Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Круцыята вызвалення чалавека
09.07.2008 14:02

Круцыята вызвалення чалавека была створана ксяндзом Францішкам Бляхніцкім у адказ на заклік Святога Айца Яна Паўла ІІ напачатку яго пантыфікату: «Прашу вас супрацьстаяць усяму, што пагражае годнасці чалавека і парушае добрыя звычаі грамадства». Круцыята вызвалення чалавека была ўрачыста аб’яўлена ў прысутнасці Святога Айца, прысвечаная яму і благаслаўлёная ім падчас першай пілігрымкі ў Польшчу ў 1979 годзе.

У Святым Пісанні гаворыцца, што для таго, каб рабіць вялікія справы, патрэбны вялікія ахвяры, вялікія вырачэнні, а хрысціянін створаны для велічы на ўзор Хрыста, нашага Настаўніка. Галоўная апякунка Круцыяты — Беззаганная Марыя Маці Касцёла. Для членаў Круцыяты вызвалення чалавека прыкладам адвагі з’яўляецца святы Максімільян Кольбэ, які вучыць аддаваць жыццё за братоў. Вялікім аўтарытэтам з’яўляецца святы Ян Хрысціцель, які захоўваў поўнае ўстрыманне ад алкаголю, «не піў віна і хмяльнога напою».

Круцыята вызвалення чалавека яднае ў сваіх шэрагах поўных абстынентаў, гэта значыць тых, хто поўнасцю ўстрымліваецца ад ужывання спіртнога. Яна імкнецца да таго, каб у імя любові да Беззаганнай заахвоціць як мага больш людзей да поўнай і дабравольнай адмовы ад ужывання алкаголю як напою, у розных формах і ў любой колькасці. Пад гэтае азначэнне не трапляе ўжыванне алкаголю з іншымі намерамі, напрыклад, як лякарства або ў літургічных мэтах. З такога азначэння абстыненцыі вынікае, што размова тут ідзе не пра змаганне з самім алкаголем, але пра змаганне са звычаем піцця алкагольных напояў. Круцыята вызвалення чалавека прапагандуе дабравольнае ўстрыманне, кіруючыся звышнатуральнымі і грамадскімі матывамі, галоўным чынам таму, што лічыць гэта эфектыўным сродкам для дасягнення мэты — пераадолення грамадскага бедства алкагалізму.

«Пазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас» (Ян 8, 32). Езус Хрыстус, наш Пан і сябра, прагне нашай сапраўднай свабоды, якая з’яўляецца таксама свабодаю ад граху. Алкаголь жа, як ведаем, цалкам знявольвае і таго, хто п’е яго, і яго акружэнне. Жонка, дзеці, сябры, калегі па працы закрануты гэтаю няволяю.

Святы Айцец Ян Павел ІІ на адной з аўдыенцый у Ватыкане сказаў: «Чалавек не можа быць сабою, не годны свайго імя, калі не здольны сказаць сабе „не“». У нашай беларускай рэчаіснасці ўсё больш адчуваецца неабходнасць цвярозасці. Больш за тое, поўнае ўстрыманне мае вялікае практычнае значэнне ў барацьбе з алкагалізмам як неабходны сродак для ратавання алкаголікаў. У нас з’яўляецца ўсё больш груп анананімных алкаголікаў і груп сем’яў алкаголікаў. Гэтыя групы дапамагаюць тым, хто знаходзіцца ў алкагольнай залежнасці. Але мы павінны весці барацьбу з прычынаю зняволення, а не толькі з яго наступствамі.

Сёння навукова ўстаноўлены факт, што алкаголік можа быць выратаваны ад залежнасці толькі пры ўмове, што стане поўным абстынентам да канца жыцця. Аднак, каб алкаголік — як правіла чалавек са слабой воляй — мог вытрываць у гэтым рашэнні поўнасцю ўстрымлівацца ад алкаголю, ён павінен знайсці маральную падтрымку ў дабравольных абстынентах з моцнай воляй, якія карыстаюцца павагаю іншых людзей, ён павінен трапіць у асяроддзе, дзе поўнасцю ўстрымліваюцца ад ужывання алкаголю ці, прынамсі, у асяроддзе, дзе прысутнасць аднаго або некалькіх абстынентаў зламала паўсюдны таварыскі прымус піць. Адсюль вынікае патрабаванне поўнага дабравольнага ўстрымання ад алкаголю, прынятага з думкаю аб ратаванні бліжніх, якія з’яўляюцца ахвярамі залежнасці, а значыць, з матываў любові да бліжняга. З гэтага пункту гледжання абстыненцыя, або поўнае ўстрыманне ад алкаголю, выступае як неабходны састаўны элемент выратавальнай акцыі на карысць алкаголікаў і як учынак хрысціянскай любові да бліжняга.

Абстыненцыя мае таксама вялікае значэнне з пункту гледжання супрацьалкагольнай прафілактыкі, асабліва ў адносінах да дзяцей і моладзі. Захоўванне дзяцей і моладзі ў поўным устрыманні ад алкаголю на працягу як мага большага часу — прынамсі, да васемнаццацігадовага ўзросту (абяцанне поўнага ўстрымання ад алкаголю з нагоды Першай Камуніі) — гэта адзін з пастулатаў выхавання, вартасць і неабходнасць якога сёння ніхто з разумных людзей не аспрэчвае. Аднак рэалізаваць гэты пастулат будзе практычна немагчыма, калі моладзь не будзе бачыць на кожным кроку прыкладаў поўнага ўстрымання ад алкаголю выхавацеляў і іншых прадстаўнікоў старэйшага пакалення, асабліва тых, хто для маладых людзей з’яўляецца прыкладам і аўтарытэтам. Калі ж у вачах моладзі піццё алкаголю будзе лічыцца тым, што дазваляецца «толькі дарослым», то менавіта з гэтай прычыны яно стане захапляльнаю і прывабнаю справаю.

Поўнае ўстрыманне ад алкаголю эфектыўна пераадольвае прычыны алкагалізму і асабліва алкагольныя звычаі, якія паўсюдна пануюць у таварыскім жыцці з розных нагодаў: хрост, вяселле, пахаванне. Хрысціянін не пагаджаецца з такімі звычаямі. Алкагольныя звычаі — гэта галоўная апора алкагалізму. Пакуль яны пануюць, не можа весціся размова пра ратаванне алкаголікаў і пра засцеражэнне наступных пакаленняў ад алкагольнай залежнасці. Сучасны алкагалізм нельга перамагчы без поўнай абстыненцыі. Сёння хрысціяне павінны пачаць ствараць новыя звычаі: сустрэча Новага года без алкаголю, хрост без алкаголю, вяселле без алкаголю, пахаванне без алкаголю. Мы гэта можам і павінны зрабіць.

Круцыята вызвалення чалавека прапагандуе поўную абстыненцыю таксама з пункту гледжання на яе выхаваўчаю вартасць. Устрыманне ад алкаголю з’яўляецца дасканалым сродкам фармавання цноты ўстрымання, сілы волі і характару, а перадусім такіх патрэбных цяпер самастойнасці і маральнай адвагі, якія дазваляюць ісці насуперак грамадскай думцы і паўсюдным звычаям. Толькі такія людзі, якія дзеля ратавання бліжніх і народу ад бедства алкагалізму адважацца на асабістую ахвяру адмовы ад алкаголю і якія самі вызваляцца ад усялякага роду алкагольных забабонаў і зоймуць бескампрамісную пазіцыю адносна алкагольных звычаяў, — толькі яны здольныя весці барацьбу і стварыць актыўны, ваяўнічы і пераможны супрацьалкагольны рух.

Таму давайце ўжо сёння пачнём ствараць пры парафіях клубы абстынентаў для дзяцей, моладзі, дарослых; вернемся да практыкі даваць абяцанні поўнага ўстрымання ад алкаголю на розныя тэрміны. З Божаю дапамогаю і заступніцтвам Найсвяцейшай Панны Марыі мы можам змяніць гэтыя згубныя для нашага народу алкагольныя звычаі. Трэба толькі пачаць дзейнічаць ужо сёння, а не заўтра, памятаючы словы святога апостала Паўла: «Усё магу ў Тым, Хто ўзмацняе мяне» (Філ 4, 13).

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

 
Салезіянская пілігрымка евангелізацыі
09.07.2008 14:01

Сярод мноства евангелізацыйных рухаў у Каталіцкім Касцёле ўжо некалькі дзесяткаў гадоў існуе маладзёжны рух пад назваю «Салезіянская пілігрымка евангелізацыі». Ідэя стварэння евангелізацыйнага руху ўзнікла ў дні пілігрымкі моладзі ў 1991 годзе на Ясну Гуру, дзе адбывалася VІ сустрэча маладых людзей з усяго свету з Янам Паўлам ІІ. Святы Айцец аб’явіў дэвізам сустрэчы на 1992 год: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле». Гэтыя словы з Евангелля святога Марка сталі закваскай для стварэння супольнасцяў «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі». Гэтыя супольнасці ўтварыліся, дзякуючы натхненню Духа Святога, які абуджае ў чалавеку жаданне евангелізаваць сябе і іншых, каб потым праз супольную фармацыю больш дзейсна і плённа выходзіць з Добраю Навінаю пра Езуса ў школы, на вуліцы, шпіталі, турмы і інш. Супольнасці «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі» існуюць і працуюць пры розных парафіях і манаскіх дамах, яны адчыненыя для ўсіх маладых людзей і хочуць служыць усім, каму да спадобы справа евангелізацыі.

Апекунамі руху з’яўляюцца Найсвяцейшая Панна Марыя, заснавальнік закону салезіянаў святы Ян Боско і заснавальніца Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў святая Марыя Дамініка Мадзарэло. Супольнасць «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі» будуе і ажыўляе выхаваўчы вопыт святога Яна Боско — духоўнага кіраўніка ўсяго руху. Яго прапанова ўзрастаць у накірунку паўнаты жыцця і дасканалення ў любові з’яўляецца заклікам для моладзі. У духу радасці, адкрытасці, сяброўства і супакою, які спадарожнічаў святому, удзельнікі руху жадаюць фармаваць сваё маладое жыццё і праз гэта яны хочуць быць апосталамі новай евангелізацыі, да якой заклікаў моладзь Слуга Божы Ян Павел ІІ. У гэтым духу яны хочуць перажываць новае жыццё ў Хрысце як дар і абавязацельства. Таму члены руху павіны прыняць уласнае жыццё і адкрыцца на Бога — наблізіцца да Хрыста і прыняць Пана жыцця, быць у супольнасці з Ім, а таксама адчуць заклік да святасці і служэння іншым, гэта і будзе канкрэтнай евангелізацыйнай дзейнасцю. Святы Ян Боско пакінуў сваім духоўным дзецям сур’ёзнае абавязацельства, каб яны сталі вестунамі новага жыцця ў Хрысце, пасланнікамі дабрыні і супакою ў служэнні іншым маладым людзям.

Стыль духоўнага жыцця супольнасцяў «Салезіянскай пілігрымкі евангелізацыі» характарызуе прастата ў жыцці і давер. Дух святога Яна Боско надае гэтым супольнасцям атмасферу радасці, аптымізму і надзеі. Ян Боско — гэта «святы радасці», для яго святасць заключаецца ў тым, каб быць радасным. У натуру чалавека ўпісана пілігрымаванне. Кожны з нас знаходзіцца ў дарозе. У Хрысце мы сталі Божымі дзецьмі і праз Яго — нашу дарогу, праўду і жыццё — пілігрымамі да дому Айца. Пілігрымка — гэта цяжар вандроўкі, які вынікае з духа веры як сведчанне пілігрымуючага Касцёла. Углядаючыся ў Марыю, Слугу Пана, якая ў пілігрымцы веры перажывала асаблівую сустрэчу з Богам, і ў святога Яна Боско, які вандраваў з моладдзю ў святыя мясціны, маладыя пілігрымы прагнуць падчас цяжару вандроўкі аднавіць сваю сувязь з Богам, усвядоміць жывую прыналежнасць да супольнасці Касцёла, а праз малітву і сакрамэнты здабыць супакой і Божую любоў у сабе, каб потым абвяшчаць гэта бліжнім. Час вандроўкі праз сведчанне і слова з’яўляецца абвяшчэннем Езуса Хрыста. Гэта простая і дзейсная форма евангелізацыі.

Евангелізаваць — гэта значыць, перш за ўсё, звычайна і проста сведчыць пра Бога, аб’яўленага Езусам Хрыстом. Евангелізацыя дае пачатак нашаму асабістаму навяртанню. Толькі той будзе цалкам евангелізаваным, хто сам евангелізуе. Падчас пілігрымавання — гэтых своеасаблівых «рэкалекцый у дарозе» — пілігрымы шчыра жадаюць, каб пасялілася ў іх сэрцах ласка ўнутранай перамены і ласка евангелізацыі, гэта значыць паклікання да абвяшчэння Добрай Навіны. Сам Хрыстус Пан адорвае ўдзельнікаў руху гэтым жаданнем, і тады евангелізацыя ў «Салезіянскай пілігрымцы евангелізацыі» становіцца «перацяканнем любові», а евангелізацыйны запал вынікае з сапраўднай святасці жыцця.

Першачарговаю мэтаю існавання супольнасці з’яўляецца жаданне рэалізаваць паліканне кожнага хрысціяніна да святасці праз паглыбленне жывой веры ў Езуса Хрыста і прыняцце Яго як асабістага Пана і Збаўцу. Сярод мэтаў руху называюць адказнасць у вызнаванні каталіцкай веры, што праяўляецца ў перадачы праўды пра Хрыста (евангелізацыя, абвяшчэнне Добрай Навіны), а таксама ўдзел у моладзевых супольнасцях і прысутнасць у асяроддзі маладых, служэнне на карысць выхавання маладога чалавека як добрасумленнага грамадзяніна і добрага хрысціяніна.

У супольнасці «Салезіянская пілігрымка евангелізацыі» рэалізуецца выхаванне да евангелізацыі праз малітву, сакрамэнты і разважанне Божага слова, фармаванне глыбокага ўсведамлення каранёў веры і гатоўнасці абараняць хрысціянскія каштоўнасці, праз развіццё ў моладзі свядомасці таго, што неабходна сведчыць на кожным месцы і ў любой сітуацыі, праводзіць евангелізацыю на тэрыторыі парафіі, у школах, шпіталях, у дзіцячых дамах, турмах, а таксама на вуліцах.

Дар руху «Салезіянская пілігрымка евангелізацыі» заключаецца ў тым, што ўдзельнікі маюць магчымасць на ўласным вопыце спазнаць, што евангелізацыя сапраўды ёсць Добраю Навінаю, што Бог ўваходзіць у жыццё маладога чалавека і прыносіць з сабою сапраўдную радасць, што Хрыстус вельмі любіць маладых людзей. З гэтага вопыту асабістай сустрэчы з Хрыстом — Панам жыцця — нараджаецца заданне: несці гэтую Добрую Навіну іншым. Падчас евангелізацыі праз малітву, абвяшчэнне Божага слова, спевы, пантаміму, тэатральныя пастаноўкі, праявы радасці, праз размовы маладыя пілігрымы нясуць Хрыста свету, які памірае ў безнадзейнасці, у роспачы і страху, нясуць свету, згаладаламу па любові, тую любоў, якую спазнаюць самі.

Найбольшаю таямніцаю евангелізацыйных рухаў з’яўляецца тое, што Бог сам выбірае слабых і грэшных людзей, людзей нягодных і малых і, здзяйсняючы навяртанне ў іх сэрцах, пасылае іх абвяшчаць добрую навіну аб збаўленні ў Хрысце.

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

 
Таварыства добрай смерці
09.07.2008 14:00

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла чытаем, што апошнімі рэчамі чалавека з’яўляюцца смерць, Божы суд, неба або пекла. Усімі магчымымі спосабамі людзі імкнуцца адцягнуць момант смерці, бо ў чалавеку ёсць прыроджанае жаданне жыць і страх перад неабходнасцю адысці з гэтага свету. Людзі, асабліва сучасныя, не хочуць нават думаць пра смерць.

Між тым, статыстыка падае, што па ўсім свеце павялічваецца колькасць выпадкаў раптоўнай смерці, смерць збірае ўсё большае жніво падчас няшчасных выпадкаў, прыродных катаклізмаў і палітычных канфліктаў. Усе гэтыя з’явы павінны схіліць чалавека да разважання аб мізэрнасці зямнога недаўгавечнага жыцця, аб марнасці справаў гэтага свету, якія так мала трываюць, аб канчатковай мэце чалавечай душы, а таксама аб тым, каб у кожную хвіліну быць падрыхтаваным да смерці.

Кожны крок у жыцці — гэта крок у накірунку смерці. Смерць, перадусім блізкіх нам людзей, абуджае ўнутранае супраціўленне і ставіць цяжкія пытанні аб сэнсе чалавечага жыцця, якое хутка прамінае. Таямніцу смерці можа раскрыць толькі вера. Для людзей веры праўда аб смерці не павінна быць трагічнай. Хрыстус паказаў, што смерць — не трагедыя, а пераход да іншага жыцця. «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць» (Ян 11, 25–26). Хоць мы любім жыццё, усё ж смерці не пазбегнем. Свет і зямное жыццё з’яўляюцца толькі памостам, па якому мы пераходзім у вечнасць. Святая Тэрэза ад Езуса кажа: «Памятай, што ў цябе толькі адна душа, і калі ты гэтую адзіную душу згубіш, у цябе не будзе іншай, якую ты мог бы збавіць».

У самыя цяжкія хвіліны мы шукаем паратунку ў Марыі, якая з’яўляецца для свету «Апякункай і Маці добрай смерці». З гэтай мэтай Касцёл устанавіў і зацвердзіў Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці, якое называюць таксама Апостальствам добрай смерці і якое цесна звязана з культам Маці Божай Балеснай.

Культ Маці Божай Балеснай мае сваё глыбокае абгрунтаванне ў Евангеллі, асабліва ў Евангеллі ад святога Лукі (пар. Лк 2, 33–35) і Евангеллі ад святога Яна (пар. Ян 19, 25–27), а таксама ў вучэнні Айцоў Касцёла і святых. Да росквіту гэтага культу асаблівым чынам прычынілася Кангрэгацыя сэрвітаў, заснаваная ў XIII стагоддзі. Шматлікія брацтвы для ўшанавання Маці Божай Балеснай, якія ўзнікалі ў той час, падтрымліваліся аўтарытэтам Касцёла.

Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці ў цяперашняй яго форме было зацверджана Папам Піем X у 1908 г. Гэты Папа надзяліў Таварыства шматлікімі прывілеямі і адпустамі, а таксама надаў яму універсальны характар, пашыраючы сферу яго дзейнасці на ўвесь Касцёл. Таварыства было аддана асаблівай апецы Маці Божай ад Сямі Болесцяў і святому Юзафу — двум вялікім апекунам добрай смерці.

Члены Таварыства сваімі малітвамі і ахвярамі жадаюць выпрасіць для верных католікаў трыванне ў асвячальнай ласцы, для рэлігійна абыякавых і грэшнікаў — ласку навяртання, для ўсіх — добрую і святую смерць. Рэалізуючы гэтую мэту, асобы з Таварыства часта скіроўваюць свае думкі да вечнасці і стараюцца пазбягаць граху, каб быць падрыхтаванымі да смерці ў любую хвіліну; практыкуюць асаблівае набажэнства да Маці Божай Балеснай і святога Юзафа; маюць удзел у заслугах, якія вынікаюць з супольных малітваў усіх членаў Таварыства; удзельнічаюць у прывілеях і ласках, якія з’яўляюцца плёнам святых Імшаў, што адпраўляюцца кожны дзень у іх інтэнцыях. У кожную суботу і апошнюю нядзелю месяца ў галоўнай рэзідэнцыі Таварыства ў Францыі адпраўляецца святая Імша ў інтэнцыях Апостальства добрай смерці.

Для таго, каб дапасавацца да ўсіх вернікаў, да кожнага стану жыцця, Таварыства дапускае тры ступені. Гэта дае магчымасць уступіць у яго кожнаму чалавеку, без выключэння. Першая ступень прадугледжвае выказванне асабістай згоды і запіс у Кнігу таварыства, што раўназначна адданню сябе ў апеку Маці Божай Апякункі добрай смерці. На другой ступені прадугледжаны запіс у Кнігу і прыняцце на сябе абавязацельства маліцца кожны дзень раніцай і вечарам тры «Вітай, Марыя» з дадатковай малітвай у канцы: «Маці Божая, Апякунка добрай смерці, маліся за нас! Святы Юзаф, маліся за нас». Асобы, якія належаць да трэцяй ступені, адгаворваюць малітву, вызначаную для другой ступені, а таксама робяць штодзённы рахунак сумлення, акрамя таго, раз у месяц (напрыклад, у першую пятніцу ці першую суботу месяца) прыступаюць да сакрамэнтаў паяднання і Эўхарыстыі. Для іх таксама прадпісана хаця б кароткая хвіліна цішыні для разважання над годнай падрыхтоўкай да добрай смерці.

Добра было б, каб у кожнай парафіі былі створаны Таварыствы Маці Божай Апякункі добрай смерці. Члены Таварыства могуць распаўсюджваць гэтую справу сярод сем’яў у парафіі, такім чынам яны будуць дапамагаць святарам, асабліва калі гаворка ідзе пра наведванне хворых і чуванне пры паміраючых.

Уступленне ў Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці стане найлепшай гарантыяй добрай смерці, дзейсным заахвочваннем да добрага выкарыстання часу, які Міласэрны Бог яшчэ дае нам на гэтай зямлі. Частае разважанне пра таямніцу смерці з’яўляецца найлепшым спосабам максімальнага выкарыстання Божых ласкаў і натхненняў у нашым цяперашнім жыцці.

Сёння ў Беларусі існуе рэлігійная свабода, аднак святыні перапоўненыя толькі ў вялікія святы. Усё менш дзяцей прыходзяць на катэхезу пасля Першай святой Камуніі, вернікі занядбоўваюць рэлігійныя практыкі, клапоцяцца перадусім пра дабрабыт на гэтым свеце, паддаючыся прадузятасці, трапляючы ў палон розных прыхільнасцяў і заганаў. Таму кожны хрысціянін павінен нагадаць сабе, што «добра жыць — гэта шмат, добра памерці — гэта ўсё».

Найвялікшае сведчанне сапраўды хрысціянскага бачання смерці даў усім сваім жыццём і адыходам у дом Айца Нябеснага Слуга Божы Ян Павел ІІ. У сваім тэстамэнце ён напісаў: «(...) З магчымасцю смерці кожны заўсёды павінен лічыцца. І заўсёды павінен быць падрыхтаваны да таго, што стане перад Панам і Суддзёю — і адначасова перад Адкупіцелем і Айцом. Таму і я пастаянна памятаю пра гэта, давяраючы гэты рашучы момант Маці Хрыста і Касцёла — Маці маёй надзеі».

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

 
Шанавальнікі святога Міхала Арханёла
09.07.2008 13:58

Таварыства пад назвай Апостальскі рух шанавальнікаў святога Міхала Арханёла адносіцца да малітоўных апостальскіх групаў. Да гэтага руху можа належаць кожны католік пасля адпаведнай падрыхтоўкі, якая працягваецца ад 3 да 6 месяцаў, а таксама заяўлення аб сваёй гатоўнасці спаўняць абавязкі членаў таварыства. Мэтай гэтага таварыства з’яўляецца імкненне да апостальскага жыцця з выкарыстаннем тых сродкаў, якія мае ў сваім распараджэнні Касцёл. З абавязкам апостальства члены таварыства спалучаюць культ святога Міхала Арханёла і Анёлаў Ахоўнікаў. Праз малітву альбо якім-небудзь іншым спосабам яны садзейнічаюць распаўсюджанню Валадарства Божага на зямлі.

Дэвізам таварыства з’яўляецца кліч святога Міхала Арханёла «Хто як Бог», а таксама заахвочванне да таго, каб у жыцці кіравацца двума прынцыпамі: стрыманасць і праца. Гэтым дэвізам члены таварыства выказваюць сваё захапленне веліччу, дабрынёю і любоўю Бога, а таксама заяўляюць аб сваёй гатоўнасці належным чынам ушаноўваць Яго і нават змагацца за гэтае ўшанаванне, калі з’явіцца такая неабходнасць.

У сваю чаргу, стрыманасць — гэта праява ўнутранай свабоды чалавека, які здольны пераадольваць дрэнныя схільнасці і ўсялякага роду неўпарадкаванасць, уласцівыя натуры чалавека. Побач са стрыманасцю ідзе праца ў патройным вымярэнні: духоўным, разумовым і фізічным. Дзякуючы практыкаванню так разуметых стрыманасці і працы члены таварыства самарэалізуюцца і такім чынам праслаўляюць Бога.

Таварыствам апякуюцца святары з Кангрэгацыі Святога Міхала Арханёла — міхаліты. Кангрэгацыя вызначае спецыяльнага святара, які клапоціцца пра развіццё і адказвае за фармацыю таварыстваў у розных мясцовасцях. Ён таксама час ад часу праводзіць спецыяльныя рэкалекцыі — духоўныя практыкаванні для існуючых апостальскіх груп. Падчас рэкалекцый святар растлумачвае членам таварыства іх абавязкі і прывілеі і заахвочвае іх да дзейснага апостальства.

Раз ці два разы на месяц адбываюцца сустрэчы таварыства. Галоўная частка сустрэчы — малітва да святога Міхала Арханёла, Анёлаў Ахоўнікаў і іншых святых. Пасля малітвы чытаецца фрагмент Евангелля, прапануецца разважанне над яго зместам і спецыяльная малітва, звязаная з прачытаным фрагментам Святога Пісання. Гэтыя малітвы прамаўляюць індывідуальна самі ўдзельнікі спаткання, завяршаючы малітоўны заклік асабістай просьбай аб патрэбных Божых ласках. Напрыканцы сустрэчы падаецца інфармацыя з жыцця Касцёла, а таксама члены таварыства заахвочваюцца да таго, каб яны бралі на сябе абавязацельствы здзяйсняць розныя апостальскія ўчынкі, напрыклад, наведванне хворых, падтрымка бедных.

Таварыства імкнецца да ўзрастання колькасці членаў, якія заяўляюць аб сваёй дабраахвотнай прыналежнасці да яго, асабліва, каб у яго шэрагі ўступала моладзь і дзеці. Такім чынам таварыства жадае ажывіць сваю дзейнасць і абараніць дзяцей ад небяспекі сапсаванасці. У гэтым пастулаце крыецца заклік да рэлігійнага выхавання і дабрадзейнага жыцця з дзіцячых гадоў.

Таварыства кіруецца ўласным Статутам, які распрацаваны ксяндзамі-міхалітамі. Паводле Статута абавязкамі членаў таварыства з’яўляюцца цнатлівае жыццё ў сяброўстве з Богам, развіццё культу святога Міхала Арханёла і Анёлаў Ахоўнікаў, штодзённае адгаворванне вызначаных малітваў, клопат пра развіццё пакліканняў да святарства і манаскага жыцця, удзел у апостальскіх працах пры сваёй парафіі, аказанне ўзаемнай дапамогі членам таварыства і спачуваючым, клопат пра яго колькаснае развіццё, удзел у рэкалекцыях таварыства і складанне раз у год адпаведнага ахвяравання на мэты таварыства. Члены таварыства адораны таксама выключнымі прывілеямі. Яны маюць удзел у духоўных дабротах кангрэгацыі ксяндзоў-міхалітаў, асаблівым чынам карыстаюцца плёнам спецыяльных святых Імшаў у іх інтэнцыях. Праз удзел у супольных малітвах шанавальнікі святога Міхала Арханёла паглыбляюць духоўную лучнасць з Богам і Анёламі і перажываюць таямніцу свайго жыцця як служэнне Богу. За памерлых членаў руху ў месяцы лістападзе ксяндзы-міхаліты адпраўляюць спецыяльную святую Імшу. Святыя Імшы адпраўляюцца таксама пры атрыманні звестак аб смерці членаў таварыства.

Дзейнасць гэтага руху вельмі плённая для сучаснага Касцёла. Гэтая дзейнасць у цяперашнія часы, калі ўзяць пад увагу ўзмоцненую актыўнасць дэманаў, з’яўляецца як мага больш пажаданай. У розных дыяцэзіях Каталіцкага Касцёла ўзнікае неабходнасць таго, каб вернікі вярнуліся да адгаворвання малітвы, складзенай Папам Львом XIII, з просьбай аб дапамозе святога Міхала Арханёла ў барацьбе са злымі духамі.

Развіццё таварыстваў і каталіцкіх рухаў шанавальнікаў святога Міхала Арханёла мае асаблівыя падставы ў Касцёле на Беларусі. Святары і вернікі, перажываючы адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, прасілі Святога Айца Яна Паўла ІІ, каб ён абвясціў святога Міхала Арханёла апекуном мясцовай касцёльнай правінцыі. Папа ўчыніў гэта і дазволіў, каб дзень святога Міхала на Беларусі адзначаўся як свята. Да гэтага свята вернікі рыхтуюцца, молячыся спецыяльныя навэнны. У гэтых абставінах развіццё таварыстваў святога Міхала сярод нас становіцца вельмі пажаданым.

Таварыства святога Міхала ў парафіі можа складацца з групы вернікаў, якія прасякнуты ідэяй асабістай святасці. Чым больш будзе дзейнічаць такіх малітоўных групаў, тым менш будзе сярод нас людзей, якія грашаць.

Няхай гэтыя разважанні пасадзейнічаюць стварэнню такіх апостальскіх групаў, каб яны былі для ўсіх вернікаў дзейснай дапамогай на шляху збаўлення.

Малітва-экзарцызм Папы Льва XIII да святога Міхала Арханёла

Святы Арханёле Міхале, беражы нас у змаганні, будзь нам абаронаю супраць спакусы і пастак злога духа, — пакорна просім, няхай яго знішчыць Пан Бог, а Ты, князю войска нябеснага, магутнасцю Божай скінь у пекла шатана і іншых злых духаў, якія на згубу душ снуюць па свеце. Амэн.

Марыя, Каралева Святых Анёлаў, маліся за нас!

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

 
Шанштацкая справа сем’яў
09.07.2008 13:57

Глыбокія і імклівыя перамены, якія адбыліся ў апошнім стагоддзі як у грамадскай, так і ў культурнай сферах, сталі прычынаю няўпэўненасці і разгубленасці многіх сем’яў. Сярод паўсядзённасці хрысціянскія сужэнцы затрымліваюцца на пасрэднасці, не заўважаючы вялікага багацця ласкі, якое нясе з сабою заключэнне сакрамэнтальнага сужэнскага саюза. Таму з’явілася вострая неабходнасць душпастырскага клопату Касцёла, а таксама належнай і поўнай сужэнскай фармацыі, каб сужэнцы былі тым, кім павінны быць згодна з Божай задумай.

Другі Ватыканскі Сабор шмат увагі прысвяціў тэматыцы сужэнства як спецыфічнага шляху да святасці. У дакументах Сабору чытаем: «Для ўсіх зразумела, што ўсе хрысціяне, якое б сацыяльнае становішча і прафесію яны не мелі б, пакліканыя да поўні хрысціянскага жыцця і да дасканаласці ў любові».

Дакументы Касцёла апошніх гадоў указваюць на «недамаганні» сучаснай сям’і. «Сёння сям’я, — піша Ян Павел ІІ, — знаходзіцца пад уплывам вялікіх, глыбокіх і імклівых грамадскіх і культурных пераменаў. Многія сем’і перажываюць гэта, захоўваючы вернасць тым каштоўнасцям, якія складаюць фундамент інстытута сям’і. Іншыя — аказаліся ў стане няўпэўненасці і разгубленасці адносна сваіх заданняў, а часам нават засумняваліся і амаль страцілі ўсведамленне праўдаў пра сужэнскае і сямейнае жыццё і іх канчатковае значэнне. А іншыя, у выніку спазнаных несправядлівасцяў, сутыкаюцца з перашкодамі ў выкарыстанні сваіх асноўных правоў».

Ян Павел ІІ звяртаецца да гэтай праблемы таксама ў Лісце да сем’яў. «Не раз бывае цяжка супраціўляцца перакананню ў тым, — піша Папа, — што робіцца ўсё, каб тое, што з’яўляецца „неналежнай сітуацыяй“, што пярэчыць „праўдзе і любові“ ва ўзаемаадносінах паміж мужчынамі і жанчынамі, што разбівае еднасць сем’яў, не зважаючы на сумныя вынікі, асабліва калі гаворка ідзе пра дзяцей, — каб усё гэта паказаць як „належнае“ і прывабнае, надаючы яму знешнюю захапляльнасць. Такім чынам заглушаецца чалавечае сумленне, дэфармуецца тое, што сапраўды добрае і прыгожае, а чалавечая свабода прыносіцца ў ахвяру сапраўднаму зняволенню».

Для таго, каб каталіцкае сужэнства магло споўніць сваё пакліканне да святасці ў сённяшнім свеце, безумоўна, неабходна выпрацаваць новую мадэль, пра якую Папа Ян Павел ІІ гаварыў у сваёй гаміліі да сем’яў падчас пілігрымкі ў Польшчу. Гэта мадэль Аркі Запавету з Богам у Хрысце.

Да выпрацавання такой мадэлі сужэнства як Аркі Запавету звяртаецца ў сваіх духоўных прынцыпах Марыйны апостальскі рух з Шанштата, заснаваны 18 кастрычніка 1914 года Слугой Божым ксяндзом Ёзафам Кэнтэніхам.

У Марыйным апостальскім руху з Шанштата, які названы па месцы ўзнікнення Шанштацкім рухам, асаблівае месца займае сям’я. Мэтай руху з’яўляецца маральна-рэлігійнае аднаўленне свету праз выхаванне з дапамогай Маці Божай новага чалавека ў новым хрысціянскім грамадстве. Дасягненне апостальскай мэты руху заснавальнік звязваў з аднаўленнем хрысціянскай сям’і. Гэта праяўляецца ў тым, што Шанштацкі рух распрацаваў для сем’яў марыйную духоўнасць і дзякуючы адпаведнай фармацыі рух садзейнічае развіццю і будаванню моцных сямейных сувязяў.

Ідэя «новага чалавека і новага грамадства», пра якую кажа айцец Кэнтэніх, мае свае біблейскія падставы: «Калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне» (2 Кар 5, 17). Гэты ідэал асабліва бачны ў выпадку сакрамэнтальнага сужэнства. Для членаў Шанштацкага руху асновай духоўнасці з’яўляюцца марыйная фармацыя, імкненне да святасці ў штодзённым жыцці, а таксама шлях духоўнай дзіцячасці.

Разглядаючы сужэнства як адзін з шляхоў імкнення да хрысціянскай дасканаласці, Шанштацкі рух прапануе марыйную фармацыю, якая абапіраецца на Запавет любові з Маці Божай Тройчы Дзівоснай. Марыйная фармацыя ў Шанштацкім руху скіравана на сфармаванне марыйнага стылю жыцця асобы — новага чалавека — у апоры на моцны фундамент, якім з’яўляецца не нейкая ідэя, а асоба Езуса Хрыста. Крыніцай выхавання новага чалавека ў Шанштацкім руху з’яўляецца сапраўдная любоў да Маці Божай. Марыя, будучы прыкладам новага чалавека, з’яўляецца адначасова яго Выхавальніцай. Таму: «Марыя ідзе праз свет як вялікая Выхавальніца людзей. Яна жадае ўсюды нанава нараджаць Хрыста і такім чынам ратаваць хрысціянскую індывідуальнасць, якая знаходзіцца пад пагрозай, разбураны парадак свету і чалавечае грамадства».

Марыя, якую ў Шанштацкім руху ўшаноўваюць як Маці Тройчы Дзівосную, асаблівым чынам спаўняе гэтае заданне з Шанштацкага санктуарыя. Праз даверлівае прысвячэнне і даручэнне сябе Марыі, а праз Яе — Богу, адбываецца выхаванне хрысціянскай індывідуальнасці. Марыйнае выхаванне запэўнівае сувязь з Марыяй, якая ў выніку вядзе да глыбокай сувязі з Богам Айцом, Хрыстом і Духам Святым.

Сужэнцы, якія прымаюць рашэнне належаць да Справы сем’яў, заключаюць з Маці Божай Тройчы Дзівоснай Запавет любові. Моцаю гэтага запавету яны становяцца раўнапраўнымі партнёрамі запавету любові, які існуе паміж імі, і як адна супольнасць становяцца партнёрамі запавету з Богам. З гэтага запавету вынікае для іх заданне нястомна ўдасканальваць сваю любоў і будаваць сваю непаўторную сувязь з Богам.

Запавет Любові ў Шанштацкім руху мае глыбокія карані ў біблейскім запавеце Бога з чалавецтвам.

«У гісторыі збаўлення Бог ёсць Богам Запавету», — кажа айцец Кэнтэніх. Запавет любові, як і запавет усіх хрысціянаў, чэрпае сваю духоўную моц са святога хросту і на яго абапіраецца. Таму што сэнсам і мэтай Запавету любові з’яўляецца жывы запавет са Святой Тройцай.

Паводле задумы айца Кэнтэніха сям’я была цэнтральнай супольнасцю, якой павінен быў служыць заснаваны ім Шанштацкі рух. Гаворачы пра заснаванне Справы сем’яў, ён усведамляў, што якімі будуць сем’і, такім будзе ў будучыні вобраз Касцёла і грамадства. Ён заахвочваў да мабілізацыі ўсіх сіл у накірунку арганізацыі руху, які прапагандаваў бы ідэал каталіцкага сужэнства, згоднага з задумаю Бога, і паказваў яго свету. На думку заснавальніка, Шанштацкая справа сем’яў рэалізуе мэту ўсяго Шанштацкага руху — новы чалавек і новае грамадства, — імкнучыся сфармаваць новы вобраз айца, маці і дзіцяці. Аднак для таго, каб сфармаваць новы вобраз сям’і, неабходна належным чынам разумець сам сакрамэнт сужэнства.

Ідэал адноўленай хрысціянскай духоўнасці айцец Кэнтэніх бачыў у Назарэцкай Сям’і. Святая Сям’я з Назарэта стала для яго натхненнем да заснавання такой супольнасці, якая была б здольнай сфармаваць у сваіх шэрагах новы вобраз мужчыны-айца і новы вобраз жанчыны-маці. Прыклад гэтага «новага чалавека» ён бачыў у Марыі — новай Еве. Марыйная фармацыя ў Шанштацкім руху павінна дапамагчы сужэнцам у стварэнні «новай супольнасці», сфармаванай па прыкладзе таямніцы Святой Тройцы.

У сакавіку 1942 года айцец Кэнтэніх апынуўся ў лагеры Дахаў. Падчас зняволення яго не пакідаюць думкі пра далейшую апостальскую працу. Павольна даспяваў план заснавання Справы сем’яў. У свята Маці Божай з гары Кармэль 16 ліпеня 1942 года айцец Кэнтэніх у Дахаў прыняў Акт запавету любові, які склаў адзін са зняволеных у лагеры, такім чынам быў пакладзены пачатак Справе сем’яў. Пасля заканчэння вайны і вяртання ў Шанштат айцец Кэнтэніх надалей нястомна працуе над арганізацыяй Справы сем’яў. Матывацыяй для яго былі распазнаваныя «знакі часу». На фоне розных гістарычных пераменаў, якія адбываліся ў свеце, заснавальнік бачыў неабходнасць змяніць таксама і тагачаснае разуменне сужэнства, сям’і і жанчыны. Аднаўлення патрабавалі таксама аўтарытэт бацькоўства і ўяўленне аб месцы дзіцяці ў сям’і.

Шанштацкая справа сем’яў дапамагае сужэнцам найперш у ясным і глыбокім пазнанні маральнага парадку ў сужэнскім жыцці, каб пазней, учытваючыся ў вучэнне Настаўніцкага інстытуту Касцёла, самі сужэнцы лепей пазнавалі Божую задуму адносна святасці перадачы жыцця і адказнасці за яе. Заключаючы Запавет любові, сужэнцы імкнуцца да таго, каб не толькі ўшаноўваць Маці Божую, як прыклад, але таксама спазнаваць Яе дапамогу ў штодзённым сужэнскім жыцці. Маці Божая, найглыбей з’яднаная з Богам, уводзіць сужэнцаў у дасканалы запавет з Богам. Яны становяцца жывым санктуарыем — месцам, прысвечаным Богу.

Запавет любові з’яўляецца гарантыяй для чалавечай, часта нетрывалай любові маладых. Сужэнская любоў, давераная Марыі, гэта ўжо не прыватная любоў дзвюх асобаў, яна свядома скіроўваецца імі на любоў да Бога. Прысвячэнне сябе ў Запавеце любові прадугледжвае як умову запавету імкненне да ідэалу мужчыны і жанчыны. Сужэнцы чакаюць у гэтым асаблівай дапамогі Маці Божай. Марыя, знаходзячыся найбліжэй да Хрыста, як некалі ў Кане Галілейскай, так і сёння ў Запавеце любові апярэджвае сужэнцаў у выпрошванні неабходных ласкаў у Яе Сына. Марыя, як і там, жадае сапраўднага шчасця для сужэнцаў.

Для таго, каб прыняць гэты дар мацярынскага і ў той жа час выхаваўчага клопату Марыі, сужэнцы абавязуюцца ў Запавеце любові свядома працаваць над сабою праз прынясенне духоўных ахвяраў, звязаных з гэтаю працаю, якія становяцца ўкладамі ў скарбніцу ласкаў. Імкненне сужэнцаў да святасці рэалізуецца пры дапамозе пэўнай формы самавыхавання. Паступова пазнаючы Божую волю адносна саміх сябе, свайго сужэнства і сваёй сям’і, імкнуцца дасягнуць святасці. Гэта адпавядае задуме заснавальніка: «Мы не павінны гаварыць: мы хочам быць святымі, нягледзячы на тое, што жывем у сужэнстве, але мы хочам быць святымі, таму што жывем у сужэнстве».

У фармацыі сужэнцаў у Шанштацкім руху важную ролю іграе хатні санктуарый. Гэта месца ў доме, прызначанае для супольнай і індывідуальнай малітвы. Дзякуючы абразам і рэлігійным сімвалам яно дапамагае адчуць прысутнасць Бога. Распаўсюджванню практыкі хатніх санктуарыяў паспрыяла вучэнне Другога Ватыканскага Сабору аб сям’і як «хатнім касцёле», дзе, як і ў Касцёле, актуалізуецца сапраўдная супольнасць з Богам. У выбраным месцы дома сям’я складае Акт запавету любові. «У гэтым пачэсным месцы» змяшчаюцца таксама знакі заключанага запавету: крыж — знак запавету Хрыста з Касцёлам як Абранніцай, а таксама абраз Маці Божай Тройчы Дзівоснай — знак шанштацкага Запавету любові. Хатні санктуарый становіцца месцам, дзе працягвае здзяйсняцца літургічны культ ушанавання Бога, які мае месца ў супольнасці Касцёла.

Айцец Кэнтэніх заахвочваў развіваць рэлігійныя абрады і традыцыі, дзякуючы якім каштоўнасці веры перадаюцца з пакалення ў пакаленне. З гэтай мэтай у Шанштацкім руху акцэнтуецца асобая форма духоўнай падрыхтоўкі з нагоды асаблівых літургічных падзеяў, касцёльных святаў, марыйных урачыстасцяў, сужэнскіх і сямейных гадавінаў. Хатні санктуарый становіцца школай перадачы сужэнцамі дэпазіту веры сваім дзецям і прывучэння іх з малых гадоў да літургіі Касцёла. Значэнне хатняга санктуарыя для сужэнцаў можна акрэсліць словамі Яна Паўла ІІ, які назваў яго «прывілеяваным сродкам умацавання камуніі любові (...) і развіцця сужэнскай духоўнасці».

Шанштацкі рух з’яўляецца адным са шматлікіх рухаў, якія ўзніклі ў апошні час у Каталіцкім Касцёле і якія хутка і інтэнсіўна развіваюцца ў многіх кутках свету. Дзякуючы распрацаванай духоўнасці рух эфектыўна садзейнічае цэласнай сужэнскай фармацыі, дапамагае дасягнуць святасці ў штодзённым жыцці.

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

 
Жывы Ружанец
09.07.2008 13:55

Сярод многіх груп і рухаў, якія існуюць у Касцёле, найбольш вядомым у нашым рэгіёне, напэўна, з’яўляецца Жывы Ружанец. Жывы Ружанец — гэта супольнасць людзей, у склад якой уваходзіць не менш за 20 чалавек, якія штодзённа на працягу месяца моляцца Ружанец: кожная асоба чытае адну таямніцу. Гэтыя супольнасці часта называюць «Ружамі». Хто ж не бачыў у нашых парафіях людзей, якія аб’яднаны ў Жывы Ружанец і якія моляцца ружанцовай малітвай з вялікай адданасцю і шчырасцю?

Таварыства Жывога Ружанца было заснаванае Палінай Жарыко ў Францыі ў 1826 годзе. «Самая складаная і самая цяжкая справа — зрабіць Ружанец малітваю ўсіх, — пісала яна тады, — аднак кожны чалавек можа знайсці на працягу дня некалькі хвілін, каб прачытаць дзесятку Ружанца, гэта значыць адну таямніцу».

Паліна Жарыко пачала арганізоўваць групы па пятнаццаць чалавек, якія пазней былі названыя «Жывымі Ружамі». Кожны з членаў групы павінен быў адмаўляць адну таямніцу, такім чынам, усе разам штодзённа маліліся ўвесь Ружанец. Непрачытаная таямніца — гэта не грэх, а страта заслугі. Мэта Таварыства Жывога Ружанца, паводле заснавальніцы, — падтрымка праз малітву, духоўную і матэрыяльную ахвяру місійнай дзейнасці Касцёла. Справу Паліны Жарыко падтрымалі многія біскупы, а генерал закону дамініканаў далучыў Таварыства Жывога Ружанца да вялікай Дамініканскай ружанцовай сям’і, у якую ўваходзілі Ружанцовае брацтва і Вечны Ружанец. Папа Грыгорый ХVІ адобрыў Таварыства Жывога Ружанца, якое ў хуткім часе распаўсюдзілася ва ўсёй Францыі, а потым ва ўсім свеце. Праз пяць гадоў Паліна Жарыко пісала: «Колькасць людзей, якія моляцца дзесятку Ружанца, расце з неверагоднай хуткасцю ў Італіі, Швейцарыі, Бельгіі, Англіі і многіх рэгіёнах Амерыкі... Усюды, дзе ствараюцца Таварыствы Жывога Ружанца, можна заўважыць незафіксаванае раней умацаванне дабра. Паступова мы становімся з’яднанымі ў малітве з усімі людзьмі свету».

Распачынаючы 25-ы год свайго пантыфікату, Слуга Божы Ян Павел ІІ у апостальскім лісце «Ружанец Панны Марыі» абвясціў Год Ружанца. Вялікі Папа, верны прыхільнік ружанцовай малітвы, увёў новую частку Ружанца — таямніцы святла, — якая ахоплівае гады публічнай дзейнасці Езуса, «каб Ружанец больш абгрунтавана можна было назваць пераказам Евангелля».

З таго часу Ружанец налічвае 20 таямніцаў, таму «Жывыя Ружы» складаюцца цяпер з дваццаці чалавек.

«Ружанцовая малітва — гэта малітва чалавека за чалавека; гэта малітва людской салідарнасці, супольная малітва адкупленых, у якой адлюстраваны дух і інтэнцыя Той, якая займае першае месца сярод адкупленых — Марыі, Маці і Вобразу Касцёла; гэта малітва за ўсіх людзей свету, усіх гістарычных часоў, жывых і памерлых, якія пакліканыя ствараць разам з намі Цела Хрыста і станавіцца разам з Ім спадкаемцамі хвалы Айца», — пісаў Ян Павел ІІ.

Ружанец — гэта евангельская малітва, бо ён складаецца не толькі з Малітвы Панскай і Анёльскага прывітання, але пабудаваны на разважаннях над евангельскімі таямніцамі нашага адкуплення. Па гэтай прычыне Ружанец называецца пераказам найважнейшых праўдаў Евангелля. «У пабожнасці, таксама як і ў любові, не надакучыць часты паўтор адных і тых жа слоў, бо агонь любові, які нас распальвае, чыніць так, што яны заўсёды ўтрымліваюць штосьці новае», — пісаў Папа Пій ХІ. Сяброўства з Богам нельга дасягнуць адразу, але разважанне над таямніцамі жыцця Марыі і Езуса дапамагае перажыць блізкасць Бога. Ружанцовая малітва патрабуе ведання асноўных праўдаў веры і адначасова «ўтрымлівае» нашу памяць, нашу ўвагу на найважнейшых падзеях, якія паўплывалі на наш лёс тут на зямлі і ў вечнасці, на збаўчых падзеях з жыцця Езуса і Найсвяцейшай Маці. Ружанец, які мы молімся, пераходзячы ад таямніцы да таямніцы, паглыбляе нашу веру і вучыць нас, што і мы павінны перажываць падзеі нашага жыцця такім жа чынам, каб гэта хоць крыху было падобна да таямніцаў нашага збаўлення, над якімі мы разважаем.

Жывы Ружанец «дыхае праўдамі веры», яго члены стараюцца не толькі маліцца за іншых ва ўсіх інтэнцыях Касцёла і асабістых інтэнцыях, але вучацца перажываць сваё жыццё, захоўваючы вернасць Богу. Яны таксама далучаюцца да апостальскай дзейнасці мясцовага Касцёла. У многіх парафіях Таварыства Жывога Ружанца ўяўляе сабой групу людзей, заўсёды гатовых прыйсці на дапамогу, людзей, якія маюць духоўны вопыт, якія могуць прысвячаць свой час, сваё здароўе і свае сілы для дабра супольнасці веруючых, не чакаючы за гэта ніякай грашовай узнагароды. Супольнасці Жывога Ружанца з’яўляюцца не толькі супольнасцямі малітвы, але і супольнасцямі ўчынкаў, часта вельмі ахвярных. У марыйнай ружанцовай школе мы вучымся ў Маці Божай ні ў чым не адмаўляць Пану Богу і радасна несці свой штодзённы крыж працы, стомленасці, розных праблемаў разам з Хрыстом аж да хвалебных таямніцаў святога Ружанца.

Кожная апостальская група ў Касцёле, каб захаваць свой дынамізм і духоўна развівацца, патрабуе таго, хто б яе ажыўляў, патрабуе кіраўніцтва. Жывым Ружанцам звычайна апякуецца святар, часцей за ўсё пробашч, з дапамогаю адказных асобаў. Супольнасць Жывога Ружанца сустракаецца раз на месяц на супольнай малітве, на змене ружанцовых таямніцаў, і звычайна падчас гэтай сустрэчы выслухоўвае хаця б кароценькія духоўныя і апостальскія настаўленні душпастыра. Такая рытмічнасць сустрэчаў гарантуе і забяспечвае добры стан духоўнага жыцця ўсяго Таварыства Жывога Ружанца.

Жывы Ружанец — гэта вялікі скарб у жыцці Касцёла. Мы дзякуем Богу за тое, што супольнасць Жывога Ружанца прысутнічае ў супольнасці Касцёла і молімся аб яе пастаянным развіцці і трыванні. Гэтыя просьбы мы стараемся як найчасцей узносіць такім дарагім і знаёмым нам заклікам: Каралева святога Ружанца, маліся за нас!

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

 
Рух «Маці ў малітве»
09.07.2008 13:52
Рух «Маці ў малітве» распаўсюджаны ва ўсім свеце. Яго дэвіз — «Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей». Мэта руху — усведамленне кожнай маці свайго мацярынскага паклікання праз малітву, бязмежны давер да Бога і даручэнне дзіцяці Яго абароне.

Маці перш за ўсё павінна быць удзячная Богу Створцы за дар мацярынства. У гэтым сваім пакліканні і заданні маці не застаецца адна, бо яна — толькі часовы апякун душы свайго дзіцяці. Усе маці павінны ўсвядоміць, што Езус любіць іх дзяцей нават больш, чым яны самі, што Ён жадае абараніць іх і хоча, каб яны ўзрасталі ў Ім. Пан Бог умешваецца толькі тады, калі Яго просяць аб гэтым, і таму чакае мацярынскага заступніцтва за дзяцей. Молячыся за сваё дзіця, маці павінна паспрабаваць зразумець, чаго хоча для яе дзіцяці Бог, і маліцца аб здзяйсненні Божай, а не сваёй уласнай волі адносна дзіцяці. Гэта вельмі цяжкая малітва, бо кожнай маці напачатку здаецца, што толькі яна ведае, у чым мае патрэбу яе дзіця.

У Евангеллі паводле святога Яна Езус гаворыць, што жанчына, калі народзіць дзіця, не памятае пра гора, бо нарадзіўся чалавек на свет (пар. Ян 16, 21). Кожнай жанчыне, якая становіцца маці, Бог дае гэтую вялікую, ні з чым не параўнальную радасць — радасць мацярынства. Ён хоча, каб усе маці былі шчаслівымі, каб ведалі, што нават калі ў жыццё прыходзяць праблемы, якія здаюцца абсалютна безнадзейнымі, то надзея ўсё ж ёсць, бо для Бога няма нічога немагчымага (пар. Мц 19, 26). Пан просіць усіх маці давяраць Яму.

Езус жадае, каб кожная маці прыйшла да Яго і малілася так: «Пане, вось мае дзеці. Ты любіш іх яшчэ больш, чым я. Ты можаш змяніць тое, што не ў маіх сілах змяніць. Таму я аддаю іх у Тваю апеку і радуюся, бо я давяраю Табе». Часам мы адчуваем радасць не таму, што абставіны змяніліся, а таму, што змянілася нашае стаўленне да іх, бо мы ўбачылі іх па-іншаму, як быццам Божымі вачыма. І мы ведаем, што калі будзе такая воля Пана Бога, усё можа змяніцца.

Поўнасцю давяраючы Богу, кожная маці павінна ўсведамляць таксама і сваю адказнасць. Абавязкі і адказнасць маці відавочныя: трэба любіць сваіх дзяцей, клапаціцца пра іх, выхоўваць, карміць і апранаць, а таксама яшчэ шмат чаго іншага. Але ўсведамленне мацярынскай адказнасці павінна быць яшчэ больш глыбокім. Гэта адказнасць перад Богам.

Многія жанчыны працягваюць хвалявацца за сваіх дарослых дзяцей і ўсё яшчэ адчуваюць сваю адказнасць за іх паводзіны. Аднак адзіная адказнасць маці за яе дарослае дзіця заключаецца ў тым, каб быць з ім тады, калі яна яму неабходная, каб любіць яго, даваць яму парады і маліцца за яго. Маці павінна даць свайму дзіцяці свабоду, хоць часам для яе гэта вельмі цяжка. Тады трэба ўзгадаць словы псальма: «Ускладзі клопат свой на Пана, і Ён цябе падтрымае» (Пс 55 [54], 23), — даверыцца Богу і сказаць Яму: «Мы нічога не можам зрабіць; толькі Ты, Пане, усё можаш».

Святы Пётр, асцерагаючы хрысціянаў ад шматлікіх небяспекаў гэтага свету, пісаў: «Праціўнік ваш, д’ябал, як леў, кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці» (1 П 5, 8). Таму неабходна, асабліва ў наш вельмі неспакойны час, прасіць у Бога абароны. Маці павінны прасіць Пана Бога, каб Ён абараніў іх дзяцей ад зла, якое існуе навокал, бо менавіта маці найлепш вядомая яго знішчальная моц. Па меры таго, як сама маці набліжаецца да Бога, сатана будзе з усё большай сілай імкнуцца перашкодзіць ёй і таму ў першую чаргу скіруе свае напады супраць яе дзіцяці. Вось чаму гэтая малітва такая важная. Будзем жа штодзённа маліцца, просячы ў Бога абароны для нашых дзяцей!

Маці часам лічыць, што яна мае ўсе адказы для свайго дзіцяці; яна думае, што ведае яго жыццёвыя патрэбы і — у пэўнай ступені — мае рацыю. Але наколькі лепш за маці ўсе патрэбы дзіцяці ведае наш Нябесны Айцец! Таму вельмі важна прасіць Яго, каб Ён асвячаў сэрцы і думкі маці. Просячы Бога аб асвячэнні, маці пацвярджае сваю залежнасць ад Яго. Яна гаворыць: «Пане, мне цяжка, я прашу Цябе, дапамажы мне!». Менавіта такі дзіцячы давер да Яго з’яўляецца благаслаўлёным. «Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго» (Лк 11, 13).

Езус вучыць нас не судзіць адзін аднаго, але часам у малітву маці ўсё ж такі можа закрасціся асуджэнне: «Пане, я прашу Цябе, каб яны больш не былі такімі кепскімі...». Усе хрысціянскія маці павінны навучыцца бачыць у сваіх дзецях самога Езуса. Калі сын ці дачка трапілі ў дрэнную кампанію, прызвычаіліся да алкаголю ці наркотыкаў або сутыкнуліся з якімі-небудзь іншымі цяжкасцямі, яны пачынаюць адчуваць сябе вельмі дрэннымі людзьмі і пакутуюць ад гэтага, але не могуць знайсці ў сабе сілы, каб выправіцца. Разам з тым усе дзеці падсвядома хочуць, каб бацькі ўспрымалі, а не адкідалі іх. Таму бацькі, і перш за ўсё маці, не могуць прычыняць свайму дзіцяці падвойнага болю — болю ад самой праблемы і болю ад таго, што дзіця застаецца без бацькоўскай спагады.

Пан Бог просіць нас быць добрымі, любячымі, Ён вучыць бачыць Яго ў кожным чалавеку. Калі маці сапраўды бачыць Езуса ў сваім дзіцяці, то, што б з ім ні здарылася, яна заўсёды будзе ставіцца да яго з любоўю і павагай. Дзіцяці, якое трапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю, тым больш патрэбныя павага і любоў, а таксама ўпэўненасць, што маці заўсёды на ягоным баку. Таму абавязак усіх маці прасіць аб дабрыні і любові да сваіх дзяцей. «Калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае» (Мц 18, 5).

Малітва маці

Пане, дай мне Твае вочы, каб я магла бачыць Цябе ў маіх дзецях, дай мне Тваё сэрца, каб любіць іх, і Тваю пяшчоту, каб дапамагаць ім расці. Дай мне Тваю мудрасць, каб накіроўваць іх, і Тваю моц, калі трэба даць ім свабоду. Амэн.

 Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006

 
Рух факаляраў
09.07.2008 13:51
Кожную першую сераду месяца ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыi ў Мінску пасля святой Імшы на 18.30 адбываюцца сустрэчы ўдзельнiкаў руху факаляраў. Далучыцца да супольнасці могуць усе жадаючыя. Кожны месяц факалярам прапануецца для разважання Слова Жыцця з тлумачэннем заснавальнiцы руху Кьяры Любiч, якое можна знайсцi тут >>>

Слова facolare мае італьянскае паходжанне і азначае «сямейны ачаг», а ў шырокім значэнні — сям’ю.

Заснавальніцай руху факаляраў, або Справы Марыі, з’яўляецца К’яра Любіч, якая нарадзілася ў 1920 годзе ў Трэнта, у Італіі.

К’яра ўжо з маладосці актыўна ўдзельнічала ў справах Каталіцкага Касцёла. Знамянальнай была паездка ў 1939 годе ў Ларэта на з’езд каталіцкіх студэнтак. Тут, у перапынках паміж канферэнцыямі, яна накіроўваецца ў Назарэцкі домік, каб у цішыні разважаць над вялікімі таямніцамі жыцця Святой Сям’і. Разважаючы над цнатлівым сумесным жыццём гэтых трох святых асобаў, К’яра загарэлася думкаю, якая ўжо не пакідала яе: жыць, як Асобы Святой Сям’і. Напрыканцы з’езду падчас святой Імшы ў яе з’явілася перакананне, што гэты ідэал можа прынесці шмат добрых пладоў.

З гэтым перакананнем К’яра вяртаецца ў родны горад. Прымаючы актыўны ўдзел у справах міласэрнасці, яна жыве гэтай верай, і духоўная радасць перапаўняе яе. У 1943 годзе сваімі роздумамі і жаданнем назаўсёды прысвяціць сябе Пану Богу К’яра падзялілася з адным святаром, які благаславіў яе гэтую ідэю і заахвоціў да працы ў гэтым накірунку. Да К’яры далучаюцца іншыя маладыя дзяўчаты, якія імкнуцца жыць так, як яна.

1944 год для К’яры і яе паплечніц быў вельмі важным. Менавіта тады вайна асаблівым чынам закранула Трэнта. Бамбардзіроўкі, знішчэнне, чалавечае няшчасце і смерць, пазбаўленне набытага на працягу ўсяго жыцця выклікаюць рэакцыю песімізму, расчаравання і маральнага ўпадку. К’яра і яе паплечніцы, чытаючы і разважаючы над Евангеллем, умацоўваюць сваю супольнасць. Евангельскія ідэалы — «Ойча (...), каб усе былі адно», «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё аддасць за сяброў сваіх», «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» і іншыя дапамагаюць зрабіць адкрыццё, што самае галоўнае ў жыцці — гэта Бог і выкананне Яго волі, якую перадае нам Езус Хрыстус — адзіная і бясспрэчная Праўда.

З гэтага часу супольнасць спрабуе ўвесці ў жыццё евангельскія прынцыпы. Праз некаторы час з’яўляецца роздум над тым, хто такі чалавек; над тым, што нельга толькі ўглядацца ў Любоў, пастаянна гаварыць пра яе. Але як ёю жыць, калі кожны чалавек мае свае абмежаванні, заганы, дрэнныя схільнасці? Разважанне над гэтым аспектам прывяло да пераканання, што жыццё не абмяжоўваецца толькі запаведдзю любові згодна з вучэннем Езуса, але ў ім таксама прысутнічае цярпенне. Сам Езус у сваім жыцці шмат цярпеў, а найбольш — у момант канання на крыжы, калі ўсклікаў: «Божа мой, Божа мой, чаму мяне пакінуў?». Гэтае святло — Езус Пакінуты — прывяло супольнасць да пераканання, што дзеля Езуса варта прымаць любую працу, боль і цярпенне. Такім чынам вызначыліся канкрэтная праграма і мэта новастворанай супольнасці. Праз некалькі месяцаў ужо пяцьсот чалавек хацела жыць паводле прынцыпаў гэтай супольнасці.

Пасля вайны ўдзельнікі руху разыходзяцца па ўсёй Італіі, усюды абвяшчаючы ідэалы еднасці, якая абапіраецца на Божае слова і вядзе да супольнасці на ўзор Святой Сям’і з Назарэта. Дзейнічаючы такім чынам, яны дамагаюцца павелічэння колькаснага складу руху. Ідэалы ўздзейнічаюць на людзей. Пад уплывам гэтага апостальства ўтвараецца мужчынскае адгалінаванне факаляраў.

У 1956 годзе да руху далучаюцца валанцёры — свецкія людзі, якія, жывучы ў свеце, хочуць параўнацца адданасцю з першымі хрысціянамі. У 1967 годзе вылучылася новае пакаленне факаляраў — моладзь і дзеці рознага ўзросту, якія, жывучы прыцыпамі руху, уводзяць у асяроддзе еднасць, любоў і дух супольнасці.

Праз некалькі дзесяткаў гадоў дзейнасць руху распаўсюдзілася па ўсёй Італіі, Еўропе і на іншыя кантыненты. На сённяшні дзень рух існуе ў 160 краінах свету. Рух атрымаў першае папскае прызнанне ад Янa ХХІІІ, а затым ад Паўла VI, які зацвердзіў структуры, створаныя пазней.

Рух факаляраў не абмяжоўваецца толькі католікамі. Яго прызнаюць пратэстанты, Англіканская Царква і нават праваслаўныя. Ідэалы руху збліжаюць паміж сабою падзеленых хрысціянаў і такім чынам пракладаюць шлях да новай вясны хрысціянства.

Сэрцам руху з’яўляюцца мужчыны і жанчыны факаляры, якія складаюць тры шлюбы: чыстасці, убогасці і паслухмянасці. Кожная супольнасць ахоплівае таксама і сужэнцаў, якія ў адпаведнасці са сваім сужэнскім станам удзельнічаюць у дзейнасці руху.

Асноўныя прынцыпы руху факаляраў абапіраюцца на супольнае жыццё ва ўзаемнай любові і братэрстве, на Божае слова, перадусім на Евангелле, а таксама на Эўхарыстыю, акрамя таго, яны носяць марыйны характар. Дзявоцтва Марыі і Яе паслухмянасць Богу займаюць у руху галоўнае месца. Асаблівым чынам рух прапагандуе еднасць з касцёльнаю іерархіяй.

Рух факаляраў, які ўзнік пад уплывам перажывання веры К’ярай Любіч у сітуацыі разрухі, якую неслі Другая сусветная вайна і пасляваенныя гады, калі нянавісць брала верх над любоўю, эгаізм над альтруізмам, недавер над даверам, быў і застаецца знакам вяртання да евангельскіх каштоўнасцяў. Аднова духу, мыслення чалавека і канкрэтная рэалізацыя гэтай адновы ў руху з’яўляецца знакам таго, што хрысціянскае жыццё не памерла, што яно развіваецца ў людзях, запаленых жаданнем, «каб усе былі адно».

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 
Рух «Святло-Жыццё» — Аазіс
09.07.2008 13:50

«З цягам часу, па меры развіцця Касцёла, у свядомасці Касцёла, у пастаральнай арыентацыі Касцёла павінны з’яўляцца новыя формы, і я думаю, што менавіта тая форма, якую прадстаўляюць сабою Аазісы, і ёсць такою новаю формаю». Гэтыя словы Папы Яна Паўла ІІ уводзяць нас у разважанні на тэму чарговай супольнасці — руху «Святло-Жыццё», які называюць таксама Аазіс. Гэты рух з’яўляецца адной з новых прапановаў паглыблення хрысціянскага жыцця паводле прынятага на Другім Ватыканскім Саборы накірунку на аднову Касцёла і актыўны ўдзел у справе новай евангелізацыі.

Заснавальнікам руху «Святло-Жыццё» з’яўляецца Слуга Божы ксёндз Францішак Бляхніцкі (1921–1987 гг.). Гісторыя супольнасці пачынаецца ў 1954 годзе, калі адбыўся першы Аазіс. Спачатку рух быў вядомы пад назвамі Аазісны рух, Рух Жывога Касцёла. 11 чэрвеня 1973 года тагачасны Мітрапаліт Кракаўскі, кардынал Караль Вайтыла, даручыў Рух Жывога Касцёла Беззаганнай Маці Касцёла, а з 1976 года Рух Жывога Касцёла пачаў называцца рухам «Святло-Жыццё». У 70-я гады мінулага стагоддзя з’явіліся першыя супольнасці руху «Святло-Жыццё» ў Славакіі і Чэхіі.

У 1982 годзе заснавальнік руху стварыў у Карлсбергу, у Германіі, Міжнародны цэнтр евангелізацыі «Святло-Жыццё». У наступныя гады супольнасці руху «Святло-Жыццё» ўтварыліся ў многіх іншых краінах, у тым ліку і на Беларусі.

Рух «Святло-Жыццё» аб’ядноўвае дзяцей, моладзь, дарослых, людзей рознага сацыяльнага становішча: сужэнцаў, святароў і кансэкраваных асобаў. Праграма руху сцісла акрэслена ў грэцкіх словах φως-ζωή (святло і жыццё), упісаных у знак крыжа. Заснавальнік руху наступным чынам абгрунтоўвае гэтую назву: «Тое, што мы пазналі як праўду, тое, што свеціць у нашым розуме як праўда, — павінна стаць нормаю нашых паводзінаў. Нашае жыццё павінна быць падпарадкаванае патрабаванням святла. Святло і жыццё павінны стаць у нас непадзельным цэлым. Менавіта гэта адлюстроўвае сімвал — скрыжаванне грэцкіх словаў φως-ζωή (святло і жыццё). Мы гаворым не „Святло і Жыццё“, але „Святло-Жыццё“. Размова ідзе пра святло, якое ўтварае з жыццём непадзельнае цэлае». Адказваючы на пытанне, як гэта павінна рэалізоўвацца, ён сказаў, што «ў праграме руху на першае месца мы ставім прынцып: Святло-Жыццё, таму што зыходным пунктам павінна быць адпаведнае разуменне веры. Найперш мы павінны зразумець, што вера — гэта на самай справе сіла, якая павінна змяніць нас, увайсці ў нашае жыццё і перамяніць яго, што вера павінна быць дзейснаю праз любоў».

Таму кожны ўдзельнік Аазіса пасля евангелізацыі, якая дапамагае прыняць Езуса Хрыста як свайго Пана і Збаўцу, праходзіць фармацыю ў групе вучняў Езуса, а потым прымае на сябе канкрэтнае служэнне, дыяканію, у Касцёле і свеце.

Мэтай руху найперш з’яўляецца справа ўнутранай фармацыі веруючых людзей і будаванне супольнасці Касцёла, а характэрныя лозунгі, якія мы знаходзім на шляху Аазіса, — гэта Новы Чалавек, Новая Супольнасць і Новая Культура. Аднова чалавека, а праз гэта таксама аднова супольнасці Касцёла, адбываецца праз усё больш глыбокую сувязь з Хрыстом і рэалізацыю ўласцівай руху духоўнасці. Рысы гэтай духоўнасці адлюстроўваюць так званыя Паказальнікі Новага Чалавека. Яны ўключаюць у сябе такія элементы, як прыняцце Езуса Хрыста Панам жыцця і прысвячэнне сябе Яму; кантэмпляцыя і наследаванне ўнутранай паставы Беззаганнай Панны Марыі; падпарадкаванне дзеянню Духа Святога, які вядзе нас; актыўнае будаўніцтва супольнасці Касцёла; жыццё Божым словам праз паглыбленне і захаванне яго зместу; жыццё чалавека малітвы; радасны ўдзел у літургіі Касцёла, асабліва ў Эўхарыстыі; сведчанне сваім жыццём і словам іншым людзям пра любоў Бога; стварэнне новай культуры, у якой падкрэсліваецца годнасць чалавека і парываецца з усім, што яе знеслаўляе. Характэрнаю рысаю гэтай фармацыі з’яўляецца выхаванне да літургіі і праз літургію.

Рух «Святло-Жыццё» лічыць сваім асноўным заданнем саўдзел у будаванні супольнасці Касцёла, што на практыцы вядзе да аднаўлення парафіяльнага жыцця паводле ідэяў Другога Ватыканскага Сабору, а таксама фармаванне рэлігійна сталай індывідуальнасці членаў супольнасці. Рэалізацыі гэтых заданняў павінна служыць прынятая рухам структура, якая адпавядае структуры Касцёла. Малыя групы, да якіх належаць удзельнікі руху, утвараюць супольнасць руху ў парафіі. Еднасць супольнасці падтрымліваецца дзякуючы сустрэчам на днях супольнасці. Важным духоўным вопытам для ўдзельнікаў руху «Святло-Жыццё» з’яўляюцца таксама канікулярныя Аазісы-рэкалекцыі, якія абапіраюцца на разважанні над літургічным годам, а таксама над ружанцовымі таямніцамі. Рэкалекцыі скіраваны на асабістае пазнанне сутнасці хрысціянства дзякуючы адкрытасці ўдзельнікаў на Бога, а таксама на людзей, якія жывуць побач.

Члены аазісных супольнасцяў абавязваюцца практыкаваць асабістую малітву, супольнае чытанне Святога Пісання, а таксама жыць паводле прынятых імі індывідуальных «правілаў». Гэтыя рашэнні часта датычаць якой-небудзь формы аскезы, мэтай якой з’яўляецца вызваленне ад залежнасцяў або дрэнных звычак. Пра духоўнае ўзрастанне ўдзельнікаў аазіса клапоцяцца аніматары і мадэратары, а агульную адказнасць за рух нясе генеральны мадэратар.

Аазіс — гэта дынамічная супольнасць людзей, якія імкнуцца змяніць сваё жыццё і гэты свет у духу Хрыстовага Евангелля любові, пачаўшы ад узрастання ўнутранага чалавека і заканчваючы адновай усяго Касцёла і свету. Такім чынам яны актыўна ўключаюцца ў справу новай евангелізацыі, да якой пастаянна заахвочваў Слуга Божы Ян Павел ІІ. У 1997 годзе ў Кракаве ён даў наступнае сведчанне адносна руху «Святло-Жыццё»: «Я меў дачыненне да гэтага руху як біскуп і рабіў гэта ад усяго сэрца. Не раз я наведваў аазісныя групы падчас рэкалекцый у розных месцах архідыяцэзіі. Радаваўся кожнай сустрэчы, асабліва ў часе канікулаў, у летнія месяцы. (...) Усе пра гэта ведалі — як святары, так і моладзь, — што кардынал з Кракава з імі, што ён падтрымлівае іх, дапамагае ім і гатовы абараніць у выпадку небяспекі».

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

 
Апостальства хворых
09.07.2008 13:49

Бывае, што, нягледзячы на адсутнасць фізічнай працы, мы адчуваем у сабе нейкую стому. Раптам выступае пот. Пачынаюць балець косці. Лоб незвычайна гарачы. На тэрмометры — замест 36,6 — мы выразна бачым 37,8. На жаль, трэба перарваць штодзённыя абавязкі і працу. Крыху цяжка прызвычаіцца, што раніцай не трэба ўскокваць з ложка. Мы бяром у рукі газету, цягнемся па кніжку, якую даўно ўжо некалі вырашылі прачытаць, глядзім па тэлевізары навіны... Прастуда, часцей за ўсё, хутка мінае. Праз некалькі дзён мы можам вярнуцца да штодзённай працы. Увогуле, не так ужо і дрэнна быць хворым.

Аднак сітуацыя зусім іншая, калі мы глядзім на паралізаванага маладога мужчыну ў інваліднай калясцы. На жанчыну, якая пераходзіць дарогу, падняўшы ўверх белы кіёк. Калі наведваем сябра ў аддзяленні з назваю, што гучыць, як прысуд, — анкалогія. Урэшце аднойчы хвароба прыходзіць і ў наш дом. Мы забіраем са шпіталя спаралізаванага бацьку. Ён так моцна схуднеў за апошні час, але яго так цяжка ўнесці ў дом. У абедзены перапынак мы бяжым дадому, каб хоць паспець пакарміць яго загадзя прыгатаванаю ежаю. Цалкам мяняюцца нашыя жыццёвыя планы. Аказваецца, што на самай справе раней мы не ведалі, што такое хвароба і што яна з сабою нясе — колькі патрабуе абмежаванняў, як многага пазбаўляе.

Абцяжараныя цярпеннем з прычыны пакутаў іншых, мы пачынаем лепш разумець навакольны свет. Але нарэшце прыходзіць той дзень, калі рушацца ўсе нашыя ўяўленні і планы. Мы ляжым у машыне «хуткай дапамогі». Урач ускладае нам на твар кіслародную маску. Палата ў бальніцы, кропельніцы, безліч розных лекаў. Проста прайсціся па пакоі — тое, над чым мы ніколі раней нават і не задумваліся, — аказваецца па-за межамі нашых магчымасцяў. Мы поўнасцю залежныя ад дапамогі іншых людзей.

Падчас цяжкай хваробы Бог пасылае нам самы складаны экзамен. Ці здадзім мы яго? Ці здолеем прыняць сваё цярпенне? Як яго зразумець? Чаму яно напаткала менавіта мяне? Гэта толькі некаторыя пытанні, на якія мы павінны знайсці адказ.

У Касцёле і сам хворы чалавек, і аказанне яму паслугаў заўсёды займалі галоўнае месца. Зрэшты, інакш і быць не можа, бо сам Хрыстус пакінуў нам такі прыклад. Аздараўленне сляпога, эпілептыка, жанчыны, якая пакутуе ад крывацёку, — гэта толькі некалькі са шматлікіх прыкладаў Яго чулага клопату пра кожнага, хто нясе крыж цярпення. Збаўца не толькі словам і ўчынкам паказваў сваё стаўленне да хворых і цярпення. Яго асабістыя цярпенні, прынятыя цалкам дабравольна і з любоўю, сталі актам адкуплення для чалавецтва.

Слуга Божы Ян Павел ІІ, які ўвёў Касцёл у трэцяе тысячагоддзе, заўсёды заставаўся верны гэтаму пасланню Настаўніка з Назарэта. Ужо праз некалькі дзён пасля свайго выбару на Сталіцу Пятровую ён прыняў рашэнне наведаць у рымскім шпіталі свайго сябра кардынала Дэскура, які быў хворы. Столькі разоў мы бачылі, як свае пяшчотныя далоні Папа ўскладаў на хворых у шпітальных палатах. Гэты незвычайны чалавек сам спазнаў шмат цярпення і хваробаў. Ён вучыў нас, як мы павінны адносіцца да хворых, паказваў сэнс цярпення ў з’яднанні з Хрыстом.

Хіба найбольш запаў нам у сэрца Яго апошні ўрок з акна апостальскага палаца ў Ватыкане. Усе ведалі, што ён цяжка хворы. Нягледзячы на гэта, натоўпы людзей углядаліся ў акно, з якога ён прамаўляў свае катэхезы і ўдзяляў благаславенне. У сэрцы кожнага з чакаючых жыў агеньчык надзеі: а можа, яшчэ ўбачым яго, можа, штосьці нам скажа? Урачы паведамлялі, што пасля аперацыі ён амаль не можа размаўляць. Але вучыцца. Спрабуе. І вось акно адчыняецца. Ёсць Папа. Дзясяткі тысяч сабраных пілігрымаў у захапленні вітаюць яго. Святар, які яму дапамагае, ставіць пюпітр з тэкстам, падносіць мікрафон блізка да вуснаў. Над плошчаю святога Пятра ўсталёўваецца глыбокая цішыня. Шэпт, некалькі скажоных словаў зыходзіць з яго вуснаў, а потым — далоні, узнятыя ў жэсце, які, здаецца, прамаўляе: «На большае не здольны». Няма ўжо сілы. Акно зачыняецца. Слёзы на вачах пілігрымаў. Ён прамовіў у апошні раз — ужо не сваімі словамі, але сваім цярпеннем.

У наш час медыцынскія вучылішчы і універсітэты падрыхтоўваюць людзей, якія потым служаць хворым. У шпіталях праводзяцца вельмі складаныя аперацыі, дзякуючы якім людзям вяртаецца здароўе. Аднак мы б вельмі памыляліся, калі б лічылі, што сама медыцына і тэхніка вырашаць усе нашыя праблемы, звязаныя з хваробамі. «Я быў хворы, — нібы гаворыць Хрыстус, — а дзе ты быў у гэты час?» Нават медыцына самага высокага ўзроўню не заменіць радасці, якую перажывае пацыент, што знаходзіцца ў шпітальнай палаце, калі яго наведвае сябар, знаёмы ці сусед. І сапраўды, няважна — ці прынесены найпрыгажэйшыя кветкі, ці любімыя цукеркі. Бо радуе нас не тое, што прынесена, але той, хто прынёс. Ён ахвяраваў нам частку свайго часу. Здараецца, што мы нават не вельмі ведаем, пра што з ім размаўляць. Тым больш што ў хворага не найлепшы настрой. Але гэта зусім не перашкаджае нам адчуць, што чалавек прыйшоў з тым, што для нас, людзей, самае важнае, — што прыйшоў ён з любоўю. Гавораць, што час — гэта грошы, але іншыя кажуць таксама, што час — гэта любоў. «Будзем жа спяшацца любіць людзей, бо яны адыходзяць так хутка», — сказаў ксёндз і паэт Ян Твардоўскі.

У Пасланні апостала Якуба сцвярджаецца, што належнаю мераю нашай пабожнасці з’яўляюцца адносіны да хворых людзей. Чыстая і беззаганная ў адносінах да Бога і Айца рэлігійнасць праяўляецца ў апецы над сіротамі і ўдовамі ў іх нядолі... (пар. Як 1, 27). Апека і клопат, гаворыць апостал, а не толькі словы. Для поўнай яснасці ён дадае, што калі чалавек галодны, калі ў яго няма чаго апрануць, то яму не патрэбны добрыя парады, яму патрэбен хтосьці, хто дасць яму кавалак хлеба і вопратку. Ці ж мы, лічачы сябе сябрамі Хрыста, не павінны спытаць саміх сябе пра нашыя ўчынкі? Калі я апошні раз быў у хворых і састарэлых бацькоў? Ці адведаў я сябра, які пасля аперацыі ляжыць у шпіталі або дома?

Учытванне ў евангельскія тэксты пра цярпенне, разважанне над імі, наведванне хворых — гэта ўсё ўрокі, якія падрыхтоўваюць нас да экзамену з уласнага цярпення. А ён, раней ці пазней, адбудзецца.

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

 
<< Першая < Папярэдняя 1851 1852 1853 1854 1855 1856 1857 1858 1859 1860 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1851 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.