Святому Айцу ўручылі Кампэндый сацыяльнага вучэння Касцёла на беларускай мове |
Беларусь |
24.11.2011 11:15 |
23 лістапада 2011 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў каталіцка-праваслаўную дэлегацыю. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўваходзіў у склад дэлегацыі, перадаў Папу Кампэндый сацыяльнага вучэння Касцёла на беларускай мове. Папа з радасцю прыняў выданне і ўзгадаў пра нядаўні візіт кардынала Курта Коха ў Мінск. Пры гэтым Пантыфік падкрэсліў, што як візіт кардынала, так і канферэцыя па праваслаўна-каталіцкаму дыялогу былі вельмі паспяховымі. Уся дэлегацыя ўручыла Папу кнігу з матэрыяламі II Каталіцка-праваслаўнага форуму, які праходзіў 18–22 кастрычніка 2010 г. на востраве Родас у Грэцыі. Святы Айцец падзякаваў за падарунак і падкрэсліў неабходнасць развіцця адносінаў паміж католікамі і праваслаўнымі перад выклікам часу і сумеснага сведчання хрысцінскіх каштоўнасцяў. Каталіцкі бок дэлегацыі прадстаўлялі кардынал Петэр Эрдо, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, віцэстаршыні кардынал Анджэло Баньяско і арцыбіскуп Юзаф Міхалік, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, арцыбіскуп Афін Ніколяс Фоскалас і дапаможны біскуп Сараева Пэро Судар. Праваслаўны бок — Мітрапаліт Іларыён, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, і Мітрапаліт Мессінскі Эладскай Праваслаўнай Царквы Хрызастом. Пасля аўдыенцыі ў Папы каталіцкі і праваслаўны бакі мелі сваю сустрэчу, на якой вырашылі, што наступны, ужо III Каталіцка-праваслаўны форум пройдзе ў Лісабоне (Партугалія) 5–8 чэрвеня 2012 г. Плануецца, што тэмай стане эканамічны крызіс і беднасць — выклікі нашага часу. |