Мудрацы з Усходу і іх дары
|
17.07.2008 14:02 |
Аб’яўленне Пана — урачыстасць, якую Касцёл адзначае 6 студзеня, успамінаючы ў гэты дзень пакланенне мудрацоў з усходу, што прынеслі Дзіцятку Езусу свае дары: золата, ладан і смірну. Касцёльная традыцыя называе гэтых мудрацоў таксама каралямі (адсюль іншая назва свята — Тры Каралі), а іх пакланенне сімвалізуе пачатак Божага Аб’яўлення язычніцкім народам, прадстаўнікамі якіх яны былі. Мудрацы, або магі, вешчуны – так называлася ў Бібліі святарская каста, якая існавала ў старажытнасці на Усходзе. У той далёкі час мудрацы карысталіся вялікаю павагаю, бо мудрасць і сіла заключалася ў веданні таямніцаў, якія былі недаступныя простым людзям. Мудрацы, або магі з’явіліся ў якасці асобнага класа ў мідзянаў і персаў, у якіх яны адначасова былі жрацамі, вучонымі, астраномамі і прарокамі. У Евангеллі гаворыцца, што ў час нараджэння Хрыста «прыйшлі ў Ерузалем мудрацы з Усходу і кажуць: Дзе нованароджаны Кароль Юдэйскі?» (гл. Мц 2, 1). Што гэта былі за людзі, з якой краіны і якой рэлігіі – пра гэта евангеліст не дае аніякіх звестак. Але далейшыя словы мудрацоў пра тое, што яны прыйшлі ў Ерузалем, бо «ўбачылі на Усходзе зорку Караля Юдэйскага, якому і прыйшлі пакланіцца» (гл. Мц 2, 2), сведчыць аб тым, што яны належалі да ўсходніх мудрацоў, якія займаліся астранамічнымі назіраннямі. Прычыну, па якой чакалі на Усходзе незвычайную зорку і сачылі за яе з’яўленнем, звязваюць з прадказаннямі ў Кнізе Лічбаў: «Бачу Яго, але яшчэ не сёння; бачу Яго, але не блізка. Узыходзіць зорка ад Якуба і паўстае жазло ад Ізраіля» (24, 17); у Кнізе прарока Ісаі: «Устань, свяціся, Ерузалем, бо прыйшло тваё святло, і слава Пана ўзышла над табою... І пойдуць народы да твайго святла, і каралі да бляску твайго ўсходу» (60, 1; 3); у псальме: «Каралі Тарсісу і астравоў прынясуць Яму дары, каралі Аравіі і Сабы складуць даніну. І паклоняцца Яму ўсе каралі, усе народы будуць служыць Яму» (72(71), 10–11). Прыкладна ў час нараджэння Хрыста на небе было бачнае надзвычай рэдкае яднанне планет Юпіцера і Сатурна ў сузор’і Рыбаў. Яно не магло не прыцягнуць увагі ўсіх, хто назіраў за зорным небам і займаўся астраноміяй, а менавіта халдзейскіх мудрацоў. У наступным годзе да гэтага яднання планет далучыўся Марс, які яшчэ больш павялічыў незвычайнасць нябеснай з’явы. Яднанне планет каля адной нерухомай цудоўнай зоркі было знешнім знакам, які Бог выкарыстаў для таго, каб прывесці мудрацоў да Вялікай зоркі, што ўзышла над Бэтлеемам. Мудрацы, пакланіўшыся нованароджанаму Хрысту ў Бэтлееме, па сведчанні евангеліста, «адышлі ў краіну сваю», выклікаўшы гнеў Ірада (гл. Мц 2, 16). Колькі дакладна было ў Бэтлееме мудрацоў, біблейская гісторыя не гаворыць, але свету вядомыя ўсяго тры дары-скарбы, і таму хрысціяне здаўна сталі лічыць, што іх было таксама трое. Пра ўсходніх мудрацоў склалі цыкл легендаў, у якіх яны паўстаюць ужо не простымі мудрацамі, а каралямі, прадстаўнікамі трох расаў чалавецтва. Пазней традыцыя, абапіраючыся на апакрыфічнае евангелле ІV ст., называе нават іх імёны – Каспар, Мельхіёр і Бальтазар, і падрабязна апісвае іх выгляд. Ва ўсходніх хрысціянскіх паданнях мудрацы набываюць яшчэ большую знешнюю магутнасць і хараство. Ёсць звесткі і пра тое, што апостал Тамаш сустрэў іх у Парфіі, дзе яны прынялі ад яго хрост, сталі пабожнымі хрысціянамі і прапаведвалі Евангелле на Усходзе. Мудрацы скончылі зямное жыццё прыблізна ў адзін і той жа час і пахаваныя былі таксама разам. Легенда дадае, што іх мошчы потым былі знойдзены святой Аленай і змешчаны спачатку ў Канстанцінопалі, а адтуль перанесеныя ў Мілан. З Мілана мошчы трох мудрацоў у 1164 г. кёльнскі арцыбіскуп Райнальд фон Дасэль перавёз спачатку па сушы на спецыяльных падводах, а потым – на караблі па Рэйне ў Кёльн, дзе яны і знаходзяцца да сённяшняга дня. Мясцовай школе залатароў Ніколы фон Вердэна ў 1181 г. было даручана зрабіць саркафаг для рэліквій трох мудрацоў. Ён быў выкананы ў форме трохнававай базылікі: ніжнюю частку складаюць два злучаныя адзін з адным саркафагі, на якіх змешчаны трэці. Саркафаг, пры вырабе якога было выкарыстана 43 кілаграмы чыстага золата, багата ўпрыгожаны каляроваю эмаллю, філігранню, каштоўнымі камянямі. Бочныя часткі ніжніх саркафагаў аздобленыя рэльефнымі выявамі старазапаветных каралёў і прарокаў, у верхняй частцы – выявы апосталаў і анёлаў. З Евангелля вядома, што мудрацы, «адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму (Езусу) дары: золата, кадзіла і мірру» (пар. Мц 2, 11). Золата – як падарунак для Караля, кадзіла (дарагая па тых часах араматычная смала, якую дарылі ў знак асаблівай пашаны) – для Бога, мірру – для Збаўцы, які стаў Сынам Чалавечым. Дары мудрацоў, як сведчаць касцёльныя гісторыкі, беражліва захоўвала ўсё жыццё Маці Божая, якая незадоўга да свайго Унебаўзяцця перадала іх у Ерузалемскую святыню, дзе яны знаходзіліся разам з поясам і плашчом Багародзіцы да 400 года. Потым дары былі перанесеныя візантыйскім імператарам Аркадзіем у Канстанцінопаль, а пасля трапілі ў Нікею і захоўваліся там прыкладна 60 дзесяцігоддзяў. Па невядомай прычыне дары зноў былі вернутыя ў Канстанцінопаль, а пасля падзення ў 1453 г. Візантыі перапраўлены на Афон у кляштар святога Паўла. Для ўшанавання гэтых трох евангельскіх мудрацоў, якія прыйшлі пакланіцца Хрысту, 6 студзеня ўстаноўлена свята, вядомае ўсім пад назваю Трох Каралёў. Згодна са старажытнай традыцыяй, гаспадар дома ў гэты дзень піша крэйдаю над уваходам у дом ці на дзвярах пачатковыя літары імёнаў трох мудрацоў: К+M+Б і пазначае год. Цяпер тры каралі лічацца апекунамі ўсіх вандроўнікаў. Падрыхтавала Іна Ламака Ave Maria №1(129) 2006 Глядзі таксама Эпіфанія, альбо «С+М+В» |
17.07.2008 13:59 |
Гэтае слова мае паходжанне ад лацінскага «vigiliare» і азначае начное чуванне. У каталіцкім Касцёле так называюць дні, якія папярэднічаюць найважнейшым святам. Але найчасцей гэтае слова мы звязваем з днём перад Божым Нараджэннем. Звычай вігілійнай вячэры з’явіўся ў Беларусі ў ХVІІІ стагоддзі. Як толькі на небе загарыцца першая вечаровая зорка, уся сям’я збіраецца да стала. Памаліўшыся, усе дзеляцца паміж сабой аплаткам і гавораць прыгожыя пажаданні. Пасля гэтага распачынаецца вігілійная вячэра, якую яшчэ называюць куццёю (ад назвы крупяной кашы — куцці, якая абавязкова павінна быць у гэты вечар на стале). На стол ставяць толькі посныя стравы, але гэта не азначае, што яны могуць быць нясмачныя. Наадварот, у гэты вечар усё смачна, а за сталом пануе вясёлы, узбуджаны настрой. Не забудзьце пакінуць за сталом адно свабоднае месца на той выпадак, калі раптам да вас з’явіцца нечаканы госць, альбо на ўспамін пра таго, каго няма з вамі сёння. Павячэралі? Цяпер самы час заспяваць калядкі, тыя, якія ўсе ведаюць і любяць. Да Пастэркі ў касцёле яшчэ застаецца крыху часу? Ну, вядома ж, цяпер можна зазірнуць пад калядную елачку і, магчыма, знайсці там для сябе падарунак. Радуемся! Весялімся! Імкнемся зрабіць штосьці прыемнае іншым! Аплаткі Па-лацінску «oblatum» — ахвярны дар. Дзелячыся аплаткам, мы ахвяруем іншаму чалавеку нашу ўдзячнасць, прабачэнне, мы дзелімся з ім сваёй дабрынёй. Дзяленне аплаткам пасля прачытанага ўрыўка з Евангелля і малітвы з’яўляецца найважнейшым момантам вігілійнай вячэры. Белы абрус Бель вігілійнага абруса нагадвае нам пра бездакорную чысціню алтара, а таксама чысціню нашых сэрцаў, думак і памкненняў у гэты цудоўны вечар. Сена Жменя сена пад белым абрусам на стале сімвалізуе яслі, у якіх спаў маленькі Езус у Бэтлееме. Святочная елка Звычай прыбіраць цацкамі елку на свята Божага Нараджэння нарадзіўся ў Германіі, але яго так палюбілі дзеці і дарослыя, што ён вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце. На Беларусі елкі пачалі ўпрыгожваць у ХVІІІ стагоддзі. Елка ставіцца ў нашых дамах у дзень, прысвечаны Адаму і Еве, і нагадвае нам пра райскае дрэва, а таксама пра дрэва жыцця. Калядкі Ну, хто не любіць спяваць гэтыя прыгожыя, вясёлыя песні? Дарэчы, іх не пачуеш у нейкі іншы перыяд года, напрыклад, летам. Гэта было б смешна, праўда? Тым часам, каля святочнай елкі альбо ў касцёле пры яслях, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, гэтыя песні проста неабходныя! Назва ж калядак паходзіць ад лацінскага «calendae» (у старажытным Рыме так называўся першы дзень кожнага месяца). Падарункі Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме больш за 2000 гадоў таму, — гэта вялікі дар людзям ад Бога Айца, які так палюбіў свет, што спаслаў у яго свайго адзінароднага Сына. Але ж Дзіцятка Езус таксама атрымаў у Бэтлееме падарункі ад пастушкоў і мудрацоў. Вось, аказваецца, адкуль бярэ пачатак звычай рабіць адзін аднаму падарункі ў ноч Божага Нараджэння! Ave Maria №12(91) 2002 Глядзі таксама: Божае Нараджэнне |
17.07.2008 13:58 |
24 снежня на змярканні ў кожным каталіцкім доме рыхтуецца накрыты стол, за якім збіраецца ўся сям'я, каб за вігілійнаю вячэраю ўсім разам перажываць вялікую радасць, якую больш за дзве тысячы гадоў таму гэтая ноч прынесла ўсім людзям добрай волі, і каб вітаць прыходзячага ў свет Хрыста. Як усё чалавецтва калісьці чакала прыйсця Збаўцы, так заўсёды святу Божага Нараджэння папярэднічае Адвэнт - час падрыхтоўкі, час навяртання сэрцаў, час радаснага чакання. Яго завяршае менавіта гэтая вігілійная вячэра. Святочны настрой і прыгожыя, шчырыя пажаданні дабра і шчасця ў гэты вечар спалучаныя са строгім пастом: сярод страваў, якія знаходзяцца на стале, толькі посныя стравы. У тым, што датычыць стала, у свеце і нават у нашай невялікай краіне, існуе шмат розных традыцый і звычаяў. Але ўсе беларускія католікі неадменна распачынаюць вігілійную вячэру з дзялення аплаткай - прэсным белым хлебам, загадзя асвячаным у касцёле. Аплатка - гэта сімвал Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сябе самога за жыццё свету, і да сканчэння вякоў прабывае з намі ў Хлебе эўхарыстычным. Калі ўсе сабраліся, бацька, або хтосьці самы старэйшы ў сям'і, пры святле свечкі, што сімвалізуе бэтлеемскую зорку, чытае ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Езуса ў Бэтлееме. Затым, пасля супольнай малітвы, усе бяруць у рукі аплаткі і, падыходзячы адзін да аднаго, абменьваюцца святочнымі пажаданнямі. Пры гэтым трэба падзяліцца аплаткай з кожным, хто ў гэты вечар знаходзіцца за адным сталом. Пасля вячэры ўсёй сям'ёй ідуць у касцёл. Апрача штогадовага адзначэння пасхальнай таямніцы няма нічога больш старажытнага ў Касцёле, чым цэлебрацыя ўспаміну Нараджэння Пана і Яго першых аб'яўленняў. Святая Імша, якая цэлебруецца з надыходам ночы, называецца Пастэрка - ад лацінскага слова pastor (пастух) - бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра Нараджэнне Хрыста, былі бэтлеемскія пастушкі, што ў тую ноч пасвілі непадалёк свой статак. Менавіта яны першыя прыйшлі і пакланіліся нованароджанаму Збаўцу, а разам з імі - іх жывёла. Гэтую памятную сцэну сёння можна ўбачыць у кожным касцёле ў перыяд Божага Нараджэння: у найбольш заўважным месцы падрыхтаваныя яслі, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, над якім з пяшчотаю і любоўю схіляецца Яго Маці Марыя, святы Апякун Юзаф, і тут жа побач на сене - вол з вослікам, а крыху наводдаль з пашанаю кленчаць у вялікім здзіўленні сціпла апранутыя пастушкі... Глядзі таксама: Вігілійныя сімвалы |
Догмат аб Беззаганным Зачацці ў Апостальскім лісце Папы Пія IX «INEFFABILIS DEUS»
|
17.07.2008 13:54 |
Догмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны Папам Піем IX у Апостальскім лісце (буле) Ineffabilis Deus («Невымоўны Бог») ад 8 снежня 1854 г. У гэтым дакуменце прыведзены бясспрэчныя доказы веры Касцёла ў беззаганнасць Найсвяцейшай Панны ва ўсе часы, а таксама пераканаўча гаворыцца аб тым, што Яна — тая, каго Бог выбраў для здзяйснення свайго спрадвечнага плану збаўлення чалавека і такім чынам бязмерна ўзвысіў Яе над усім стварэннем. «Невымоўны Бог, чые шляхі — гэта міласэрнасць і праўда, чыя воля — усемагутнасць, а мудрасць уладарна прасякае ўсё ад канца да канца і лагодна ўсім кіруе, спрадвеку прадбачыўшы найсумнейшае падзенне ўсяго роду чалавечага, якое стала наступствам граху Адама, у схаванай адвеку таямніцы вырашыў першую справу сваёй міласэрнасці здзейсніць яшчэ больш таямнічым цудам праз Уцелаўленне Слова. (...) Таму ад самага пачатку і спрадвеку выбраў Бог і прызначыў свайму Сыну Маці, з якой той павінен быў нарадзіцца ў шчаслівай паўнаце часу. І палюбіў Яе Бог любоўю найвышэйшаю, чым усе іншыя стварэнні, так, што ў Ёй адной найбольш упадабаў сябе з надзвычайнай прыхільнасцю. А таму больш за ўсіх Анёлаў і ўсіх іншых нябесных духаў адарыў Яе паўнатою дароў са скарбніцы боства такім цудоўным чынам, што сама Яна заўсёды была некранутай ніякай плямай граху, а цалкам прыгожая і дасканалая ззяла такой вялікай цнатлівасцю і святасцю, якой ні ў каго іншага пасля Бога немагчыма нават уявіць, і якой ніхто, акрамя Бога, нават розумам асягнуць не можа. (...)» Напачатку звярнуўшы ўвагу на асаблівае прызначэнне Марыі ў гісторыі збаўлення, Святы Айцец далей гаворыць пра Традыцыю, якая з гэтага вынікае, адносна праўды аб Беззаганным Зачацці, што здаўна існавала паўсюдна ў Касцёле. «Каталіцкі Касцёл (...) рознымі спосабамі і красамоўнымі дзеяннямі з дня на дзень ніколі не пераставаў тлумачыць, навучаць і абгрунтоўваць вучэнне аб першапачатковай цнатлівасці гэтай велічнай Дзевы, якая з’яўляецца неад’емнаю ад Яе дзівоснай святасці і ўзнёслай годнасці Багародзіцы. Касцёл лічыў гэтую навуку атрыманай ім ад Бога і заключанай у дэпазіце нябеснага Аб’яўлення. Гэтае вучэнне прызнавалася з найстаражытнейшых часоў і глыбока ўкаранілася ў розумах вернікаў, а намаганнямі біскупаў Касцёла распаўсюдзілася ва ўсім каталіцкім свеце, паколькі сам святы Касцёл найвыразней аб ім сведчыў, без ваганняў прапануючы вернікам публічна ўшаноўваць і праслаўляць Зачацце гэтай жа Дзевы. Такая красамоўная практыка прадстаўляла Зачацце гэтай Дзевы як штосьці надзвычайнае, цудоўнае, што цалкам адрозніваецца ад зачацця ўсіх іншых людзей. Гэтае Зачацце лічылася святым, бо Касцёл адзначае толькі ўрачыстасці святых. (...) Рымскі Касцёл імкнуўся толькі да таго, каб найбольш яскрава само Беззаганнае Зачацце як культ і вучэнне абвяшчаць, захоўваць, распаўсюджваць і абараняць. (...)» Гаворачы аб асаблівай ролі ў гэтай справе сваіх Папярэднікаў, Папа адзначае, што імі былі ўведзеныя спецыяльныя малітвы для святароў і фармуляр Святой Імшы, у якіх падкрэсліваецца некранутасць Багародзіцы плямаю першароднага граху. Папярэднія Папы прыхільна ставіліся да ўсіх тых, хто тытулам Беззаганнага Зачацця называў кляштары, шпіталі, алтары і касцёлы. Нарэшце, свята Беззаганнага Зачацця было абвешчана ва ўсім Касцёле адной з найбольшых урачыстасцяў. Ніжэй гаворка ідзе пра тое, што Рымскія Першасвятары заўсёды імкнуліся як мага больш дакладна выкладаць вучэнне аб Беззаганным Зачацці і абараняць яго ад розных памылковых трактаванняў. Дзеля большай нагляднасці тут прыводзяцца словы Папы Аляксандра VII: «(...) “Сапраўды, вельмі старадаўняй з’яўляецца пабожнасць веруючых у Хрыста, якая выяўляецца ў перакананні, што душа Дзевы Марыі, Яго Маці, у першую ж хвіліну стварэння і злучэння з целам была захавана некранутай першародным грахом дзеля заслугаў Езуса Хрыста — Яе Сына і Адкупіцеля роду чалавечага; менавіта ў гэтым сэнсе яны адзначаюць урачыстасць і ўшаноўваюць Зачацце”. (...)» Папа Пій IX далей піша, што гэтае вучэнне, якое, як вынікае з вышэйсказанага, выяўлялася ў літургіі, знаходзіла падтрымку і ў найбольш аўтарытэтных колах Касцёла і нават было пацверджана на Трыдэнцкім Саборы: «(...) Усім вядома, з якой адданасцю вучэнне аб Беззаганным Зачацці Багародзіцы Дзевы выкладалася, абгрунтоўвалася і абаранялася найбольш значнымі законнымі супольнасцямі і найслаўнейшымі тэалагічнымі акадэміямі, а таксама найлепшымі навукоўцамі ў галіне тэалогіі. Усе таксама ведаюць, як старанна клапаціліся біскупы адкрыта і публічна, нават на сінодах, вызнаваць праўду, што Найсвяцейшая Багародзіца Дзева Марыя дзеля прадбачаных заслугаў Хрыста Пана Адкупіцеля ніколі не была падуладнай першароднаму граху (...). Да ўсяго гэтага далучаецца бясспрэчна найбольш важкі і найважнейшы аргумент: Трыдэнцкі Сабор, выдаючы дагматычны дэкрэт аб першародным граху, згодна са Святым Пісаннем, сведчаннямі Айцоў і найбольш значных сінодаў, хоць пастанавіў і вызначыў, што ўсе людзі нараджаюцца ў першародным граху, аднак урачыста абвясціў, што не было мэтаю гэтага дэкрэту ўключыць сюды Благаслаўлёную і Беззаганную Дзеву Багародзіцу Марыю. У гэтай заяве Айцы Трыдэнцкага Сабору дастаткова пераканальна для тых часоў і ўмоваў выказаліся, што Найсвяцейшая Дзева вольная ад першароднага граху, абгрунтоўваючы гэта тым, што ні са Святога Пісання, ні з Традыцыі, ані са сведчанняў Айцоў Касцёла немагчыма прывесці пераканаўчых аргументаў, якія б нейкім чынам аспрэчвалі гэты вялікі прывілей Найсвяцейшай Дзевы. (...)» Далей Папа піша, што вучэнне аб Беззаганным Зачацці знаходзіла пацвярджэнне таксама ў працах Айцоў і пісьменнікаў Касцёла, якія імкнуліся зрабіць яго больш відавочным, ясным і выразным, чэрпаючы гэтую праўду з боганатхнёных крыніцаў. Першым іх аргументам стаў тэкст з кнігі Быцця (Быц 3, 15), які называюць Протаевангеллем. «(...) Усе Айцы і пісьменнікі Касцёла прыводзілі наступныя аргументы: Пан Бог на пачатку існавання свету, прадказваючы сродкі, падрыхтаваныя з Яго дабрыні для аднаўлення чалавецтва, скрышыў дзёрзкасць хлуслівага змея і цудоўна ўзняў надзею нашага роду, кажучы: “Пакладу варожасць паміж табою і жанчынай і паміж семенем тваім і семенем яе”. У гэтым Божым прароцтве быў ясна і выразна прадказаны міласэрны Адкупіцель чалавечага роду, а менавіта Адзінародны Сын Божы Хрыстус Езус, была абазначана Яго Найсвяцейшая Маці Дзева Марыя, а таксама найбольш выразна выяўлена непрыязнасць абодвух у адносінах да сатаны. А таму як Хрыстус, пасрэднік паміж Богам і людзьмі, што прыняў чалавечую натуру і, знішчаючы прысуд, які быў супраць нас, пераможна прыбіў яго да крыжа, так і Найсвяцейшая Дзева, з’яднаная з Ім найшчыльнейшай і непарыўнай повяззю, разам з Ім і праз Яго супрацьстаючы ядавітаму змею, цалкам перамогшы яго, беззаганнаю нагою раструшчыла яму галаву. (...)» Нямала вобразаў — прататыпаў Беззаганнай Панны – убачылі Айцы і пісьменнікі Касцёла ў кнігах Старога Запавету, у пісаннях прарокаў і на старонках Евангелля. «(...) Айцы і пісьменнікі Касцёла, разважаючы над словамі Анёла Габрыэля, які звеставаў Найсвяцейшай Дзеве найвышэйшую годнасць Маці Божай, “поўная ласкі”, заўважалі, што гэтае асаблівае і ўрачыстае прывітанне, якое было выказана ад імя Бога і акрамя гэтага адзінага выпадку нідзе больш не сустракаецца, прадстаўляе Багародзіцу як асяродак усіх Божых ласкаў, аздобленую ўсімі дарамі Духа Святога (...)». З усіх біблійных доказаў беззаганнасці Панны Марыі, якія знайшлі адлюстраванне ў буле, асаблівае месца займае супастаўленне Панны Марыі з Евай. «(...) Абараняючы з гэтага пункту гледжання першародную чысціню Багародзіцы і Яе праведнасць, гэтыя Айцы не спыняліся толькі на параўнанні Яе з Евай — яшчэ ў дзявоцтве, нявіннай, несапсаванай і яшчэ не падманутай згубнай падступнасцю здрадлівага змея — але ставілі Яе вышэй за тую Еву (...)». Для праслаўлення Марыі часта выкарыстоўваліся словы і вобразы, узятыя з тэкстаў Святога Пісання. Але ўсе гэтыя выразы часта здаваліся недастатковымі, бо: «(...) найбольш адпавядала, каб Адзінародны, як на небе мае Айца, якога серафімы, праслаўляючы, тройчы называюць святым, так і на зямлі меў Маці, якая ззяе нязгасным бляскам святасці. Гэтае вучэнне да такой ступені паглынула розумы і душы папярэдніх пакаленняў, што ў іх асяроддзі ўзнік асаблівы і цудоўны спосаб маўлення, у якім Багародзіцу вельмі часта называлі Беззаганнай, прычым Беззаганнай з усіх пунктаў гледжання; цнатлівай і найцнатлівейшай; непарушнай, прычым у найвышэйшай ступені; святой і недасяжнай для ўсялякага грахоўнага бруду; прыгажэйшай за прыгажосць; прывабнейшай за прывабнасць; свяцейшай за святасць і адзіна святой; найчысцейшаю душою і целам. (...)» Падсумоўваючы ўсё сказанае вышэй, Папа Пій IX сцвярджае, што прыйшоў час унесці канчатковую яснасць у пытанне аб Беззаганным Зачацці Панны Марыі. « (...) Няма нічога дзіўнага ў тым, што пастыры Касцёла і вернікі з вялікай пабожнасцю, рэлігійнасцю і любоўю з дня на дзень усё шырэй вызнавалі вучэнне аб Беззаганным Зачацці Багародзіцы Дзевы, якое, на думку Айцоў, знаходзіцца ў Святым Пісанні, перададзена праз іхнія найбольш важныя сведчанні, выказана і ўшанавана ў шматлікіх выдатных помніках шаноўнай старажытнасці, а таксама выкладзена і пацверджана ў афіцыйным і аўтарытэтным навучанні Касцёла. (...) Таму ўжо з даўніх часоў біскупы, святары, законнікі і нават імператары і каралі настойліва прасілі Апостальскую Сталіцу, каб Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Багародзіцы было прызнана ў якасці догмату. (...) З гэтаю мэтаю Мы склікалі спецыяльную Кангрэгацыю, складзеную з шаноўных Нашых Братоў Кардыналаў Рымскага Касцёла, якія вызначаюцца пабожнасцю, разважлівасцю і тэалагічнымі ведамі. Да таго ж мы абралі святароў з дыяцэзіяльнага і законнага духавенства, якія маюць адукацыю ў галіне тэалогіі, каб усё, што датычыць Беззаганнага Зачацця Дзевы, як мага дакладней даследавалі і даслалі Нам сваё меркаванне пра гэта. (...)» Акрамя таго, быў таксама праведзены так званы «карэспандэнцыйны Сабор», дзякуючы якому ўсе біскупы змаглі пісьмова выказаць свае адносіны да абвяшчэння догмату, пра што таксама ўзгадваецца ў буле, прычым адзначаецца аднадушная падтрымка біскупаў справы, што была пададзена на іх разгляд. І вось нарэшце Папа абвяшчае сваю волю: «Таму, цалкам давяраючы Пану ў тым, што прыйшоў найбольш спрыяльны час для вызначэння Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Багародзіцы Дзевы Марыі, пра што сведчаць боганатхнёныя Кнігі, шаноўная Традыцыя, нязменнае перакананне Касцёла, асаблівае аднадумства ў гэтай справе каталіцкіх біскупаў і вернікаў, а таксама векапомныя Пастановы і Канстытуцыі Нашых Папярэднікаў, уважліва ўзважыўшы ўсе акалічнасці і ўзнёсшы да Бога гарачыя і нястомныя малітвы, Мы прыйшлі да высновы, што павінны без прамаруджання пастанавіць і вызначыць Нашай найвышэйшай уладаю Беззаганнае Зачацце Дзевы. (...)» Ніжэй прыводзіцца сама фармуліроўка догмату, якая гучыць так: «Абвяшчаем, пастанаўляем і вызначаем, што вучэнне, згодна з якім Найсвяцейшая Дзева Марыя ў першы момант свайго Зачацця асабліваю ласкаю і прывілеем Усемагутнага Бога, дзякуючы прадбачаным заслугам Езуса Хрыста, Збаўцы роду чалавечага, была захавана некранутаю ніякай плямаю першароднага граху, было аб’яўлена Богам, а таму ўсе вернікі павінны з непахіснай верай заўсёды яго вызнаваць». Згодна з булаю, кожны, хто адважыцца не прызнаць ці аспрэчыць гэтае вучэнне, сам сябе такім чынам выключае з супольнасці Касцёла. У заключнай частцы дакумента Папа выказвае шчырую радасць з нагоды абвяшчэння новага догмату, а таксама ў найбольш узнёслых словах праслаўляе Панну Марыю, з надзеяй і даверам даручаючы Ёй у апеку святы Касцёл і патрэбы ўсіх людзей. На заканчэнне Святы Айцец Пій IX звяртаецца да ўсіх вернікаў з наступным заклікам: «(...) Няхай усе дарагія Нам сыны Каталіцкага Касцёла пачуюць гэтыя Нашыя словы і з яшчэ большай адданасцю ў пабожнасці, рэлігійнасці і любові ўшаноўваюць, заклікаюць і просяць Найсвяцейшую Маці Божую Дзеву Марыю, без граху першароднага зачатую. Няхай у кожнай небяспецы, уціску, патрэбе, у складаных і пагрозлівых становішчах з поўным даверам уцякаюць да гэтай наймілейшай Маці міласэрнасці і ласкі. Няма чаго баяцца, няма і падставаў для роспачы, калі Яна вядзе, Яна раіць, Яна спрыяе, Яна абараняе, бо для нас Яна адкрывае сваё мацярынскае сэрца і, стараючыся дзеля нашага збаўлення, клапоціцца пра ўвесь чалавечы род. Пан устанавіў Яе Валадаркаю неба і зямлі, і, узнесеная вышэй за ўсе хоры Анёлаў і за ўсіх святых, стоячы праваруч свайго Адзінароднага Сына, нашага Пана Езуса Хрыста, Яна найбольш дзейсна выпрошвае ўсё сваімі матчынымі малітвамі, і тое, аб чым просіць, атрымлівае, а значыць, ніколі не ашуквае. (...)» «Ave Maria» №12(115) 2004 Глядзі таксама Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі |
Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі
|
17.07.2008 13:51 |
Размова з прафесарам кс. Альфонсам Скаўронкам Прафесар кс. Альфонс Скаўронак (нар. у 1928 г. у Пякарах Слёнзскіх) — адзін з найбольш вядомых польскіх тэолагаў. Больш за 20 гадоў выкладаў у Акадэміі каталіцкай тэалогіі ў Варшаве, дзе заснаваў кафедру Экуменічнай тэалогіі, якою кіраваў да 1993 г. Уваходзіў у склад рэдакцыі міжнароднага тэалагічнага агляду «Concilium». Быў таксама душпастырам нямецкамоўных католікаў у Варшаве. У апошнія гады апублікаваў кнігі «Сакрамэнты ў экуменічным профілі» (5 тамоў), «Анёлы ёсць сярод нас», «Хто такі Езус з Назарэту?». 29 чэрвеня кс. Скаўронак адзначыў залаты юбілей святарства. — У гэтым годзе спаўняецца 150 гадоў з дня абвяшчэння догмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Чаму гэта зроблена толькі праз васемнаццаць стагоддзяў існавання хрысціянства? У дадатак гэта зрабіў сам Папа, хоць раней догматы абвяшчаліся ўсімі сабранымі на Саборы біскупамі свету... — Заўважым, што, напрыклад, догмат аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны яшчэ пазней — толькі ў ХХ стагоддзі. Адносна «хуткай» дагматызацыі дачакаўся толькі першы і найважнейшы марыйны догмат аб Яе Божым мацярынстве — ужо ў 431 г. на Эфескім Саборы. Адбылося гэта без ўрачыстай пракламацыі, але на падставе старых сімвалаў хросту (вызнанняў веры пры прыняцці гэтага сакрамэнту з ІІІ і ІV ст.). Інстытут Настаўніцтва Касцёла выказваўся яшчэ пра дзявоцтва Марыі (у акце зачацця Езуса, а таксама Яе дзявоцтва пасля нараджэння Сына). Перадусім пералічаныя праўды з’яўляюцца не марыйнымі догматамі, а хрысталагічнымі, дакладней — хрыстацэнтрычнымі. А значыць, гэта звеннявыя формы развіцця біблійнага сведчання аб Хрысце — падобна да таго, як у ружанцовай малітве, якая па сваёй сутнасці зусім не марыйная малітва, хоць усімі чатырма сваімі часткамі складае набажэнства, у якім ідзе разважанне над таямніцамі жыцця Езуса Хрыста. Абвяшчэнне догматаў Саборамі або толькі самім Папам адлюстраванае суадносінамі 2:2. Апрача Беззаганнага Зачацця толькі адзін з чатырох пералічаных — а менавіта догмат аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі — быў абвешчаны Папам Піем ХІІ без Сабору, але і не асабіста, таму што гэты Папа на працягу многіх гадоў перад абвяшчэннем догмату кансультаваўся з епіскапатамі і вернікамі ўсяго свету. Гэта прыгожы прыклад так званай эвалюцыі догмату, умацавання свядомасці веры ва ўсім людзе Божым. — Некаторыя людзі, гаворачы пра Беззаганнае Зачацце, маюць на ўвазе зачацце Езуса ва ўлонні Марыі, у той жа час размова ідзе пра само зачацце Яго Маці... — Сапраўды, гэтае непаразуменне даволі паўсюднае, і настаўнікі веры бяруць яго пад увагу і карэктуюць. У догмаце аб Беззаганным Зачацці напісана, што Марыя была зачатая сваёю маці Ганнаю без першароднага граху. Але найважнейшым з’яўляецца іншае, цяжкае да выкаранення непаразуменне, паводле якога гэты працэс зачацця Марыі, як выключны сярод многіх іншых, павінен кідаць цень першароднага граху на ўсе астатнія зачацці. З падобнымі інтэрпрэтацыямі наш догмат не мае нічога супольнага. Ці мог Бог назваць зачацце нячыстым актам, калі да гэтага сам стварыў чалавека, каб ён далей перадаваў струмень жыцця? Створца нават уключыў гэтую дзейнасць чалавечай пары ў кансэкраваную прастору сакрамэнтаў! Пра паводзіны ў гэтым акце бацькоў Марыі наш догмат увогуле не гаворыць. Затое плод іх дзейнасці (Марыя) знаходзіўся з першага моманту свайго існавання ў самай блізкай лучнасці з Богам, якую першапачаткова мелі прабацькі, а потым яе страцілі. — Не ўсе тэолагі і нават святыя згаджаліся з тым, што Марыя была беззаганна зачатая. Напрыклад, св. Тамаш Аквінскі быў рашучым праціўнікам такога сцвярджэння... — Вы закранаеце чарговую блытаніну паняццяў. Адказваю контрпытаннем: «Ці мог Аквінскі (каля 1225–1274) не пратэставаць?!». Беззаганнае Зачацце было для яго праўдай, якая супярэчыла аўгустынскай традыцыі аб паўсюднасці першароднага граху, а значыць неабходнасці збаўлення ўсіх людзей, таму што ставілася пад сумненне хрысталагічнае і сатэрыялагічнае вучэнне веры, паводле якога Бог у Езусе Хрысце адкупіў усіх людзей без выключэння. Цяжкасцяў таксама дадаваў аўгустынскі тэзіс аб наследаванні першароднага граху шляхам перадачы жыцця бацькамі; гэты натуральны акт заўсёды прымаўся ў адносінах да зачацця Марыі (Ганнаю і Яўхімам). Таму св. Тамаш, а разам з ім уся дамініканская школа, радыкальна пярэчылі вучэнню аб Беззаганным Зачацці. — Увогуле, чаму мы ўшаноўваем Марыю? — Марыйны культ з’яўляецца поўным пашаны адказам вернікаў на гістарычную збаўчую місію Марыі і знаходзіць сваё выяўленне ў актах даверу, падзякі, заклікаў і малітве-просьбе аб заступніцтве. У пытанні культу разважлівую пазіцыю заняў Другі Ватыканскі Сабор. Да Марыі Сабор звяртаецца ў 8 раздзеле Дагматычнай канстытуцыі аб Касцёле (а не ў асобным дэкрэце, як гэтага жадала шматлікая група Айцоў Сабору), а таксама праз выразнае ўказанне на тое, што ў паўсюднасці збаўлення існуе толькі адно адзінае пасрэдніцтва, а менавіта — Езуса Хрыста (КК 60). Некаторыя з тых жа Айцоў выказваліся за абвяшчэнне новага марыйнага догмату аб Марыі як Пасрэдніцы ўсялякіх ласкаў. Марыя ў Касцёле, як Дзева і Маці, з’яўляецца ўзнёслым першавобразам (КК 63), да якога прыпадабняецца Касцёл, што «пастаянна дзейнічае ў веры, надзеі і любові, шукаючы ва ўсім Божую волю» (КК 65). Марыя сама крочыць «у пілігрымцы веры» (КК 58). Марыйны культ можна разумець тэалагічна толькі з боку Езусавага пасрэдніцтва збаўлення і да яго адносіць культ. — Калісьці Маці Божую надзялілі шматлікімі маляўнічымі тытуламі, але асабліва сёння падкрэсліваецца, што Яна з’яўляецца першаю хрысціянкаю. Чым была прадыктавана такая змена погляду на Марыю? — Гэта была так званая марыялогія прывілеяў, «гірлянды» якіх спрабавалі плесці і ўпрыгожваць імі без абмежавання і бясконца. Такі тып упрыгожвання вобразу Марыі сёння, на шчасце, застаўся ў мінулым. У ім заключалася рэальная небяспека нівеліравання годнага ўшанавання Маці Пана, бо прывілеі могуць выклікаць захапленне і адначасова аддаляць вернікаў ад культу постаці недасяжнай хвалы, якая знікае ў аблоках. Да гэтага разумення набліжана зараджэнне марыйнага культу ў Сярэднявеччы. Акрэслены ў той час народнымі прапаведнікамі вобраз Бога як справядлівага і няўмольнага Суддзі паўплываў на шуканне паратунку людзей пад «плашчом» Маці Езуса ў шматлікіх марыйных санктуарыях. «А калі Айцец разгневаны карае, шчаслівы, хто ў Маці паратунку шукае», — да сённяшняга дня звяртаюцца вернікі да Марыі ў адной з папулярных песняў. Проста гратэскавым момантам гэтай кампазіцыі, акрамя таго, з’яўляецца акалічнасць, у якой Марыя выступае ў ролі сужонкі Бога Айца... Сёння мы прагнем скіраваць нашыя малітвы, як кажа Пан, да Марыі як да нашай старэйшай сястры, а можа нават лепш — першай вучаніцы Езуса. Падыходжу да другой часткі вашага пытання, становячыся разам з Марыяй пад крыжам, дзе Яна пачула словы 21-га Псальма: «Божа мой, Божа мой! Чаму Ты пакінуў мяне?». У сваёй веры ў Сына Яна ў стане прыняць з Яго вуснаў слова «жанчына», якім Ён хоча яшчэ раз паказаць, што перавышае Яе. Марыя зносіць і тое, што Ён ужо не Яе Сын, і з гэтага часу ім павінен быць хтосьці іншы: Ян, які стаяў побач з Ёю. Той, які да гэтага часу быў Яе Сынам, сам стаў на вяршыні стварэння перад Богам справядлівасці як Збаўца і Пасрэднік свету. Але менавіта цяпер Яна стала больш блізкай Яму, чым гэтага можна было дасягнуць моцаю наймацнейшай цялеснай сувязі. Пад крыжам Марыя стала ў найбольшай ступені вучаніцаю Свайго Сына. Калі першы раз жанчына з народу пачала праслаўляць Марыю за яе мацярынства, Езус ухваліў гэтае благаславенне і пашырыў яго, гаворачы: «Так, але шчаслівыя тыя, хто чуе слова Божае і выконвае яго» (гл. Лк 11, 27). Езусаву Маці трэба праслаўляць, бо Яна належыць да тых людзей, якія слухаюць Божае слова і ў веры выконваюць яго. Пад крыжам Марыя набыла сваё найбольшае значэнне ў гісторыі збаўлення. — Колькасць марыйных святаў у літургічным календары значна перавышае колькасць святаў у гонар Асобаў Найсвяцейшай Тройцы. Уласна кажучы, няма дня, калі б у якім-небудзь кутку зямлі мясцовы Касцёл не адзначаў нейкай марыйнай урачыстасці. Як можна пагадзіць гэтыя шматлікія формы ўшанавання Маці Божай з тым, што ў цэнтры хрысціянскай веры павінен быць Езус Хрыстус? — На адным уздыху можна было б пералічваць далей: цэлыя два марыйныя месяцы ў годзе, шматлікія марыйныя святыні, моцна абуджаны пілігрымкавы рух да мясцовых і замежных цудадзейных марыйных абразоў і фігур і г.д. Аднак хацелася б затрымацца на пэўных больш агульных тэалагічных фактах. У гаворцы аб Марыі тэалогіі належыць (таксама) функцыя нагляду ў спецыфічным значэнні гэтага слова. Тэалогія павінна сысці (у прынцыпе, напэўна, ужо сышла) з віражу паняццевых спекуляцый і стаць (што, напэўна, ужо зрабіла або робіць) на шлях, які вядзе да паўнаты жыцця чалавека малітваю. Ушаноўваючы на малітве Марыю, сёння мы ўсведамляем псіхалагічную небяспеку пагружэння ў сентыментальнасць, летуценні, якія вядуць да слепаты і страты свабоды рухаў і да фальсіфікацыі Евангелля. Адчуваем псіхалагічную патрэбу колькаснага і якаснага вымярэння нашай марыйнай пабожнасці і не баімся ўжо больш ўвядзення антрапалагічных элементаў у нашы суадносіны з трансцэдэнтнасцю, у рэалізацыі якіх значную ролю адыгрывае сінтэз розуму, сэрца і пачуцця супольнасці; гэтая трохгучнасць належыць да сутнасці рэлігійнай цэлебрацыі. У падобным сцвярджэнні крыецца важкае пытанне адносна нашых братніх евангелічных Цэркваў. Ці павінна быць яшчэ марыйная пабожнасць непераадольнаю падставаю для абурэння? Ці для нашай веры марыйная пабожнасць не з’яўляецца шанцам у яе хрысціянскім развіцці веры? Безумоўна, тут існуе праблема веравызнаўчай тоеснасці, і калі для каталіцкіх Касцёлаў гэтая праблема азначае, што марыйнага элементу мы не павінны страціць, то евангелічным Цэрквам указвае на тое, што раптоўна яны не могуць дазволіць сабе прадпісання культу марыйнай пабожнасці. Аднак смелае і няспыннае аказванне пашаны Марыі было б ужо вялікім экуменічным дарам. Перад католікамі стаіць рашучае пытанне: «У якой ступені марыйная пабожнасць з’яўляецца абавязковай?». Але такое пытанне можна лічыць дрэнна сфармуляваным. Ва ўсялякім разе, у сферы формулаў веры і рэлігійных практык сённяшняя тэалогія не будзе сцвярджаць таго, што марыйная аснова “неабходная для збаўлення”. Усё ж такі існуюць біблійныя асновы ўспрымання Марыі, якіх ніводны хрысціянін не зможа абмінуць без сур’ёзнага роздуму. «Марыя належыць да Евангелля», — так гучыць назва выдадзенага ў 1975 г. вялікага «Евангелічнага катэхізіса для дарослых» (“Evangelisher Erwachsenenkatechismus”), у якім далей напісана: «Марыя з’яўляецца не толькі каталіцкай, але і евангелічнай». Супраць гэтага простага сцвярджэння не запратэстуе ніводны пратэстант. Тут узнікае пытанне, якое нельга абмінуць: ці існуе прычына для ігнаравання марыйнай пабожнасці і касцёльнай традыцыі або перасцярогі ад гэтай пабожнасці? — Усё ж такі надалей існуе перакананне, што пратэстанты, адкідваючы культ святых, перасталі таксама ўшаноўваць Марыю. Але нам вядомы вельмі прыгожы каментар Марціна Лютэра да Magnificat, які з’яўляецца праяваю яго глыбокай марыйнай пабожнасці... — Калі б толькі Magnificat! Хацелася б цытаваць выказванні Лютэра на марыйную тэму з многіх іншых лістоў, але ў дадзены момант гэта немагчыма. Маю перад сабою твор евангелісцкага тэолага Вальтэра Тапалета “Marienlob der Reformatoren” (“Праслаўленне Марыі рэфарматарамі”) з найбагацейшаю скарбніцаю марыйных выказванняў Марціна Лютэра, Жана Кальвіна, Ульрыха Цвінглі і Генрыка Булінгера. Абапіраючыся на шматлікія экуменічныя даследаванні аб Марыі, узнік нават праект абрання Маці Езуса «Апякункаю экуменізму». Гэтую думку выказаў у 1982 г. каталіцкі біскуп Хэльмут Вітлер з Оснабрука, які пісаў: «Мы хацелі б мець надзею, што ўшанаванне пакорнай Слугі Панскай, для якой Усемагутны ўчыніў столькі цудаў, у будучыні не будзе рабіць перашкоды, але стане шляхам і кропкай сутыкнення для ўсталявання еднасці ўсіх, хто верыць у Хрыста». На самай справе, астатнія адрозненні ў марыйным пытанні не апраўдваюць падзелу хрысціян. — Пашана, якую мы аказваем Марыі, з’яўляецца адной з тэмаў экуменічнага дыялогу. Ці ўдалося ўжо знайсці агульныя элементы для розных хрысціянскіх традыцый у поглядах на Маці Хрыста? — Папа Павел VI, а яшчэ больш Ян Павел ІІ, нястомна падкрэсліваюць, што ў экуменізме агульныя элементы празмерна дамінуюць над тым, што нас падзяляе. Аднак часта можна заўважыць, што гэтыя шматлікія сувязі раптоўна змяншаюцца пры вымаўленні двух імёнаў: Марыя і Пётр. Невыпадкова іх выкідаюць з экуменічнага дыялогу, можа быць і таму, што дыскусіі вакол іх асобаў былі безвыніковымі. Але нягледзячы на гэта, напр., двухбаковы дыялог рабочай групы Канферэнцыі біскупаў Германіі з Аб’яднанаю Евангелісцка-Лютэранскаю Царквою Германіі прынёс плён вельмі важным дакументам “Communio Sanctorium” («Касцёл як супольнасць святых», 2000 г. ). На апошніх старонках гэтага дакумента ідзе размова пра марыялагічны дыялог, які для евангелісцкіх хрысціянаў мае шмат перашкодаў. Яны галоўным чынам зводзяцца да дзвюх: евангелісты абураныя дагматызацыяй Беззаганнага Зачацця (1854 г.) і Унебаўзяццем Марыі (1950 г.), паколькі і адно, і другое не мае непасрэдных спасылак на Святое Пісанне. Для каталіцкага мыслення гэтыя «новыя» марыйныя догматы паўстаюць з медытацыйнага разважання на працягу стагоддзяў. — На Вашу думку, што трэба было б зрабіць, каб у марыйнай пабожнасці мы не засяроджваліся на Маці, бо Яна сама пастаянна ўказвае на Сына? — Пераарыентацыя на Сына была і існуе ў марыйным руху, хоць у мінулым, напэўна, недастаткова выразна. Калі нехта быў адзін раз у Люрдзе, свайго роду мітраполіі марыйнай пабожнасці, мог без цяжкасці ўбачыць хрыстацэнтрычную скіраванасць мясцовых марыйных урачыстасцяў (напр., вялікая начная эўхарыстычная працэсія са свечкамі). У канцы мая бягучага года ў аўстрыйскім горадзе Марыяцэль пад лозунгам «Хрыстус — надзея Еўропы» адбылася марыйная Пілігрымка народаў. Аб гэтым хрысталагічным вымярэнні марыялогіі ніколі не трэба забываць. У Апостальскай адгартацыі Marialis cultus Павел VI падкрэслівае неабходнасць пастаяннай арыентацыі марыйнай пашаны на Хрыста. Марыйны культ павінен быць абгрунтаваны біблійна, літургічна і ў адпаведнасці з сучаснай антрапалогіяй, а таксама прасякнуты духам экуменізму. У сферы марыялагічных даследаванняў католікі і евангелісты павінны разам схіліцца над біблійнымі крыніцамі марыйнага зместу і іх тэалагічна-гістарычнага развіцця са старажытнасці, праз Сярэднявечча, сучаснасць аж да сённяшняга дня. Размаўляў Павел Бялінскі. «KAI», № 32 за 2004 г. Пераклад з польскай мовы Іны Ламакі Глядзі таксама Догмат аб Беззаганным Зачацці ў Апостальскім лісце Папы Пія IX «INEFFABILIS DEUS» |
Набажэнствы на працягу літургічнага года
|
Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі
|
15.07.2008 16:35 |
Назва Гадзінкі паходзіць ад слова «гадзіна». У кляштарах малітвы, якія манахі адгаворваюць у пэўныя гадзіны дня, маюць назву Літургія гадзінаў (Liturgia horarum). Спевы гімнаў і малітваў Гадзінак укладзеныя па прыкладзе Літургіі гадзінаў, адкуль іх асобныя назвы: Ютрань, Першая Гадзіна, Трэцяя Гадзіна, Нешпары і г. д.
Малітва Гадзінак праслаўляе таямніцу Беззаганнага Зачацця Багародзіцы, якая Божаю ласкаю была захаваная ад першароднага грэху.
Ютрань
Пачынайце, вусны нашы, Маці праслаўляці, Пачынайце гімн хвалы радасна спяваці.
Будзь нам, Маці міласэрна, сталай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога.
Хвала Богу ў Тройцы вечнай і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж, на вякі, няспынна.
Як была пашана Пану, хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі Бога славяць людзі.
Гімн Радуйся, Пані Святая, неба Валадарка, Ты светлая, як зорка, што ўзыйшла над ранкам.
Радуйся, поўная ласкі, яснасць незямная, Ратуй нас ад шатана, Маці Прасвятая.
Пані, Цябе сам Бог Моцны, Творца чалавека, Абраў за Маці Слова, што жыло спрадвеку.
Слова, што свет сатварыла — неба над зямлёю, Паіла ўсё жывое чыстаю вадою.
Бог узлюбіў Цябе, Маці, і ўчыніў святою, Адамаў грэх моц страціў, Пані, прад Табою.
Кантар: Выбраў Яе Бог і па-над усім узвялічыў. Н.: І абраў Яе, быццам дом, у якім сам прабывае. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць.
Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн.
К.: Пані, пачуй маленні нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць. К.: Праслаўляйма Пана. Н.: Богу хвала. К.: А душы верных памерлых праз Божую міласэрнасць няхай адпачываюць у супакоі вечным. Н.: Амэн.
Першая гадзіна
Будзь нам, Маці міласэрна, вернай дапамогай, Барані нас ад спакус і шатана злога.
Хвала Богу ў Тройцы вечнай і Айцу, і Сыну, І Святому Духу ўсцяж, на вякі, няспынна.
Як была пашана Пану, хай заўсёды будзе — На зямлі хай праз вякі Бога славяць людзі.
Гімн Радуйся, мудрая Маці, дом святы для Бога, Які калоны здобяць велічна, прыгожа.
Пошасцям свету Ты, Пані, сталася бядою, Бо ва улонні маці ўжо была святою.
Маці зямлі, Ты ў неба і у святасць Брама, Якуба зорка ясна і анёлаў Пані.
Пострах шатана, ратуй нас ад яго напасцяў, Ты прыстань хрысціянаў у горы і няшчасці.
К.: Сам Яе сатварыў у Святым Духу. Н.: І над справамі рук сваіх Яе ўзвялічыў. К.: Пані, пачуй маленні нашыя. Н.: А просьбы нашыя няхай да Цябе дойдуць.
Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані
свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о
наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго
Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае
Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду
вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш
Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у
Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн.
Трэцяя гадзіна
Будзь нам, Маці міласэрна,
вернай дапамогай,
Барані нас ад спакус і шатана злога.
Хвала Богу ў Тройцы вечнай
і Айцу, і Сыну,
І Святому Духу ўсцяж,
на вякі, няспынна.
Як была пашана Пану,
хай заўсёды будзе —
На зямлі хай праз вякі
Бога славяць людзі.
Гімн Радуйся, трон Саламонаў, запавет Святога, Вясёлка з фарбаў райскіх Творцы Незямнога.
Ты, як агонь Майсееў, Богам палымнееш, Як посах Ааронаў, нібы цвет квітнееш.
Райская Брама замкнёна, мёду пласт Самсона, Руно, што мацавала мужнасць Гедыёна.
Сын Твой Святы і адзіны Бог Праўдзівы з неба, Цябе ўсцярог ад грэху нашай маці Евы.
Толькі Цябе, Маці Слова, Бог абраў спрадвеку, Каб Ты была нявіннай, і без плямаў грэху.
К: Я жыву на вышынях. Н.: А трон мой у слупе аблокаў. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць.
Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані
свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о
наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго
Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае
Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду
вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш
Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у
Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн.
Шостая гадзіна
Будзь нам, Маці міласэрна,
вернай дапамогай,
Барані нас ад спакус і шатана злога.
Хвала Богу ў Тройцы вечнай
і Айцу, і Сыну,
І Святому Духу ўсцяж,
на вякі, няспынна.
Як была пашана Пану,
хай заўсёды будзе —
На зямлі хай праз вякі
Бога славяць людзі.
Гімн Радуйся, Тройцы сяліба, Божая Святыня, Палац святы анёлаў, дзеваў Храм нявінных.
Ты суцяшэнне журботных, сад удзячных думак, Ты сіла цярплівых, чысціні дарунак.
О Благаслаўлёная Пані, Ты зямля святая, Нявіннасці і цнотаў, дар таемны маеш.
Быццам святы горад Божы, ці на Усходзе брама, Любоўю, ласкай светлай ззяеш, Беззаганна!
К.: Быццам лілея паміж церняў. Н.: Так і мая ўмілаваная паміж дачок Адама. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць.
Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані
свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о
наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго
Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае
Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду
вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш
Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у
Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн.
Дзевятая гадзіна
Будзь нам, Маці міласэрна,
вернай дапамогай,
Барані нас ад спакус і шатана злога.
Хвала Богу ў Тройцы вечнай
і Айцу, і Сыну,
І Святому Духу ўсцяж,
на вякі, няспынна.
Як была пашана Пану,
хай заўсёды будзе —
На зямлі хай праз вякі
Бога славяць людзі.
Гімн Радуйся, прыстань уцёкшых, вежа справядлівых, Прыгожая, як хорам, узведзены Давідам.
Ты пры зачацці любоўю, ласкай палымнела, Ад яснасці той пекла ў немачы самлела.
Мужная Панна Святая, як сама Юдыта, Што люд свой ратавала, у палон здабыты.
Хлебам карміў увесь Егіпет, слаўны сын Рахэлі, Марыі Сын ад смерці збавіў свет збуцвелы.
К.: Якая ж Ты прыгожая, наша Пані. Н.: А правіны грэху першароднага ў Табе не знайшлося. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць.
Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані
свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о
наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго
Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае
Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду
вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш
Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у
Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн.
Нешпары
Будзь нам, Маці міласэрна,
вернай дапамогай,
Барані нас ад спакус і шатана злога.
Хвала Богу ў Тройцы вечнай
і Айцу, і Сыну,
І Святому Духу ўсцяж,
на вякі, няспынна.
Як была пашана Пану,
хай заўсёды будзе —
На зямлі хай праз вякі
Бога славяць людзі.
Гімн Радуйся, о яснасць свету, верных дапамога, Ты кроў дала і цела Сыну Пана Бога.
Каб чалавек у даліне грэху не загінуў, А годным стаўся неба, хвалы херубімаў.
Промнямі сонца святога, зіхаціць Марыя — Зачатая без грэху чыстая лілея.
Цвет паміж церняў — Марыя мужна змея топча, Як месяц ясны ў поўні, цемру губіць ноччу.
К.: Я ўчыніла, каб на небе няспынна ўзыходзіла сонца. Н.: І быццам імгліца ўсю зямлю агарнула. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць.
Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані
свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о
наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго
Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае
Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду
вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш
Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у
Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн. Напрыканцы дня
Хай жа дасць нам Сын Твой любы ласку навяртання, Хай даруе нам грахі, не спашле карання.
Будзь нам, Маці міласэрна,
вернай дапамогай,
Барані нас ад спакус і шатана злога.
Хвала Богу ў Тройцы вечнай
і Айцу, і Сыну,
І Святому Духу ўсцяж,
на вякі, няспынна.
Як была пашана Пану,
хай заўсёды будзе —
На зямлі хай праз вякі
Бога славяць людзі.
Гімн Радуйся, о Маці цноты, святасці дзявочай, Напоўненая ласкай у вянку святочным.
О Беззаганная Маці, чысціня анёлаў, Стаіш ля трона Бога — галава ў кароне.
Ласку для нас спарадзіла, ветлая, Прачыста. Ты грэшнікаў надзея, тых, што тонуць, прыстань.
Райская Брама для слабых, грэшных абарона, Вядзі нас на сустрэчу з Богам на Сіёне.
К.: Тваё імя, о Марыя, як алей духмяны. Н.: А Твае слугі моцна Цябе ўзлюбілі. К.: Пані, пачуй малітвы нашыя. Н.: А просьбы нашы няхай да Цябе дойдуць.
Молімся: Святая Марыя, Валадарка неба, Маці Пана нашага Езуса Хрыста і Пані
свету, якая нікога не пакідаеш і нікім не пагарджаеш, глянь на нас, о
наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці і выпрасі нам у свайго
Сына дараванне нашых правінаў, каб мы, хто цяпер пра Тваё Беззаганнае
Зачацце пабожным сэрцам разважае, маглі атрымаць у небе ўзнагароду
вечнага жыцця; няхай жа нам так учыніць Табою народжаны Твой Сын, а наш
Пан Езус Хрыстус, які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, у
Тройцы Святой адзіны Бог на векі вечныя. Амэн.
Ахвяраванне Гадзінак
Пані, прымі спеў Гадзінак, што Табе мы ўзносім, З паклонам і пакорай дапамогі просім.
Шляхам збаўленным, о Маці, нас вядзі да раю. Прыбудзь да ложа смерці, не пакінь пры сконе.
Антыфона О Квеце Ружы, што грэх першародны амінула, і злога ўчынку бруду не спазнала.
К.: Пры сваім Зачацці, о Пані, Ты была Беззаганнай. Н.: Маліся за нас да Бога Айца, бо Ягонага Ты нарадзіла Сына.
Молімся: Божа, Ты праз Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны падрыхтаваў свайму Сыну годнае прабыванне ў нявінным улонні, і праз заслугі будучай смерці Хрыста захаваў Яе ад усялякай правіны. Дазволь нам праз Яе заступніцтва дайсці да Цябе без грэху. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог праз усе вякі вечныя. Н.: Амэн. |
Набажэнства першых суботаў месяца – перапрашэннe Беззаганнага Сэрца Марыі
|
15.07.2008 16:34 |
Падчас аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая паабяцала тым, хто будзе перапрашаць Яе Беззаганнае Сэрца ў першыя суботы, што Яна будзе прысутнічаць у хвіліну іх смерці «разам з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення».
Чаму ўстаноўлена менавіта пяць перапрашальных суботаў?
«Дачка мая, – сказаў Езус сястры Люцыі, – прычына простая. Гэта датычыць пяці відаў знявагаў і абразаў, якімі зневажаецца Беззаганнае Сэрца Марыі». Затым Збаўца ўказаў на гэтыя знявагі:
- Абраза Беззаганнага Зачацця;
- Абраза Яе Дзявоцтва;
- Абраза Яе Божага Мацярынства;
- Усе тыя знявагі, якімі імкнуцца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Беззаганнай Маці;
- Блюзнерствы, якімі зневажаюць Маці Божую ў Яе святых выявах.
Набажэнства першых суботаў павінна абудзіць у нас прагу пастаяннага перапрашэння Бога і Беззаганнага Сэрца Марыі за грахі, блюзнерствы і абыякавасць людзей. Тыя, хто практыкуе набажэнства першых суботаў, павінны вучыцца жыць у духу штодзённага перапрашэння, прыклад якога нам даюць фацімскія дзеці.
Умовы перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі:
- Споведзь у першую суботу месяца;
- Святая Камунія ў першую суботу месяца;
- Ружанец перапрашэння (5 таямніцаў).
- Разважанне над таямніцай (15 хвілін).
Ружанец перапрашэння за знявагі, учыненыя Беззаганнаму Сэрцу Марыі
Ён адгаворваецца так, як звычайны Ружанец, з той розніцаю, што пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя... дадаюцца наступныя заклікі, у кожнай таямніцы іншыя:
- Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Беззаганнае Зачацце!
- Захавай і памнож у нас веру ў Тваё непарушнае Дзявоцтва!
- Захавай і памнож у нас веру ў Тваю годнасць сапраўднай Божай Маці!
- Захавай і памнож у нас праслаўленне і любоў да Тваіх абразоў!
- Распалі ва ўсіх сэрцах прагу набажэнства і любоў да Цябе.
Малітва
О Марыя, праз набажэнствы першых суботаў месяца прагну перапрасіць за пяць відаў знявагаў і абра2заў Твайго Беззаганнага Сэрца. Прымі гэта маё перапрашэнне за блюзнерствы, скіраваныя супраць Твайго Беззаганнага Зачацця, Твайго Дзявоцтва і Твайго Божага Мацярынства. Ахвярую Табе гэтае маё перапрашэнне, прашу прабачэння для тых, хто не прызнае Цябе за Маці ўсяго чалавецтва і хто сее ў сэрцах дзяцей абыякавасць, ігнараванне і нават нянавісць да Цябе. Урэшце прагну перапрасіць за знявагі, прычыненыя Табе тымі, хто дазваляе сабе апаганьваць Твае святыя выявы. Жадаючы суцешыць Тваё Беззаганнае Сэрца і дасягнуць спаўнення маіх просьбаў, прагну цяпер памаліцца гэты святы Ружанец.
Адгаворваецца 5 таямніцаў, як пры звычайнай малітве на ружанцы, толькi ў чарговых дзесятках Ружанца пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца адпаведная просьба (гл. с. 452).
Малітва анёла з Фацімы (перапрашaльнaя)
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць. (Чытаецца пасля кожнай таямніцы).
Малітва на заканчэнне
Каралева Ружанца святога, наша Фацімская Пані! Дзякую Табе за дапамогу, якую Ты мне аказала. Тваё фацімскае пасланне – гэта праява мацярынскай любові. Ты прагнеш усіх уратаваць і кожнага хочаш прывесці на неба.
Хвала і праслаўленне Айцу і Сыну, і Духу Святому за гэту поўную велічы Каралеву неба, за Яе фацімскае пасланне і за выслухоўванне нашых просьбаў. Амэн.
Малітва анёла з Фацімы Праслаўленнe Бога
О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе. Амэн.
Малітва да Найсвяцейшай Тройцы
О Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы.
З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах усяго свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць.
Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў. Амэн. |
|
|