Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча ў Мадрыдзе вачыма моладзі з Беларусі (абноўлены фотарэпартаж)
Беларусь
25.08.2011 14:13

«Укаранёныя і збудаваныя на Хрысце, моцныя ў веры» — гэтыя словы, якія сталі  тэмай сустрэчы моладзі са Святым Айцом, ад пачатку знайшлі рэалізацыю ў нашай пілігрымцы. Многа спраў і момантаў патрабавала ад нас абсалютнага даверу да Бога, і Ён сапраўды вёў нас сваімі шляхамі.

Шмат хто ведае пра тое, што ў днях з 16 па 21 жніўня адбыўся Сусветны дзень моладзі з Папам Рымскім. Нам, Місіянерам Аблатам Марыі Беззаганнай, і моладзі, якая належыць да нашых парафій у Беларусі або мае рэгулярную катэхізацыю пры іх, давялося таксама ўдзельнічаць у гэтым цудоўным разважанні і ўмацаванні ў веры. Разам усяго 29 чалавек з Віцебшчыны, Міншчыны і Гродзеншчыны.

Першыя пілігрымаўскія крокі мы зрабілі 14 жніўня (гэта было падарожжа дзвюх груп з Мінска і Віцебска праз беларуска-польскую мяжу цягніком да Гданьска і Познані, дзе мы чакалі самалёта). Як аказалася, наш паветраны транспарт у Гданьску затрымаўся на чатыры гадзіны, якія мы з моладдзю правялі ў чаканні і гульнях. Некаторыя ўпершыню ляцелі самалётам, што выклікала бурныя эмоцыі. Самалёт нас перанёс у Іспанію, а дакладней у курортны гарадок са спеўным імем Алікантэ, дзе дзве групы сустрэліся. Там, на ўзбярэжжы мора, мы цэлебравалі Найсвяцейшую Ахвяру пад гарманічную мелодыю набягаючых хваляў.

Потым быў час «карыстання» з цёплых водаў Міжземнага мора. Для некаторых гэта было першае ў жыцці сутыкненне з морам, і таму — непаўторныя эмоцыі. Мяне асабіста здзівіла цеплыня вады і ветру, які дзьмуў з мора, нібыта з фену для валасоў. Тут мы былі да ночы і маглі ўзірацца ў прыгожы пейзаж узыходзячага над вадой месяца.

Наступным этапам нашага пілігымавання стала падарожжа аўтобусамі ў Мадрыд, куды мы дабраліся пешкі да месца свайго засялення.

Гэта было ўжо 16 жніўня. Адразу ж мне падалося, што Мадрыд — гэта «горад анёлаў», таму што ў каго б мы не пыталіся пра дарогу, кожны стараўся дапамагчы, нават часам не ведаючы англійскай мовы. Адзін мужчына нават ахвяраваўся правесці нас аж да самога месца жыхарства, кажучы, што і так кожнай раніцы прагульваецца.

Нашу групу засялілі ў даўнюю іспанскую семінарыю Місіянераў Аблатаў, якая знаходзіцца побач з Правінцыяльным Домам нашых айцоў іспанскай правінцыі. На парозе дому нас, крыху змучаных і нявыспаных, неспадзявана сустрэў айцец Генерал нашай супольнасці — а. Луіс Лоўген ОМІ, які прывітаўся асабіста з кожным  і пажадаў добрага побыту.

Пасля засялення ў нашыя «кватэры» (два пакоі), мы прывялі сябе ў парадак і цэлебравалі Найсвяцейшую Эўхарыстыю, дзякуючы Богу за добрае падарожжа.

17 жніўня — у сераду — пасля ранішняй катэхезы і святой Імшы ў рускамоўнай групе мы накіраваліся на наведванне Мадрыда. У той жа час была магчымасць наведаць Езуса ў Найвяцейшым Сакрамэнце ў касцёлах Мадрыда, з якой многія скарысталіся. У вольны ад цэнтральных падзей сустрэчы час адбываліся шматлікія цікавыя культурныя мерапрыемствы, у межах так званай культурнай праграмы. Можна было ўдзельнічаць у канцэртах, выставах, зазірнуць у музеі, паглядзець цікавыя тэатральныя пастаноўкі і нават футбольны матч для прыхільнікаў гэтага спорту, якіх у Іспаніі шмат.  

Наступны дзень 18 жніўня (чацвер) быў днём прылёту Святога Айца. Пасля ранішняй катэхезы і святой Імшы ў беларускамоўнай групе адбыўся працяг пазнавальнага падарожжа па Мадрыдзе, пасля якога некаторыя пад уражаннем казалі, што пабачылі святыні, якіх у жыцці яшчэ не бачылі. Увечары адбылася святая Імша са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI на плошчы дэ Сібэлес.

Падчас гаміліі Святы Айцец сказаў: «Добра Святому Айцу быць з моладдзю! Няхай Ян Павел ІІ будзе для нас правадыром у абвяшчэнні радасці па ўсім свеце».

Вяртанне увечары «дадому» заняло для нас шмат часу, бо вялікая колькасць удзельнікаў крыху запавольвала рух транспарту, але гэта стварыла магчымасць адчуць, як увесь Мадрыд гучаў рознымі мовамі і трымцеў рознакаляровымі сцягамі.

Дзень 19 жніўня быў днём пакуты і навяртання: была створана магчымасць для скарыстання з сакрамэнту пакуты на розных мовах. Некаторым з нашай моладзі ўдалося з’ездзіць у Таледа, антычны горад і першую сталіцу кастылійскіх каралёў, што за 71 км ад Мадрыда.

Увечары адбыўся Крыжовы шлях з удзелам Святога Айца і моладзі. Выкарыстаныя былі фігуры з розных куткоў Іспаніі, якія дапамаглі больш глыбока перажыць гэтыя цяжкія хвіліны з жыцця Збаўцы. Падчас набажэнства спяваліся песні з розных культур (у тым ліку маўрытанскай) і звычаяў, якія суіснуюць ў Іспаніі. Ад стацыі да стацыі крыж папераменна неслі розныя церпячыя асобы: ці то ад пераследу за веру, ці то ад розных фізічных хваробаў. Атмасфера спачування, роздуму і аднадумства агортвала ўсіх. Можна было гэта заўважыць нават у такой дробязі: кожны зычліва стараўся не прыкрываць вялікіх экранаў, на якіх можна было ўсё падрабязна бачыць і такім чынам удзельнічаць у набажэнстве.

20-ы дзень жніўня быў днём падрыхтоўкі да сустрэчы са Святым Айцом і пілігрымкі ў аэрапорт «Куатро Вентос». Пасля ранішняй Эўхарыстыі частка нашай групы распачала вандраванне. На месцы мы апынуліся каля адзінаццатай гадзіны. Наш сектар яшчэ пуставаў, таму мы атрымалі вельмі добрыя месцы. Нехта з нашай моладзі назваў гэты сектар (Е5) «сэрцам моладзі», бо гэта была амаль сярэдзіна поля. Як аказалася, гэты дзень быў найгарачэйшым за час нашага побыту і каля 16-й гадзіны тэмпература даходзіла да 47°С у ценю. А мы ўвесь час мужна чакалі… і пілі «гекталітры» вады. Збавеннай была міласэрная паслуга пажарнікаў, якія ездзілі па полі з цыстэрнай вады і палівалі пілігрымаў. Здавалася, што гэта замнога, але прыносіла прахалоду, а пасля 30 хвілін усе былі зноў сухія.

Цікавым досведам сталіся мурашкі. Яні падобныя да нашых лясных мурашак, але маюць большую галаву і своеасаблівыя шчыпцы. Калі сонца пякло, іх не было бачна. Аднак жа, калі вада папала на зямлю і потым мы расклалі спальнікі, плошча, пакрытая матэрыялам, станавілася мурашнікам. Нашыя жахлівыя думкі «што ж будзе ноччу» не апраўдаліся: мы спалі амаль спакойна.

Святы Айцец прыехаў да нас на сваім «папамабіле» каля 20.00. Пачало вечарэць. Ад захаду пачалі набягаць хмары, на гарызонце паказваліся маланкі. Але бура прайшла бокам. Праходзілі прывітанні, віншаванні, спеў хору.

Святы Айцец пачаў прамову. І ў гэты момант сарваўся гіганцкі вецер, пачаў мясці ўсё. Да таго ж далучыўся дождж. Усе пачалі хавацца пад тым, што мелі. Я бачыў, як вялікі экран тэлебіма пачаў круціцца на ветры, як ветрачок. Жахлівая сцэна і небяспечная.  Дзякуй Богу, гэта трывала толькі, можа, хвілін з 20. Потым вецер сціх, і толькі ціхі дождж паіў сасмаглую прыроду і ахалоджваў нас.

Калі толькі Папа прамовіў словы «Дарагія сябры!», тут жа амаль два мільёны ўдзельнікаў сарваліся са сваіх месцаў і на ўвесь голас радасна закрычалі, пляскаючы ў далоні і заклікаючы па-іспанску: «Гэта моладзь Папы!»

Яго Святасць падзякаваў наступнымі словамі: «Дзякуй вам за цярплівасць і вытрымку. Вашая сіла большая за дождж», — і дакончыў сваю прамову, кажучы, між іншым: «Шчасце, якое шукаеце, мае імя, мае твар: Езус з Назарэта, які вас чакае ў Эўхарыстыі (…). Чалавек можа быць шчаслівы толькі будучы сапраўды чалавекам. Не бойцеся наследаваць Хрыста! Не бойцеся жыць і аддаць сваё жыццё! (…) Пан тут ёсць і кліча цябе. Варта пачуць Яго слова і крочыць Яго слядамі. Прасіце Пана, каб дапамог Вам адкрыць ваша пакліканне ў жыцці. Ён ніколі вам не здрадзіць, Ён з намі да канца свету».

Потым Святы Айцец пайшоў пераапрануцца на набажэнства адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Манстранцыя — гэта скарб катэдры з Таледа,  якая была прывезена спецыяльна на гэты момант. Моладзь, якая яшчэ нядаўна танцавала і спявала на ўсю моц,  у абсалютнай цішыні малілася разам з Папам перад Езусам. Два мільёны чалавек у адну хвіліну застылі на каленах, каб размаўляць сэрцам са Стварыцелем.

Потым у спецыяльнай малітве Папа даручыў моладзь Сэрцу Пана Езуса, просячы, каб яны бралі з Яго прыклад і сілу ў жыцці і былі Яму вернымі.

На заканчэнне Папа Рымскі паблагаславіў прысутных Найсвяцейшым Сакрамэнтам і пажадаў добрай ночы. У хуткім часе амаль усе ўдзельнікі былі атулены сном.

Каля 5.00 раніцы нам, святарам, давялося накіроўвацца да алтара, каб цэлебраваць Эўхарыстыю са Святым Айцом. Яго Святасць Бэнэдыкт XVI прыбыў на «папамабіле». Так нечакана сталася, што Папа Рымскі праехаў побач з нашым сектарам (Е5), і моладзь мела магчымасць пабачыць Папу на адлегласці трох метраў.

Падчас урачыстай літургіі Святы Айцец сказаў: «Дзякую вам, бо ваша маладосць, як кісларод для Святога Айца, ажыўляе Касцёл і асвяжае свет, сасмаглы па радасці і адвазе». А на заканчэнне дадаў: «Святы Айцец дзякуе вам за вашую любоў і высылае вас, як паслоў радасці, якой так вельмі патрабуе наш свет».

Пасля развітання на наступны дзень мы пілігрымавалі праз усю Еўропу і праз Беларусь, праз Брэст, Мінск і Віцебск. Так атрымалася, што мы атулілі верай і малітвай усю нашую краіну.

Дзякуем Пану Богу за гэты перажыты час!

А. Анджэй Юхневіч ОМІ

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.