Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з удзельнікамі ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума |
Беларусь |
03.06.2014 12:27 |
3 чэрвеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з удзельнікамі ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума на тэму «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе». Форум, які адкрыўся напярэдадні ў Храме-помніку ў гонар Усіх святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне ў Мінску, будзе праходзіць у сталіцы Беларусі па 6 чэрвеня, у ім прымаюць удзел каталіцкія і праваслаўныя іерархі Еўропы. Мэта Форума – кансалідацыя хрысціянскіх сіл Еўропы для сумеснага сведчання сучаснаму свету і абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў. Раней падобныя Форумы праходзілі ў Трэнта (Італія), на востраве Родас (Грэцыя), у Лісабоне (Партугалія). Да ўдзелу ў Форуме запрошаны делегаты з 22 краін, у тым ліку больш за 40 каталіцкіх і праваслаўных іерархаў. Ініцыятарамі гэтай буйной сустрэчы сталі ў 2012 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і сённяшні ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. Як адзначыў падчас сустрэчы з удзельнікамі Форума Прэзідэнт, Беларусь застаецца прыхільнай да міжрэлігійнага міру і спакою. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, якія прыводзіць БЕЛТА, гэтая сустрэча абавязвае яго і ўвесь беларускі народ з яшчэ большай стараннасцю і адказнасцю падыходзіць да захавання міжрэлігійнага міру і нацыянальнага спакою. Прэзідэнт запэўніў удзельнікаў Форуму, што ў іх ніколі ў гэтым плане не будзе прэтэнзій да беларускага народа і беларускай дзяржавы. “Мы заўсёды будзем надзейнымі суседзямі, партнёрамі і сябрамі для ўсіх людзей, якую б рэлігію яны ні вызнавалі, які б шлях да храма яны ні абралі”, - сказаў кіраўнік дзяржавы. Удзельнікі сустрэчы абмяняліся меркаваннямі аб тым, як у сучасным свеце супрацьстаяць выклікам, якія ўзнікаюць перад Цэрквамі, падкрэслілі важнасць захавання хрысціянскіх каштоўнасцяў у жыцці народаў Еўропы, умацавання міру і згоды. (AG) |