“Мы чакаем ад ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума добрага рэзанансу ў Еўропе”, - сказаў у размове з Catholic.by Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка. 5 чэрвеня ў Мінску завяршыліся працоўныя пасяджэнні Форума.
Кажучы аб тым, што можа прынесці дадзены Форум для Беларусі ў Еўропе, на міжнароднай арэне, Леанід Гуляка адзначыў: “Сапраўды, нам не ўсё роўна, якія будуць яго вынікі, якія будуць прыняты рэзалюцыі. І, безумоўна, мы ўпэўнены, што гэта спрацуе на імідж Беларусі ў Еўропе вельмі сур’ёзна”.
“Па-першае, усе ўдзельнікі Форума – мы з імі ўжо мелі зносіны неаднаразова – маюць вельмі добрыя ўражанні ад таго, што яны тут бачылі, што тут адбываецца”, - патлумачыў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Па-другое, дадаў Леанід Гуляка, ва ўдзельнікаў засталося вельмі добрае ўражанне ад сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі, “таму што на гэтай сустрэчы яны пачулі ад Прэзідэнта менавіта дзяржаўныя падыходы да рэлігійнай сітуацыі”.
“Мы ўсюды падкрэсліваем, што ў нас дзве асноўныя канфесіі ў краіне, таму што яны самыя шматлікія, - гэта праваслаўе і каталіцтва, - адзначыў Леанід Гуляка. - Няма падзелу, якая з іх больш важная, галоўная: у дадзеным выпадку мы кажам проста пра колькасць”.
Па словах Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, “Беларусь абрана месцам правядзення Форума не выпадкова”. “Гэтыя рашэнні прымаюцца вельмі сур’ёзна, а ў аснове іх прыняцця – таксама і ў выпадках, калі Форум праходзіў у Італіі, у Грэцыі, у Партугаліі, – разглядаецца пытанне канфесійнай стабільнасці ў краіне”, - падкрэсліў Леанід Гуляка, дадаўшы, што Форум не прысвечаны таму, каб, прыбыўшы ў пэўную краіну, "наводзіць парадкі, кагосьці супакойваць, кагосьці агітаваць", - ён стабільна праводзіцца “ў краіне, дзе дзяржаўная палітыка сапраўдная, прызнаецца Царквой, Царква прызнае дзяржаўную палітыку”.
"Таму мы, безумоўна, чакаем ад Форума добрага рэзанансу ў Еўропе", - адзначыў Леанід Гуляка. Нагадваючы словы саміх удзельнікаў, што "ў Беларусь з’ехалася ўся Еўропа, прадстаўнікі 22 краін", Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў звярнуў увагу, што такім чынам “пра Беларусь, сітуацыю ў рэспубліцы, у тым ліку дзяржаўную падтрымку, узаемаразуменне” будуць інфармаваны праз духавенства таксама і "парафіяне, вернікі". “І мы спадзяемся, што пры той скажонай часам інфармацыі, якая мільгае аб нашай краіне на дзяржаўным узроўні ў шэрагу краін Еўропы, дадзены Форум дапаможа расставіць некаторыя акцэнты правільна, дакладна, так, як гэта выглядае тут па-сапраўднаму, - падкрэсліў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. - Мы не навязваем нікому сваю палітыку, але, сустракаючыся з удзельнікамі Форума, я проста бачу іх настрой, накіраваны на тварэнне”.
Па словах Леаніда Гулякі, мінімум два гады – час, які ёсць да наступнага Форума, – будзе чутно пра Беларусь, будуць гучаць “тыя ўражанні, якія ўдзельнікі Форума атрымалі ад нашай краіны”, і гэта з’яўляецца вельмі важным.
Анастасія Грышан
|