Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У межах ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума адбылася Імша ў гатэлі «Вікторыя-Алімп»
Беларусь
04.06.2014 09:30

Трэці дзень працы ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе», 4 чэрвеня, пачаўся святой Імшой у канферэнц-зале мінскага гатэля “Вікторыя-Алімп”, дзе праходзяць працоўныя пасяджэнні Форума. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Каталіцкі Касцёл просіць прабачэння за тое, што Імша не адбылася ў катэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі: так здарылася па не залежных ад Касцёла тэхнічных прычынах, таму цэлебрацыя Эўхарыстыі была хутка арганізавана ў гатэлі.

У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на словы спеву перад Евангеллем літургічнага чытання гэтага дня, у якім гаворыцца, што неабходна абвяшчаць Божую праўду. Гэта, па словах іерарха, з’яўляецца запаветам Хрыста і заданнем для ўсіх пастыраў.

Таксама Мітрапаліт працытаваў словы Евангелля, што ў выкананні гэтага задання ўсе хрысціяне павінны быць адзінымі. Іерарх узгадаў сустрэчу са студэнтамі МДУ ў Маскве ў 1991 г., калі яны прасілі яго навучыць іх праўдзе Евангелля, якая не змяняецца. Арцыпастыр дадаў, што просьба гэтых студэнтаў актуальная ў сучаснай Еўропе, якая секулярызуецца. Мітрапаліт заахвоціў прысутных іерархаў выкарыстаць усе магчымасці для абвяшчэння праўды Евангелля, каб Еўропа вярнулася да сваіх хрысціянскіх каранёў і стварала будучыню на праўдзе Хрыста.

У канцы Імшы Генеральны сакратар Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы кс. Дуартэ да Кунья падзякаваў Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу за яго намаганні ў арганізацыі Форума і пажадаў іерарху Божага благаслаўлення ў пастырскай дзейнасці.

Нягледзячы на збой з цэлебрацыяй Імшы гэтага дня, іерархі, якія прымаюць удзел у Форуме, 5 чэрвеня ў 7.15 будуць цэлебраваць Эўхарыстыю ў мінскім катэдральным касцёле і запрашаюць на яе ўсіх жадаючых.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.