанне ў адхлань і ў малітве і посце чакаючы Яго ўваскрасення. Пасхальная Вігілія У ноч з суботы на нядзелю паводле найстаражытнейшай традыцыі адбываецца чуванне (лац. вігілія) на ўшанаванне Пана. Вігілія гэтай ночы, якая з’яўляецца найважнейшай і найбольш значнай з усіх урачыстасцяў, уключае шмат прыгожых старадаўніх абрадаў. Пачынаецца яна з Літургіі святла, падчас якой адбываецца благаслаўленне агню і пасхала — вялікай свечкі, што з’яўляецца сімвалам Хрыста і важным элементам літургіі. Затым спяваецца старадаўні грыгарыянскі спеў Exsultet, у якім абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрасенне Пана, пасля чаго ў Літургіі Слова, значна больш працяглай, чым звычайна, Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва. Трэцяя частка Вігіліі — гэта Літургія Хросту, падчас якой асвячаецца вада і адбываецца хрост тых, хто рыхтаваўся прыняць гэты сакрамэнт, а ўсе астатнія вернікі аднаўляюць свае хросныя абяцанні. Нарэшце, адбываецца Эўхарыстычная Літургія, у якой адбываецца ўспамін смерці і ўваскрасення Пана праз складанне ў постацях хлеба і віна ахвяры Яго Цела і Крыві. |
17.07.2008 14:21 |
Касцёл, падрыхтаваны саракадзённым велікапосным пакаяннем, у Пальмовую нядзелю пачынае перажываць цэнтральную таямніцу хрысціянскай веры — пасхальную таямніцу смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. У гэты дзень на ўспамін уваходу Хрыста ў Ерузалем для здзяйснення пасхальнай таямніцы адбываецца працэсія або ўрачысты ўваход перад святой Імшою, а таксама асвячаюцца галінкі пальмаў і іншых дрэваў. Гэта могуць быць таксама галінкі аліўкавых дрэваў або, як здаўна прынята ў нас, вярбы (адсюль выводзіцца папулярная назва свята — Вербная нядзеля). Гэтая традыцыя грунтуецца на евангельскім апісанні месіянскага ўваходу Хрыста: «У той час мноства людзей, якія прыйшлі на свята, калі пачулі, што Езус ідзе ў Ерузалем, узялі пальмовая галінкі і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана, Валадар Ізраэля!» (пар. Ян 12, 12-13). Пальмовая нядзеля прысвечана асабліваму разважанню пра муку Пана і непасрэдна рыхтуе нас да перажывання яе ў літургічных абрадах Вялікага тыдня. Евангельскае апісанне мукі Езуса Хрыста і Яго смерці на крыжы чытаецца ў гэты дзень на кожнай святой Імшы. |
Урачыстасць Звеставання Пана
|
17.07.2008 14:10 |
25 сакавіка Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Звеставання Пана. Таямніцу Уцелаўлення Божага Сына Касцёл святкуе як асобную ўрачыстасць за дзевяць месяцаў да Божага Нараджэння. Гэта, канешне ж, умоўная дата, таксама як і дата Божага Нараджэння. Ва Усходніх Цэрквах Дабравешчанне адзначалі ўжо ў V стагоддзі. На Захадзе дзень Уцелаўлення Божага Сына пачалі святкаваць падчас пантыфікату папы Грыгорыя Вялікага ў VІІ стагоддзі. У падзеі, звязанай з прыходам Хрыста на зямлю, Касцёл бачыць здзяйсненне надзеі Ізраэля. Марыя — гэта ўвасабленне Ерузалема і спадкаемца дадзеных яму абяцанняў, якія спаўняюцца, калі Яна, напоўненая верай, прамаўляе у момант Звеставання словы: «Вось я слуга Пана, няхай мне станецца паводле Яго слова». Дзякуючы Марыі Бог становіцца «Богам з намі» — прадказаным прарокамі Эмануэлем. Хіба што ніводзін эпізод са Святога Пісання не набыў такой папулярнасці ў мастацтве, як сцэна Звеставання. Шматлікія творцы спрабавалі розным чынам выявіць тое, што святы Лука перадае на пачатку свайго Евангелля: Божы Пасланец Арханёл Габрыэль прыносіць Марыі нечаканую і радасную вестку і атрымлівае Яе згоду на незвычайную місію. Марыя павінна нарадзіць Сына, якому дасць імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў. Евангельскі аповед пра Звеставанне прадстаўляе нам момант спаткання Божай волі са свабодай чалавека. У ім паказаны свабодны адказ Марыі на Божае запрашэнне. Чалавек заўсёды патрэбны Богу як свабодная асоба, а не як нявольнік. Каталікі просяць у гэты дзень падчас святочных набажэнстваў, каб «вызнаючы, што Сын Марыі Панны — гэта сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек, моцай Яго Уваскрасення маглі дайсці да вечнай радасці», а прамаўляючы Сімвал веры, кленчаць на словы «І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі», каб такім чынам ушанаваць гэтую вялікую Таямніцу. У апошні час у Касцёле ўзнікла традыцыя здзяйсняць ва ўрачыстасць Звеставання Пана акт духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці. Гэты акт заключаецца ў тым, што алавек дае абяцанне на працягу дзевяці месяцаў маліцца за адно зачатае дзіця, каб яно змагло з’явіцца на свет, а не стала ахвяраю аборту. Глядзі таксама Літанія на Звеставанне Пана |
17.07.2008 14:08 |
Вялікі пост — саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў. Ён традыцыйна пачынаецца ў Папяльцовую сераду, якая называецца так ад абраду пасыпання галоваў попелам. У гэты дзень у касцёлах адбываецца благаслаўленне попелу са спаленых галінак вербаў, асвечаных у леташнюю Пальмовую нядзелю. Гэтым попелам святар пасыпае галовы вернікаў са словамі: «Кайцеся і верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся». Гэтае літургічнае дзеянне выяўляе нашу гатоўнасць да пакаяння, да велікапосных аскетычных практыкаванняў, а таксама падкрэслівае праўду пра смяротнасць і прамінальнасць часовых дабротаў. На ўзор саракагадовага вандравання, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касцёл на працягу сарака дзён рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Перыяд Вялікага посту звязаны з пакаяннем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысвечаны разважанню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы — Крыжовы шлях, Песні жальбы). У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алкаголю. Знешнімі праявамі Вялікага посту з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення, адсутнасць у святой Імшы спеву «Аллелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу...», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай нядзелі Вялікага посту — захінутыя фіялетавай тканінай крыжы. Вялікі пост — гэта таксама перыяд падрыхтоўкі катэхуменаў да прыняцця сакрамэнту хросту, які традыцыйна ўдзяляецца ў Пасхальную вігілію. У адпаведнасці з касцёльнымі наказамі кожны каталік абавязаны прынамсі раз на год кожны католік абавязаны паспавядацца і ў Велікодны перыяд прыняць святую Камунію. У Папяльцовую сераду і ў Вялікую пятніцу Мукі Пана прадпісаны абавязковы строгі пост — на працягу дня можна толькі адзін раз паесці дасыта, устрымліваючыся ад мясных страваў. Абмежаванне ў ежы і піцці з’яўляецца аскетычным практыкаваннем і праяваю пакаяння, а таксама наследаваннем Хрыста, які сам часта пасціўся і падкрэсліваў важнасць посту (пар. Мц 17, 21 і Мц 6, 16-19). У Касцёле адрозніваюцца строгі пост і ўстрыманне (абстыненцыя). Па пятніцах Касцёл наказвае ўстрымлівацца ад мясных страваў. Пост — гэта адзін з найважнейшых хрысціянскіх учынкаў разам з малітваю і міласцінай. Такім чынам, пакаянне ўключае акрамя посту таксама малітву і добрыя ўчынкі. У перыяд Вялікага посту ў парафіях праводзяцца духоўныя практыкаванні — рэкалекцыі — у якіх можа ўдзельнічаць кожны вернік. |
17.07.2008 14:06 |
2 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Ахвяравання Пана, якое традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцамі. У гэты дзень у літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету (гл. Лк 2, 22-39). Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго (пар. Мц 5, 17). Гэтае свята, вядомае яшчэ з хрысціянскай старажытнасці, заўсёды мела падвойны характар, бо яно адначасова з’яўляецца і святам Пана, і адным з найбольш папулярных марыйных святаў. Ва ўсходняй традыцыі яно называецца «Стрэчаннем», бо ў дзень, калі Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню, Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам. Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні. У свята Ахвяравання Пана ва ўсіх касцёлах Беларусі праходзяць святочныя набажэнствы. На пачатку святой Імшы адбываюцца працэсіі са свечкамі, падчас якіх спяваецца песня Сімяона: «Цяпер па слову Твайму, Пане, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі. Бо вочы мае ўбачылі Тваё збаўленне, якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў. Святло на асвятленне паганаў і славу народа Твайго, Ізраэля». Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові. Яна была першай, якая паверыла, і таму Бог бязмежна ўзвысіў Яе. Але прынесшы Дзіцятка Езуса ў святыню, з вуснаў Сімяона Марыя пачула пагрозлівае прароцтва пра тое, што «меч пройдзе праз Яе душу» (пар. Лк 2, 34). Прарок прадказаў Марыі вялікую таямніцу Яе жыцця — удзел у адкупляльнай справе Яе Боскага Сына. Гэтае прароцтва спраўдзілася тады, калі Марыя стаяла пад крыжам Хрыста, і ў сваёй душы падзяляла Яго цярпенне за збаўленне свету. Асвячаныя ў гэты дзень свечкі называюць «Грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі паміраючаму, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу ў неба. |
17.07.2008 14:03 |
6 студзеня, на свята Аб’яўлення Пана, католікі пішуць на дзвярах сваіх дамоў таямнічы для многіх надпіс. Што ён азначае?
Андрэй Севярын, г.Гомель На пытанне адказвае кс. Аляксандр Чайкоўскі Першым святам, звязаным з таямніцай Уцелаўлення Хрыста, з’яўляецца Эпіфанія, альбо ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, якая святкуецца 6 студзеня. Першы ўспамін пра яе на Усходзе належыць Клеменсу Александрыйскаму (каля 212 г.), на Захадзе ж – цэзару Юліяну (361 г.). Святкаванне гэтай урачыстасці мае шматвяковую традыцыю, якая сягае ажно да часоў паганства, калі 6 студзеня ў Егіпце і Арабіі ўшаноўвалі бога сонца ( 25 снежня – на Захадзе) і дзень народзінаў Эона – бога часу і вечнасці. Супрацьпастаўленне гэтаму і іншым паганскім культам і паўплывала на з’яўленне ўрачыстасці Эпіфаніі. Зместам урачыстасці з’яўляецца аб’яўленне таямніцы збаўлення ў Езусе Хрысце. Божае Нараджэнне больш канцэнтруецца на паніжэнні Сына Божага да людской натуры, падкрэсліваючы зямное нараджэнне Божага Слова. Эпіфанія ж скіроўвае наш позірк на Божую веліч нованароджанага Дзіцяці. На працягу стагоддзяў сфармаваліся шматлікія звычаі, звязаныя з Эпіфаніяй. Да найважнейшых з іх належаць: абвяшчэнне даты Вялікадня, благаслаўленне золата, ладана і мірра, благаслаўленне водаў Ярдану, а таксама благаслаўленне жылых дамоў. У нас найбольш распаўсюджаны менавіта апошні звычай. У Нямеччыне, а цяпер і ў іншых краінах, таксама і ў Беларусі, гэты звычай узбагачаны надпісам на дзвярах літараў С+М+В, а таксама датай бягучага года (католікі пішуць яго асвячонаю крэйдаю). Такім чынам, сёлета гэты надпіс выглядае так: С+М+В 2004. Аднак, ці ведаем мы, што азначае такое скарачэнне? Адказ на гэтае пытанне даволі няпросты. Падобна, што тры літары, якімі мы пазначаем дзверы нашых дамоў 6 студзеня, зусім не з’яўляюцца ініцыяламі, як многія лічаць, трох каралёў (Caspar, Melchior, Baltasar). На самым пачатку традыцыі гэта быў скарочаны запіс лацінскага пажадання: Christus mansionem benedicat – Няхай Хрыстус благаславіць жытло! Аднак, як гэта ні дзіўна, і першая, і другая інтэрпрэтацыі не пярэчаць адна адной. Па-першае, пазначэнне іменем Хрыста ўваходу ў дом нагадвае пра ноч вызвалення Божага люду ад егіпецкай няволі, калі людзі пазначалі свае дамы крывёю пасхальнага ягняці. Па-другое, пішучы літары С+М+В, мы прыгадваем імёны першых паганаў, якія пакланіліся Хрысту, і тым самым сведчым пра сваю прыналежнасць да супольнасці людзей, гатовых праслаўляць Хрыста. Такім чынам, два цалкам розныя тлумачэнні сэнсу трох літараў практычна маюць аднолькавыя духоўныя высновы. Ангельскі паэт Джордж Герберт у вершы «Звеставанне» адлюстраваў такі звычай: калі кароль выпраўляўся ў падарожжа, перад ім ехалі ягоныя пасланцы і пазначалі жытло, прыдатнае для размяшчэння каралеўскага двара на прыстанак, крэйдай. Магчыма, адсюль узяўся звычай на ўрачыстасць Трох Каралёў пазначаць дзверы дамоў надпісам С+М+В, які азначае, што мы запрашаем у свой дом Божага Караля. Можа менавіта таму евангелічныя магі з часам «ператварыліся» ў каралёў, якія быццам бы ў ролі кватар’ераў заклікаюць прыняць найвялікшага Госця і своеасабліва падкрэсліваюць Ягоную найвышэйшую годнасць. Магаў, якія пакланіліся Хрысту, мы часта атаясамліваем з мудрацамі. Можа таму, што і каралям, і магам, і мудрацам пакаянне даецца асабліва цяжка. Магі служылі д’яблу, аднак нават яны знайшлі дарогу да Хрыста. Мудрацы, напоўненыя не столькі Божай мудрасцю, колькі адданыя мудрасці гэтага свету, якая перамяняе чалавечае сэрца ў скалу, вельмі часта няздольныя прыняць Божае зерне, але, як мы ведаем, менавіта такія мудрацы знайшліся ў супольнасці першых Хрыстовых вернікаў... Заўважым, што рэлігійны знак пазначэння дзвярэй надпісам С+М+В выконвае яшчэ адну цудоўную функцыю. Ён нагадвае і жыхарам дома, і гасцям, што ў гэтым доме рэлігія мае сваё сямейнае вымярэнне, але яна – не толькі прыватная справа членаў дадзенай сям’і. Вядома, што сям’я, пабудаваная на падмурку хрысціянскага сакраментальнага сужэнства, павінна быць хатнім Касцёлам. Такая сям’я можа рэалізаваць тры функцыі святыні: быць месцам сапраўднай прысутнасці Бога паміж людзьмі, месцам складання Богу ахвяраў праўдзівай любові, а таксама месцам сведчання пра Бога і Ягоную любоў, якая пануе паміж членамі сям’і, і ў іх стасунках з бліжнімі, з кожным Божым стварэннем. Ave Maria №12-1(103-104) 2003-2004 Глядзі таксама: Мудрацы з Усходу і іх дары |
|
|