Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса
15.07.2008 15:38

Кірые, элейсон,
       Хрыстэ, элейсон,  Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
       Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа,
       – змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
       – змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,
       – змілуйся над намі.
Святая Тройца, адзіны Божа,
       – змілуйся над намі.

Сэрца Езуса, Сына Айца Спрадвечнага,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, ва ўлонні Дзевы Маці
Духам Святым створанае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, са Словам Божым
істотна з’яднанае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, бязмежнай велічы,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, святыня Бога,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, сяліба Найвышэйшага,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, доме Божы і брама неба,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
палымнеючае вогнішча міласці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
справядлівасці і любові скарбніца,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, дабрыні і любові поўнае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
усіх цнотаў глыбіня бяздонная,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
усялякай хвалы найдастойнейшае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
Валадар і з’яднанне ўсіх сэрцаў,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, у якім усе скарбы
мудрасці і ўмеласці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, у якім уся паўната Боства,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
упадабанне Айца Нябеснага,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
з паўнаты якога мы ўсе атрымалі,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, прага адвечных вышыняў,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
цярплівае і вялікай міласэрнасці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, шчодрае для ўсіх,
хто да Цябе звяртаецца,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, крыніца жыцця
    і святасці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
уміласціўленне за грахі нашыя,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, напоўненае знявагамі,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
злачынствамі нашымі змучанае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
паслухмянае ажно да смерці,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, дзідай прабітае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
крыніца ўсялякага суцяшэння,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
жыццё і ўваскрашэнне нашае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
супакой і паяднанне нашае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса,
жывая ахвяра за грахі нашыя,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, збаўленне тых,
хто на Цябе спадзяецца,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, надзея тых,
хто ў Табе памірае,
       – змілуйся над намі.
Сэрца Езуса, радасць усіх святых,
       – змілуйся над намі.

Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – даруй нам, Пане.
Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – змілуйся над намі.

С.: Езу ціхі і пакорны сэрцам,
Н.: Учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі.

Молімся:
Усемагутны вечны Божа, глянь на Сэрца наймілейшага Сына свайго, на хвалу і ахвяру, якую Ён складае Табе за нас, грэшных. Змілуйся над тымі, хто просіць Тваёй міласэрнасці і даруй ім у імя Сына свайго Езуса Хрыста. Які з Табою жыве і валадарыць на векі вечныя.
Н.: Амэн.


Прысвячэнне роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

С.: О Езу наймілейшы, Адкупіцель роду людскога, глянь на тых, хто пакорна схіляецца да падножжа Твайго алтара.

Н.: Мы Твая ўласнасць і Табе належаць хочам.

С.: Сёння кожны з нас шчыра аддаецца Найсвяцейшаму Сэрцу Твайму, каб яшчэ больш з’яднацца з Табою. Многія зусім не ведаюць Цябе, многія адвярнуліся ад Цябе, пагарджаючы запаведзямі Тваімі. Змілуйся над аднымі і другімі, о Езу найласкавейшы, і прытулі ўсіх да святога Сэрца свайго. Валадаром будзь нам, о Езу, – не толькі вернікам, якія ніколі не адступіліся ад Цябе, але і сынам марнатраўным, якія Цябе пакінулі.

Н.: Дапамажы, каб як найхутчэй вярнуліся яны ў бацькоўскі дом і не згінулі ад нястачы і голаду.

С.: Будзь Валадаром для тых, хто памылкова ці праз нязгоду адлучыўся ад Цябе, прывядзі іх да прыстанку праўды і адзінства веры, каб хутка настала адна аўчарня і адзін пастыр. Адары Касцёл Твой бяспечнаю свабодаю. Дай усім народам супакой і згоду. Учыні, каб на ўсёй зямлі, ад краю да краю, адзін узносіўся голас.

Н.: Хвала Божаму Сэрцу, праз якое прыйшло для нас збаўленне. Яму хвала і пашана навекі. Амэн.


Прысвячэнне сям’і Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

(Малітва чытаецца ўсёй сям’ёй)

Пане Езу Хрыстэ, наш Збаўца!
Ты прыйшоў на свет, каб запаліць на зямлі агонь Божай любові, і хацеў, каб ён запалаў у кожным сэрцы. Ты хочаш зрабіць гэта таксама праз сем’і, якія будуць жыць паводле Евангелля. Да такіх сем’яў хочам належаць і мы. Таму сёння Сэрцу Твайму, якое так нас палюбіла, прысвячаем назаўсёды нашу сям’ю. Натхнёныя шчырай і жывой верай, аддаем Табе наш розум, нашую волю і сэрцы, прымаючы Твае запаведзі. Хочам заўсёды жыць Тваім жыццём, як галінкі вінаградніка, захоўваць асвячальную ласку, яднацца з Табою ў штодзённай малітве, у Ахвяры і святой Камуніі. У лучнасці з Касцёлам і яго пастырамі будзем змагацца з грахом, бараніць святасць сужэнства і зачатага жыцця, клапаціцца пра хрысціянскае выхаванне моладзі. Будзем абараняць сям’ю ад п’янства, распусты і нянавісці. Будзь для нас, Езу Хрыстэ, Валадаром і паяднаннем нашых сэрцаў. Благаславі нашую працу і адпачынак, нашыя поспехі і няўдачы. Учыні, каб нашая сям’я, паяднаная з Табою, праслаўляла ў небе Тваю міласэрнасць. Амэн. 

 
Літанія да Найсвяцейшага Імені Езус
15.07.2008 15:36

Кірые, элейсон,     
      Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Езу, пачуй нас,
       Езу, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, 
       – змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
       – змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,
       – змілуйся над намі.
Святая Тройца, адзіны Божа,
       – змілуйся над намі.

Езу, Сыне Бога жывога,
       – змілуйся над намі.
Езу, адлюстраванне Айца,
       – змілуйся над намі.
Езу, яснасць святла вечнага,
       – змілуйся над намі.
Езу, Валадару хвалы,
       – змілуйся над намі.
Езу, Сонца справядлівасці,
       – змілуйся над намі.
Езу, Сыне Панны Марыі,
       – змілуйся над намі.
Езу наймілейшы,
       – змілуйся над намі.
Езу найцудоўнейшы,
       – змілуйся над намі.
Езу, Божа моцны,
       – змілуйся над намі.
Езу, Ойча будучага свету,
       – змілуйся над намі.
Езу, Вястуне вялікай рады,
       – змілуйся над намі.
Езу наймагутнейшы,
       – змілуйся над намі.
Езу найцярплівейшы,
       – змілуйся над намі.
Езу найпаслухмянейшы,
       – змілуйся над намі.
Езу ціхі і пакорны сэрцам,
       – змілуйся над намі.
Езу, узор чыстасці,
       – змілуйся над намі.
Езу, які любіш нас,
       – змілуйся над намі.
Езу, Божа супакою,
       – змілуйся над намі.
Езу, Даўца жыцця,
       – змілуйся над намі.
Езу, узор цнотаў,
       – змілуйся над намі.
Езу, які прагнеш душаў нашых,
       – змілуйся над намі.
Езу, Божа наш,
       – змілуйся над намі.
Езу, прытулак наш,
       – змілуйся над намі.
Езу, Ойча ўбогіх,
       – змілуйся над намі.
Езу, скарбе верных,
       – змілуйся над намі.
Езу, Добры Пастыр,
       – змілуйся над намі.
Езу, святло праўдзівае,
       – змілуйся над намі.
Езу, мудрасць спрадвечная,
       – змілуйся над намі.
Езу, дабрыня бязмежная,
       – змілуйся над намі.
Езу, дарога і жыццё нашае,
       – змілуйся над намі.
Езу, радасць анёлаў,
       – змілуйся над намі.
Езу, Валадар патрыярхаў,
       – змілуйся над намі.
Езу, Настаўнік Апосталаў,
       – змілуйся над намі.
Езу, Вучыцель Евангелістаў,
       – змілуйся над намі.
Езу, мужнасць мучанікаў,
       – змілуйся над намі.
Езу, святло веравызнаўцаў,
       – змілуйся над намі.
Езу, чыстасць паннаў,
       – змілуйся над намі.
Езу, карона ўсіх святых,
       – змілуйся над намі.

Будзь да нас літасцівы,
       – даруй нам, Езу.
Будзь да нас літасцівы,
       – выслухай нас, Езу.

Ад усяго злога
       – выбаў нас, Езу.
Ад граху ўсялякага
       – выбаў нас, Езу.
Ад гневу Твайго
       – выбаў нас, Езу.
Ад подступаў сатаны
       – выбаў нас, Езу.
Ад духа нячыстасці
       – выбаў нас, Езу.
Ад смерці вечнай
       – выбаў нас, Езу.
Ад занядбання натхненняў Тваіх
       – выбаў нас, Езу.
Праз таямніцу святога
       – выбаў нас, Езу.
ўцелаўлення Твайго
       – выбаў нас, Езу.
Праз нараджэнне Тваё
       – выбаў нас, Езу.
Праз дзяцінства Тваё
       – выбаў нас, Езу.
Праз найсвяцейшае жыццё Тваё
       – выбаў нас, Езу.
Праз труды Твае
       – выбаў нас, Езу.
Праз крывавы пот і муку Тваю
       – выбаў нас, Езу.
Праз крыж і пакінутасць Твае
       – выбаў нас, Езу.
Праз знясіленасць Тваю
       – выбаў нас, Езу.
Праз смерць і пахаванне Тваё
       – выбаў нас, Езу.
Праз уваскрасенне Тваё
       – выбаў нас, Езу.
Праз унебаўшэсце Тваё
       – выбаў нас, Езу.
Праз Тваё ўстанаўленне
Найсвяцейшай Эўхарыстыі
       – выбаў нас, Езу.
Праз радасці Твае
       – выбаў нас, Езу.
Праз хвалу Тваю
       – выбаў нас, Езу.


Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – даруй нам, Езу.
Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – выслухай нас, Езу.
Баранку Божы,
які бярэш на сябе грахі свету,
       – змілуйся над намі, Езу.

С.: Езу, пачуй нас,
Н.: Езу, выслухай нас.

Молімся: Пане Езу Хрыстэ, Ты сказаў: «Прасіце і атрымаеце, шукайце і знойдзеце, стукайце і будзе адчынена вам», дай нам, просім, адчуць любоў Тваю, каб мы ўсім сэрцам, словамі і ўчынкамі любілі Цябе і ніколі не пераставалі праслаўляць Цябе. Адары нас, Пане Езу, бояззю і бясконцай любоўю да святога Імя Твайго, бо Ты ніколі не пакідаеш без апекі тых, каго ўзмацняеш у трываласці любові сваёй. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя.
Н.: Амэн.

 
Парадак святой Імшы (Ordo Missae)
15.07.2008 15:27

Уступныя абрады

Святар гаворыць:
У імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Народ адказвае:
Амэн.

Затым святар з разведзенымі рукамі вітае народ, гаворачы:
Ласка Пана нашага Езуса Хрыста і любоў Бога Айца, і еднасць Духа Святога няхай будуць з усімі вамі.

Альбо:
Пан з вамі.

Біскуп гаворыць:
Супакой вам.

Народ адказвае:
І з духам тваім.


Чын пакаяння


Святар заахвочвае вернікаў да пакаяння:
Перапросім Бога за нашыя грахі, каб мы годна маглі скласці Найсвяцейшую Ахвяру.

Настае кароткае маўчанне. Потым усе разам здзяйсняюць чын агульнага вызнання грахоў:
Спавядаюся Богу ўсемагутнаму і вам, браты і сёстры, што зграшыў я вельмі думкаю, словам, учынкам і занядбаннем:
і, удараючы сябе ў грудзі, гавораць:
мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна.
Далей працягваюць:
Таму прашу Найсвяцейшую заўсёды Панну Марыю, усіх анёлаў і святых, і вас, браты і сёстры, памаліцца за мяне да Пана Бога нашага.

Святар просіць аб адпушчэнні грахоў:
Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны і, адпусціўшы нам грахі, давядзе нас да жыцця вечнага.

Народ адказвае:
Амэн.

Пасля гэтага гаворыцца Пане, змілуйся над намі:
С.: Пане, змілуйся над намі.
Н.: Пане, змілуйся над намі.
С.: Хрыстэ, змілуйся над намі.
Н.: Хрыстэ, змілуйся над намі.
С.: Пане, змілуйся над намі.   
Н.: Пане, змілуйся над намі.


Хвала на вышынях Богу


Затым, калі прадпісана, спяваецца ці прамаўляецца гімн:
Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі. Хвалім Цябе, благаслаўляем Цябе, кланяемся Табе, праслаўляем Цябе, дзякуем Табе дзеля вялікай хвалы Тваёй. Пане Божа, Валадару нябесны, Божа, Ойча ўсемагутны. Пане, Сыне Адзінародны, Езу Хрыстэ, Пане Божа, Баранку Божы, Сыне Айца, які бярэш на сябе грахі свету, змілуйся над намі. Які бярэш на сябе грахі свету, прымі маленне нашае. Які сядзіш праваруч Айца, змілуйся над намі. Бо толькі Ты святы, толькі Ты наш Пан, толькі Ты Найвышэйшы, Езу Хрыстэ, з Духам Святым у хвале Бога Айца. Амэн.


Малітва дня — Калекта


Пасля заканчэння гімна святар, звёўшы рукі, гаворыць:
Молімся.

Усе разам са святаром пэўны час ціха моляцца.
Потым святар, развёўшы рукі, гаворыць малітву дня (калекту), на заканчэнне якой народ адказвае:

Амэн.


Літургія слова

Затым лектар ідзе да амбоны і чытае першае чытанне, якое ўсе слухаюць седзячы. Закончыўшы чытанне, лектар гаворыць:
Гэта слова Божае.

Усе адказваюць:
Дзякуем Пану Богу.

Псальміст альбо кантар спявае ці чытае псальм, а народ паўтарае рэфрэн. Потым, калі ёсць другое чытанне, лектар чытае яго з амбоны, як і першае. Закончыўшы чытанне, лектар гаворыць:
Гэта слова Божае.

Усе адказваюць:
Дзякуем Пану Богу.

Потым спяваецца Аллелюя альбо іншы спеў, прадпісаны ў рубрыках, у залежнасці ад патрабаванняў літургічнага перыяду.

Калі ўжываецца кадзіла, то святар насыпае яго ў кадзільніцу. Пасля гэтага дыякан, які будзе чытаць Евангелле, схіляецца перад святаром у нізкім паклоне, ціха просячы благаславіць яго:
Благаславі мяне, ойча.

Святар ціха гаворыць:
Няхай Пан будзе ў сэрцы тваім і на вуснах тваіх, каб ты годна абвяшчаў Яго Евангелле. У імя Айца і Сына, Х і Духа Святога.

Дыякан робіць знак крыжа і адказвае:
Амэн.

Калі няма дыякана, святар, нізка схіліўшыся перад алтаром, ціха гаворыць:
Усемагутны Божа, ачысці сэрца маё і вусны мае, каб я мог годна абвяшчаць Тваё святое Евангелле.

Потым дыякан (святар) ідзе да амбоны. Яго могуць суправаджаць прыслугоўваючыя з кадзілам і свечкамі.
Дыякан (святар) гаворыць:

Пан з вамі.

Народ адказвае:
І з духам тваім.

Дыякан (святар):
Чытанне святога Евангелля паводле N.
Пры гэтым ён робіць знак крыжа на кнізе, а таксама на чале, на вуснах і на грудзях (гэта ж робяць і ўсе іншыя).

Народ адказвае:
Хвала Табе, Пане.

Потым дыякан (святар) акаджвае кнігу (калі ўжываецца кадзіла) і абвяшчае Евангелле.
Скончыўшы чытанне, дыякан (святар) гаворыць:

Гэта слова Пана.

Усе адказваюць:
Хвала Табе, Хрыстэ.

Пацалаваўшы кнігу, дыякан (святар) ціха гаворыць:
Словы святога Евангелля няхай змыюць правіны нашыя.

Потым прамаўляецца гамілія.


Вызнанне веры


Пасля гаміліі, калі прадпісана, спяваецца ці прамаўляецца сімвал альбо вызнанне веры:
Веру ў адзінага Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага. І ў адзінага Пана Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, з Айца народжанага перад усімі вякамі; Бога ад Бога, Святло ад Святла, Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, народжанага, не створанага, адзінасутнага Айцу, праз якога ўсё сталася. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба.
Ад наступных словаў і да словаў стаўся чалавекам усе схіляюцца.

І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам. Укрыжаваны таксама за нас пры Понцкім Пілаце, быў замучаны і пахаваны. І на трэці дзень уваскрос паводле Пісання, і ўзышоў на неба, сядзіць праваруч Айца. І зноў прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых, і Яго Валадарству не будзе канца. Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу, які з Айца і Сына паходзіць; якому разам з Айцом і Сынам належыць пакланенне і хвала; які прамаўляў праз прарокаў.

Веру ў адзіны святы каталіцкі і апостальскі Касцёл. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэння грахоў і чакаю ўваскрашэння памерлых і жыцця вечнага ў будучым свеце. Амэн.

Замест нікейска-канстанцінопальскага сімвала веры, асабліва ў перыяд Вялікага посту і падчас Велікоднага перыяду, можа ўжывацца хросны сімвал Рымскага Касцёла, так званы Апостальскі (с. 17).

Затым адбываецца агульная малітва, альбо малітва вернікаў.

Эўхарыстычная літургія


Пасля заканчэння літургіі слова прыслугоўваючыя размяшчаюць на алтары карпарал, пурыфікатар, келіх і Імшал. У гэты час гучыць адпаведны спеў.

Пажадана, каб вернікі засведчылі свой удзел, прыносячы хлеб і віно для цэлебрацыі Эўхарыстыі альбо іншыя дары на патрэбы Касцёла і бедных.

Святар, стоячы пры алтары, бярэ патэну з хлебам і, трымаючы яе абедзвюма рукамі, крыху ўздымае над алтаром, ціха гаворачы:

Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету, бо дзякуючы Тваёй шчодрасці мы атрымалі хлеб, плод зямлі і працы рук людскіх; ахвяруем яго Табе, каб ён стаў для нас хлебам жыцця.


Потым святар ставіць патэну з хлебам на карпарал.
Калі няма спеву на ахвяраванне, святар можа гэтыя словы гаварыць уголас; у канцы народ можа адказаць:

Благаслаўлёны Ты, Божа, навекі.

Дыякан альбо святар налівае ў келіх віно і крыху вады, ціха гаворачы:
Праз таямніцу гэтай вады і віна дай нам, Божа, удзел у бостве Хрыста, які прыняў нашую чалавечую натуру.

Потым святар бярэ келіх і, трымаючы яго абедзвюма рукамі, крыху ўздымае над алтаром, ціха гаворачы:
Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету, бо дзякуючы Тваёй шчодрасці мы атрымалі віно, плод вінаграднай лазы і працы рук людскіх; ахвяруем яго Табе, каб яно стала для нас напоем духоўным.

Потым святар ставіць келіх на карпарал.
Калі няма спеву на ахвяраванне, святар можа гэтыя словы гаварыць уголас; у канцы народ можа адказаць:

Благаслаўлёны Ты, Божа, навекі.

Потым святар, схіліўшыся ў нізкім паклоне, ціха гаворыць:
Прымі, Пане Божа, нас, якія стаім перад Табою ў духу пакоры і са скрухай у сэрцы, а наша ахвяра, якую сёння складаем, няхай будзе Табе даспадобы.

Калі ўжываецца кадзіла, святар акаджвае ахвярныя дары, крыж і алтар. Пасля гэтага дыякан альбо іншы прыслугоўваючы акаджвае святара і народ.
Потым святар, стоячы збоку алтара, абмывае рукі, ціха гаворачы:

Змый з мяне, Пане, віну маю і ачысці мяне ад граху майго.

Затым, стоячы па цэнтры алтара тварам да людзей, святар, разводзячы і зводзячы рукі, гаворыць:
Маліцеся, браты і сёстры, каб маю і вашую ахвяру прыняў Бог Айцец усемагутны.

Народ устае і адказвае:
Няхай Пан Бог прыме ахвяру з рук тваіх на праслаўленне і хвалу імя свайго, а таксама на карысць нам і ўсяму Касцёлу святому.

Потым святар, развёўшы рукі, прамаўляе малітву над дарамі, на заканчэнне якой народ адказвае:
Амэн.

II эўхарыстычная малітва


Святар распачынае эўхарыстычную малітву.
Разводзячы рукі, ён гаворыць:

Пан з вамі.

Народ адказвае:
І з духам тваім.

Святар, уздымаючы рукі, працягвае:
Угору сэрцы.

Народ адказвае:
Узносім іх да Пана.

Святар з разведзенымі рукамі дадае:
Падзякуем Пану Богу нашаму.

Народ адказвае:
Годна гэта і справядліва.

Святар з разведзенымі рукамі спявае альбо чытае прэфацыю:
Сапраўды, годна гэта і справядліва, слушна і збавенна, каб мы Табе, святы Ойча, заўсёды і ўсюды складалі падзяку праз умілаванага Сына Твайго Езуса Хрыста. Ён — Слова Тваё, праз якое Ты ўсё стварыў. Яго, уцелаўлёнага ад Духа Святога і народжанага з Панны Марыі, Ты паслаў нам як Збаўцу і Адкупіцеля. Ён, спаўняючы Тваю волю, набыў для Цябе народ святы, распасцёр на крыжы свае рукі, каб смерць перамагчы і аб’явіць змёртвыхпаўстанне. Таму з анёламі і з усімі святымі мы праслаўляем Цябе, разам з імі ўсклікаючы:

На заканчэнне прэфацыі ён зводзіць рукі і разам з вернікамі спявае альбо гучным голасам гаворыць:
Святы, Святы, Святы, Пан Бог Усемагутны. Неба і зямля поўныя хвалы Тваёй. Гасанна на вышынях. Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана. Гасанна на вышынях.

Святар, развёўшы рукі, гаворыць:
Сапраўды, Божа, Ты святы, крыніца ўсялякай святасці.
Зводзіць рукі і, трымаючы іх над дарамі, гаворыць:
Таму просім Цябе, асвяці гэтыя дары расою Духа Твайго,
зводзіць рукі, робіць знак крыжа над хлебам і келіхам, гаворачы:
каб яны сталіся для нас Целам Х і Крывёю нашага Пана Езуса Хрыста.
Зводзіць рукі.

У наступных формулах словы Хрыста трэба вымаўляць выразна і старанна, як таго патрабуе іх сутнасць.
Ён, калі дабравольна выдаў сябе на мукі,
бярэ хлеб, трымае яго крыху ўзнятым над  алтаром і працягвае:
узяў хлеб і, падзяку Табе складаючы,
ламаў і раздаваў сваім вучням, кажучы:

крыху нахіляецца
БЯРЫЦЕ І ЕШЦЕ З ГЭТАГА ЎСЕ,
БО ГЭТА ЁСЦЬ ЦЕЛА МАЁ,
ЯКОЕ ЗА ВАС БУДЗЕ ВЫДАНА
.
Паказвае кансэкраваную Гостыю народу, кладзе яе на патэну і, укленчыўшы, адаруе.

Потым працягвае:
Падобным чынам па вячэры
бярэ келіх, трымае яго крыху ўзнятым над алтаром і працягвае:
узяў келіх,
зноў Табе падзяку складаючы,
падаў сваім вучням, кажучы:

крыху нахіляецца
БЯРЫЦЕ І ПІЦЕ З ЯГО ЎСЕ:
БО ГЭТА ЁСЦЬ КЕЛІХ КРЫВІ МАЁЙ
НОВАГА І ВЕЧНАГА ЗАПАВЕТУ,
ЯКАЯ ЗА ВАС І ЗА МНОГІХ БУДЗЕ ПРАЛІТА
ДЗЕЛЯ АДПУШЧЭННЯ ГРАХОЎ
.

ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ.

Паказвае келіх народу, ставіць яго на карпарал і, укленчыўшы, адаруе.

Потым гаворыць:
Гэта вялікая таямніца веры.

Народ адказвае:
Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу, вызнаём Тваё ўваскрасенне і чакаем Твайго прыйсця ў хвале.

Потым, развёўшы рукі, святар гаворыць:
Успамінаючы смерць і змёртвыхпаўстанне Твайго Сына, ахвяруем Табе, Пане, хлеб жыцця і келіх збаўлення, дзякуючы, што ўчыніў нас годнымі стаяць перад Табою і служыць Табе. Пакорна молім Цябе, каб усіх нас, прымаючых Цела і Кроў Хрыста, Дух Святы сабраў у адно. Памятай, Пане, пра Касцёл Твой, рассеяны па ўсім свеце, удасканаль яго ў любові разам з папам нашым N., біскупам нашым N. і ўсім духавенствам.

У Імшах за памерлых можна дадаць:
Памятай пра слугу Твайго (Тваю) N., якога (якую) Ты (сёння) паклікаў да сябе з гэтага свету.  Дазволь яму (ёй), які стаў (стала) праз хрост падобным (падобнаю) у смерці да Твайго Сына, таксама ўдзельнічаць у Яго ўваскрасенні.

Памятай таксама пра братоў і сясцёр нашых, якія паснулі ў надзеі на ўваскрашэнне, і пра ўсіх, хто ў Тваёй ласцы адышоў з гэтага свету, і дазволь ім убачыць святло аблічча Твайго.

Просім Цябе, змілуйся над усімі намі, каб мы заслужылі ўдзел у жыцці вечным у еднасці з Найсвяцейшай Багародзіцай Паннай Марыяй, са святымі Апосталамі і ўсімі святымі, якія спрадвеку падабаліся Табе, каб з імі і мы хвалілі і праслаўлялі Цябе
зводзіць рукі
праз Сына Твайго, Езуса Хрыста.

Бярэ патэну з Гостыяй і келіх, крыху ўздымае іх і гаворыць:
Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце, Табе, Божа, Ойча ўсемагутны, у еднасці Духа Святога ўся пашана і хвала праз усе вякі вечныя.

Народ адказвае:
Амэн.

Калі народ адкажа Амэн, святар ставіць патэну і келіх на карпарал.

Абрад Камуніі


Святар, звёўшы рукі, гаворыць:
Памятаючы збавенныя запаведзі, і Божым настаўленнем навучаныя, асмельваемся казаць:

Разводзіць рукі і разам з народам працягвае:
Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

З разведзенымі рукамі святар адзін працягвае:
Просім Цябе, Пане, збаў нас ад усяго злога, дай ласкава супакой у дні нашыя, дапамажы нам у міласэрнасці Тваёй, каб мы былі заўсёды вольныя ад граху і, захаваныя ад усялякага неспакою, чакалі спаўнення шчаслівай надзеі і прыйсця Збаўцы нашага Езуса Хрыста.
Зводзіць рукі.

Народ завяршае малітву, адказваючы:
Бо Тваё Валадарства і моц, і хвала навекі.

Пасля, развёўшы рукі, святар гучным голасам гаворыць:
Пане Езу Хрыстэ, Ты сказаў Апосталам Тваім: Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам. Просім, не зважай на грахі нашыя, але на веру Касцёла Твайго і будзь ласкавы згодна з Тваёй воляй адарыць яго супакоем і еднасцю.
Зводзіць рукі.
Які жывеш і валадарыш на вeкі вечныя.

Народ адказвае:
Амэн.

Святар, павярнуўшыся да народа, разводзіць і зводзіць рукі, пры гэтым гаворачы:
Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі.

Народ адказвае:
І з духам тваім.

Потым, паводле абставінаў, дыякан альбо святар гаворыць:
Перадайце бліжняму знак супакою.

Усе паводле мясцовага звычаю перадаюць адзін аднаму знак супакою, адзінства і любові. Святар перадае знак супакою дыякану альбо прыслугоўваючаму.

Потым святар бярэ Гостыю, ламае яе над патэнай і часцінку апускае ў келіх, ціха гаворачы:

Гэтае паяднанне Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста няхай дапаможа нам, прымаючым Яго, дасягнуць жыцця вечнага.

У гэты час народ спявае альбо прамаўляе:
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, змілуйся над намі.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, змілуйся над намі.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, адары нас супакоем.


Калі ламанне хлеба працягваецца далей, гэты спеў можа паўтарацца некалькі разоў. Але заканчваецца ён словамі адары нас супакоем.

Затым святар, звёўшы рукі, ціха гаворыць:

Пане Езу Хрыстэ, Сыне Бога жывога, Ты па волі Айца пры садзеянні Духа Святога праз сваю смерць даў жыццё свету: праз гэтае Найсвяцейшае Цела Тваё і Кроў вызвалі мяне ад усіх маіх правінаў і ад усяго злога. Учыні, каб я заўсёды трымаўся запаведзяў Тваіх і не дапусці, каб я адышоў ад Цябе.

Альбо:
Пане Езу Хрыстэ, няхай прыняцце Цела і Крыві Тваёй не будзе мне на суд і асуджэнне, але з міласэрнасці Тваёй няхай ахоўвае і аздараўляе маю душу і цела.

Святар укленчвае, бярэ Гостыю і, трымаючы яе крыху ўзнятай над патэнаю альбо над келіхам, павярнуўшыся да народа, гучным голасам гаворыць:
Вось Баранак Божы, вось той, хто бярэ  на сябе грахі свету. Благаслаўлёныя пакліканыя на вячэру Ягоную.

І разам з народам дадае:
Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена душа мая.

Павярнуўшыся да алтара, святар ціха гаворыць:
Цела Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае.
І з пашанаю прымае Цела Хрыста.

Потым бярэ келіх і ціха гаворыць:
Кроў Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае.
І з пашанаю прымае Кроў Хрыста.

Пасля гэтага бярэ патэну альбо пушку (цыборыюм), падыходзіць да тых, хто будзе прымаць Камунію, і, паказваючы кожнаму з іх крыху ўзнятую Гостыю, гаворыць:
Цела Хрыста.

Той, хто прымае Камунію, адказвае:
Амэн.
І прымае Камунію.

У той час, калі святар прымае Цела Хрыста, пачынаецца спеў на Камунію.

Калі ўдзяленне Камуніі скончыцца, святар, дыякан ці акаліт пурыфікуе патэну над келіхам і сам келіх.
Падчас пурыфікацыі святар ціха гаворыць:

Пане, тое, што мы вуснамі прынялі, няхай успрымем чыстай душою, каб сталася для нас з часовага дару лекам на жыццё вечнае.

Пасля гэтага святар можа вярнуцца да свайго месца.
Пэўны час можна захоўваць маўчанне альбо спяваць ці прамаўляць псальм альбо іншы спеў хвалы ці гімн.

Потым, стоячы пры алтары ці каля свайго месца, святар, павярнуўшыся да народа, са зведзенымі рукамі гаворыць:

Молімся.

Калі не было маўчання адразу пасля Камуніі, усе разам са святаром пэўны час ціха моляцца. Потым святар, развёўшы рукі, гаворыць малітву пасля Камуніі, на заканчэнне якой народ адказвае:
Амэн.

Абрад заканчэння

Калі ёсць патрэба, робяцца кароткія паведамленні для народа.

Потым адбываецца рассыланне. Святар, павярнуўшыся да народа, з разведзенымі рукамі гаворыць:
Пан з вамі.

Народ адказвае:
І з духам тваім.

На заканчэнне пантыфікальнай святой Імшы цэлебрант ускладае мітру і з разведзенымі рукамі гаворыць:
Цэлебрант: Пан з вамі.
Усе: І з духам тваім.

Цэлебрант: Няхай імя Пана будзе благаслаўлёна.
Усе: Цяпер і навекі.

Цэлебрант: Дапамога наша — у імені Пана.
Усе: Які стварыў неба і зямлю.

Святар благаслаўляе народ са словамі:
Няхай благаславіць вас Бог усемагутны, Айцец і Сын, X і Дух Святы.

Народ адказвае:
Амэн.

Потым дыякан альбо сам святар, звёўшы рукі і павярнуўшыся да народа, гаворыць:
Ідзіце ў супакоі Хрыста.

Народ адказвае:
Дзякуем Пану Богу.
 
Малітвы на кожны дзень тыдня
15.07.2008 14:55
qqqНядзеля

Дзень, прысвечаны Найсвяцейшай Тройцы

Даручэнне сябе Божаму Провіду

О мой Божа, не ведаю, што мяне сёння чакае. Ведаю толькі, што не напаткае мяне тое, чаго б Ты найперш не прадбачыў, не дапусціў альбо не прадвызначыў спрадвеку, — гэта адзінае супакойвае душу маю. Праслаўляю Твае спрадвечныя і неспасцігальныя наказы, з вялікаю пакораю схіляюся  перад Тваім абліччам, праслаўляю любоў і дабрыню Тваю. Усё прымаю, усё ахвярую Табе і злучаю гэта з Ахвяраю Езуса Хрыста, майго Збаўцы. Прашу Цябе толькі ў імя Яго і праз Яго нязмерныя заслугі ўдзяліць мне ласку цярплівасці ў непрыемнасцях і ласку поўнай паслухмянасці волі Тваёй ва ўсім. Амэн.

Малітва да Божага Провіду >>>

Малітва св. Аўгустына да Найсвяцейшай Тройцы >>>

Малітоўныя заклікі

Веру ў Цябе, давяраюся Табе, люблю Цябе, праслаўляю Цябе, о Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа. Змілуйся нада мною цяпер і ў хвіліну  смерці маёй і збаў мяне!
Навучы мяне, Пане, выконваць волю Тваю, бо Ты — Бог мой!
О Божа ўсемагутны, учыні мяне святым!
Будзь воля Твая!
Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, змілуйся над намі!
Ратуй нас, Пане, бо гінем!
Ад усялякага граху выбаў нас, Пане!
У рукі Твае, Пане, аддаю дух мой!

Літанія да Найсвяцейшай Тройцы >>>

qqqПанядзелак

Дзень, прысвечаны Духу Святому

Асабістае прысвячэнне Духу Святому

Дух Святы, Дух Божы, Дух Святла і Любові! Табе прысвячаю мой розум, маё сэрца, маю волю і ўсяго сябе.

Учыні, каб мой розум заўсёды з ахвотаю прымаў натхненні, якія паходзяць ад Цябе, і вучэнне святога Касцёла, якім Ты беспамылкова кіруеш; каб сэрца маё заўсёды палала любоўю да Бога і бліжняга, а воля мая заўсёды адпавядала Божай волі; каб усё маё жыццё было верным наследаваннем жыцця і цнотаў нашага Пана і Збаўцы, Езуса Хрыста, якому з Богам Айцом і з Табою няхай заўсёды будзе пашана
і хвала. Амэн.

Малітва аб сямі дарах Духа Святога >>>


Малітва за святы Касцёл

Духу Святы, Стварыцелю, прыйдзі ласкава на дапамогу ўсяму каталіцкаму Касцёлу ў змаганні супраць нападкаў непрыяцеляў. Умацуй яго і падтрымлівай сваёю сілаю з вышыняў. Аднаві дух слугаў Тваіх, якіх Ты намасціў сваёю любоўю і ласкаю, каб у Табе праслаўлялі Айца і Сына Яго Адзінароднага, Езуса Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Малітва аб духу еднасці

Найсвяцейшы Духу Божы, на заранку Касцёла Ты меў ласку бачным чынам сысці на Апосталаў і вернікаў, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць іх у веры. Горача прашу Цябе: будзь таксама заўсёды з намі, напаўняй нас сваімі дарамі, пралівай на нас святло сваё ў сумненнях нашых, суцяшай нас у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры падзенні, кіруй намі паводле мудрасці сваёй, яднай нас узаемнаю хрысціянскаю любоўю, каб жылі мы ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і праслаўлялі Цябе на векі вечныя. Амэн.

Літанія да Духа Святога >>>

qqqАўторак

Дзень, прысвечаны ўшанаванню Анёлаў Апекуноў і святых

Малітва да святога Арханёла Міхала >>>

Малітва да святога Арханёла Рафала

Пане Божа, май ласку паслаць нам на дапамогу святога арханёла Рафала. Верым, што ён заўсёды знаходзіцца перад абліччам Тваёй Велічы, таму просім: няхай ён прадставіць Табе нашыя сціплыя малітвы, каб атрымалі мы благаслаўленне Тваё. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Малітва да святога Анёла Ахоўніка

(паводле св. Алаізія)

Мілы Богу анёле, ты мяне, даручанага тваёй святой апецы, з пачатку майго жыцця абараняеш, асвячаеш і вядзеш. Ушаноўваю і люблю цябе як свайго апекуна; тваёй апецы цалкам аддаюся і пакорна прашу цябе, каб, не зважаючы на няўдзячнасць маю і занядбанне тваіх натхненняў, ты не пакідаў мяне, але каб мяне, блукаючага, спагадліва накіроўваў, няўмелага – навучаў, а калі падаю – падтрымліваў, засмучанага – суцяшаў, а ў небяспецы ратаваў заўсёды, пакуль не давядзеш мяне да вечнага шчасця. Амэн.

Малітва да святога Апекуна >>>

qqqСерада

Дзень, прысвечаны св. Юзафу

Малітва да св. Юзафа

У Цябе, святы Юзэфе, шукаем мы паратунку ў нашай нядолі. Звяртаючыся па дапамогу да тваёй Найсвяцейшай Абранніцы Панны Марыі, з даверам просім таксама тваёй апекі. Праз любоў, якая яднала цябе з Найсвяцейшай Багародзіцай, і праз тваю айцоўскую апеку, якою ты атуляў Езуса ў дзяцінстве, пакорна просім: узглянь ласкава на спадчыну, якую Езус Хрыстус здабыў крывёю сваёю, і сваім магутным заступніцтвам дапамажы нам у патрэбах нашых.

Прадбачлівы Апякуне Сям’і Божай, апякуйся абраным патомствам Езуса Хрыста. Адхілі ад нас, мілы ойча, усялякія памылкі і спакусы. Магутны наш абаронца! Прыйдзі да нас ласкава з нябеснаю дапамогаю ў гэтым змаганні з сіламі цемры і, як некалі ў дзяцінстве выратаваў Езуса ад небяспекі, якая пагражала Ягонаму жыццю, так цяпер барані святы Касцёл Божы ад варожых нападаў і ўсялякіх перашкодаў.

Атуляй кожнага з нас нястомнаю апекаю, каб мы, па твайму прыкладу і тваёю дапамогаю падтрыманыя, маглі жыць у святасці, памерці пабожна і атрымаць вечнае шчасце ў небе. Амэн.

Малітва да св. Юзафа, рамесніка >>>


Малітва аб цноце чыстасці

Ахоўнік і ойча паннаў, святы Юзэфе, якому ў надзейную апеку былі даручаныя сама нявіннасць – Езус Хрыстус і Панна Марыя. Праз гэты падвойны, найдаражэйшы, табе даручаны скарб, праз Езуса і Марыю, прашу і малю цябе, захавай мяне ад усялякай нячыстасці. Учыні, каб цнатлівымі думкамі, нявінным сэрцам і вольным ад граху целам я заўсёды бездакорна служыў Езусу і Марыі. Амэн.


Малітва да св. Юзафа аб ласцы добрай смерці

Святы Юзаф, суцяшэнне пакутуючых і паміраючых! Ты меў ласку заставацца пры Езусе і Яго Маці ажно да канца сваіх дзён на зямлі. Прашу цябе, заступіся за мяне, каб атрымаў я ласку добрай смерці. Будзь для мяне прыкладам у зямным жыцці і дапамагай мне, каб з пачуццём выкананай місіі, да якой Бог мяне паклікаў, з чыстым сэрцам і ў спакоі адышоў я ў хвіліну смерці на сустрэчу з Айцом. Амэн.


Малітоўныя заклікі

Езус, Марыя, святы Юзаф, вам аддаю сэрца, цела і душу маю.
Езус, Марыя, святы Юзаф, будзьце са мною пры кананні.
Езус, Марыя, святы Юзаф, пры вас я прагну аддаць Богу дух мой.
Святы Юзаф, прыклад для шанавальнікаў Найсвяцейшага Сэрца Езуса і наш апякуне, маліся за нас!

Літанія да св. Юзафа >>>

qqqЧацвер

Дзень, прысвечаны Найсвяцейшаму Сакрамэнту

Малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам

Пане Езу Хрыстэ, Ты з любові да людзей днём і ноччу знаходзішся ў гэтым Найсвяцейшым Сакрамэнце, поўны міласэрнасці і любові, чакаеш, запрашаеш і прымаеш усіх, хто прыходзіць Цябе наведаць. Веру, што Ты прысутнічаеш у Сакрамэнце Алтара, схіляюся перад Табою ў сваёй нікчэмнасці і дзякую за ўсе ласкі, якімі Ты мяне адарыў, асабліва за тое, што Ты сябе самога даў у гэтым Сакрамэнце, што сваю Найсвяцейшую Маці Ты ўчыніў маёю Апякункаю і што мяне заахвоціў наведаць Цябе ў гэтай святыні.

О мой Езу, люблю Цябе ўсім сэрцам. Шкадую, што бязмежную дабрыню Тваю так часта засмучаў. Пастанаўляю з дапамогаю Тваёй ласкі ўжо больш не абражаць Цябе, а цяпер, хоць нічога і не маю,  цалкам аддаюся Табе і поўнасцю выракаюся сваёй волі, пачуццяў і жаданняў. З гэтага моманту распараджайся мною і тым, што маё, як  Табе, Пане, падабаецца. Прашу толькі і прагну Тваёй святой любові і Тваёй ласкі, каб вытрымаць у добрым і заўсёды выконваць Тваю волю.

Даручаю Табе душы, якія церпяць у чыстцы, перадусім тыя, што асабліва пабожна ўшаноўвалі Найсвяцейшы Сакрамэнт і Найсвяцейшую Панну Марыю. Даручаю Табе таксама ўсіх грэшнікаў. Мой любы Збаўца, далучы ўсе мае пачуцці да пачуццяў Твайго літасцівага Сэрца. Ахвярую іх Айцу Твайму спрадвечнаму, просячы Яго ў імя Тваё, каб з любові да Цябе прыняў мае просьбы і выслухаў. Амэн.

Малітва праслаўлення

Хай будзе Бог праслаўлёны.
Хай славіцца імя Яго святое.
Хай будзе праслаўлёны Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і Чалавек сапраўдны.
Хай будзе ўзвялічана імя Хрыстова.
Хай будзе праслаўлена Найсвяцейшае Сэрца Езуса.
Хай будзе праслаўлена Найдаражэйшая Кроў Езуса.
Хай будзе ўзвялічаны Езус Хрыстус у Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Хай будзе праслаўлены Дух Святы Суцяшыцель.
Хай будзе ўшанавана Найсвяцейшая Панна Марыя.
Хай будзе ўшанавана Яе святое і беззаганнае зачацце.
Хай будзе ўшанавана поўнае хвалы Яе ўнебаўзяцце.
Хай будзе ўшанавана імя Марыі, Панны і Маці.
Хай будзе ўшанаваны святы Юзаф, Яе прачысты абраннік.
Хай славіцца Бог у сваіх анёлах і ўсіх святых. Амэн.

Малітва за святароў >>>

Малітва за памерлых святароў >>>


Малітоўныя заклікі

Пан мой і Бог мой!
О Езу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, змілуйся над намі!
Няхай будзе ўшанаваны і праслаўлены навекі Найсвяцейшы Сакрамэнт!
Праслаўляю Цябе, о жывы наш Хлебе, кожную хвіліну ў гэтым Сакрамэнце!

qqqПятніца

Дзень, прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса

Малітва да Найсвяцейшага Сэрца Езуса

О Боскае Сэрца Езуса, звяртаюся да Цябе, бо Ты – адзіны мой прытулак, адзіная, але пэўная надзея. Ты – лекар ад усіх маіх немачаў, суцяшэнне ва ўсіх маіх бедах, выпраўленне ўсіх маіх памылак, дапаўненне ўсяго, чаго мне не стае, задаволенне ўсіх маіх просьбаў, надзейная і невычэрпная крыніца святла, сілы, трываласці, спакою і благаслаўлення.

Змілуйся нада мною, Пане, у велічы міласэрнасці сваёй і ўчыні з мяне, для мяне і ўва мне ўсё, што захочаш, бо я цалкам давяраюся Табе. Найсвяцейшае Сэрца Пана Езуса, не дазволь мне аддаліцца ад Цябе. Амэн.


Асабістае прысвячэнне Сэрцу Езуса

О Езу, Божа мой, Валадару мой і найлепшы Пане! Прагну ўшанаваць Цябе, Тваё Найсвяцейшае Сэрца, якое так горача нас любіць. Прысвячаю Твайму Божаму Сэрцу ўсё, што маю і чым з’яўляюся: цела маё, душу маю, памяць, волю і свабоду, усе мае пачуцці, цярпенні і засмучэнні, а таксама ўсе мае добрыя ўчынкі, усе цяперашнія і будучыя заслугі.

Ахвярую Твайму Найсвяцейшаму Сэрцу ўсяго сябе, каб перапрасіць веліч Тваю, якую зневажае чалавечая злосць; прагну часта яднацца з Тваім Сэрцам у Сакрамэнце Любові, каб перапрасіць за блюзнерствы і святатацтвы, учыненыя бязбожнікамі. Буду ў сваіх штодзённых учынках наследаваць цноты Твайго Сэрца, каб жыццём засведчыць, што Ты – мой Пан, Валадар і Айцец.

О Езу, Ты ведаеш таямніцы нашых сэрцаў і слабасць нашай волі, удзялі мне ласку, каб вытрымаў я ў добрым і сваім штодзённым жыццём даваў доказ маёй адданасці Табе.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё. Амэн.


Малітоўныя заклікі

Няхай ушаноўваецца ўсюды Найсвяцейшае Сэрца Езуса!
Учыні, о літасцівае Сэрца Езуса, каб любіў я Цябе ўсё больш!
Спадзяюся на Цябе, о Сэрца Езуса!
Езу ціхі і пакорны сэрцам, учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі!
Усё для Цябе, Найсвяцейшае Сэрца Езуса!
Літасцівае Сэрца Езуса, будзь маёй любоўю!
Ахоўвай нашыя сем’і, о Найсвяцейшае Сэрца Езуса!
Праз Марыю Табе аддаюся, о Найсвяцейшае Сэрца Езуса!

Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса >>>

qqqСубота

Дзень, прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі

Малiтва св. Бэрнарда

Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што нiколi не здаралася, каб пакiнула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу клiча, Тваёй апекi просiць. Гэтым даверам натхнёны, да Цябе, о Панна над паннамi i Мацi наша, iмкнуся, да Цябе прыходжу, перад Табою, грэшны, плачучы, стаю. О Мацi Слова, не пагарджай словамi маiмi, але пачуй iх ласкава i выслухай. Амэн.


Вітай, Каралева

Вітай, Каралева, Маці міласэрнасці, жыццё, асалода і надзея наша, вітай! Да Цябе звяртаемся мы, выгнаннікі, дзеці Евы. Да Цябе ўздыхаем, стогнучы і плачучы ў гэтай слёз даліне. Дык звярні на нас, Заступніца наша, Твае міласэрныя вочы. І Езуса, благаслаўлёны плод улоння Твайго, з’яві нам пасля выгнання гэтага. О ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя.


Малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці сіротаў

(складзеная Папам Піем ХІІ)

Вітаем Цябе, о беззаганная і велічная Каралева, якую род людскі называе наймілейшым імем Маці. Мы, тыя, што не могуць паклікаць сваю родную маці, бо ніколі яе не ведалі ці вельмі рана страцілі такую патрэбную і мілую апеку, звяртаемся да Цябе, упэўненыя, што Ты захочаш стаць для нас Маці. Калі мы з-за нашай нядолі абуджаем ва ўсіх пяшчоту, спачуванне і любоў, то тым больш чакаем іх ад Цябе, бо з усіх чыстых стварэнняў Ты — найбольш любячая, найбольш чулая і найбольш пяшчотная.

О сапраўдная Маці ўсіх сіротаў, у Твайго Беззаганнага Сэрца паратунку шукаем, упэўненыя, што ў Ім знойдзем усялякае суцяшэнне, якога так прагнуць нашыя гаротныя сэрцы, на Цябе ўскладаем надзею, спадзяемся, што Твая матуліна рука правядзе нас і падтрымае на стромкім жыццёвым шляху.

Благаславі ўсіх, хто дапамагае нам і ў Тваё імя апякуецца намі; аддзяч нашым дабрадзеям і тым, хто прысвяціў нам сваё жыццё! А перадусім будзь заўсёды для нас Маці, перамяняй нашыя сэрцы, асвячай нашыя думкі, утаймоўвай нашую волю, упрыгожвай нашыя душы ўсімі цнотамі і аддаляй ад іх ворагаў нашага шчасця, якія хацелі б адабраць яго ў нас назаўсёды.

Урэшце, любая наша Маці, раскоша і надзея наша, вядзі нас да Езуса — благаслаўлёнага плоду ўлоння Твайго, каб мы, пазбаўленыя слодычы мець маці тут на зямлі, станавіліся тым больш годнымі Цябе ў гэтым жыцці і маглі цешыцца ў вечнасці Тваёю матчынаю ласкаю і прысутнасцю, а таксама прысутнасцю Твайго Сына, які разам з Айцом і Духам Святым жыве і валадарыць праз усе вякі вечныя. Амэн.


Малітоўныя заклікі

О Маці мая, надзея мая!
Маці міласэрнасці, маліся за нас!
О Маці мая, ахоўвай мяне ад грахоў смяротных!
Учыні, о Марыя, каб жыў я ў Богу,
з Богам і для Бога!
Маліся за нас, святая Багародзіца, каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.
Найсвяцейшае Сэрца Марыі, будзь маім збаўленнем!
Маці Нястомнай Дапамогі, маліся за нас!
Маці сіротаў, маліся за нас!

Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыi (Ларэтанская) >>>

 
Малітвы да святых і благаслаўлёных
15.07.2008 14:44

qqqМалітва да святога Арханёла Міхала,
апекуна Беларусі
(29. IX)*

Святы арханёле Міхале, князю войскаў анёльскіх! Прыйдзі на дапамогу людзям, якім пагражае сіла цемры. Яны ж былі створаныя на падабенства Божае, адкупленыя праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста, Сына Божага, прызначаныя на святыню Божую, каб прабываў у іх Дух Святы.

У табе, святы Міхале, Касцёл мае свайго абаронцу і апекуна, ты вядзеш збаўленых да нябеснага шчасця. Прасі Бога аб спакоі, каб перамог уладу сатаны, сейбіта хаосу, і каб не дазволіў трымаць людзей у няволі і шкодзіць Касцёлу. Няхай Беззаганная Панна, апранутая ў сонца Каралева анёлаў, праз цябе струшчыць галаву антыхрысту і абароніць сваіх зямных дзяцей ад яго варожага ўплыву.

Святы арханёле Міхале, абаронца хвалы Найвышэйшага, занясі нашыя просьбы да Бога і выпрасі для нас Яго міласэрнасць. Беражы нас у змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа, будзь нам абаронаю. Князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Паспрыяй, каб мы праз усю вечнасць былі вернымі твайму закліку «Хто ж, калі не Бог!» Амэн.

* У дужках падаецца дзень, у які ўшаноўваецца святы ці благаслаўлёны.

qqqМалітва да св. Юзафа, рамесніка (19. ІІІ)
(паводле св. Пія X, папы)

Праслаўлены святы Юзэфе, прыклад для ўсіх працуючых, выпрасі для мяне ласку, каб працаваў я ў духу пакаяння, прагнучы перапрасіць за шматлікія мае грахі; каб працаваў сумленна з пачуццём абавязку, а не для свайго задавальнення; каб працаваў з радасцю і ўдзячнасцю Богу і ганарыўся тым, што магу жыць і развіваць праз працу дары, атрыманыя ад Бога; каб працаваў годна, спакойна, па меры сваіх сіл і з цярплівасцю, не адступаючы перад стомаю альбо цяжкасцямі; каб працаваў перадусім у добрай інтэнцыі, забываючы пра сябе, пастаянна памятаючы пра тое, што ў момант смерці я павінен буду адказаць за страчаны час, за змарнаваныя таленты, за занядбанне добрага, за пустую ганарыстасць у час поспеху, што так шкодзіць у Божых справах. Усё для Езуса, усё праз Марыю, усё па твайму прыкладу, о святы ойча Юзэфе. Няхай гэтыя словы будуць маім дэвізам на працягу жыцця і ў хвіліну смерці. Амэн.

qqqМалітвы да св. Юды Тадэвуша (28. Х)

Св. апостал Юда, празваны Тадэвушам, што азначае «велікадушны», быў братам Якуба Меншага і сваяком Езуса Хрыста. Тадэвуш, як і яго браты, усім сэрцам адданы справе распаўсюджвання Евангелля, спадарожнічаў Збавіцелю падчас Яго апостальскай дзейнасці. Ён – аўтар Паслання, адной
з кніг Новага Запавету. Згодна з традыцыяй, першапачаткова абвяшчаў Евангелле ў Месапатаміі. Пазней сустрэўся са св. Сымонам у Персіі, дзе яны разам прынялі мучаніцкую смерць.

Малітва аб апецы

Святы Юда Тадэвуш, мой магутны абаронца і апякуне, у сваіх клопатах і цярпеннях аддаюся тваёй цудоўнай апецы.

Я ўдзячны табе за ўсе ласкі, якія ты для мяне выпрасіў. Прашу, і надалей дапамагай мне ў працы, суцяшай у смутку, беражы ад спакусаў. Будзь маёю сілаю ў цяжкасцях, аховаю ў небяспецы.

Учыні, каб я прачынаўся з Богам і з Богам ішоў на спачынак. Дзень за днём вядзі мяне штораз бліжэй да Сэрца Езуса, каб адпачыў я ў Ім пасля працы і жыццёвых змаганняў, каб замест эгаізму, пыхі і абыякавасці ў маім сэрцы запанавалі любоў, ахвярнасць і пакора. Амэн. 


Малітва ў патрэбе

Святы Юда Тадэвуш! Ты спрадвеку быў заступнікам тых, хто страціў усялякую надзею на паратунак. У твае рукі я аддаю цярпенні і смутак свайго сэрца. Я спадзяюся на тваё пасрэдніцтва перад Богам. Аддаючы табе сёння свой страх, з якім можа справіцца толькі Бог усемагутны, у пакоры сэрца малю аб заступніцтве. Прашу цябе: выпрасі мне ў Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі гэтую ласку (назваць просьбу), аб якой з надзеяй малю. Амэн.
Ойча наш..., Вітай, Марыя..., Хвала Айцу...


Малітва ў хвіліну роспачы

Святы Юда Тадэвуш, сваяк Езуса Хрыста, Пана нашага, вялікі апостал і мучанік, славуты дабрадзейнасцямі і цудамі! Ты — магутны заступнік у цяжкіх сітуацыях і безнадзейных справах.

Звяртаюся да цябе з пакораю і даверам, з глыбіні душы просячы аб тваёй дапамозе перад Богам.

О святы мой апякуне, якому Пан Бог даў прывілею ратаваць у тых выпадках, калі ўжо няма надзеі на дапамогу, зірні на мяне ласкава! Жыццё маё поўнае пакутаў і суму; дзень за днём праходзіць яно ў душэўным прыгнёце, а сэрца маё напоўнілася горыччу. Мае жыццёвыя дарогі вядуць праз пакуты, і рэдкі дзень мінае без клопату і слёз. Розум мой агорнуты цемраю; неспакой, заняпад духуі нават роспач урываюцца ў душу так, што я амаль забываю пра Божы Провід.

О святы мой апякуне! Ты не можаш пакінуць мяне ў роспачы. Я не адыду ад ног тваіх, пакуль ты не выслухаеш мяне. Паспяшайся мне на паратунак, і я буду дзякаваць табе ўсё сваё жыццё, павялічваючы тваю славу. Амэн.


Малітва падзякі

Прымі, святы Юда Тадэвуш, удзячную малітву таго, хто знайшоў у цябе дапамогу і літасць. Ведаю, што менавіта тваё заступніцтва выпрасіла для мяне ў Пана Бога палёгку ў цяжкай сітуацыі. Праслаўляю імя тваё і буду дзякаваць табе да канца свайго жыцця. Амэн.

qqqМалітвы да св. Бэнэдыкта (11. VIІ)

Св. Бэнэдыкт, абат, айцец заходняга манаства. Нарадзіўся каля 480 г.  у Нурсіі (Італія). Некалькі гадоў жыў у пустэльні, потым у Монтэ-Касіна заснаваў ордэн бэнэдыктынаў. Памёр у 543 г. Папа Павел VI у 1964 г. абвясціў св. Бэнэдыкта апекуном Еўропы.

Божа, наш Ойча, Ты напоўніў святога Бэнэдыкта духам Твайго Сына і ўчыніў яго слаўным настаўнікам евангельскай дасканаласці. Дапамажы нам, каб мы, ушаноўваючы яго поўны бляску пераход на неба, імкнуліся да вяршыняў любові і хвалы. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

* * *

Божа, Ты ўдзяліў святому Бэнэдыкту ўсялякія ласкі ў хвіліну смерці, просім Цябе, учыні, каб ён сваім заступніцтвам абараняў нас ад пастак сатаны. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

qqqМалітва да св. Антонія (13. VІ)

Св. Антоні Падуанскі – заступнік тых, хто шукае згубленыя рэчы, апякун нарачоных і сужэнстваў. Ён стаў вядомым у XIII ст. перш за ўсё як тэолаг, францішканскі прапаведнік і абаронца пакрыўджаных людзей. Памёр 13 чэрвеня 1231 г. у Італіі, непадалёк ад Падуі. Праз год пасля смерці быў кананізаваны, а ў 1946 г. абвешчаны доктарам Касцёла. 

Святы Антоні, слаўны слуга і прыяцель Езуса Хрыста, ты быў годны насіць Яго на руках у постаці Дзіцяці
і сёння цешышся з Ім у нябеснай краіне. Я ўдзячны Богу за ўсе ласкі і дабрадзейнасці, якія ты выпрасіў для маёй душы. Зноў выбіраю цябе сёння маім апекуном, заступнікам і верным айцом. Абяцаю, што заўсёды буду шанаваць і любіць цябе.

Прашу цябе, святы ойча, вазьмі мяне ў сваю апеку і дапамагай ва ўсіх маіх пачынаннях. Не пакідай мяне, будзь маім спадарожнікам на шляху да вечнасці, маім заступнікам і абаронцам, маёю пуцяводнаю зоркаю як у жыцці, так і пасля смерці. Амэн.

qqqМалітва да св. Андрэя Баболі (16. V)

Св. Андрэй Баболя нарадзіўся 30 лістапада 1591 г. Належаў да ордэна езуітаў, служыў у Вільні, Нясвіжы, Бабруйску, Пінску, быў вядомы як прапаведнік і спаведнік. Шмат зрабіў для адзінства хрысціянаў. 16 мая 1657 г. у Янаве Палескім (цяпер — Іванава Брэсцкай вобл.) быў замучаны казакамі.

Святы Андрэй Баболя, ты так умілаваў нашага Пана Езуса Хрыста, што з маладых гадоў прысвяціў сябе служэнню Яму і цалкам аддаў сябе здабыванню для Яго душаў, карыстаючыся прыкладам уласнага жыцця і словам, не шкадуючы сваіх сілаў і намаганняў ажно да мучаніцкай смерці, якою закончылася тваё апостальскае жыццё. Прашу цябе, праз твае заслугі перад Богам і любоў, якою ты да Яго палаў, выпрасі для мяне ласку, якой так прагну (назваць просьбу).

Дапамагай мне таксама на працягу ўсяго жыцця майго, каб па тваім прыкладзе я заўсёды быў паяднаны з Сэрцам Езуса і цешыўся апекаю Яго Беззаганнай Маці. Амэн.

qqqМалітва да св. Максімільяна Кольбэ (14. VIII)

Св. Максімільян Марыя Кольбэ нарадзіўся 8 студзеня 1894 г. у Польшчы. Вучыўся ў Рыме і атрымаў ступень доктара. У 1918 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў ордэне францішканаў.

Заснавальнік апостальскага таварыства «Рыцарства Беззаганнай» і рэлігійнага часопіса «Рыцар Беззаганнай». Пэўны час служыў у Гродне. Падчас акупацыі быў арыштаваны і вывезены ў Асвенцым.

Там ахвяраваў сваё жыццё за аднаго са зняволеных, бацьку сям’і. Памёр у камеры смерці ў ліпені 1941 г. Папа Павел VІ беатыфікаваў Максімільяна Кольбэ ў  кастрычніку 1971 г., а папа Ян Павел ІІ кананізаваў яго 10 кастрычніка 1982 г.

Божа, Ты напоўніў любоўю да бліжніх і палымяным жаданнем служыць справе збаўлення душаў святога Максімільяна Марыю Кольбэ, святара і мучаніка, які аддана ўшаноўваў Беззаганную Панну. Праз яго заступніцтва ўчыні, каб мы дзеля Тваёй хвалы рупліва служылі бліжнім і ў жыцці і смерці былі падобнымі да Твайго Сына, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

qqqМалітва да св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус (1. Х)

Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус нарадзілася 2 студзеня 1873 г. на поўначы Францыі. Уступіла ў ордэн сясцёр кармэлітанак, маючы няпоўных 15 гадоў. Пражыўшы няшмат гадоў у ордэне, памерла 30 верасня 1897 г. Сваім жыццём яна паказала, як у звычайнай штодзённасці можна быць святою. Папа Пій ХІ у 1951 г. абвясціў яе заступніцай Расіі, а папа Ян Павел ІІ у 1997 г. надаў ёй тытул доктара Касцёла. Касцёл ушаноўвае яе як апякунку місій. 

Пане, Ты сказаў: калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Дай нам, просім Цябе, так наследаваць пакору і шчырасць святой Тэрэзы, панны, каб мы заслужылі вечную ўзнагароду. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

qqqМалітва да св. Піо (23. ІХ)

Св. Піо з П’етрэльчыны, святар ордэна Братоў Меншых Капуцынаў, нарадзіўся 25 мая 1887 г. у паўднёвай Італіі. У 1903 г. паступіў у навіцыят айцоў капуцынаў. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 1910 г. З 1916 г. да канца жыцця спаўняў святарскую паслугу ў Сан-Джавані-Ратонда. 20 верасня 1918 г. айцец Піо атрымаў дар стыгматаў на руках, нагах і падрабер’і. Айцец Піо быў чалавекам гераічнай веры і няспыннай малітвы. На працягу ўсяго свайго зямнога жыцця ён цярпеў вялікія пакуты, ахвяруючы іх Богу за грахі людзей. Памёр у святасці 23 верасня 1968 г. Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў яго ў 1999 г., а 16 чэрвеня 2002 г. абвясціў святым.

Усемагутны вечны Божа, Ты святога айца Піо адарыў ласкаю асаблівым чынам падзяляць муку Твайго Сына на крыжы і праз яго служэнне здзейсніў новыя цудоўныя справы Тваёй міласэрнасці. Праз яго заступніцтва ўчыні, каб, няспынна ўдзельнічаючы ў цярпенні Хрыста, мы былі шчасліва прыведзеныя да хвалы ўваскрашэння. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

qqqМалітва да святога Апекуна

Святы N. (імя), імя якога я нашу, мой літасцівы апякуне, тваёй апецы, асабліва ў сённяшні дзень, я аддаюся і прашу, каб ты сваім заступніцтвам перад Богам дапамагаў мне ва ўсялякіх патрэбах маіх, ратаваў ад зла і выпрасіў для мяне ласку вернага наследавання тваіх цнотаў.

Учыні, мой дарагі апякуне, каб я захаваў вернасць Богу, нягледзячы на ўсе нягоды зямнога жыцця, і заслужыў ласку шчаслівай смерці. Амэн.

 
Малітвы да Маці Божай
15.07.2008 14:34

qqq Малітва да Маці Божай Фацімскай

Наша Фацімская Пані Ружанцовая, Ты праз траіх пастушкоў параіла нам замілаванне да малітвы, асабліва да малітвы ружанцовай, а таксама заахвоціла захоўваць сапраўдны дух пакаяння як сродак вечнага збаўлення. Просім Цябе, дапамажы нам, каб мы ў духу вернай паслухмянасці Тваім мацярынскім парадам адшукалі дарогу да неба. Амэн.

qqq Малітва ахвяравання сябе Маці Божай

Маці Божая, Беззаганная Марыя! Табе прысвячаю цела і душу маю, усе малітвы і працу, радасць і цярпенні, усё, чым я ёсць, і ўсё, што я маю. Шчырым сэрцам аддаюся Табе ў няволю любові. Даю Табе поўную свабоду карыстацца мною дзеля выратавання людзей і дзеля дапамогі святому Касцёлу, Маці якога Ты з’яўляешся. Хачу з гэтага часу рабіць усё з Табою, праз Цябе і дзеля Цябе. Ведаю, што ўласнымі намаганнямі нічога не зраблю. Ты ж усё можаш па волі Сына Твайго і заўсёды перамагаеш. Апякунка верных, учыні, каб мая сям’я, парафія і ўся Айчына сталі сапраўдным Валадарствам Твайго Сына і Тваім Валадарствам. Амэн.  

qqq Малітва да Маці Божай Нястомнай Дапамогі

О Маці Божая Нястомнай Дапамогі, з вялікім даверам прыходжу сёння да Твайго святога абраза, каб прасіць Тваёй дапамогі. Не спадзяюся на свае заслугі і на свае добрыя ўчынкі, але толькі на бязмежныя заслугі Пана Езуса і на Тваю неспасцігальную мацярынскую любоў.

Ты глядзела, о Маці, на раны Адкупіцеля  і на кроў Ягоную, што пралілася на крыжы дзеля нашага збаўлення. Сын Твой, які паміраў, даў нам Цябе за Маці. Ці ж не будзеш Ты для нас, як сведчыць Твой цудоўны тытул, нястомнай Заступніцай?

Таму, о Маці Божая Нястомнай Дапамогі, праз балесную муку і смерць Твайго Боскага Сына, праз невыказныя цярпенні Твайго Сэрца, о Заступніца, вельмі горача малю Цябе, выпрасі мне ў свайго Сына тую ласку, якой вельмі жадаю і якая мне так патрэбна (назваць просьбу).

Ты ведаеш, о Маці благаслаўлёная, як хоча Езус, Адкупіцель наш, удзяліць нам усялякіх пладоў Адкуплення. Ты ведаеш, што гэтыя скарбы былі аддадзеныя ў Твае рукі, каб Ты іх нам удзяляла. Таму, о найласкавейшая Маці, выпрасі для мяне ў Сэрца Езуса тую ласку, аб якой у гэтай малітве пакорна прашу, а я з радасцю буду праслаўляць Тваю міласэрнасць праз усю вечнасць. Амэн.

qqq Малітва да Маці Божай Вастрабрамскай

Беззаганная Маці Божая, Каралева неба, Маці міласэрнасці, Заступніца і Прытулак грэшнікаў! Вось я, натхнёны ласкамі, якія Ты так шчодра выпрасіла для мяне сваёю мацярынскаю ласкавасцю са скарбаў любові Божай, пастанаўляю цяпер і назаўсёды аддаць у Твае рукі сваё сэрца, каб Ты прысвяціла яго Езусу. Амэн.

qqq Малітва да Маці Божай Будслаўскай

Маці Божая Будслаўская, наша Пані і Каралева, мы, Твае падданыя, схіляючы пакорна перад Табою галовы, абяцаем, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збаўцы, вернымі Табе і Касцёлу.

З бязмежным даверам аддаем Табе ў апеку нас саміх, нашыя сем’і, нашыя парафіі, нашыя дыяцэзіі, наш Касцёл на Беларусі.

Аддаем Табе ў апеку нашых дзяцей, нашу моладзь і дарослых, асабліва хворых, церпячых, слабых, самотных, старых, пакінутых, сіротаў і ўсіх, каму патрэбныя дапамога, падтрымка і абарона.

Апякунка наша, Каралева наша, дапамагай нам, кіруй намі, апякуйся намі.

Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца. Амэн. 

qqq Малітва да Маці Божай Лагішынскай

Маці Божая Лагішынская, Каралева Палесся, глянь на нас ласкава і выслухай нашую пакорную малітву.

Найлепшая наша Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты дапамагаеш нам, што выціраеш нашыя слёзы, што заўсёды знаходзішся побач з намі.

Даручаем Тваёй матчынай апецы Святога Айца, духавенства і верны люд Божы. Абяцаем быць вернымі Твайму Сыну, Пану нашаму Езусу Хрысту, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

qqq Малітва да Маці Божай Берасцейскай

Маці Божая Берасцейская, Пані выратавання, поўная ласкі і міласэрнасці, Маці пакінутых, суцяшальніца расчараваных, шлях блукаючых, успамога тых, хто патрабуе апекі, Маці Няспыннага Паратунку, будзь ласкава паспяшыць на дапамогу нам. Спашлі духа Божай ласкі ў нашыя нячулыя сэрцы. Знішчы бязвер’е і сумненні ў нашых сем’ях, пакажы любоў і радасць жыцця з Богам. Маці Божая Берасцейская, заступіся за нас. Амэн.

qqq Малітва да Маці Божай Браслаўскай

Вітай, Марыя, наша Маці і Апякунка, Валадарка азёраў, чыё светлае мацярынскае аблічча ззяе ў Браслаўскім санктуарыі над водамі роднага краю. Як і нашыя продкі, мы шукаем у Цябе паратунку сярод жыццёвых бураў і цярпенняў. Будзь маяком для тых, хто блукае ў цемры, і надзейнаю гаванню для ўсіх вандроўных дзяцей Тваіх. Няхай святло Твайго аблічча паказвае шлях караблю святога Касцёла, каб усе вернікі пад кіраўніцтвам Святога Айца, біскупаў і святароў шчасліва дасягнулі мэты зямнога вандравання — Езуса Хрыста, Твайго Сына, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

qqqМалітва да Маці Божай Кангрэгацкай

О Марыя, Найсвяцейшая Багародзіца Кангрэгацкая, пакорна дзякуем Табе за тое, што Ты шчодра адорваеш ласкамі і дабротамі сваіх слугаў, якія пабожна ўшаноўваюць цябе ў Тваім гродзенскім абразе. Мы, нягодныя Твае слугі, пакорна просім Цябе не забывацца таксама і пра нас. Будзь нашаю Заступніцаю перад Тваім Сынам, каб Ён асцярог нас ад граху і прывёў да вечнага збаўлення; май у апецы краіну нашу і верны Табе народ Божы; благаславі нашыя сем’і і няспынна захоўвай іх у любові, супакоі і адзінстве; вазьмі пад апеку нашую моладзь і не дай ёй збочыць са шляху справядлівасці, але дазволь ёй узрастаць у веры і цнотах, о ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя. Амэн.

qqq Малітва да Маці Божай Тракельскай

Найпрыгажэйшая Панна і наймілейшая Багародзіца, на Тваім тракельскім абразе Ты ўмольна просіш і песціш на руках сваіх Божага Сына. Дай нам ва ўсіх справах Тваю матчыну дапамогу. Ці ж можа хто пералічыць усе цуды, здзейсненыя праз Тваё заступніцтва, якія Ты адзіны, усемагутны Божа, найлепш ведаеш? Кожны дзень, у кожную хвіліну аб’яўляюцца тут Твае ласкі. Маці нашая, просім Цябе: дазволь нам абвяшчаць Тваю хвалу тут, на зямлі, а ў вечнасці — на нябёсах. Просім Цябе сёння і заўсёды: не пакідай нас без Тваёй апекі, о Найсвяцейшая Панна Марыя. Амэн.

 
Cвяты Бонавэнтура, біскуп і доктар Касцёла
15.07.2008 13:25
Cвяты Бонавэнтура, біскуп і доктар КасцёлаДжаванні дэ Фіданца нарадзіўся каля 1218 г. у Італіі. Вучыўся ў Парыжы, дзе стаў доктарам тэалогіі, а ва ўзросце 30-ці гадоў уступіў у ордэн францішканаў, прыняўшы імя Бонавэнтура. Праз пэўны час быў прызначаны генералам ордэну, сёмым у гісторыі. Ён кіраваў францішканамі на працягу семнаццаці гадоў настолькі паспяхова, што яго пачалі называць другім заснавальнікам супольнасці.
 
Малітвы ў розных патрэбах
14.07.2008 14:54

qqqДа Божага Провіду

О вечны Божа, Ты глядзіш на нас вачыма свайго Провіду. Адары нас, калі на гэта ёсць воля Твая, святою ласкаю сваёю, каб мы былі паслухмяныя ўсім наказам Тваім у часе нашай зямной пілігрымкі і праз гэта дасягнулі нябесных дабротаў.

Божа, Твой Провід не памыляецца ў сваіх наказах, пакорна просім Цябе, усё шкоднае ад нас аддалі, а ўсё карыснае нам дай.

Усемагутны вечны Божа, Ты ў сваёй  шчодрай дабрыні пераўзыходзіш заслугі і просьбы тых, хто Цябе просіць. Акажы нам сваю міласэрнасць, прабач нам усё тое, што дакарае нашае сумленне, і дай нам тое, што просьбаю выказаць не можам. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

qqq

Аб любові да Бога

Божа сусвету, ад Цябе паходзіць усялякая дасканаласць. Укарані ў сэрцах нашых любоў да Твайго святога імені і дай нам ласку ўзрастаць у пабожнасці; умацуй у нас усё добрае і клапатліва беражы ўмацаванае Табою.

Адары нас, Пане, пастаяннаю бояззю і любоўю да святога імені Твайго, бо Ты ніколі не адмаўляеш у апецы тым, каго ўмацоўваеш у сваёй любові.

Божа, Ты для тых, хто Цябе любіць, падрыхтаваў нябачныя даброты, таму ўлі ў нашыя сэрцы гарачую любоў да Цябе, каб мы, мілуючы Цябе ва ўсім і больш за ўсё, атрымалі абяцаную спадчыну, якая пераўзыходзіць усялякія жаданні.

Усемагутны вечны Божа, памнож у нас веру, надзею і любоў і дай нам палюбіць Твае запаведзі, каб мы маглі атрымаць абяцаную ўзнагароду і вечна праслаўляць Цябе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

qqqАдданне сябе Богу

Мой Пане і мой Божа, вазьмі ўсё, што мяне ад Цябе аддаляе.
Мой Пане і мой Божа, дай усё, што мяне да Цябе набліжае.
Мой Пане і мой Божа, вазьмі мяне ў поўную ўласнасць сваю. Амэн.

* * *

Адвечнае Слова, Адзінародны Сыне Божы, навучы мяне сапраўднай велікадушнасці. Навучы мяне годна служыць Табе, даваць бескарысліва, змагацца, не зважаючы на боль, працаваць аддана, дапамагаць, не чакаючы падзякі, з усведамленнем, што я выконваю Тваю святую волю. Амэн.

* * *

Вазьмі, Пане, усю маю свабоду, прымі маю памяць, розум і волю. Усё, што я маю і чым валодаю, Ты мне падараваў, а я аддаю і вяртаю Табе ўсё, каб Ты мною кіраваў паводле волі Тваёй. Дай  мне толькі Тваю любоў і ласку, і буду я дастаткова багаты і нічога больш шукаць не буду. Амэн.

qqqМалітва да Духа Святога

Уладару Нябесны, Суцяшыцель, Духу праўды! Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, скарбніца дабра і Даўца жыцця, прыйдзі і пасяліся ў нас, ачысці нас ад усяго благога, і асвяці душы нашыя. Амэн.

qqqМалітва да ўкрыжаванага Хрыста

Збавіцель наш, Езу Хрыстэ! Бачу Цябе, прыбітага да крыжа дзеля Тваёй вялікай любові да роду людскога. Галаву маеш нахіленую, бо хочаш пачуць усе нашыя малітвы; сэрца маеш адкрытае, бо хочаш даць усім ласку Тваю; рукі маеш распасцёртыя, бо хочаш усіх нас да сябе прыгарнуць; ногі маеш прыбітыя цвікамі, бо хочаш быць заўсёды з грэшнікамі. Малю Цябе сёння, дзеля тваёй горкай смерці і пачэснага крыжа пачуй малітвы мае, пашлі мне ласку Тваю, прыгарні мяне да сябе і будзь са мною ў хвіліну смерці маёй. Амэн.qqqМалітва да Найсвяцейшай Тройцы

Найсвяцейшая Тройца, змілуйся над намі; Пане, ачысці грахі нашыя; Валадару, прабач правіны нашыя; Святы, наведай і аздараві слабасці нашыя дзеля Твайго iмя.

qqqМалітва за Касцёл

Езу Хрыстэ, Касцёл святы – гэта Твая Божая справа. Учыні, каб паводле Тваёй волі быў ён адзіны, святы, паўсюдны і цалкам скіраваны да той дасканаласці, да якой Ты яго паклікаў.

Дай Касцёлу пастаянную жыццяздольнасць і чуйную ўвагу да знакаў часу, каб ён умеў усё спазнаць і ўсё добрае захаваць у кожным часе і ва ўсіх абставінах.

Учыні, каб сярод хрысціянаў любоў была галоўным прынцыпам, міласэрнасць – асабліваю рысаю, справядлівасць – хлебам штодзённым, мужнасць у справах – вернасцю, малітва – адпачынкам, радасць – узнагародаю.

Просім Цябе, каб Тваё Валадарства праўды і жыцця, святла і ласкі, справядлівасці, любові і спакою пашыралася і ўмацоўвалася з кожным днём. Амэн.

qqqМалітва за Святога Айца

Усемагутны Божа, Ты ўстанавіў Святога Айца бачнаю галавою святога Касцёла. Атуляй заўсёды наступніка святога Пятра сваёю ласкаю і благаслаўленнем. Адары яго ласкаю доўгага жыцця, добрага здароўя, суцеш у цярпеннях і ўчыні,  каб яго апостальская праца прынесла як мага большы плён для ўсяго хрысціянства. Змілуйся, Божа, над ім праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых, а таксама дазволь, Ойча Нябесны, каб ён усіх нас давёў да жыцця вечнага. Амэн.
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...

qqqМалітва за святароў

Ойча Нябесны, Тваёй апецы давяраем нашых пастыраў, якія падаюць нам хлеб слова Божага і Хлеб Эўхарыстычны. Дай ім сілу для працы і айцоўскае сэрца, каб мы праз іх паслугу маглі дайсці да збаўлення вечнага. Амэн.

qqqМалітва за памерлых святароў

Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі Апосталамі. Амэн.

qqqМалітва за парафію

Пане Езу Хрыстэ, Добры Пастыр! Глянь ласкава з нябёсаў на нашу парафію, на гэты маленькі статак у Тваёй вялікай аўчарні святога Касцёла. Просім Цябе за нашу супольнасць, за старых і маладых, за добрых і грэшных, за здаровых і хворых. Беражы дзяцей нашай парафіі ад усялякай сапсаванасці і дапамажы ім вырасці на Тваю хвалу і ўцеху бацькам. Барані нашу моладзь ад грахоў, распалі ў ёй любоў да цнатлівасці, а лепшых сярод яе выберы сабе на службу ў святарскім і манаскім стане. Благаславі бацькоў, каб сваім словам і прыкладам належна выхоўвалі моладзь. Умацуй хворых, прасвятлі тых, хто ў сумненнях і роспачы, запалі сэрцы абыякавых, навярні грэшнікаў і суцеш засмучаных. Беражы нашу парафію ад аблудаў і ерасяў, ад усялякіх цяжкіх грахоў, што выклікаюць Твой справядлівы гнеў. Умацуй нас, каб мы верна трымаліся святых традыцый нашых продкаў і адзінага паўсюднага каталіцкага Касцёла. Дай нашым парафіянам паразуменне і любоў да дасканаласці, благаславі тых, хто прыступае да Тваіх святых сакрамэнтаў, і адары трывалым поспехам працу нашага пастыра, каб мы ўсе пад ягонаю апекаю шчасліва ўвайшлі ў Тваё Валадарства. Амэн.

qqqМалітва міністранта

Пане Езу Хрыстэ, Ты паклікаў мяне, каб я ішоў за Табою да Айца. Хачу ісці з Табою; будзь святлом, якое мяне асвячае. Будзь сілаю, якая мяне напаўняе. Будзь маім Настаўнікам, якога я слухаю і за якім іду. Запішы свае словы ў сэрца маё. Навучы мяне наследаваць Цябе. Напоўні мяне Тваім жыццём, каб я праслаўляў Айца і служыў братам так, як Ты вучыў. Выбаў мяне ад граху. Дапамажы мне жыць згодна з Тваёю воляю. Удзялі мне свайго Духа і дазволь, каб Тваё абяцанне выканалася ўва мне. Хачу жыць ва ўдзячнасці Табе, з Табою і ў Табе – у любові Духа Святога дзеля хвалы Айца.

Марыя, Маці Касцёла, будзь для мяне Маці на шляхах майго жыцця. Выпрасі мне, Маці цудоўнай любові, Духа любові, Духа мудрасці крыжа, які вядзе да ўваскрашэння. Амэн.

qqМалітва перад чытаннем Святога Пісання

Духу Святы Божа, вось мы стаім перад Табою, як некалі Самуэль, і просім: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой». Дай нам ласку глыбокага разумення Твайго слова, каб мы маглі зразумець і захаваць яго на ўсё сваё жыццё. Амэн.

qqqМалітва пасля чытання Святога Пісання

Духу Святы Божа, гэтак, як Апосталы, мы хочам спаўняць слова, а не толькі слухаць яго. Дай нам моцы Тваёй, каб, спаўняючы пачутае слова, мы ўзрасталі ў цнотах дзеля збаўлення душаў нашых і нашых бліжніх. Амэн.

qqqМалітва за Айчыну
(паводле кс. Пятра Скаргі)

Божа, Валадару і Пане народаў, з рук сваіх і волі сваёй не выпускай нас, а праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны і Каралевы нашай благаславі Айчыну нашу, каб яна была заўсёды верная Табе і хвалу прыносіла Твайму святому імені, а сыноў і дачок сваіх вяла да вечнага шчасця.

Усемагутны вечны Божа, адары нас глыбокаю і шчыраю любоўю да братоў, сясцёр і  наймілейшай маці-Айчыны нашай, каб мы ёй і люду Твайму, забыўшыся пра ўласную карысць, годна служыць маглі.
Спашлі Духа Святога на слугаў Тваіх, якія кіруюць нашай краінай, каб яны згодна з Тваёю воляю маглі мудра і справядліва кіраваць давераным ім людам. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

qqqМалітва на заканчэнне старога года

Божа, Ты праз пастаянную змену дзён, начэй, месяцаў і гадоў паказваеш нам, як мінае час. Дай нам, просім, так умела выкарыстоўваць час на малітву, працу і адпачынак, каб мы маглі пасля цяжкасцяў зямнога жыцця атрымаць вечны адпачынак у небе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

qqqМалітва за Айчыну
(чытаецца на заканчэнне года)

Усемагутны Божа, узносім да Цябе малітвы за нашу Айчыну і народ і дзякуем Табе за незлічоныя дабрадзейнасці, якімі Ты меў ласку з любоўю адарыць нас. Асабліва дзякуем за тое, што Ты паклікаў нас да святой каталіцкай веры і дазволіў нам шмат вытрываць дзеля яе, што даў нам паўсюдную і асаблівую любоў да нашай Каралевы і Тваёй Найсвяцейшай Маці, а таксама ўпэўненасць, што і Яна, як Маці, нас любіць. Дзякуем за ўсе выпрабаванні, праз якія нас наведваў і наведваеш. Праслаўляем праз іх не толькі найсвяцейшую волю Тваю, але таксама любоў і дабрыню, якая ўсюды так бачна шукае карысці для нас і для іншых.

Просім Цябе, спрадвечны Ойча, каб мы пастаянна ўзрасталі ў веры і вернасці і заўсёды выконвалі з нязменнай ахвотай Тваю волю. Учыні, каб заўсёды трываў у нас каталіцкі дух і сыноўняя адданасць Апостальскай Сталіцы; навучы нас пакорна прызнавацца ў сваіх правінах і шчыра за іх пакутаваць; дай нам братнюю згоду, пакору і пачуццё справядлівасці; запалі ў нашых сэрцах сапраўдную любоў да ўсіх, з кім нас альбо адна кроў яднае, альбо звязваюць жыццёвыя абставіны, альбо ўчыненыя нам крыўды і несправядлівасці раздзяляюць нас на варожыя лагеры.

Дай нам, о Божа, такую святасць, якая не ведае помсты і ўзносіцца па-над самалюбствам асабістым і нацыянальным. Не дазволь нам праз легкадумнасць альбо праз маладушнасць сысці з дарогі высакародных прынцыпаў альбо грашыць лянотаю, адсутнасцю  пастаянства, не дазволь забаўляцца ўяўленнямі праўды і выдумкамі. Знішчы ў нашых сэрцах жаданне дарэмнай хвалы і прагу часовых задавальненняў, каб мы няспынна і поўным крокам імкнуліся да хвалы ў небе, бо толькі яна адна – сапраўдная хвала і сапраўднае шчасце.

О Пане, абудзі ў нашых сэрцах апостальскую адданасць, каб мы ні на каго не рабілі дрэннага ўплыву, а імкнуліся дапамагаць усім у справе збаўлення, каб праз ўчынкі, малітву і любоў памнажалі Тваю хвалу. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

qqqМалітва на пачатак новага года

Пане Езу, Ты вучыў нас усё пачынаць у імя Тваё. Таму ў імя Тваё мы распачынаем новы  год. Праслаўляем Цябе, Езу, Валадару вякоў, і дзякуем Табе за падараваны час. Няхай імя Тваё ўшаноўваецца на ўсёй зямлі, няхай прыйдзе Валадарства Тваё.

Дапамажы нам у гэтым годзе ўсё лепш распазнаваць, прымаць і выконваць Тваю святую волю. Шчодраю рукою май ласку адорваць кожнае стварэнне, няхай кожны мае штодзённы хлеб. Навучы нас любіць братоў  і  жыць у згодзе з бліжнімі. Адары ўсіх нас спакоем. Май ласку дараваць нам грахі і вызвалі нас ад усялякага няшчасця, якое можа нам пагражаць.

Панна Марыя, урачыстасць Мацярынства якой мы сёння адзначаем, атулі жыццё наша сваёю Матчынаю апекаю. Амэн.

qqqМалітва св. Францішка аб духу любові

Учыні мяне, Пане,
прыладаю Твайго спакою,
каб нёс любоў туды,
дзе пануе нянавісць,
каб прабачаў там, дзе абражаюць,
каб яднаў там, дзе сварка і звада,
каб праўду казаў там, дзе ёсць фальш,
каб нёс веру туды, дзе ёсць сумненне,
каб абуджаў надзею там,
дзе пануе роспач,
каб распаліў святло там,
дзе валадарыць цемра,
каб нёс радасць туды,
дзе турбуе неспакой.
Учыні, каб не шукаў я суцяшэння,
а суцяшаў іншых,
каб не прагнуў разумення,
але каб разумеў іншых,
каб не шукаў любові да сябе,
а любіў іншых.
Бо той, хто дае, заўсёды атрымлівае,
хто не шукае свайго, той знаходзіць,
хто прабачае, таму будзе прабачана,
бо, паміраючы, мы нараджаемся
для жыцця вечнага.

qqqМалітва аб пазбаўленні ад дрэнных думак

Усемагутны і міласэрны Божа, выслухай нашыя просьбы і вызвалі нашыя душы ад спакусаў дрэнных думак, каб мы маглі быць годным месцам прабывання Духа Святога. Пане, узносім да Цябе малітвы, каб Ты вызваліў нашыя душы ад нячыстых і нядобрых думак.

Божа, Ты асвячаеш кожнага чалавека, які прыходзіць на гэты свет, асвяці нашыя сэрцы святлом сваёй ласкі, каб мы заўсёды мелі думкі, годныя велічы Тваёй, а таксама шчыра Цябе любілі. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

qqqМалітва ў цярпенні

Усемагутны вечны Божа, суцяшэнне засмучаных і сіла церпячых, пачуй просьбы тых, хто ў кожным цярпенні да Цябе звяртаецца, каб усе яны маглі радавацца, што ў сваіх патрэбах спазналі Тваю міласэрнасць.

Просім Цябе, Пане, выслухай ласкава малітвы свайго люду і, хоць заслужана мы церпім за нашыя грахі, выбаў нас праз сваю міласэрнасць дзеля хвалы імя Твайго.

Божа, Ты знішчыў пыху адвечнага ворага, сатаны, праз цярплівасць свайго Адзінароднага Сына, дай нам, просім, з пашанаю разважаць пра цярпенні Хрыста, якія Ён з любові да нас вынес, і дапамажы нам так, як Ён, у спакоі духа вытрываць усе цяжкасці.

Ойча, калі Ты хочаш, то аддалі ад мяне гэты келіх, аднак не мая, але Твая воля няхай станецца. Амэн.

qqqМалітва самотнага чалавека

Пане мой і Божа, так склалася, што жыву я ў адзіноце. Часам цешыць мяне мая свабода, але часта прыгнятае мяне мая самота і сам у сябе пытаю: якая карысць з такога жыцця?

Дай мне зразумець, што мая самота – гэта не пакінутасць, што я вольны для таго, каб дапамагаць людзям, што я адзін, каб жыць для многіх, што мая любоў патрэбная іншым. Натхні мяне надзеяй, каб маё жыццё стала служэннем. Амэн.

qqqМалітва аб пакоры

Божа, Ты супраціўляешся ганарыстым, а пакорным даеш ласку. Удзялі нам цноту сапраўднай пакоры, прыклад якой даў нам Твой Адзінародны Сын, каб мы пыхаю не выклікалі Твайго гневу, але праз пакору  атрымалі дары Тваёй ласкі.

Просім Цябе, Пане, дазволь нам вымаліць ласку сапраўднай пакоры, каб мы, выкінуўшы з сэрцаў нашых пажадлівасць цела і вачэй, а таксама пыху гэтага свету, жылі разважна, справядліва і пабожна і дасягнулі вечнай узнагароды ў небе.

Пане, няхай Твая ласка ачысціць нас ад бруду нашых грахоў і праз пакору давядзе нас да Валадарства Нябеснага. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

qqqМалітва аб цвярозасці

О добры Божа, дай нам дасканала зразумець, якою вялікаю дабрадзейнасцю з’яўляецца цвярозасць у вачах Тваіх. Няхай знікне ва ўсёй нашай Айчыне п’янства і запануе цвярозасць.

Шчырым сэрцам просім аб дары цвярозасці для ўсіх, каго любім, асабліва для N. (імя), які знаходзіцца ў залежнасці ад алкаголю. А нас саміх, о добры Ойча, навучы асабліва паважаць цноту цвярозасці, іншых да яе заклікаць і вытрываць у заўсёднай еднасці з Езусам Хрыстом, які жыве і валадарыць праз усе вякі вечныя. Амэн.

Маці Божая, Валадарка і Заступніца наша, дапамажы нам.
Святы Міхале арханёле, барані нас.
Святы Яне Хрысціцелю, апякуне цвярозасці, маліся за нас.

qqqМалітва аб благаслаўленні для сям’і

Божа добры і міласэрны, аддаем у Тваю апеку наш дом, сям’ю і ўсё,  што маем. Благаслаўляй нас, беражы ад усяго злога, ахоўвай у небяспецы, захоўвай ад няшчасця, умацоўвай нашу веру.
У смутку і цярпенні дай шчырую надзею. Учыні, каб мы заўсёды былі паяднаныя з Табою. Амэн.

qqqМалітва за бацькоў

Пане Божа, Ты даў нам запаведзь, каб мы шанавалі бацьку і маці. Усім сэрцам люблю сваіх бацькоў. Ведаю, як я ім абавязаны, і таму прашу Цябе: май іх у Тваёй апецы, адары іх здароўем і вядзі па жыцці дарогаю Тваіх запаведзяў. Дай ім шчаслівую старасць, а калі прыйдзе час, прымі іх у сваё Валадарства. Амэн.

qqqМалітва за памерлых бацькоў

Божа, Ойча Нябесны, аддаем Табе ў апеку нашых памерлых бацькоў. Ты ведаеш іх працу і цяжкасці жыцця. Праз муку і смерць Твайго Сына, у якога яны верылі, прабач ім усе грахі і прымі іх у сваё Валадарства. Дапамагай нам весці годнае жыццё, каб мы маглі сустрэцца з імі ў шчаслівай вечнасці. Амэн.

qqqМалітва бацькоў за дзяцей

Пане Божа, Ты паклікаў нас стварыць сям’ю і пажадаў узбагаціць яе нашчадкамі. Даручаем Табе нашых дарагіх дзяцей. Аддаем іх Тваёй усемагутнай бацькоўскай апецы, каб яны пастаянна ўзрасталі ў Тваёй святой боязі, вялі праўдзівае хрысціянскае жыццё і прыносілі радасць не толькі нам, якія далі ім жыццё, але найперш Табе, свайму Стварыцелю. Амэн.

qqqМалітва бацькоў у інтэнцыі зачатага дзіцяці

Марыя, Маці добрай рады, Цябе прашу аб дапамозе, каб зачатае дзіця стала радасцю нашага дома, народа і Касцёла. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

qqqМалітва маці ў благаслаўлёным стане

Умілаваны Нябесны Ойча, дзякую Табе, што даў мне ласку насіць пад сэрцам дзіця і даць яму жыццё. Ты даверыў мне таямніцу жыцця і за гэта я прагну праслаўляць Цябе.

Дазволь мне дзякаваць Табе за гэты вялікі дар. Асвяці ахвяру маіх намаганняў, стань пры мне ў цяжкую хвіліну, дапамажы мужна вытрываць і нарадзіць здаровае дзіця. Разам з мужам мы давяраем яго Тваёй айцоўскай любові і прымем усё, што давядзецца нам выканаць і выцерпець.

Дай мне, Божа, добрыя, чыстыя думкі, каб я жывіла зачатае дзіця не толькі сваёю крывёю, але таксама Тваёю ласкаю, любоўю і сапраўднаю радасцю.

Не дазволь нам ніколі забыць, што гэтае дзіця было даверана нам Табою і павінна стаць дзіцем Божым. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. 

* * *

Маці Езуса, Ты – Маці таго, хто з’яўляецца жыццём. Ты –  Маці жыцця. Бог у сваёй усемагутнасці ўчыніў так, што я таксама нашу ў сабе жыццё і павінна даць яго свету.

Колькі таямніцы ў тым, што паўстае новае чалавечае жыццё, колькі трэба дапамогі Божай, каб гэтае жыццё развівалася ў бяспецы!

Прашу Цябе, Маці, дапамажы, каб я штораз лепш разумела сваё пакліканне да мацярынства як годнасць і адказнасць і каб за гэта была ўдзячная Богу.

Сардэчна прашу, памятай пра мяне і пра ўсіх маці, якія чакаюць нараджэння свайго дзіцяці, і выпрасі для нас шчодрую дапамогу неба.

Божа, наш Ойча, адары маё дзіця самымі прыгожымі зямнымі і нябеснымі дарамі, каб тут, на зямлі, яно прыносіла Табе хвалу, а для нас было крыніцай радасці. Маці Найсвяцейшая, Ты сама спазнала радасць мацярынства, навучы мяне рабіць усё так, каб не ўчыніць крыўды свайму дзіцяці. Выпрасі для мяне цноту цярплівасці і мужнасці, каб дзеля майго дзіцяці я змагла вытрываць усе цяжкасці. Амэн.

qqqМалітва ў кожнай патрэбе

Акажы нам, Пане, вялікую міласэрнасць сваю. Няхай яна вызваліць нас ад усіх грахоў нашых і заслоніць ад караў, якіх мы заслугоўваем.

Просім Цябе, Пане, няхай Твая ласка ачысціць нас і ўмацуе ў служэнні Табе.

Учыні, Пане, просім Цябе, каб мы, вольныя ад зямных прывязанасцяў, імкнуліся да поўнага ўдзелу ў таямніцы жыцця Божага, пачатак якому ў нас даў cвяты хрост. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

qqqМалітва вадзіцеля

Божа, дай мне ўпэўненую руку і пільнае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо калецтва для тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і адвядзі ад мяне спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды спадарожнічалі мне. Амэн.

qqqБлагаслаўленне ў дарозе

Няхай усемагутны і міласэрны Пан вядзе нас дарогаю спакою, а Яго анёл няхай беражэ нас, каб мы ў спакоі і бяспецы змаглі дасягнуць мэты свайго падарожжа. Амэн.

qqqМалітва перад вучобаю

О добры Божа, прасвятлі нас Духам Тваім Святым, які дае розум і ўмацоўвае духоўныя сілы, каб мы ўважліва спасцігалі ўсе навукі і раслі Табе, Стварыцелю нашаму, на славу, бацькам і настаўнікам нашым на радасць і ўцеху, Касцёлу і Бацькаўшчыне на дабро і славу. Амэн.

qqqМалітва перад працаю

Пане і Божа мой, найлепшы Ойча! Ты паклікаў мяне, каб я сваёю працаю ўдасканальваў свет. Дзякую Табе за даручэнні, магчымасці і здольнасці. Дапамажы мне кожны дзень служыць Табе добрасумленнаю працаю, зычлівасцю да супрацоўнікаў, разуменнем і добрым словам.

Добрым настроем і прыкладам я хацеў бы ўлагодзіць сваркі, непаразуменні і падазронасць. Дапамажы мне такім чынам паспрыяць дабру маіх бліжніх і ўдасканаленню свету. Амэн.

* * *

Пане Божа, асвячай нашыя ўчынкі сваім натхненнем і падтрымлівай сваёю дапамогаю, каб мы кожную малітву і працу з Табою пачыналі і з Табою заканчвалі. Амэн.

qqqМалітва аб дажджы

Божа Ойча, Стварыцель неба і зямлі, які аддзяліў воды ад сушы, спашлі нам дождж, каб зямля, Табою створаная, прынесла багаты плён, патрэбны для жыцця людзей, якія з’яўляюцца Тваімі дзецьмі.

Удзялі, Пане, нашым душам шчодрай расы2 Тваёй ласкі, каб мы, узбагачаныя ёю, ахвотна Табе, Ойча, служылі і добрымі ўчынкамі заслужылі тое, аб чым просім. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

qqqМалітва аб добрым надвор’і

Божа, Ты ў Святым Пісанні кажаш, што «ў святле аблічча караля – жыццё» (Прып 16, 15), пакажы нам і зямлі, якую Ты стварыў, святло свайго аблічча і спашлі нам добрае надвор’е.

Сваім ласкавым і светлым абліччам асвяці, Ойча, нашыя сэрцы, умацуй у нас бляск Тваёй ласкі, каб мы праз добрыя ўчынкі атрымалі тое, аб чым просім. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

 
Агульны катэхізіс
14.07.2008 14:39

Галоўныя праўды хрысціянскай веры

  1. Ёсць адзін Бог.
  2. Бог — Суддзя справядлівы: за добрае ўзнагароджвае, а за злое карае.
  3. Бог — адзін у трох Асобах: Бог Айцец, Сын Божы і Дух Святы.
  4. Сын Божы стаўся чалавекам і памёр на крыжы дзеля нашага збаўлення.
  5. Душа чалавека несмяротная.
  6. Ласка Божая неабходная для збаўлення.

Сем сакрамэнтаў Касцёла
  1. Хрост.
  2. Канфірмацыя.
  3. Эўхарыстыя.
  4. Пакаянне.
  5. Намашчэнне хворых.
  6. Пасвячэнне.
  7. Сужэнства.
Пяць умоваў сакрамэнту пакаяння
  1. Рахунак сумлення.
  2. Жаль за грахі.
  3. Цвёрдае пастанаўленне выправіцца.
  4. Шчырая споведзь.
  5. Выкананне прызначанай пакуты.
Дзве запаведзі любові
  1. Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім.
  2. Любі бліжняга твайго, як самога сябе.

Дзесяць Божых запаведзяў

Я – Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі.
  1. Не май іншых багоў, апроч Мяне.
  2. Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна.
  3. Памятай дзень святы святкаваць.
  4. Шануй бацьку свайго і маці сваю.
  5. Не забівай.
  6. Не чужалож.
  7. Не крадзі.
  8. Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго.
  9. Не пажадай жонкі бліжняга твайго.
  10. Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму.

Пяць касцёльных наказаў

  1. У нядзелі і прадпісаныя святы ўдзельнічаць у св. Імшы і не рабіць неабавязковай працы.
  2. Прынамсі раз у год прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
  3. Прынамсі раз у год, у Велікодны перыяд, прыняць св. Камунію.
  4. Захоўваць ва ўстаноўленыя дні пост і ўстрыманне ад мясных страў, а ў перыяды пакаяння не ўдзельнічаць у забавах.
  5. Дапамагаць у патрэбах супольнасці Касцёла.
Сем галоўных грахоў
  1. Пыха.
  2. Хцівасць.
  3. Зайздрасць.
  4. Гнеў.
  5. Распуста.
  6. Неўмеркаванасць у ежы і піцці.
  7. Лянота.
Грахі супраць Духа Святога
  1. Грашыць, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць.
  2. Роспач альбо сумненне ў Божай ласцы.
  3. Супраціўляцца спазнанай праўдзе веры.
  4. Зайздросціць бліжняму, які мае Божую ласку.
  5. Закамянеласць у грахах.
  6. Адкладаць пакаянне аж да смерці.
Грахі, якія наклікаюць Божую помсту
  1. Наўмыснае забойства.
  2. Садомскі грэх.
  3. Крыўда ўбогага, удавы і сіраты.
  4. Затрымліванне належнай платы.
Грахі іншых па нашай віне
  1. Загадваць грашыць.
  2. Намаўляць да граху.
  3. Дазваляць грашыць.
  4. Раіць грашыць.
  5. Хваліць грэх.
  6. Замоўчваць грэх.
  7. Не караць граху.
  8. Дапамагаць грашыць.
  9. Абараняць грэх.
Найважнейшыя хрысціянскія ўчынкі
  1. Малітва.
  2. Пост.
  3. Міласціна.
Учынкі міласэрнасці для душы бліжняга
  1. Настаўляць грэшнікаў.
  2. Вучыць тых, хто не ведае.
  3. Раіць тым, хто сумняваецца.
  4. Суцяшаць засмучаных.
  5. Зносіць цярпліва знявагу.
  6. Дараваць ахвотна крыўду.
  7. Маліцца за жывых і памерлых.
Учынкі міласэрнасці для цела бліжняга
  1. Накарміць галодных.
  2. Напаіць сасмаглых.
  3. Адзець нагіх.
  4. Прыняць у дом падарожных.
  5. Адведваць хворых.
  6. Суцяшаць вязняў.
  7. Пахаваць памерлых.
Тэалагічныя цноты
  1. Вера.
  2. Надзея.
  3. Любоў.
Кардынальныя цноты
  1. Разважлівасць.
  2. Справядлівасць.
  3. Мужнасць.
  4. Устрыманасць.
Чатыры апошнія рэчы
  1. Смерць.
  2. Суд .
  3. Пекла.
  4. Рай.
Дары Духа Святога
  1. Мудрасць.
  2. Розум.
  3. Рада.
  4. Мужнасць.
  5. Умеласць.
  6. Пабожнасць.
  7. Боязь Божая.
Плады Духа Святога
  1. Любоў.
  2. Радасць.
  3. Спакой.
  4. Доўгацярплівасць.
  5. Спагадлівасць.
  6. Дабрыня.
  7. Велікадушнасць.
  8. Вернасць.
  9. Лагоднасць.
  10. Сціпласць.
  11. Умеркаванасць.
  12. Чыстасць.
Евангельскія парады
  1. Убогасць.
  2. Чыстасць.
  3. Паслухмянасць.
Восем благаслаўленняў
  1. Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
  2. Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць.
  3. Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну.
  4. Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць.
  5. Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць.
  6. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
  7. Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць.
  8. Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Хрысціянскае прывітанне
Пахвалёны Езус Хрыстус! 
 – На векі вечныя. Амэн.
альбо:
Хвала Хрысту! 
 – Хвала навекі.
 
Асноўныя малітвы на працягу дня
14.07.2008 14:32


(Асноўныя малітвы на лацінскай мове >>>)

Знак Святога Крыжа

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Праслаўленне Найсвяцейшай Тройцы

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на векі вечныя. Амэн.

Малітва Панская

Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi.

Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.

Анёльскае прывітанне

Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус.

Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн.

Апостальскі сімвал веры

Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых.

Веру ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела, жыццё вечнае. Амэн.

Анёл Панскі

Тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам – звычайна ў касцёлах б’юць званы, заклікаючы вернікаў да праслаўлення Бога ў таямніцы ўцелаўлення, да ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі словамі гэтай малітвы, якая чытаецца стоячы.

Анёл Панскі звеставаў Панне Марыі,
і зачала ад Духа Святога.
Вітай, Марыя...

Вось я, слуга Панская,
няхай мне станецца паводле Твайго слова.
Вітай, Марыя...

А Слова сталася целам
і пасялілася між намі.
Вітай, Марыя...

С.: Маліся за нас, Святая Багародзіца,
Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся:
Божа, просім Цябе, улі ў нашыя сэрцы Тваю ласку, каб мы, пазнаўшы праз анёльскае звеставанне ўцелаўленне Хрыста, Твайго Сына, праз муку Яго і крыж былі даведзеныя да хвалы ўваскрашэння. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Калі Анёл Панскі ахвяруецца за памерлых, тады дадаецца:

Вечны адпачынак дай ім, Пане,
а святло вечнае няхай ім свеціць.
Няхай адпачываюць у супакоі.
Амэн.

У Велікодны перыяд замест малітвы Анёл Панскі чытаецца малітва Уладарка неба:

Уладарка неба, усцешся, аллелюя.
Бо той, каго пад сэрцам насіла, аллелюя,
Уваскрос Ён, як прадказваў, аллелюя.
Богу за нас маліся, аллелюя.

С.: Весяліся і радуйся, Панна Марыя, аллелюя,
Н.: Бо ўваскрос Пан праўдзіва, аллелюя.

Молімся:
Божа, Ты праз уваскрасенне Твайго Сына, Пана нашага Езуса Хрыста, напоўніў свет радасцю, учыні, просім, каб праз заступніцтва Яго Маці, Панны Марыі, мы атрымалі радасць вечнага жыцця. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Акт веры

Веру ў Цябе, Божа вечны,
У Тройцы адзіны, спрадвечны.
Веру ў тое, што аб’явіў Ты, Божа,
Тваё слова памыляцца не можа.


Акт надзеі

Давяраю, бо Ты верны,
Усемагутны і міласэрны.
Дай грахоў мне адпушчэнне,
Ласку й вечнае збаўленне.


Акт любові

Божа, хоць Цябе не разумею,
Ды найбольш любіць умею,
За ўсё, што створана Табою,
Тваёй бязмежнай дабрынёю.
Шкадую за злосць маю,
Бо цаню любоў Тваю.
Май літасць да грэшнага мяне.
Бліжнім прабачаю дзеля Цябе.


Штодзённае ахвяраванне

Божае Сэрца Езуса, ахвярую Табе праз Беззаганнае Сэрца Марыі ўсе малітвы, справы, працу і крыж сённяшняга дня як перапрашэнне за грахі мае. Далучаю іх да ўсіх тых інтэнцый, з якімі Ты за нас ахвяраваўся на Крыжы і пастаянна ахвяруеш сябе на алтары. Ахвярую Табе іх за святы Касцёл, за Айца Святога і ў інтэнцыях сённяшняга дня, а таксама ў інтэнцыях нашай парафіі, сям’і, святароў і маіх родных – жывых і памерлых. Прагну таксама атрымаць усе магчымыя адпусты і ахвярую іх за душы ў чыстцы. Амэн.


Малітва перад ежай

Благаславі, Пане Божа, нас і гэтыя дары, якія будзем спажываць з Тваёй святой дабрыні і міласэрнасці, і навучы нас дзяліцца хлебам і радасцю з тымі, хто іх не мае. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Малітва пасля ежы

Дзякуем Табе, Пане Божа, за гэтыя дары, якія з Тваёй святой дабрыні і міласэрнасці мы спажывалі. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Малітва да Анёла Ахоўніка

Анёле Божы, дружа мой,
Ты заўсёды будзь са мной.
Рана, ўвечар і ўначы
Будзь ласкаў мне памагчы
Змагаць духа злога,
Верна служыць Богу.
Душу, цела сцеражы,
Да жыцця вечнага давядзі. Амэн.


Ранішняя малітва

Пане і Божа мой, у глыбокай пакоры станаўлюся перад Табою на калені і аддаю Табе паклон, пашану і хвалу. Будзь праслаўлёна Найсвяцейшая Тройца! Божа Ойча, які мяне стварыў, Божа Сыне, які мяне адкупіў, Божа Духу Святы, які мяне асвяціў! Усемагутны вечны Божа, шчыра дзякую Табе за тое, што Ты мяне ў гэтую ноч ласкава аберагаў і захаваў ад раптоўнай смерці. Ахвярую Табе, о Божа, усе думкі, словы і ўчынкі мае, каб яны паслужылі яшчэ большай хвале Тваёй. Прымі мяне і ўсіх маіх родных, сяброў і дабрадзеяў пад сваю святую апеку і ўчыні, каб тут, на зямлі, мы верна Табе служылі, а пасля смерці дасягнулі шчасця вечнага. Амэн.


Вячэрняя малітва

Усемагутны вечны Божа, дзякую Табе за ўсе ласкі і дабрадзейнасці сённяшняга дня; за радасць і смутак, за дасягненні і няўдачы. Прымі ўсё на хвалу Тваю. Хачу таксама перапрасіць Цябе за ўсе мае сённяшнія правіны.

Зрабі кароткі рахунак сумлення, прыгадай, што нядобрае ўчыніў, сказаў альбо падумаў на працягу дня. Якія абавязкі занядбаў? Ці быў ты сёння лепшы, чым учора? За добрае падзякуй Богу, за грахі – перапрасі.

Божа, Ойча найлепшы, шкадую і перажываю ўсім сваім сэрцам, што Цябе – Найвышэйшае Дабро – грахамі абразіў і засмуціў. Адчуваю сорам і агіду да ўсіх сваіх грахоў і цвёрда пастанаўляю выправіцца з дапамогаю Тваёй ласкі, аб якой пакорна прашу Цябе. Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага!

О мой Езу, будзь для мяне не Суддзёю, але Збаўцам!

Цяпер, о Божа, вазьмі мяне ў сваю святую апеку. Захавай мяне ад усялякага няшчасця і небяспекі, а таксама захавай маіх родных і ўсіх, за каго я павінен маліцца. Праз заслугі мукі, смерці і ўваскрасення Твайго Сына, Пана нашага Езуса Хрыста захавай нас у гэтую ноч ад раптоўнай і неспадзяванай смерці. Спашлі нам Анёла Ахоўніка, каб ён аберагаў нас ад подступаў сатаны. Дай нам спакойны і моцны сон, каб заўтра абудзіліся здаровымі для працы на хвалу і пашану імя Твайго. Просім Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Езу, Марыя, святы Юзэфе, вам аддаю сэрца і душу маю.
Езу, Марыя, святы Юзэфе, будзьце са мною пры кананні.
Езу, Марыя, святы Юзэфе, няхай пры вас у спакоі аддам духа майго. Амэн.

Кладучыся спаць, зрабі знак крыжа асвячанай вадой і скажы:

Езу Хрыстэ, у імя Тваё спаць кладуся,
з душою і целам у апеку Табе аддаюся. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Веру
ў Бога... Анёл Панскі...

 

 
<< Першая < Папярэдняя 1841 1842 1843 1844 1845 1846 1847 1848 1849 1850 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1847 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.