Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
21.07.2008 14:17
Канцлер — кс. Юрый Касабуцкі
вул. Рэвалюцыйная, 1а
220030 г. Мінск
тэл.: 8 017 203 68 44
факс: 8 017 226 90 92
E-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
Натарыус — кс. Юрый Санько
 
Святы Апалінарый, біскуп і мучанік
20.07.2008 18:48

Жыў напрыканцы ІІ ст. Паводле падання, паходзіў з Антыёхіі і быў вучнем самога апостала Пятра. Лічыцца, што менавіта святы Пётр прызначыў Апалінарыя першым біскупам Равэны (на поўначы Італіі). Не захавалася ніякіх дакладных звестак пра жыццё і смерць Апалінарыя, але ўжо з першых стагоддзяў яго ўшаноўвалі як мучаніка. Жыццяпіс святога паведамляе, што ён навярнуў у хрысціянства вельмі шмат жыхароў Равэны. Гэта выклікала вялікую незадаволенасць язычніцкіх святароў, па нагаворы якіх пры імператары Веспасіяне Апалінарый быў засечаны мячамі.

 
Кардынал Бэртонэ задаволены візітам у Беларусь
18.07.2008 22:12
«Беларусь — гэта краіна са здаровым дыялогам паміж верай і разумам», — такое меркаванне аб былой савецкай краіне было выказана кардыналам Тарчызіо Бэртонэ падчас інтэрв’ю на Радыё Ватыкана, у газеце «L'Osservatore Romano» і ў тэлевізійным цэнтры Апостальскай Сталіцы.
 
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі кс. архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС
17.07.2008 16:45
via Corsica, 1
00198 Roma, Italia
тэл.:      8 1048 81 743 37 74
факс:     8 1048 81 743 37 70
E-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
вул. Арджанікідзэ, 6
220021 г. Мінск
E-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
 
«Хэлоўін» — не для хрысціянаў!
17.07.2008 14:39
Паміж «хэлоўінам» і вялікімі каталіцкімі святамі, якія адзначаюцца ў гэты ж час, няма нічога агульнага.

1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і ў адной літургічнай цэлебрацыі аддаюць пашану ўсім святым — як вядомым, так і невядомым, — якія дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам у небе. Наступны дзень, 2 лістапада, прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, у гэты дзень прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.

На жаль, апошнім часам у Беларусі пачалі з’яўляцца праявы чужых звычаяў, не характэрныя для нашай культуры, якая мае хрысціянскія карані. З кожным годам у нашай краіне ўсё больш маштабна адзначаецца так званы «хэлоўін» — свята, запазычанае з Амерыкі. У ноч на 1 лістапада амерыканскія дзеці і падлеткі, апранутыя ў касцюмы і маскі розных пачвараў, д’яблаў і ведзьмаў ходзяць па дамах, збіраючы слодычы і прысмакі. Шырокавядомым сімвалам гэтага «свята» з’яўляецца гарбуз з выбранаю сярэдзінай, выразанымі пашчай і вачніцамі і са свечкай унутры.

Традыцыя «хэлоўіна» ўзнікла ў дахрысціянскія часы ў асяроддзі друідаў, якія выконвалі функцыі святароў і ведзьмакоў у старажытных кельтаў. Яны лічылі, што ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада духі памерлых вяртаюцца ў свае былыя дамы, каб наведаць жывых. Таму людзі гатавалі ў гэты дзень розныя стравы для духаў, каб тыя ім не пашкодзілі. Пад уплывам хрысціянства гэтая традыцыя амаль знікла. Каб цалкам адысці ад паганскага святкаванні смерці, у ІХ ст. урачыстасць Усіх Святых была перанесена з Велікоднага перыяду на 1 лістапада. Сама назва «хэлоўін» (ангельск. halloween) паходзіць ад словазлучэння All Hallow Evening — вечар Усіх Святых.

У апошнія часы паганская традыцыя адзначэння «хэлоўіна» пад уплывам сродкаў масавай інфармацыі пачала адраджацца. Гэтаму спрыяе таксама магутная рэкламная кампанія «індустрыі жахаў», штогадовыя прыбыткі якой у Злучаных Штатах складаюць да паловы мільярда даляраў. І хоць для большасці людзей «хэлоўін» — гэта толькі пэўная забава, аднак у рэчаіснасці ўсё значна больш небяспечна, чым здаецца.

Рэч у тым, што старажытнае кельцкае свята было прынятае сатаністамі, якія ў гэтую ноч праводзяць свае жахлівыя абрады, звязаныя з прынясеннем у ахвяру жывёлаў і людзей. Амерыканская паліцыя канстатуе, што напярэдадні «хэлоўіна» знікае значна больш хатніх жывёлаў і маленькіх дзяцей, чым у іншы час. Складанне ў ахвяру сатане маленькіх дзяцей у ноч «хэлоўіна» — гэта не байка, што і пацвярджаецца сведчаннямі былых адэптаў сатанінскіх сектаў. Асаблівую ўвагу гэтаму святу надаюць таксама і тыя, хто цікавіцца акультызмам, магіяй, спірытызмам.

Тыя, хто займаецца папулярызацыяй «хэлоўіна» і звязанай з ім атрыбутыкі, жадаюць надаць гэтаму «святу» прывабны і забаўляльны выгляд і пераканаць людзей у тым, што гэта не больш чым бяскрыўдныя забавы. Такім чынам людзі перастаюць усведамляць, што існаванне сатаны — гэта зусім не жарт, а рэальнасць. У выніку такі падыход вядзе да несур’ёзнага стаўлення да веры і рэлігіі наогул.

Кожны хрысціянін павінен памятаць, што ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных адзначэнню «хэлоўіна», несумяшчальны з яго вераю. Таму на Захадзе сярод хрысціянскай моладзі як пратэст супраць насаджэння антыхрысціянскіх каштоўнасцяў праводзіцца акцыя пад назваю Holly Win — «Святая перамога». У гэтую ноч тысячы маладых хрысціянаў у розных гарадах Еўропы збіраюцца на малітоўнае чуванне, прысвечанае перамозе Хрыста над смерцю, сатаной і пеклам. Пераможцамі сатаны з’яўляюцца таксама і ўсе святыя, урачыстасць якіх святкуецца 1 лістапада. Любыя спекуляцыі на тэму таго, што «хэлоўін» нібы паходзіць з каталіцкай традыцыі, не адпавядаюць сапраўднасці.

Глядзі таксама:  Урачыстасць Усіх Святых

 
Дзень святога Валянціна
17.07.2008 14:37
14 лютага Касцёл успамінае святых Кірыла, мніха, і Мятода, біскупа, — Апекуноў Еўропы — і вельмі папулярнага ва ўсім свеце святога Валянціна — Апекуна закаханых. Пра асобу гэтага святога, а таксама пра хрысціянскі сэнс дня святога Валянціна распавядае дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дзям’янка.

Гістарычныя звесткі пра святога Валянціна даволі нешматлікія. У «Рымскім мартыралогу» пад датай 14 лютага ён узгадваецца двойчы: як рымскі святар, якому сцялі галаву ў часы панавання цэзара Клаўдзія ІІ Готыка ў 269 годзе, а таксама як біскуп Тэрні пад Рымам, які пасля доўгіх катаванняў быў перавезены ў Рым і там пакараны смерцю. Мяркуюць, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра адну і тую ж асобу, якую ўшаноўваюць і ў Рыме, і ў Тэрні. Існуюць доказы таго, што ўжо ў IV стагоддзі грабніца святога Валянціна ў Рыме была месцам асаблівага культу. Святы Папа Юлій (337–352) пабудаваў над грабніцай базыліку. Валянцін быў прызнаны асаблівым апекуном хворых на нервовыя хваробы і эпілепсію, бо яшчэ пры жыцці ён аздаравіў хлопца-эпілептыка.

Іншыя крыніцы падаюць, што ў часы панавання цэзара Клаўдзія Готыка Рым быў уцягнуты ў крывавыя войны, непапулярныя да такой ступені, што мужчыны не жадалі ісці ў войска. Цэзар зрабіў выснову, што прычынай такіх паводзінаў было нежаданне мужчынаў пакідаць сваіх нявестаў і жонак. Таму ён адмяніў усе запланаваныя заручыны і шлюбы. Святар Валянцін дапамагаў парам, якія жадалі ажаніцца, і рабіў гэта патаемна. Аднак яго злавілі і прысудзілі да пакарання смерцю. Валянціна білі, пакуль ён не сканаў, пасля чаго яму адсеклі галаву. Гэта адбылося 14 лютага 269 года — у дзень, калі праводзіліся т. зв. «любоўныя латарэі». Легенда дадае, што перад пакараннем, у турме Валянцін пасябраваў з дачкою вартаўніка, якая наведвала яго і падтрымлівала духоўна. У знак удзячнасці ён пакінуў ёй на развітанне ліст у форме сэрца, на якім напісаў: «Ад твайго Валянціна». У 1496 г. Папа Аляксандр VI абвясціў святога Валянціна апекуном закаханых.

Аднак пачаткі сённяшніх «валянцінак» трэба шукаць не ў хрысціянстве, а ў язычніцкім Рыме. Гэтая дата была абрана самой прыродай: у сярэдзіне лютага птушкі, якія гнездаваліся ў Вечным Горадзе, распачыналі любоўныя залёты і аб’ядноўваліся ў пары. Гэта лічылася сімвалічным абуджэннем прыроды, якое прадвяшчала хуткі прыход вясны. Па гэтай прычыне на 15 лютага рымляне вызначалі дату святкавання т. зв. «луперкаліяў» (ад лац. Lupercalia) — фэсту на ўшанаванне бога плоднасці Фаўна Луперка. Напярэдадні святкавання праводзілася любоўная латарэя: імёны дзяўчат запісваліся на лістках паперы, пасля чаго іх лёсавалі хлопцы — такім чынам гэтыя дзяўчаты станавіліся іх партнёршамі на час «луперкаліяў». Здаралася, што з гэтага часу пары сустракаліся на працягу цэлага года альбо нават заставаліся адно з адным на ўсё жыццё.

У IV стагоддзі, калі хрысціянства стала пануючай рэлігіяй у Рымскай імперыі, язычніцкія святы паступова замяняліся святамі хрысціянскімі. «Луперкаліі» былі настолькі папулярнымі, што ўтрымаліся ажно да канца V стагоддзя. Скасаваў гэтае свята ў 496 г. Папа Гелазій І, замяняючы яго бліжэйшым па літургічным календары святам мучаніка Валянціна. Дзень святога Валянціна стаў сапраўдным днём закаханых толькі ў Сярэднявеччы, калі захапляліся жыццяпісамі святых і ладзілі шматлікія пілігрымкі да іх грабніц, каб ушанаваць рэліквіі. Была ўзгадана і гісторыя святога Валянціна. Свята найбольш распаўсюдзілася ў Англіі і Францыі. Па-ранейшаму — як у антычным Рыме — лёсаваліся імёны, хоць цяпер ужо дзяўчаты выцягвалі імёны хлопцаў. Пасля гэтага маладыя людзі на працягу тыдня насілі прышпіленыя да рукава карткі, якія выцягнулі ў жэрабя.

14 лютага дзяўчаты стараліся адгадаць, за каго выйдуць замуж. Для таго, каб пра гэта даведацца, яны назіралі за птушкамі. Калі дзяўчына найперш убачыла малінаўку, гэта азначала, што яна выйдзе за марака, калі вераб’я — за беднага, але яна магла быць упэўнена, што яе сужэнства будзе шчаслівым, калі уюрка — яе рукі папросіць багаты чалавек. Жыхары Уэльса ў гэты дзень дарылі адно аднаму драўляныя лыжкі з выразанымі на іх сэрцамі, ключамі і дзіркамі ад ключа. Падарунак замяняў выказаную словамі просьбу: «Адчыні маё сэрца».

З XVI стагоддзі ў дзень святога Валянціна жанчынам дарылі кветкі. Усё пачалося са свята, арганізаванага адной з дачок караля Францыі Генрыха IV. Кожная з дзяўчат атрымала тады букет кветак ад свайго кавалера. Аднак перадусім нарачоны 14 лютага абавязаны быў выслаць сваёй каханай чулы ліст — «валянцінку». Гэты звычай прыжыўся нават пры каралеўскім двары ў Парыжы. «Валянцінкі» ўпрыгожвалі сэрцамі і купідонамі, пісалі на іх вершы.

У XIX стагоддзі «валянцінкі» лічыліся самым рамантычным спосабам прызнання ў каханні. Зместам лістоў часта былі словы: «Ты будзеш маёй „валянцінкай“». У Злучаных Штатах лісты-валянцінкі былі ананімнымі, таму яны заканчваліся пытаннем: «Адгадай — хто?». У Еўропе ананімны адпраўнік падпісваўся проста: «Твой Валянцін». У 1800 г. амерыканка Эстэр Хоўланд паклала пачатак традыцыі высылання гатовых «валянцінак». Сёння імі ва ўсім свеце абменьваюцца не толькі закаханыя, але таксама дзеці ў школах. Найбольш вядомым іх стваральнікам быў французскі графік Раймон Пейнэ. Ён пачаў іх публікаваць у 1965 г., калі дзень 14 лютага ў Францыі быў афіцыйна абвешчаны Днём закаханых. У Аўстрыі у гэты дзень адбываюцца вулічныя шэсці, у Англіі закаханыя дораць адно аднаму сэрцы з картона, упрыгожаныя выявамі Рамэо і Джульеты, а ў Амерыцы — проста шлюць лісты па электроннай пошце.

Аднак найбольш урачыста гэты дзень адзначаецца на радзіме св. Валянціна. Кожны год у бліжэйшую да 14 лютага нядзелю ў катэдры ў Тэрні адбываецца Свята Заручынаў. Сотні заручаных параў, часам з розных бакоў свету, збіраюцца каля грабніцы св. Валянціна і абяцаюць адно аднаму захоўваць любоў і вернасць да шлюбу. У 1997 г. да заручаных, сабраных у Тэрні, Папа Ян Павел ІІ скіраваў кароткае пасланне. Яго тэкст быў выгравіраваны на пліце, умураванай непадалёк ад грабніцы св. Валянціна.

Аднак у апошні час стала «модным» выстаўляць свае пачуцці напаказ, хоць тое, што мы бачым на нашых вуліцах, што паказваюць нам у фільмах, часцей за ўсё не мае нічога агульнага з каханнем. Гэта проста неапанаваная пажадлівасць, да таго ж пазбаўленая сарамлівасці, інтымнасці, пачуцця чалавечай годнасці. Шэсці, якія называюць «парадамі любові», на самай справе — парады распусты і нястрыманай пажадлівасці. Адначасова гэта і прапаганда такога стылю жыцця, які вельмі далёкі ад хрысціянскага.

Неабходна паразважаць над тым, што такое сапраўднае каханне, у чым праяўляецца яго сутнасць і што азначае праяўляць каханне. Каханне — гэта не толькі хвіліннае пачуцце, але перадусім асаблівыя міжасобавыя адносіны, якія пастаянна развіваюцца. Гэтаму неабходна няспынна вучыцца: прымаць іншых такімі, якія яны ёсць, адорваць пачуццямі і пачуцці прымаць, несці адказнасць за каханую асобу. У паводзінах сучаснай моладзі складана заўважыць вышэйзгаданыя рысы. Пад уплывам моды, фільмаў і розных публікацый юнакі і дзяўчаты спыняюцца на ўзроўні цела і губляюць сарамлівасць, якая натуральным чынам абараняе чалавека ад выкарыстання яго іншымі.

Кожны жэст чалавека штосьці выражае, іншымі словамі, з’яўляецца знакам чагосьці. Аднак значэнне жэстаў можна цалкам сказіць, напрыклад: пацалунак як праява любові да іншага чалавека ўзвышае яго, узбагачае, выражае захапленне і зачараванне каханай асобаю, узносіць яе на п’едэстал. Ён поўны бескарыслівай любові. Пацалункі перад камерай або ў публічным месцы не з’яўляюцца знакам любові, а толькі знакам авалодання пэўнай тэхнікай або спосабам зарабіць на жыццё, прадыктаваным атрыманнем узнагароды ці кароткачасовай славы.

Не ўсё тое, што мы робім, павінна выстаўляцца на публічны агляд. У цяперашні час пануе нездаровая мода агалення — як фізічнага, так і псіхічнага. Гэта сучасны эксгібіцыянізм, які не спрыяе ні развіццю чалавека, ні сапраўднай любові. Але ён можа прывесці да абуджэння некантраляванай палавой цягі, што ў сваю чаргу вядзе да палавых ненармальнасцяў, а таксама да шматлікіх хваробаў, якія перадаюцца палавым шляхам.

Палавую цягу можна параўнаць да агню. Сама па сабе яна з’яўляецца дабром, бо дадзена нам Богам. Агонь — гэта таксама дабро, але празмернае раздзіманне агню прыводзіць да пажару. Аналагічна адбываецца і з палавою цягаю. Яна з’яўляецца дабром, але стымуляванне, празмернае распальванне палавой цягі раздзімае ў чалавеку ўнутраны пажар. Такія людзі становяцца нявольнікамі сваёй палавой цягі, становяцца залежнымі ад яе, прыносяць шкоду сабе і іншым. Яны не ў стане захаваць цнатлівасць. Амерыканскі псіхолаг В. Джэймс сказаў: «Дзе неапанаванае пачуццё сядзіць на троне, там розум стаіць за дзвярыма».

Палавая цяга павінна служыць любові, якая з’яўляецца прыняццем на сябе адказнасці, а таксама пошукамі дабра для каханай асобы, але часам можа стаць разбуральнай сілай. Гэта адбываецца тады, калі палавая цяга не падпарадкавана кантролю розуму і моцнай волі. У такім выпадку яна можа ўскладніць жыццё не толькі адной асобы, але многіх; прыводзіць да распаду сужэнства, да росту прастытуцыі, злачынстваў на палавой глебе, забойства зачатых дзяцей, распаўсюджвання венерычных хваробаў і СНІДа. Так адбываецца тады, калі палавая цяга кіруе чалавекам, а не чалавек — цягай.

Езус Хрыстус у сваім вучэнні на першым месцы паставіў запаведзь любові. Хрысціянства без любові не мае сэнсу, бо «Бог ёсць Любоў» — так вучыць нас Біблія. Таму ўсе мы пакліканы нястомна праяўляць сапраўдную любоў адно да аднаго. Няхай жа свята святога Валянціна для кожнага хрысціяніна стане добраю нагодаю, каб адкрыць сапраўдную прыгажосць кахання, пра якую так шмат казаў моладзі Вялікі Папа Ян Павел ІІ і пра якую разважве Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы Deus caritas est — «Бог ёсць Любоў».

 
Чэрвень прысвечаны Сэрцу Езуса
17.07.2008 14:36
Слуга Божы Ян Павел ІІ падчас чэрвеньскага набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса сказаў: «Я вельмі ўзрадаваны тым, што гэтая пабожная практыка — штодня прамаўляць або спяваць у месяцы чэрвені літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, — (…) застаецца такою жывою і заўсёды падтрымліваецца» (Эльблёнг, 6 чэрвеня 1999 г.).

Чэрвеньскія набажэнствы на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса маюць багатую гісторыю. Прысвяціць месяц чэрвень Сэрцу Езуса першай прапанавала выхаванка пансіёна пры адным з парыжскіх кляштараў Анэля дэ Сэнт-Круа. Аднойчы гэтая дзяўчынка пасля таго, як прыняла святую Камунію, падумала, што калі месяц май прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, было б добра прысвяціць чэрвень Сэрцу Езуса. Яна падзялілася сваімі думкамі з выхавальніцай і сяброўкамі, і ім гэта вельмі спадабалася. Ініцыятыву маленькай Анэлі падтрымалі таксама настаяцельніца кляштара і Парыжскі біскуп. Праз пэўны час прапанова прысвяціць чэрвень Сэрцу Езуса дайшла да Папы, і ў 1873 г. Святы Айцец Пій ІХ зацвердзіў чэрвеньскае набажэнства.

Прысвячэнне чэрвеня асабліваму ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса адбылося не на пустым месцы. За шмат гадоў да гэтага адбыліся важныя аб’яўленні, якія сталі крыніцаю культу Сэрца Езуса. 16 чэрвеня 1675 г. у кляштары візітак у Парэ-лё-Маньяль у Францыі Езус Хрыстус трэці раз аб’явіўся сястры Маргарыце Марыі Алякок, калі тая малілася ў капліцы. Езус сказаў ёй: «Я хачу, каб першая пятніца пасля актавы Божага Цела з гэтага часу стала асобным святам на ўшанаванне Майго Сэрца і праз святую Камунію і іншыя пабожныя практыкі была прысвечана перапрашэнню за знявагі, якія Я зношу ў той час, калі падчас актавы знаходжуся выстаўленым на алтарах. За гэта Я абяцаю табе, што Маё Сэрца спашле шчодрыя ласкі ўсім тым, хто такім чынам ушануе Маё Сэрца або будзе спрыяць пашырэнню яго ўшанавання». Святая Маргарыта Марыя Алякок і айцец Клод дэ ля Каламб’ер, езуіт, які быў спаведнікам сясцёр візітак, з таго часу пачалі рабіць усё для таго, каб выканаць просьбу Езуса.

Такім чынам, чэрвеньскае набажэнства — гэта пабожная практыка, праз якую мы выяўляем нашую падзяку за тую вялікую любоў, якой нас адорвае Езус Хрыстус. Праз гэтае набажэнства мы жадаем перапрасіць Пана Езуса за ўсе крыўды, якія Ён зносіць ад людзей, калі яны адкідваюць Яго любоў, а асабліва калі абражаецца Найсвяцейшы Сакрамэнт. З аб’яўленнем Маргарыце Марыі Алякок звязана таксама традыцыя набажэнстваў першых пятніц месяца. Усім тым, хто дзевяць першых пятніц месяца запар будзе прымаць святую Камунію (безумоўна, знаходзячыся ў стане асвячальнай ласкі), Хрыстус абяцае даць ласку вытрываць у добрым да канца, а таксама ласку шчаслівай смерці.

Чэрвеньскае набажэнства на ўшанаванне Сэрца Езуса складаецца з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і спеву або прамаўлення літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Гэтую літанію склала сястра візітка Жанна Мадлена Жолі. Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса сталі паўсюдна прамаўляць у касцёлах падчас жахлівай эпідэміі, якая ахапіла Марсэль у 1720 г. Дзякуючы гэтай малітве горад быў уратаваны. У 1899 г. Кангрэгацыя Абрадаў зацвердзіла тэкст літаніі, якая складаецца з 33-х просьбаў-зваротаў, што нагадваюць пра кожны з гадоў зямнога жыцця Збаўцы.

 
Май — месяц Марыі
17.07.2008 14:35
Месяц май у Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшай Панны Марыі. На працягу ўсяго месяца вернікі збіраюцца ў касцёлах, а таксама каля каплічак і прыдарожных фігураў Маці Божай, каб разам маліцца, просячы заступніцтва Марыі.

Шырокае распаўсюджанне маёвае набажэнства набыло ў нас у ХІХ ст., але ўзнікла гэтая традыцыя значна раней. Вядома, што ўжо ў V ст. хрысціяне на Усходзе збіраліся, каб разам маліцца і спяваць песні на ўшанаванне Багародзіцы. На Захадзе ўжо ў І тысячагоддзі май дзе-нідзе лічыўся месяцам Марыі. Нарэшце, на мяжы XIII i XIV ст. узнікла думка прысвяціць гэты месяц Маці Божай. Першым гэта прапанаваў іспанскі кароль Альфонс Х (памёр у 1284 г.). Манарх, які сам заўсёды ўдзельнічаў у маёвых набажэнствах, заахвочваў да гэтага ўсіх сваіх падданых.

Благаслаўлёны Генрых Сузо, дамініканін, які жыў у XIV ст., вучань Мейстэра Экхарта і сябра Яна Таўлера — вядомых містыкаў Сярэднявечча, — узгадвае, што, будучы падлеткам, збіраў у маі кветкі і нёс іх да Маці Божай. Ён любіў таксама сплятаць з кветак вянкі і ўскладаць іх на фігуры Марыі. Маці Божая ўзнагародзіла Генрыха Сузо, даўшы яму ласку сузіраць у містычным бачанні хвалу, якую Яна прымае ад Анёлаў.

У 1549 г. у Германіі з’явілася кніжка пад назваю «Духоўны май», дзе ўпершыню май быў названы месяцам Марыі. У жыццяпісе святога Філіпа Нэры (памёр у 1595 г.) захаваліся звесткі пра тое, што ён збіраў дзяцей каля фігураў і абразоў Маці Божай, спяваў з імі песні, збіраў кветкі і заклікаў прыносіць іх Марыі разам з духоўнымі дарамі і ахвярамі. Падобным чынам ушаноўвалі Марыю і маладыя італьянскія дамініканцы. А ўкладальнікам адпаведных набажэнстваў лічыцца айцец Ансалані, езуіт (1713 г.), які ў каралеўскай капэле ў Неапалі кожны дзень мая праводзіў канцэрт спеваў на ўшанаванне Маці Божай. Канцэрты завяршаліся благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Дзякуючы намаганням айцоў езуітаў маёвыя набажэнствы распаўсюдзіліся па ўсёй Італіі і сталі вядомымі ў Францыі. Папа Пій VII ўстанавіў звязаны з набажэнствам спецыяльны адпуст, а благаслаўлёны Пій ІХ у 1859 г. канчаткова зацвердзіў форму маёвага набажэнства: Ларэтанская Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі, навучанне святара і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Да канца ХІХ ст. маёвае набажэнства было вядомае практычна ва ўсім свеце. Яго распаўсюджванню на нашых землях паспрыялі таксама айцы езуіты.

Цэнтральнаю часткаю маёвага набажэнства з’яўляецца Ларэтанская Літанія — адзін з найпрыгажэйшых гімнаў на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі. У ім Касцёл праслаўляе вялікія цноты і прывілеі, якімі Бог адарыў сваю верную Слугу. Літанія ўзнікла ў ХІІ ст., хутчэй за ўсё, у Францыі, і была афіцыйна зацверджаная Папам Сікстам V. Назва «Ларэтанская» паходзіць ад італьянскага мястэчка Ларэта, дзе знаходзіцца адна з найвялікшых марыйных святыняў — домік з Назарэта, у якім Марыі з’явіўся Анёл Габрыэль. Менавіта там літанія набыла вельмі вялікую папулярнасць у вернікаў.

Тэкст Ларэтанскай літаніі быў зацверджаны Папам Грыгорыем ХІІІ у 1578 г. У 1631 г. Святая Кангрэгацыя Абрадаў забараніла самавольна дадаваць да літаніі незацверджаныя звароты, і кожная наступная змена ў малітве адбывалася толькі з дазволу касцёльнай улады. Так, некаторыя ранейшыя звароты былі выключаны з тэксту малітвы, а замест іх з’явіліся новыя: Каралева Ружанца святога (1675 г.), Каралева без граху першароднага зачатая (1846 г.), Маці добрай рады (1903 г.), Каралева супакою (1917 г.), Каралева ўнебаўзятая (1950 г.), Маці Касцёла (1980 г.), Каралева сем’яў (1995 г.). Такім чынам, цяпер літанія складаецца ўсяго з 49 тытулаў і прывілеяў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Камісія па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла прысвяціць разважанні падчас сёлетніх маёвых набажэнстваў рэлігійным рухам і евангелізацыйным супольнасцям, якія дзейнічаюць у Касцёле, у тым ліку і ў нашай краіне. Каб пазнаёміць вернікаў з іх дзейнасцю, выдавецтвам «Pro Christo» была падрыхтавана кніжка «Рухі і супольнасці. Маёвыя разважанні». Хочацца спадзявацца, што гэтыя разважанні пра рэлігійныя і евангелізацыйныя рухі і супольнасці, а таксама пра малітоўныя групы, паспрыяюць паглыбленню ведаў і духоўнасці вернікаў, а таксама заахвоцяць іх да актыўнага ўдзелу ў евангелізацыйнай місіі Касцёла і ў жыцці сваіх парафій.

 
Урачыстасць Усіх Святых
17.07.2008 14:33
1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і ў адной літургічнай цэлебрацыі аддаюць пашану ўсім святым — як вядомым, так і невядомым, — якія дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам у небе.

Наступны дзень, 2 лістапада, прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, у гэты дзень прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.

На працягу актавы Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, гэта значыць з 1 па 8 лістапада, Касцёл будзе асаблівым чынам маліцца за памерлых. У гэты час Касцёл дае нам магчымасць атрымаць поўны адпуст — поўнае адпушчэнне кары за грахі, — які можна ахвяраваць за душы памерлых. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (г. зн. прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання — споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца і наведаць могілкі. Больш падрабязную інфармацыю пра адпусты можна атрымаць у святароў або знайсці ў малітоўніку «Ойча наш» (1-е выданне — с. 331; 2-е выданне — с. 343).

Усе каталікі павінны паклапаціцца пра тое, каб перад святамі прыбраць магілы сваіх родных і блізкіх, а таксама занядбаныя магілы паблізу. Згодна з хрысціянскай традыцыяй недапушчальна прыносіць і спажываць на могілках ежу і спіртныя напоі, а таксама класці іх на магілы. Годным успамінам пра памерлых з’яўляецца запаленая на магіле свечка (або зніч) і кветкі, але перш за ўсё — малітва за супакой душы.

Глядзі таксама:
«Хэлоўін» — не для хрысціянаў!

 
Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
17.07.2008 14:32
Свята 15 жніўня

Догмат Унебаўзяцця, абвешчаны ў 1950 г., быў часткаю праграмы Папы Пія ХІІ, які ўсім сэрцам клапаціўся пра распаўсюджванне марыйнай пабожнасці.

Пій ХІІ лічыў, што распаўсюджванне марыйнай пабожнасці з’яўляецца гарантыяй пашырэння дабра ў свеце і адкрытасці людзей на дары і ласкі, якія Бог прагне ўдзяліць, каб дапамагчы свету падняцца «з жудасных бедстваў» – і мінулых і тых, якія адбываюцца ў сучаснай гісторыі. Папа верыў, што абвяшчэнне новага марыйнага догмату стане вялікім імпульсам да развіцця культу Маці Божай, і гэта накіруе свет на добры шлях.

Любоў Пія ХІІ была той самай гарачай любоўю, якая палала ў сэрцах усіх пакаленняў вучняў Хрыста, што праслаўлялі Маці Божую, а яго вера ў магчымасць таямнічага ўплыву марыйнага культу на змену грамадскай і палітычнай сітуацыі ў свеце з’яўляецца тым трывалым перакананнем, якое спадарожнічала Касцёлу з самага пачатку яго існавання. Гэта сувязь відавочная ў Magnificat (Марыю благаслаўлёнаю назавуць усе пакаленні, Бог скінуў моцных з тронаў, галодных напоўніў дабром...). Заклік Папы Пія ХІІ з’яўляецца чарговым моцным голасам, далучаным да спрадвечнага шматгалосся веры Касцёла.

Праўду аб Унебаўзяцці Касцёл абвясціў як догмат веры, і гэтым самым пацвердзіў, што яна заключаецца ў Святым Пісанні і Традыцыі Касцёла. Але Біблія нічога не гаворыць пра ўнебаўзяцце Марыі... Епіфаній з ІV ст. тлумачыць гэта так: «Калі нехта лічыць, што мы памыляемся, няхай ідзе следам за Святым Пісаннем, у якім не ўзгадваецца пра смерць Марыі. Няма там ніякай інфармацыі пра тое, ці памерла Яна, ці была пахаваная... Пра гэта зусім не гаворыцца ў Святым Пісанні з прычыны велічы цуда, каб ён не прыводзіў у замяшанне розумы людзей. Выходзячы па-за межы чалавечага разумення, Святое Пісанне не ўдакладніла гэту падзею, улічваючы пашану да такога значнага і прыгожага здарэння, каб часам хтосьці не прыпісаў яму нечага з рэчаў цялесных».

Цудоўны адказ святога мудраца! Людзі, якія ганяюцца за цудамі, прысвячалі б час на разважанне апісання «рэчаў цялесных».

З новазапаветных аўтараў даўжэй за Марыю жыў толькі святы Ян, рэальны сведка Унебаўзяцця. У сваім Апакаліпсісе ён таксама карыстаецца пэўным яскравым вобразам. Апошняя кніга Бібліі выразна спасылаецца на першую кнігу – Кнігу Быцця. «І варожасць пакладу паміж табою і паміж Жанчынаю, і паміж патомствам тваім і патомствам яе; яно раструшчыць тваю галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (гл. Быц 3, 15). Гэта Праевангелле – першыя словы Добрай Навіны. Бог абвясціў непрымірымую барацьбу Хрыста (і Яго Маці) з сатаною, вянцом якой будзе перамога над смерцю: «Калі ж тленне гэтае апранецца ў нятленнасць і смяротнае гэта апранецца ў несмяротнасць, тады збудзецца слова напісанае» (1 Кар 15, 54). Марыя, удзельнічаючы ў райскім абвяшчэнні перамогі Месіі, бярэ ў гэтай перамозе ўдзел сваім панаваннем над грахом і смерцю. Перамогу над грахом Яна атрымала ў Беззаганным Зачацці, праз якое стала далёкай ад усяго, што звязана з сатаной. Перамога над смерцю стала яе ўдзелам ва Унебаўзяцці. У Праевангеллі крыецца праўда аб Беззаганным Зачацці і аб Унебаўзяцці Маці Хрыста. У гэтым фрагменце аб’яўленага тэксту Касцёл усведамляе думку аб цалкавітым разгроме сатаны не толькі ў душы Марыі, але і ў Яе целе.

Святы Ян, звяртаючыся да вобраза з Кнігі Быцця, малюе ў сваім апакаліптычным бачанні вобраз таямнічай Жанчыны, апранутай у сонца (гл. Ап 12, 1). Гэта Апаевангелле – апошняя Добрая Навіна аб збаўленні.

Сувязным звяном паміж першым і апошнім словам Бібліі аб Жанчыне з’яўляецца галоўная падзея ў гісторыі свету – Уцелаўленне Сына Божага. Яно здзяйсняецца дзякуючы fiat Той, якую Езус назваў двойчы «Жанчынай» (Ян 2, 4; 19, 26) і якую Габрыэль прывітаў як «поўную ласкі», даючы такім чынам Марыі новае імя: як Абрам стаў Абрагамам, Сымон стаў Кефасам (Скалою), так Марыя стала Кехарытаменам (Поўнай Ласкі). Яе паўната ласкі не толькі ў Ёй самой не дае месца сатане і яго пасеву зла, але таксама шчодра праліваецца з Яе і зыходзіць на людзей, каб умацаваць іх у пераможнай барацьбе са злом.

І толькі ў Марыі здзяйсняецца найглыбейшы сэнс евангельскага абвяшчэння: «Дзе Я, там і слуга Мой будзе» (гл. Ян 12, 26). Для Яе Бог не з’яўляецца «Богам памерлых, але жывых» (гл. Мк 12, 27), а Хрыстус робіць Яе удзельніцай сваёй смерці, уваскрасення і ўнебаўшэсця (гл. Эф 2, 5н; Клс 3, 3). Марыя – гэта Тая, якая належыць да першых абуджаных ад сну (гл. 1 Кар 15, 23). У Ёй пацвярджаецца саюз паміж выбраннем, благаслаўленнем і удзелам у хвале Божай (гл. Рым 8, 30; Эф 1, 3-6). У Ёй мы бачым таксама здзяйсненне прадказання быць заўсёды з Панам (гл. 1 Тэс 4, 16). Унебаўзяцце – гэта паслядоўны ход далейшага Яе жыцця.

Касцёл ушаноўваў мучанікаў у дзень іх «нараджэння для неба», г.зн. у дзень іх смерці. Свята, якое ўзнікла ў ІV ст. на ўшанаванне Маці Божай, называлася «Памяццю Святой Марыі», змест яго быў звязаны з Яе «нараджэннем для неба» і ў хуткім часе яно было перайменавана ва «Успенне Марыі» (V ст.), «Пераход» (VІ ст.), а потым «Унебаўзяцце» (VІІІ ст.). З VІ ст. на Усходзе 15 жніўня пачало адзначацца свята «шлях Марыі дадому».

Ёсць людзі, якія баяцца смерці. Ёсць і такія, якія паміраюць у спакоі. Найбольшыя мукі агоніі змяняюцца ў іх смерці на нябесную ўсмешку – як тая, што засталася на твары св. Тэрэзы. Ёсць такія людзі, ад целаў якіх зыходзіць водар ружаў, як, напрыклад, ад цела а. Піо. Ёсць і такія, целы якіх на працягу стагоддзяў не змяняюцца, як, напрыклад, рэліквіі малой Гіяцынты. Але ёсць толькі адна – Найсвяцейшая Марыя – цела якой было забрана ў неба.

Яе смерць была настолькі іншай, што Касцёл гаворыць не пра смерць, але пра пераход. Так павінны былі перайсці ў жыццё вечнае жыхары раю; толькі грэх прывёў на свет смерць (гл. Рым 5, 12).

Унебаўзяцце атуліла Марыю бляскам уваскрасення Яе Сына. Калі містыкі мараць пра дасканалае паяднанне з Богам, а аддадзеныя кантэмпляцыі гавораць пра Езуса Хрыста як пра свайго Абранніка, то Унебаўзяцце Маці Божай з’яўляецца спаўненнем іх апошніх жаданняў. Марыя была ўзятая ў неба з душой і целам – не толькі з душой, як вялікі містык апостал Павел, забраны аж да сёмага неба (гл. 2 Кар 12, 4), але з душой і з целам! Ён не толькі чуе «таямнічыя словы, якія нельга паўтараць чалавеку» (гл. 2 Кар 12, 4), але з’яўляецца ўдзельнікам таго, аб чым яны гавораць. Удзел Марыі – гэта непасрэднае сузіранне Бога тварам у твар – прычына суму аўтара Гімна любові.

Унебаўзяцце Марыі з душой і целам не азначае аддаленасці Маці Божай ад людскіх спраў. «У сваім Успенні Ты не пакінула свету, о Маці Божая: паядналася з крыніцаю жыцця, Ты, якая зачала Бога Жывога, і сваімі малітвамі вызваляеш нас ад смерці» – спявае Касцёл у сваёй візантыйскай літургіі. Бог ёсць больш блізкі нам, чым мы самі сабе, неба бліжэй да нас, чым часовыя справы, Марыя праз сваё Унебаўзяцце тым больш блізкая нам, Яе дзецям, што енчаць і плачуць у гэтай даліне слёз.

Тое, над чым мы спрабуем разважаць у пакоры і малітоўнай задуменнасці, застаецца толькі затуманеным вобразам, які мы разглядаем у люстры тленнасці. Мы ведаем, што «не бачыла таго вока і не чула вуха, і не ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека, што Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго» (гл. 1 Кар 2, 9). Так, гэты догмат уяўляе сабой браму для кантэмпляцыі.

 

Вінцэнт Лашэўскі.
Часопіс «Rozaniec» №7-8/1997.
Пераклад з польскай мовы І. Ламака.
 
<< Першая < Папярэдняя 1841 1842 1843 1844 1845 1846 1847 1848 1849 1850 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1842 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.