
У першую чаргу чалавек павінен задумацца аб тым, што Бог паслаў на Зямлю свайго Сына. І не проста так. Бог ведаў, што пасылае Яго на смерць, што Ён прыйдзе да сваіх, а свае яго не прымуць. Бог настолькі палюбіў чалавека, што аддаў на пакуты сваё дзіця... Я гавару пра гэта таму, што на такую любоў мы павінны адказваць любоўю. Таму варта задумацца аб словах Хрыста аб тым, што той, хто любіць свайго бліжняга, той любіць і Яго, бо Ён ёсць у кожным чалавеку. Неабходна памятаць і аб сутнасці Божага Нараджэння: да нас прыйшоў Бог не нейкі там далёкі, суровы, каторы толькі ўвесь час карае (такі Бог быў прадстаўлены ў старым запавеце), а Бог, які любіць кожнага з нас. Ён прыйшоў з чалавечым тварам, з чалавечым сэрцам. Варта задумацца аб тым, што Бог прыходзіць да нас кожны дзень, кожную гадзіну: праз малітвы, праз Касцёл і асабліва праз сакрамэнты і еўхарыстыю. У гэтым свяце – пацалунак Бога, пасланы чалавеку.