4 чэрвеня ў Мінску ў канферэнц-зале гатэля “Вікторыя-Алімп” працягнуліся працоўныя пасяджэнні ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе». Форум праходзіць у сталіцы Беларусі з 2 па 6 чэрвеня.
Пасяджэнні ўзначальваюць сустаршыні Форума – кардынал Петэр Эрдзё, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, арцыбіскуп Эстэргомскі і Будапешцкі, з каталіцкага боку, і Мітрапаліт Сасімскі Генадзіус, які прадстаўляе Канстанцінопальскі Патрыярхат, з праваслаўнага боку.
У прыватнасці, у межах пасяджэння на тэму “Рэлігійная свабода як шлях да справядлівасці і міру” выступілі з каталіцкага боку біскуп Лімерыкскі Брэндэн Ліхі і з праваслаўнага боку протаіерэй Канстанцін Мірон (Грэчаская праваслаўная Мітраполія ў Германіі).
Біскуп Брэндэн Ліхі адзначыў, што “ўсе чалавецтва звязана адзінствам з Панам і адзін з адным”. Мір, па словах іерарха, - гэта “дар Божы і ў той жа час задача, якая стаіць перад намі”; гэта “не толькі адсутнасць вайны”, але “вынік маральнага ачышчэння, культурнага і маральнага прагрэсу, пры якім чалавечая годнасць поўнасцю паважаецца”. Біскуп адзначыў, што не можа быць “трывалага міру без увагі да справядлівасці”, і нагадаў пра важнасць прабачэння пры справядлівасці. Умовай міру, як заўважыў іерарх, з’яўляецца рэлігійная свабода, якая “стварае неабходныя ўмовы для дасягнення цэласнага развіцця”, і “без прызнання рэлігійнай свабоды становіцца цяжка накіроўваць грамадства да ўніверсальных этычных прынцыпаў”.
Рэлігійную свабоду дакладчык назваў “лакмусавай паперкай для павагі ўсіх астатніх правоў чалавека”, “вяршыняй усіх іншых свабод”, а рэлігію – “пазітыўнай сілай для пабудовы грамадства”.
Протаіерэй Канстанцін Мірон адзначыў у сваім выступленні, што “свабода – наш першапачатковы стан, які мы страцілі, таму што заняволілі самі сябе”. “Прыйсце Хрыста дало нам нашу свабоду. Менавіта таму хрысціянін – пасланнік і пасрэднік свабоды”, - падкрэсліў прадстаўнік Грэчаскай праваслаўнай Мітраполіі ў Германіі.
“Недахоп міру ў сучасным грамадстве не можа пакінуць нас, праваслаўных хрысціян, абыякавымі, - адзначыў між іншым выступоўца. – Мы бярэм на сябе абавязак барацьбы з любой формай нецярпімасці і фанатызму ў людзей і нацый (…) змагаемся за тое, каб голад і нястача былі пераадолены”. Протаіерэй назваў свабоду “неабходнай умовай для адказных дзеянняў любові”, дадаў, што “ў хрысціянскім жыцці неабходны Дух, як для чалавечага існавання неабходны кісларод”.
Іншае працоўнае пасяджэнне першай паловы гэтага дня было прысвечана тэме “Рэлігійная свабода і Цэрквы ў Еўропе”. З каталіцкага боку выступіў арцыбіскуп Дзіжонскі Раланд Міннерат, з праваслаўнага – архіепіскап Тэльмескі Іоў (Экзархат Канстанцінопальскага Патрыярхату).
Пасля кожнага працоўнага пасяджэння адбывалася дыскусія.
Пасяджэнні працягнуцца таксама ў другой палове дня.
Анастасія Грышан
|