Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі
Рухі адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту
08.07.2008 16:30
«Не шкадуйце часу на адарацыю»
Слуга Божы Ян Павел ІІ

Лацінскае слова adoratio азначае «ўшанаванне і праслаўленне». Ва ўсіх рэлігіях адарацыя адносіцца да істотных элементаў рэлігійнага культу. Для хрысціянаў адзіным аб’ектам адарацыі з’яўляюцца Божыя Асобы — Айцец, Сын і Дух Святы. У хрысціянскай традыцыі асаблівае месца займае адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту — ушанаванне Боскасці і праслаўленне Хрыста, прысутнага пад эўхарыстычнымі постацямі.

Адарацыйнае прабыванне перад эўхарыстычным Хрыстом паглыбляе сяброўства чалавека з Богам, дазваляе адкрыць перад Ім сэрца і маліцца ва ўласных патрэбах і патрэбах іншых людзей. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту паглыбляе веру, надзею і любоў, а больш за ўсё падрыхтоўвае да поўнага з’яднання з Хрыстом у святой Камуніі. Такая адарацыя з’яўляецца таксама сведчаннем веры ў рэальную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі.

У старажытным Касцёле адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту праяўлялася ў годным і поўным ўдзеле ў Эўхарыстыі. Вялікай пашанай атачалася святая Камунія, якую неслі хворым людзям. Акрамя таго, вернікі былі абавязаныя ўшаноўваць Эўхарыстыю перад яе прыняццем, захоўваючы эўхарыстычны пост і належную ўнутраную паставу. У сярэднявеччы пачалі выстаўляць Найсвяцейшы Сакрамэнт для адарацыі, а таксама з’явіўся звычай кленчыць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, акаджваць яго і запальваць перад ім вечную лямпу. У пазнейшыя часы, у перыяд барока будаваліся раскошныя алтары, у цэнтры якіх знаходзіўся табэрнакулюм як месца пабывання Уцелаўлёнага Слова Божага, Езуса — Валадара валадароў, а таксама спецыяльныя троны для выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту.

На працягу стагоддзяў адарацыя выстаўленага Найсвяцейшага Сакрамэнту набывала розныя формы. Вядомы саракагадзінныя набажэнствы, святыя гадзіны і вечныя адарацыі. У сувязі з развіццём гэтых набажэнстваў у Касцёле з’явіліся розныя рухі, брацтвы, якія прычыняліся да таго, каб сярод веруючых паглыблялася ўсведамленне таго, што ў Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара пастаянна прысутнічае Уваскрослы Хрыстус — сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек.

Саракагадзіннае набажэнства, вельмі распаўсюджанае ў свой час у Віленскай архідыяцэзіі — гэта значыць, на нашых землях, — заключалася ў пастаянным чуванні парафіяльнай супольнасці перад Езусам, утоеным у Найсвяцейшым Сакрамэнце і выстаўленым для адарацыі на працягу ўсяго дня, тры дні падрад, часта з нагоды парафіяльнага адпусту. Адарацыя трывала бесперапынна паміж набажэнствамі на працягу ўсяго дня, так што ў суме гэтае чуванне доўжылася 40 гадзінаў. Пабожныя дзяўчаты і дзяўчынкі ў белых сукенках і белых вэлюмах на галовах кленчылі перад Хрыстом, змяняючы адна адну кожную гадзіну. Такія набажэнствы ў парафіях вельмі садзейнічалі ажыўленню веры, заахвочвалі да поўнага ўдзелу ў Эўхарыстыі. Прапаведнікі шмат увагі прысвячалі тлумачэнню таямніцы Эўхарыстыі і заклікалі да частага прыняцця святой Камуніі.

У нас заўсёды вялікай пашанай атачалася таямніца Эўхарыстыі, калі святар нёс Цела Пана хворым. Перад святаром, які нёс Найсвяцейшы Сакрамэнт, ішлі міністранты з запаленымі свечкамі. Родныя і суседзі з запаленымі свечкамі ўкленчыўшы сустракалі Хрыста пры ўваходзе ў дом хворага. Святара, які прыносіў Віятык, віталі эўхарыстычным спевам. Малітоўнае чуванне побач з пакоем хворага трывала падчас яго споведзі, а потым усе ўдзельнічалі ў абрадзе святой Камуніі.

Вечная адарацыя — гэта бесперапыннае праслаўленне Пана Езуса ў сакрамэнце Эўхарыстыі вернікамі, рэлігійнымі або парафіяльнымі супольнасцямі. Гэтая форма адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ўзнікла ў Італіі, у міланскай катэдры на пачатку ХVІ стагоддзя і паступова распаўсюдзілася па ўсіх касцёлах Мілана. У Рым яна трапіла ў 1548 г. дзякуючы святому Філіпу Нэры, а Папа Клеменс VIII увёў вечную адарацыю ва ўсіх рымскіх касцёлах. Потым таксама ў іншых дыяцэзіях і ў іншых краінах Еўропы была наладжана адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту так, каб яна трывала на працягу ўсяго года, гэта значыць, пастаянна.

У нашым краі вечная адарацыя з’явілася ў канцы ХVІІІ стагоддзя. Яна была арганізавана ва ўсёй дыяцэзіі і ахоплівала ўсе касцёлы і парафіяльныя капліцы. Апрача таго, існуюць таксама касцёлы, у якіх вызначаны спецыяльныя капліцы, дзе можна бесперапынна адараваць выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт.

Сёння вядома Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту — рух, які ўзнік пры супольнасці Сясцёр Вечнай Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў межах гэтак званай Шанштацкай справы, заснавальнікам якой стаў Слуга Божы айцец Ёзаф Кэнтэніх (1885–1968 гг.). У яго могуць уваходзіць усе: святары, законніцы і свецкія асобы; дарослыя, моладзь і дзеці; мужчыны і жанчыны. Кожны з членаў Кола адарацыі можа сам вырашаць ці будзе ён прыходзіць на адарацыю кожны дзень, ці раз на тыдзень, ці раз або некалькі разоў на месяц — у залежнасці ад магчымасцяў. Таксама і час прабывання на адарацыі кожны можа вызначыць сабе сам, напрыклад, пятнаццаць хвілін, паўгадзіны або гадзіну. Члены Кола адарацыі моляцца ў інтэнцыі Святога Айца, Касцёла і свету, у інтэнцыі развіцця Шанштацкай справы, у інтэнцыі ўсіх членаў Кола адарацыі, а таксама ў асаблівых інтэнцыях, атрыманых ад сясцёр.

У гэтым годзе, які асаблівым чынам прысвечаны памяці Слугі Божага Яна Паўла ІІ, будзем паслухмяныя яго словам, якія ён скіроўвае да нас у сваім апошнім Апостальскім лісце на Год Эўхарыстыі Mane nobiscum Domine, заахвочваючы да пастаяннай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту: «Няхай манаскія і парафіяльныя супольнасці возьмуць на сябе асаблівае абавязацельства эўхарыстычнай адарацыі па-за святой Імшой. Будзем жа доўга заставацца на каленях перад Езусам Хрыстом, прысутным у Эўхарыстыі, кампенсуючы нашаю вераю і любоўю занядбанні, забыццё і нават знявагі, якія спазнае наш Збаўца ў так многіх месцах на свеце».

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 
Эўхарыстычны рух моладзі
08.07.2008 16:28

Эўхарыстычны рух моладзі — гэта касцёльны рух, што аб’ядноўвае дзяцей і моладзь, якія разам перажываюць Евангелле і разам з Езусам хочуць будаваць новы свет. У наш час Эўхарыстычны рух моладзі з’яўляецца міжнародным. У яго ўваходзяць каля трох мільёнаў маладых людзей ва ўсім свеце.

Рух нарадзіўся з Эўхарыстычнай круцыяты. На міжнародным кангрэсе ў Люрдзе, які праходзіў у 1914 г., была вызначана неабходнасць стварыць для дзяцей арганізацыю эўхарыстычнага кірунку. Пасля звароту Папы Бэнэдыкта XV, які заклікаў дзяцей усяго свету да малітвы за мір, французскі езуіт айцец Бэсье заснаваў у 1916 г. Эўхарыстычную круцыяту. Яна стала дзіцячай арганізацыяй у рамках Апостальства малітвы, якое праводзілі айцы езуіты. Першыя структуры Круцыяты ўзніклі ў Францыі, пасля чаго яна вельмі хутка распаўсюдзілася ў многіх краінах. У 1921 г. Бэнэдыкт XV афіцыйна зацвердзіў Круцыяту. Наступны Папа Пій ХІ на самым пачатку пантыфікату ў 1922 г. удзяліў сваё благаслаўленне «рыцарам Эўхарыстыі».З 1960 г. Эўхарыстычная круцыята пачынае дзейнічаць па-новаму і становіцца новым рухам. Па прапанове Папы Яна ХХІІІ яна прымае назву Эўхарыстычны рух моладзі. Гэты рух узнік як адказ на патрэбу дастасаваць Круцыяту і яе метады да сённяшняга часу. Можна сказаць, што Эўхарыстычны рух у пэўным сэнсе з’яўляецца вынікам аджорнамэнта (аднаўлення) Другога Ватыканскага Сабору ў галіне эўхарыстычнага выхавання.


Вялікай распаўсюджвальніцай эўхарыстычнай пабожнасці сярод моладзі была святая Уршуля Ледухоўская, заснавальніца супольнасці сясцёр уршулянак Сэрца Езуса Канаючага. «Сустрэўшыся» з Круцыятай у Францыі, яна пажадала ахапіць яе дзейнасцю таксама дзяцей у сваёй краіне. Дамовіўшыся з айцом Бэсье і атрымаўшы дазвол займацца гэтым, 1 студзеня 1926 г. маці Уршуля засноўвае першую групу Круцыяты ў Польшчы.

Мэта Круцыяты — паказаць Езуса Эўхарыстычнага як Сябру дзіцяці. Езус любіць дзяцей, Ён заўсёды з імі. Непасрэдны персанальны кантакт з Езусам-Сябрам, усведамленне Яго няспыннай прысутнасці а таксама магчымасць размаўляць з Ім могуць быць для дзіцяці тым апірышчам, якое дае пачуццё бяспекі і напаўняе яго сэрца радасцю нават перад абліччам няшчасцяў, што прыходзяць звонку. Рух павінен абудзіць

у дзіцяці малітоўнае жыццё і навучыць яго розным формам малітвы, асабліва малітве сваімі словамі. Ужо з наймалодшага ўзросту належыць вучыць дзяцей чыннаму ўдзелу ў святой Імшы, а таксама ў іншых формах Эўхарыстычнага культу.

«Цэнтр, вакол якога павінна вярцецца ўсё нашае жыццё, — гэта святая Камунія. У ёй мы найбольш цесна яднаемся з Панам Езусам, які хоча быць спажыткам для беднай, слабой душы, каб умацаваць яе для змагання за неба», — піша святая Уршуля Ледухоўская. Сапраўднае хрысціянскае жыццё — тое штодзённае змаганне за неба, тое духоўнае выхаванне, тая любоў да Езуса ў Гостыі — павінна расці разам з чалавекам. Эўхарыстычны рух моладзі дапамагае дзецям у сістэматычнай працы над сабою, звязвае іх з Касцёлам і рыхтуе да апостальства. Прынцыпы руху такія: маліся, часта прымай святую Камунію, будзь ахвярным, будзь апосталам.

Кожны, хто ўваходзіць у Эўхарыстычны рух моладзі, з’яўляецца рыцарам Езуса Хрыста, а значыць, мае свае абавязкі, якія для яго — прычына гонару. Ён павінен не толькі шчыра маліцца, часта ўдзельнічаць у святой Імшы, прымаючы Камунію, і адараваць Езуса ў Эўхарыстыі, але таксама несці радасць, супакой і згоду ў сваё акружэнне і да таго ж не піць алкагольных напояў, не паліць і не спрабаваць наркотыкаў.

Дэвіз Эўхарыстычнага руху моладзі — «Валадар над намі, Хрыстэ, заўсёды і ўсюды!». Марыя, Маці Хрыста Валадара — Валадарка руху. Зыходзячы з упэўненасці, што Марыя заўсёды вядзе да Езуса, эўхарыстычнае выхаванне ў Круцыяце мае выразны марыйны акцэнт. Маецца на ўвазе ўстанаўленне сардэчнай сувязі з Маці Божай праз пазнаванне Яе і праз удзел у розных набажэнствах і рэлігійных практыках на ўшанаванне Багародзіцы. Наследуючы Марыю і Яе цноты, удзельнікі руху імкнуцца да святасці па прыкладу святасці Марыі, стараюцца яе дасягнуць і моляцца аб гэтым. Яны жадаюць рэалізаваць сваё жыццё такім чынам, каб выканаць волю Айца Нябеснага, як вучыць гэтаму Марыя — пакорная слуга Пана, — і тады, калі гэтая воля ясная і прыемная, і тады, калі нясе з сабою крыж і цярпенне. Кожнае праяўленне Божай волі Марыя прымала са словамі «Вось Я, слуга Пана, няхай Мне станецца паводле Твайго слова». Сказаўшы гэтыя словы аднойчы, Яна ўсё жыццё ў сваім сэрцам і ўчынках іх паўтарала.

Слуга Божы Ян Павел ІІ, абвяшчаючы Сусветны дзень моладзі ў Кёльне на жнівень 2005 г., у сваім апостальскім лісце Mane nobiscum Domine сказаў: «Я жадаю, каб моладзь збіралася вакол Эўхарыстыі, якая з’яўляецца асяродкам жыцця, для ажыўлення сваёй веры і энтузіязму». Верныя пакліканню Вялікага Папы, прысвяцім жа крыху часу знаёмству з Эўхарыстычным рухам моладзі, молячы Маці Хрыста Валадара словамі святой Уршулі Ледухоўскай: «Няхай Найсвяцейшая Маці прывядзе нас да стала Пана, няхай з намі любіць Езуса ў Эўхарыстыі і разам з намі моліцца».

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 
Рух «Святло-Жыццё» — Хатні Касцёл
08.07.2008 16:22

Рух «Святло-Жыццё» распачаў сваю дзейнасць як адказ на пастановы Другога Ватыканскага Сабору, скіраваныя на аднаўленне Касцёла. Адбылося гэта па натхненні Святога Духа. З самага пачатку Рух быў справай Безаганнай Маці Касцёла. Адна з галоўных мэтаў руху — фармацыя ўдзельнікаў літургічнай службы ў парафіі.

Заснавальнік руху Слуга Божы ксёндз Францішак Бляхніцкі нарадзіўся 24 сакавіка 1921 года ў шматдзетнай сям’і ў Польшчы. Падчас вайны ён, зусім малады хлопец, быў арыштаваны як удзельнік падпольнага змагання з захопнікамі і вывезены ў канцэнтрацыйны лагер ў Асвенцым. У сакавіку 1942 года Францішак Бляхніцкі быў асуджаны на смерць. Падчас знаходжання ў камеры смяротнікаў Францішак перажыў цудоўнае навяртанне і вырашыў прысвяціць сваё жыццё служэнню Хрысту. Пасля чатырох з паловаю месяцаў жахлівай невядомасці яму паведамілі, што смяротны прысуд заменены на 10 гадоў вязніцы. Калі вайна скончылася, Францішак паступіў у духоўную семінарыю ў Кракаве і ў 1950 годзе прыняў святарскае пасвячэнне.

Распазнаўшы знакі часу, малады святар распачаў у сябе на радзіме справу «Аазісу жывога Касцёла» праз правядзенне рэкалекцый для міністрантаў і арганізацыю Круцыяты цвярозасці, мэтаю якой стала барацьба супраць злоўжывання алкаголю. Перамагаючы непаразуменні і перашкоды з боку тагачасных уладаў, ксёндз Францішак Бляхніцкі распрацаваў і пачаў ажыццяўляць асобую сістэму евангелізацыі і выхавання, якая ахоплівала дзяцей, моладзь і дарослых, а таксама сем’і.

Сфармаваны такім чынам Рух Жывога Касцёла у 1973 годзе быў даручаны тагачасным Кракаўскім арцыбіскупам кардыналам Каралем Вайтылам Беззаганнай Маці Касцёла. Гэта і стала пачаткам існавання руху, які неўзабаве атрымаў назву Рух «Святло-Жыццё».

Аднак першыя гады існавання руху аказаліся надзвычай цяжкімі. Выехаўшы ў 1981 годзе ў Рым, ксёндз Францішак не змог вярнуцца на радзіму, бо там было ўведзена ваеннае становішча, узмацніўся пераслед Касцёла і прагрэсіўнага духавенства. На чужыне, у польскім цэнтры айцоў марыянаў у Карлсбергу (Германія) нястомны душпастыр пачаў арганізоўваць Міжнародны цэнтр евангелізацыі «Святло-Жыццё». Сярод гэтых клопатаў Пан паклікаў яго да сябе ў 1987 годзе.

У рамках руху «Святло-Жыццё» сярод іншых душпастырскіх ініцыятываў была створана таксама сямейная супольнасць, якая атрымала назву Хатні Касцёл. Супольнасць Хатняга Касцёла руху «Святло-Жыццё» ў адпаведнасці са сваёй назвай імкнецца да таго, каб сям’я, якая далучаецца да Руху, станавілася сапраўдным хатнім Касцёлам. Тады для падрастаючых пакаленняў яна стане своеасаблівым катэхуменатам — падрыхтоўкай да свядомага і сталага жыцця ў супольнасці Касцёла.

Што гэта значыць — быць Хатнім Касцёлам, супольнасцю ў сэнсе евангельскім і хрысціянскім? Адказ на гэтае пытанне павінны шукаць усе хрысціянскія сужэнцы, якія жадаюць пражыць сваё сямейнае жыццё згодна з Божаю задумаю, аб’яўленай у Хрысце. Кожны хрысціянін мае сваё заданне, кожны павінен прыняць і выканаць тое, што падрыхтаваў для яго сам Бог.

Аб’яднанне ў назве руху слоў «Святло» і «Жыццё» адлюстроўвае адзінства паміж пазнаннем і справамі чалавека, што дае яму магчымасць спазнаць сапраўдную свабоду. Тую свабоду, што грунтуецца на дабравольным падпарадкаванні патрабаванням праўды: «Спазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць» (Ян 8, 32).

Сімвал супольнасці Хатняга Касцёла ўяўляе сабою грэцкія словы фос — «святло» і дзоэ — «жыццё», упісаныя ў крыж, які нібы вырастае паміж двума з’яднанымі пярсцёнкамі, і ўсё гэта ўпісана ў стылізаваны абрыс дома. Вялікай пашанай ва ўдзельнікаў Хатняга Касцёла карыстаецца абраз Святой Сям’і. Таксама і патранальнае свята супольнасці — гэта свята Святой Сям’і.

Хатні Касцёл звяртае асаблівую ўвагу на духоўнасць сужэнцаў, якая грунтуецца на іх супольным імкненні да святасці. Удзел у Руху павінен дапамагчы людзям, што жывуць у сакрамэнтальным сужэнстве, разам пабудаваць сапраўдную сужэнскую еднасць, якая таксама стварае найлепшыя ўмовы для добрага выхавання дзяцей у хрысціянскім духу. Хатні Касцёл імкнецца да аднаўлення сужэнства і сям’і праз жыццё словам Божым, якое павінна стаць словам жыцця для кожнага чалавека; праз жыццё малітвай, якая становіцца асабістаю сустрэчаю з Хрыстом Збаўцам; праз жыццё сакрамэнтамі, асабліва Эўхарыстыяй; праз сведчанне іншым людзям аб сваёй сустрэчы з Хрыстом у сужэнстве і ў сям’і; праз гатоўнасць да служэння ў супольнасці Касцёла паводле атрыманых ад Бога дароў.

Харызмат руху «Святло-Жыццё» ў поўнай меры ўласцівы таксама і супольнасці Хатняга Касцёла. Усе яе ўдзельнікі ў духу еднасці паводле формулы «Святло-Жыццё» пакліканыя прыняць Хрыста як свайго асабістага Пана і Збаўцу, а таксама імкнуцца да поўнага і адказнага ўдзелу ў жыцці мясцовага Касцёла, будаваць і пашыраць хрысціянскую культуру, працаваць на карысць справы маральнага аднаўлення народа, асабліва праз барацьбу за цвярозасць і праз абарону жыцця ад моманту зачацця да натуральнай смерці.

Членамі Хатняга Касцёла могуць быць асобы, якія жывуць у сакрамэнтальным сужэнстве і разам са сваім мужам або жонкай удзельнічаюць у фармацыі, прапанаванай супольнасцю. Сужэнскія пары ўтвараюць колы Хатняга Касцёла, каб узаемна дапамагаць адно аднаму паводле прынцыпу: «Роўныя служаць роўным».

Прыходзячы ў кола дабравольна, сужэнцы прымаюць і выконваюць у ім пэўныя абавязкі. Кожная пара бярэ на сябе абавязак працаваць над сабою, выпраўляючы свае недахопы. На сустрэчах кола яго ўдзельнікі ў духу сяброўства і ўзаемнай павагі дзеляцца з іншымі сваімі перамогамі і няўдачамі. Тут з пакораю можна пачуць добрую параду ад сяброў, атрымаць дапамогу і — што самае каштоўнае — малітоўную падтрымку, так неабходную падчас выпрабаванняў і цяжкасцяў.

Будаваць сапраўдную сужэнскую еднасць удзельнікам супольнасці Хатняга Касцёла дапамагае абавязак штодзённай малітвы, як сямейнай, так і сужэнскай, паглыбленне рэлігійных ведаў, асабліва праз чытанне Святога Пісання і разважанне над ім. Яшчэ адзін абавязак — сужэнскі дыялог. Сужэнцы садзяцца пры запаленай свечцы — сімвале Хрыста, прысутнага сярод іх, — і абмяркоўваюць усе сямейныя справы, сітуацыі і праблемы.

Рух «Святло-Жыццё» адкрывае шлях да Касцёла — супольнасці ўсіх хрысціянаў — праз наследаванне Хрыста-Слугі і дыяканію, або братняе служэнне. Удзельнікі Руху ўсведамляюць сваю адказнасць і свядома служаць парафіі тымі дарамі, якія атрымалі. Бог Айцец мае план адносна кожнага чалавека. Хатні Касцёл дапамагае распазнаць гэты план і выконваць яго. Гэта шлях служэння, якое яднае з Хрыстом-Слугою і аб’ядноўвае ўсіх хрысціянаў.

Вялікі Папа Ян Павел II даў высокую ацэнку дзейнасці руху «Святло-Жыццё» ў сваім лісце з нагоды святкавання 30-гадовага юбілею супольнасці: «(...) Тры элементы, на якіх пабудавана духоўнасць руху «Святло-Жыццё», становяцца яго незвычайнай каштоўнасцю. Пазнанне, больш за тое, — перажыванне сутнасці Святога Пісання Старога і Новага Запавету — гэта першы і нязменны крок да пазнання Хрыста, да сузірання Яго аблічча, каб мець здольнасць адказаць на выклікі паўсядзённасці, якія перад кожным вернікам і перад усім Касцёлам ставіць няспыннае супрацьстаянне паміж рэчаіснасцю гэтага свету і Евангеллем. Літургія, асабліва літургія Эўхарыстыі і сакрамэнтаў хрысціянскага ўтаямнічання, перажываная ў духу глыбокага ўсведамлення і поўнага ўдзелу, уводзіць у таямніцу збаўлення, якое праз вякі здзяйсняецца ў Хрысце і ў якім мы ўдзельнічаем дзякуючы бачным знакам нябачанай ласкі. Удзел у жыцці парафіі з’яўляецца выразам разумення таямніцы Касцёла як супольнасці адкупленых, якія складаюць містычнае Цела

Хрыста, адзінае і непадзельнае, з’яднанае ўзаемнай любоўю. Сапраўды Божай была ідэя ксяндза Бляхніцкага звязаць гэты рух з парафіяй. Не адыходзьце ад гэтай ідэі. Трывайце ў мясцовай супольнасці Касцёла і ажыўляйце яе сваёю вераю.

(...) Я ведаю, што рух Святло-Жыццё дапоўнены новым утварэннем, так званым Аазісам сем’яў. Гэта асабліва каштоўны плён, узрастанню якога неабходна дапамагаць. Сям’я, якая жыве глыбокаю вераю і захоўвае вернасць любові Хрыста — будучыня Касцёла. Няхай ваш рух падтрымлівае гэтыя сем’і, няхай умацоўвае ў адзінстве і дапамагае перанесці ўсе выпрабаванні» (Ватыкан, 4 чэрвеня 2003 г.).

Рух выхоўвае новага чалавека, садзейнічае стварэнню новай культуры, набліжаючы эру бескарыслівай любові — любові-агапэ. Каб узнікла такая любоў, неабходна цярпліва працаваць, умець чакаць і, што самае няпростае, перамяняць сябе. Трэба вучыцца бескарысліва любіць бліжняга.

«Такое перамяненне адначасова з’яўляецца і нашым заданнем. Бог Айцец у момант перамянення Хрыста не толькі сведчыць: „Гэта Сын мой умілаваны“, але кажа апосталам і ўсім нам: „Яго слухайце“. Гэтае перамяненне датычыць усяго нашага жыцця, і адбываецца тады, калі мы слухаем Божага Сына, калі выконваем Яго словы, калі прымаем іх як правілы нашых паводзінаў, калі робім гэтыя словы словамі жыцця, калі ідзем за Хрыстом і наследуем Яго. Нашае перамяненне адбываецца не адразу, новы чалавек развіваецца ў нас, а не з’яўляецца чымсьці гатовым», — гэта словы ксяндза Францішка Бляхніцкага, якімі ён заклікае нас не баяцца працы над сабою.

У сучасным свеце, дзе мэтанакіравана знішчаецца інстытут сям’і, патрэбныя, як паветра, станоўчыя прыклады, патрэбныя тыя маякі, што моцна і далёка свецяць. Таму мы звяртаемся да вас, сужэнцы, якія пражылі добрае, дастойнае жыццё: падзяліцеся з тымі, хто толькі пачынае будаваць сваю сям’ю. Перадайце тое багацце, якое вы атрымалі ад сваіх бацькоў, ад тых, чыё сямейнае жыццё ў сваю чаргу стала прыкладам для вас, каб кожная сужэнская пара магла адчуць моцную руку дапамогі. Калі вам удалося перанесці цяжкасці, то вы можаце дапамагчы тым, хто сёння перажывае здраду, няшчасці, выпрабаванні, якія часам бывае немагчыма вытрываць. Давайце надзею тым, хто яе шукае, бо чалавеку неабходна заўсёды мець надзею.

Сужэнцы! Калі вы толькі распачынаеце сваё сумеснае жыццё, падзяліцеся радасцю з іншымі, — і ваша радасць у шмат разоў узрасце. Для гэтага вам трэба проста сабрацца разам, пазнаёміцца паміж сабою, запрасіць да сябе Езуса і падзяліцца тым, што маеш. Калі разам сустрэнуцца маладосць і старасць, нястача і дастатак, здароўе і цярпенне, вы атрымаеце багацце з рук самога Хрыста. Ніхто не дапаможа чалавеку ўзрастаць у веры больш, чым той, хто верыць, хто па-сапраўднаму любіць, хто шчыры і адкрыты.

Вопыт сямейных сустрэчаў паказвае, што іх удзельнікі з часам становяцца, нібы родныя, бо іх яднае сам Езус Хрыстус. Не бойцеся! Не бойцеся пачуць заклік Хрыста і адказаць на яго, каб разам будаваць Касцёл — супольнасць супольнасцяў.

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 
Святая Альжбета Партугальская
04.07.2008 18:38
Святая Альжбета ПартугальскаяНарадзілася каля 1271 г. у Іспаніі. У маладым узросце была выдадзена замуж за партугальскага караля Дыянісія і стала каралеваю. Усё жыццё Альжбета фінансава падтрымлівала касцёлы і кляштары ў сваёй краіне, будавала шпіталі, дзіцячыя дамы і прытулкі, вялікую частку маёмасці раздала бедным. Будучы каралеваю, часта выступала пасрэдніцаю ва ўзброеных канфліктах.
 
Святы Тамаш, апостал
03.07.2008 16:47

Святы Тамаш, апосталСвяты Тамаш, празваны Дыдым (блізня), да паклікання ў супольнасць апосталаў быў рыбаком у Галілеі. Калі Езус у дзень уваскрасення з’явіўся апосталам, Тамаша сярод іх не было. Тамаш спачатку не паверыў у змёртвыхпаўстанне, а таму яго часта называюць «няверуючы Тамаш».

 
Кардынал Тарчызіо Бэртонэ: «Беларусь будзе асацыіравацца ў мяне з тварам кардынала Казіміра Свёнтка»
01.07.2008 20:04

З абліччам «вялікага старца, мужнага і непераможнага кардынала Казіміра Свёнтка» будзе асацыіравацца ў кардынала Тарчызіо Бэртонэ, Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI, яго нядаўні візіт у Беларусь. Кардынал Тарчызіо распавёў таксама пра рэзультаты сваіх сустрэчаў з мясцовымі ўладамі, якія ацаніў як «вельмі пазітыўныя».

 
Папа Бэнэдыкт XVI уручыў палій Мітрапаліту Кандрусевічу
29.06.2008 18:20

Урачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла, якая адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 29 чэрвеня, — гэта дзень асаблівай лучнасці з Папам Рымскім. Папа, у сваю чаргу, як Наступнік святога Пятра, уручае паліі новапрызначаным мітрапалітам.

 
Святыя Пётр і Павел, апосталы
29.06.2008 12:18

Святыя Пётр і Павел, апосталыПётр, імя якога было Сымон, нарадзіўся ў галілейскім горадзе Бэтсаідзе, быў жанаты і жыў у Капэрнауме. Ён і яго брат Андрэй былі рыбакамі на Генісарэцкім возеры. Менавіта за лоўляй рыбы Сымона сустрэў Езус і паклікаў ісці за сабою, каб зрабіць яго «лаўцом людзей». Сымон атрымаў ад Езуса імя Пётр (габрэйск. Кіфа, што азначае скала) і заўсёды быў першым сярод апосталаў.

Каля Цэзарэі Філіпавай ён упершыню назваў Хрыста Сынам Божым, і тады атрымаў ад Езуса абяцанне, што на ім, як на скале, будзе заснаваны Касцёл. Нягледзячы на трохкратнае адрачэнне Пятра ад Хрыста, што здарылася ў ноч перад укрыжаваннем, уваскрослы Езус даручае Пятру «пасвіць сваіх авечак» і прадказвае яму пры гэтым, якой смерцю апостал памрэ. Гэтае прадказанне спраўдзілася ў Рыме падчас ганення на хрысціянаў пры імператары Нероне ў 64 ці 67 г.: Пётр быў укрыжаваны ўніз галавою. Ён сам папрасіў аб гэтым, бо не лічыў сябе годным памерці гэтаксама, як Хрыстус.

Звесткі пра жыццё святога Паўла дайшлі да нас у Дзеях Апосталаў, а таксама ў пасланнях самога апостала. Павел, чыё габрэйскае імя было Саўл, паходзіў з кілікійскага горада Тарсу (на тэрыторыі Турцыі), дзе ён нарадзіўся каля 10 г. ад Н. Х. у фарысейскай сям’і. Паколькі ён ад нараджэння меў рымскае грамадзянства, у яго, хутчэй за ўсё, з самага пачатку было і другое, лацінскае імя Павел. Маючы каля 19 гадоў, ён прыбыў у Ерузалем, каб вучыцца ў рабіністычнай школе вядомага настаўніка Гамаліэля. Тады Саўл быў непрымірымым ворагам хрысціянаў, бо лічыў іх адступнікамі ад веры Майсея. Ён заўзята пераследаваў вучняў Хрыста (між іншым, удзельнічаў у каменаванні першамучаніка Стэфана).

З мэтаю знішчыць маладую хрысціянскую супольнасць у Дамаску Саўл ва ўзросце 34 гадоў вырушыў у гэты горад, але па дарозе туды яму аб’явіўся Хрыстус, які цалкам перамяніў усё яго жыццё, зрабіўшы сваім «выбраным начыннем» для абвяшчэння імені Божага ва ўсім свеце. Адразу пасля навяртання Павел стаў нястомна абвяшчаць Евангелле паўсюль, куды яго пасылаў Святы Дух. Паўлу ўдалося пераканаць апосталаў не чыніць перашкодаў для навяртання язычнікаў, і ўсё больш язычнікаў прымала слова Божае, праз хрост далучаючыся да Касцёла. Падчас трох місіянерскіх падарожжаў апостал абвяшчае Евангелле і стварае хрысціянскія супольнасці ў Аравіі, Сірыі, Малой Азіі, Македоніі, Грэцыі, Турцыі і інш. краінах. Неаднаразова яго жыццё было ў небяспецы падчас караблекрушэнняў; яго каменавалі, бічавалі, арыштоўвалі. Прыблізна ў той жа час, што і Пётр, Павел прыняў у Рыме мучаніцкую смерць праз адсячэнне галавы. Яго называюць Апосталам народаў і лічаць першым хрысціянскім тэолагам. Пасланні апостала Паўла раней за ўсе іншыя кнігі Новага Запавету пачалі лічыцца боганатхнёнымі.

Святыя апосталы Пётр і Павел з’яўляюцца заснавальнікамі і падмуркам Касцёла. Намеснікам Пятра з’яўляецца Папа Рымскі, які працягвае яго служэнне ў Касцёле.

Успамін: 29 чэрвеня


 
Святы Кірыл Александрыйскі, біскуп і доктар Касцёла
27.06.2008 18:34
Святы Кірыл Александрыйскі, біскуп і доктар КасцёлаНарадзіўся напрыканцы IV ст. у Александрыі Егіпецкай. У 412 г. стаў Александрыйскім Патрыярхам, змяніўшы на гэтай пасадзе свайго дзядзьку Тэафіла. З’яўляецца адным з найбольш значных пісьменнікаў Касцёла, аўтарам трактатаў пра Святое Пісанне і Святую Тройцу. У сваіх шматлікіх творах, а таксама ў прамовах на сходах духавенства і падчас Эфескага Сабору (431 г.) Кірыл выступаў супраць арыянскай і нестарыянскай ерасяў і адстойваў адзінства боскай і чалавечай натуры ў Хрысце. Памёр 27 чэрвеня 444 г. у Александрыі.

Успамін: 27 чэрвеня
 
I Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі ў Івянцы

 З 18 па 20 ліпеня 2008 г. у Івянцы адбыляся Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі з нагоды 23-га Сусветнага дня моладзі, кульмінацыя якога адбылася ў Сіднэі (Аўстралія) з 15 па 20 ліпеня.

 
<< Першая < Папярэдняя 1851 1852 1853 1854 1855 1856 1857 1858 1859 1860 Наступная > Апошняя >>

Старонка 1853 з 1895
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.