Заснавальнікам ордэна дамініканцаў быў святы Дамінік (Дамінго) дэ Гусман (1170-1221), выкладчык універсітэту ў Паленсіі. Ідэя заснавання ордэну ўзнікла ў сувязі з евангелізацыйнай місіяй, якая на пачатку ХІІІ ст. праводзілася ў паўднёвай Францыі. Місія абапіралася пераважна на метады прымусу і запалохвання. Дамінік адчуў глыбокую салідарнасць з бедным людам, аб’ектам такой «евангелізацыі», і вырашыў абвяшчаць Добрую Навіну іншым спосабам, не так, як гэта рабілі папярэднія місіянеры. Ён сам стаў бедняком і пачаў прапаведаваць у стылі св. Паўла, як вандроўны апостал-жабрак. Да гэтага харызматычнага святара далучыліся іншыя. 22 сьнежня 1216 году Папа Ганорый ІІІ спецыяльнаю булай зацвердзіў новы спосаб дабравешчання.
— Дарэчы, — сказаў Лотр, — паклічце мне гэтага... дамініканца... Як жа яго? — Фларыян Басяцкі. Мніх-каплан касцёла псоў Пана Бога.
Уладзімір Караткевіч, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»
Для Караткевіча дамініканец — гэта сімвал рэакцыі, кансерватызму і цемрашальства. Тым часам, гісторыя дамініканцаў трохі больш багатая: былі моманты цемрашальства і моманты «асветніцтва», рэакцыі і адраджэння, заняпаду і росквіту. А чаго было больш — няхай Бог судзіць.
Заснавальнікам ордэна дамініканцаў быў святы Дамінік (Дамінго) дэ Гусман (1170-1221), выкладчык універсітэту ў Паленсіі. Ідэя заснавання ордэну ўзнікла ў сувязі з евангелізацыйнай місіяй, якая на пачатку ХІІІ ст. праводзілася ў паўднёвай Францыі. Місія абапіралася пераважна на метады прымусу і запалохвання. Дамінік адчуў глыбокую салідарнасць з бедным людам, аб’ектам такой «евангелізацыі», і вырашыў абвяшчаць Добрую Навіну іншым спосабам, не так, як гэта рабілі папярэднія місіянеры. Ён сам стаў бедняком і пачаў прапаведаваць у стылі св. Паўла, як вандроўны апостал-жабрак. Да гэтага харызматычнага святара далучыліся іншыя. 22 сьнежня 1216 году Папа Ганорый ІІІ спецыяльнаю булай зацвердзіў новы спосаб дабравешчання.
Неўзабаве параўнальна невялікая група братоў Прапаведнікаў была разасланая па розных асяродках Эўропы (Парыж, Рым, Балёнія). Дамініканцы ад пачатку былі звязаны з найважнейшымі тагачаснымі універсітэтамі, таму ордэн да цяперашняга часу характарызуецца навуковым ухілам. Разам з тым, душпастырская дзейнасць заставалася і застаецца на парадку дня: дамініканскія прапаведнікі з’явіліся на Усходзе Еўропы, у Азіі, у Амерыцы (дзе заступаліся за індэйскіх абарыгенаў, якія цярпелі пераслед з боку еўрапейскіх каланізатараў) і на Далёкім Усходзе. На сённяшні дзень ва ўсім свеце налічваецца каля 6500 братоў Прапаведнікаў.
На беларускіх землях дамініканцы з’явіліся ўжо ў ХІІІ стагоддзі, калі Вялікае Княства Літоўскае было яшчэ ў зародкавым стане. Пасля хрышчэння і каранацыі Міндаўга (17 ліпеня 1251) менавіта дамініканцы (разам з францішканцамі) на чале з благаслаўлёным Вітам выконвалі місію хрысціянізацыі новай дзяржавы. У XVII ст. у Гародні паўстала дамініканскае Studium Generale — навучальная ўстанова, якая мела права надаваць навуковыя ступені. У часы Расійскай Імперыі Studium было скасавана.
У кантэксце дзейнасці Ордэна Прапаведнікаў у нашай краіне асаблівай увагі заслугоўвае асоба [Мацея-?] Магнушэўскага (1758[?]-1828), дамініканца, які быў настаўнікам Паўлюка Багрыма, аднаго з пачынальнікаў беларускага рэнесансу ХІХ ст. Магнушэўскі быў пробашчам у Крошыне (непадалёк ад Баранавічаў) і адначасова дырэктарам школы. Гэты разумны і вельмі адукаваны чалавек моцна зжыўся з простым людам, пераняў іх мову, «спрасцеў», як казалі паны. Школа Магнушэўскага стала не толькі калыскаю беларушчыны, але таксама гняздом вальнадумства. Вучні знаёміліся там з ідэямі свабоды сялянаў і бунту супраць панскага прыгнёту. Калі паміж крошынскімі сялянамі і мясцовым панам узнік востры канфлікт, Магнушэўскі стаў на бок сялянаў. Перамаглі, на жаль, тыя, што мелі ўладу: сялян запалохалі, школу зачынілі, а Магнушэўскага ўзялі пад нагляд. Гэта, відаць, і прыспешыла ягоную смерць.
На сённяшні дзень на Беларусі працуюць чатыры дамініканцы — біскуп Казімір Велікаселец, (Брэст), а. Міхал Ермашкевіч, а. Павел Апалінскі і а. Браніслаў Дашкевіч (Віцебск). Чатыры беларусы праходзяць фармацыю і навучанне ў Кракаве, яшчэ адзін — у навіцыяце ў Познані. Беларускія дамініканцы ўтвараюць так званы Беларускі вікарыят Польскай правінцыі. Абсяг дамініканскай місіі пакуль што абмяжоўваецца толькі душпастырскай дзейнасцю ў названых гарадах. Тым не менш, дамініканцы ўсведамляюць наяўнасць такіх выклікаў, як душпастырства навукоўцаў і студэнтаў, экуменізм і спрыянне культурнаму дыялёгу ў грамадстве. Беларуская культура з’яўляецца «культурай памежжа», прасторай суіснавання беларуска-, руска- і прастамоўнай стыхіі, суіснавання праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў, дэмакратычнай і аўтарытарнай опцыі, праеўрапейскай і прарасійскай арыентацыі. Адсюль сур’ёзным выклікам з’яўляецца развіццё гуманітарных навук і рэфлексія над роляй хрысціянства ў духоўным аднаўленні беларускага грамадства. Такім чынам, дамініканцы маюць намер, па магчымасці, заняцца развіццём тэалогіі, філасофіі і культуралогіі ў Беларусі.
Дух і харызма
Што рабіць з гэтым грэшным светам?
Пазнаць, палюбіць і ахвяраваць Богу. Гэта — тры этапы, якія для дамініканцаў асабліва важныя. Гэтыя этапы абумоўліваюць наша прапаведванне.
Нярэдка так бывае, што мы спеяшаемся асуджаць і ганіць, ацэньваючы нешта як зло з прычыны сваёй недасведчанасці. Дамініканцам уласцівы няспынны пошук праўды, перагляд папярэдніх перакананняў. Мы верым, што такім чынам становімся больш здольныя любіць і дзейсна дапамагаць людзям.
Імя «Dominicus» мае форму прыметніка, што паходзіць ад лацінскага слова «Dominus», якое азначае «Пан», «Госпад», «гаспадар», а само яно паходзіць ад больш блізкага нам слова «domus» — дом, гаспода, гаспадарства. Дом — гэта атмасфэра ўтульнасці і бяспекі. Дамініканцы пакліканыя «асвойваць» гэтую зямлю, рабіць яе домам. Мы верым, што Пан — Хрыстус здольны перамяніць гэты свет, ператварыць яго ва ўтульную гасподу, дом, сям’ю. Мы хочам будаваць «дом» унутры Касцёла, але таксама дом паміж Касцёламі; хочам паклапаціцца, каб суседства праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў было цёплым і добразычлівым.
Сузіранне (кантэмпляцыя) — гэта цэнтр нашага духоўнага жыцця. Сузіранне — гэта любоўны супачын у Богу, у Духу Святым, у Ласцы, якая на нас сыходзіць праз Духа. Сузіранне — гэта крыніца ўнутранай радасці і рэлігійнага захаплення. А без радасці і без захаплення марным было б наша прапаведванне.
Інквізіцыя, якая некалі была даручана Ордэну Прапаведнікаў, надалей застаецца актуальнай. Але заданне сучаснай інквізіцыі (ад лац. inquisitio — шуканне) — шукаць дабро ў іншым чалавеку. Ёсць два віды інквізіцыі. Першы від — гэта вышукванне, высочванне ерэтыка з мэтай асудзіць і знішчыць. Другі від — любоў і павага да «ерэтыка», шуканне таго, што ў ім праўдзівае, нават гатоўнасць вучыцца ў яго.
Заўжды застаюцца актуальнымі словы святога Тамаша Аквінскага ОП: «Якая-кольвечы праўда, кім-кольвечы сказаная, ёсць ад Духа Святога».
Дамініканскае благаслаўленне ХІІІ ст.
Бог Айцец няхай нас благаславіць, няхай беражэ нас Бог Сын, Дух Святы няхай нас асвячае і дасць нам вочы, каб мы глядзелі, вушы, каб слухалі, рукі для Божай працы, ногі, каб ішлі, ды вусны, каб абвяшчалі Слова збаўлення. Няхай дасць нам Анёла Супакою, каб сцярог нас і праз ласку нашага Госпада давёў нас да Валадарства. Амэн.
Любоў нагадвае кручок рыбалова. Рыбак ня можа злавіць рыбу, пакуль яна не праглыне кручок. Той, хто вісіць на кручку, схоплены так хутка, што ягоныя рукі і ногі, вусны і вочы, і сэрца — усё гэта ў гэтай асобе належыць Богу. Чакайце гэтага кручка, гэтага шчаслівага паймання, бо чым больш вы злоўленыя, тым больш вы свабодныя.
Для зацікаўленых дамініканскім жыццём існуе магчымасць прыезду на 2-3 дні ў познаньскі, кракаўскі ці варшаўскі кляштар (дамы навіцыяту і дамы студэнтату) Звяртацца па адрасу:
Манаская супольнасць капуцынаў, у адным шэрагу з іншымі францішканскімі ордэнамі, з’яўляецца прамой пераймальніцай багатай духоўнасці святога Францішка з Асізі. Як самастойны Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў зацверджаны булай Папы Клімента VII 3 ліпеня 1528 года. З’яўленне гэтай супольнасці было абумоўлена радыкальным жаданнем наследаваць Езуса Хрыста, жывучы ва ўбогай братэрскай супольнасці.
Галоўнай рысай капуцынскай духоўнасці з’яўляецца няспыннае, асабістае шуканне першапачатковага ідэалу, які адкрыў і рэкамендаваў сваім братам-паслядоўнікам святы Францішак, калі заахвочваў наследаваць Езуса Хрыста, беднага і пакорнага. Зразумела, што першае месца ў жыцці капуцына займае малітва, асабліва кантэмпляцыйная (сузіральная). Істотнай прыкметай таксама з’яўляецца беднасць, якая выражае суровасць жыцця і добраахвотнасць пакаяння. Характарызуе капуцынаў і радаснае прабыванне сярод людзей бедных ды хворых, падзяляючы іх долю і дзелячыся з імі духоўнымі каштоўнасцямі. Шлюбуючы паслухмянасць, беднасць і чыстасць, апранутыя ў карычневы габіт з характэрным доўгім завостраным каптурам, падперазаныя звычайнай белай вяроўкай, капуцыны, выбіраючы просты лад жыцця ў розных краінах на ўсіх катынентах, імкнуцца дакладней ажыццяўляць Святое Дабравесце, захоўваючы вернасць Каталіцкаму Касцёлу. На практыцы гэтае заданне капуцыны рэалізуюць, апякуючыся беднымі або штодзённа выконваючы, паводле здольнасцяў і адукацыі, абавязкі сакрыстыяніна, арганіста, садоўніка, краўца, выкладчыка і шмат іншых. Браты-святары, прысвячаючы сябе душпастырству, служаць людзям як спаведнікі, духоўныя кіраўнікі і прапаведнікі. На сённяшні дзень капуцынская супольнасць налічвае ў свеце больш за адзінаццаць тысяч братоў. За пяцьсот гадоў гісторыі ордэна трынаццаць капуцынаў былі абвешчаны святымі, а трыццаць чатыры — благаслаўлёнымі. Найбольш вядомыя з іх: святы Фелікс з Канталічэ, святы айцец Піо, благаслаўлёны айцец Ганарат Казмінскі.
На тэрыторыі сучаснай Беларусі меншыя браты капуцыны дзейнічаюць з 1938 года. У цяжкія часы савецкага атэізму існаванне ордэна працягвалася ў падполлі. Пасля атрымання рэлігійнай свабоды дзякуючы дапамозе братоў-місіянераў з Польшчы колькасць месцаў працы капуцынаў у Беларусі ўсцяж павялічваецца. Сёння яны працуюць у Мінску, Маладзечне, Ліпнішках (Іўеўскі р-н), Слоніме, Докшыцах, Ваўкалаце (Докшыцкі р-н), Смалявічах і Верхнядзвінску. На сённяшні дзень у Беларусі працуе дваццаць чатыры капуцыны, большасць з якіх з’яўляюцца беларускімі грамадзянамі. Акрамя таго, калі дзесяці братоў з Беларусі знаходзяцца на розных этапах фармацыі ў кляштарах Польшчы і Італіі, рыхтуючыся да канчатковага прыняцця капуцынскага ладу жыцця. Гэтая супольнасць братоў утварае арганізаваную ў 1997 годзе адміністрацыйную адзінку Ордэна, якая тады атрымала назву Віцэправінцыі, а цяпер называецца — Кустодыя Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі, апекуном якой з’яўляецца благаслаўлёны капуцын айцец Ганарат Казмінскі. Узначальвае Кустодыю Кусташ, якога выбіраюць браты кожныя тры гады.
Адказваючы на актуальныя патрэбы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, капуцыны ў першую чаргу займаюцца душпастырствам у даручаных ім парафіях. Штогод праводзіцца пілігрымка з Маладзечна да Маці Божай Будслаўскай, удзельнічаючы ў якой кожны можа крыху бліжэй пазнаёміцца з капуцынскасцю.
Курыя Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі:
Брат Алег Шэнда OFM Cap — Кусташ
вул. Гарадзецкая, д. 22, кв. 152
220125, г. Мінск
Тэл. (8 017) 396 80 62(8 017) 396 80 62, факс (8 017) 396 80 61 e-mail:
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
Афіцыйная старонка Беларускай Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў www.kapucyny.by
Кароткі жыццяпіс св. Францішка Асізскага
1181 г. (або 1182 г.) У італьянскім горадзе Асізі ў сям’і багатага купца П’етро Бернардонэ і Пікі нарадзіўся сын. На хросце яму далі імя Ян, але пазней бацька назваў яго Францішкам.
У юнацтве Францішак адзначаўся кемлівасцю і велікадушнасцю. Па характары быў весялун і нават гарэзнік, меў шмат сяброў і ў таварыстве звычайна быў завадатарам. Асізскі юнак марыў пра бліскучую, а ў тыя часы і найбольш прывабную, кар’еру гераічнага рыцара.
Верасень 1202 г. Распачалася вайна паміж Асізі і Перуджай. У ёй удзельнічае Францішак, і пасля адной з бітваў ён трапляе ў палон, у якім знаходзіўся амаль год.
1203 г. Вярнуўшыся з няволі, сын Бернардонэ цяжка хварэе.
1205 г. Францішак чарговы раз рушыць на вайну, гэтым разам да Апуліі, з надзеяй здабыць жаданую славу. У мясцовасці Спалета ён бачыць загадкавы сон і, уражаны ім, вяртаецца ў Асізі.
1206 г. У касцёле св. Дам’яна ён чуе таямнічы голас з крыжа: «Францішак, ідзі, адбудуй мой дом, які руйнуецца». У душы Францішка адбываецца пералом, пакаянне і поўнае навяртанне.
У прысутнасці асізскага біскупа ён аддае грошы і нават вопратку свайму бацьку, які быў супраць новага ладу жыцця сына. У адзенні пустэльніка Францішак распачынае жабрацкае жыццё пакаяння, служачы хворым на праказу.
1206-1208 г.г. Ён адзін аднаўляе занядбаныя святыні св. Дам’яна, св. Пятра і Маці Божай Анёльскай.
16 красавіка 1208 г. Да Францішка далучаюцца першыя вучні Бернард і Пётр.
1209 або 1210 г. Францішак з адзінаццаццю вучнямі вандруе ў Рым, і там яны атрымліваюць папярэдняе зацвярджэнне такога ладу жыцця ад папы Інацэнта ІІІ.
1215 г. Адбыўся Трэці Латэранскі Сабор. Лічыцца, што на ім прысутнічаў Францішак, і менавіта там упершыню ён сустрэўся з Дамінікам Гусманам, заснавальнікам Ордэна Прапаведнікаў (дамініканцаў).
29 лістапада 1223 г. Папа Ганорый ІІІ канчаткова зацвярджае укладзены Францішкам Статут жыцця меншых братоў.
15 жніўня – 30 верасня 1224 г. Францішак, адасобіўшыся на гары Альверня, адбывае саракадзённы пост, падчас якога, прыблізна 14 верасня, атрымаў стыгматы.
3 кастрычніка 1226 г. Францішак памірае.
16 ліпеня 1228 г. Папа Грыгорый IX абвяшчае Францішка святым.
25 мая 1230 г. Цела святога Францішка перанесена ў спецыяльна пабудаваную ў яго гонар базыліку.