Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
10 самых цікавых падзей з жыцця Касцёла ў Беларусі за апошні тыдзень
Беларусь
12.10.2015 11:53

«Першая канфірмацыя» біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, лучнасць рэктара пінскай семінарыі кс. Андрэя Рылкі з Якубам Коласам, сабакі і каты ў касцёлах на асвячэнні і іншыя падзеі з жыцця Касцёла ў Беларусі за мінулы тыдзень. 


Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB упершыню ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі

Сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Гатаве стаў запамінальным днём не толькі для парафіян, але і для самога дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.



Упершыню пасля прыняцця біскупскай сакры біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB удзяляў вернікам гэты сакрамэнт.

«Новы досвед Божай ласкі - першы раз удзяліць сакрамэнт канфірмацыі», - адзначыў пасля на сваёй старонцы ў Фэйсбуку біскуп.

 

«Я пакліканы, каб служыць»: а. Андрэй Жылевіч OFM Cap – новы дырэктар аддзялення «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Новы дырэктар рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі а. Андрэй Жылевіч OFM Cap распавёў пра тое, якой бачыць сваю працу ў дабрачыннай арганізацыі.

«У першую чаргу не лічу сябе якімсьці там ганаровым кіраўніком і нават перакананы, што такім не буду, - заўважае капуцын. - Я пакліканы, каб служыць, дапамагаць. Важна, каб людзі, якія працуюць у «Карытас», сапраўды ўмелі рабіць гэта з адданасцю і павагай адзін да аднаго.



Наш калектыў павінен быць сям’ёй, толькі тады мы зможам гаварыць пра эфектыўнасць і пра дапамогу іншым людзям. Буду старацца зрабіць усё, каб «Карытас» развіваўся і быў Божай прыладай для дапамогі патрабуючым».

 

Старшыня беларускага епіскапату павіншаваў Святлану Алексіевіч з Нобелеўскай прэміяй па літаратуры



«Гэта прызнанне Вашай лiтаратурнай дзейнасцi на сусветным узроўнi, а таксама вялiкi гонар для нашай багатай на таленты Бацькаўшчыны Беларусi», - адзначыў у сваім звароце да нобелеўскай лаўрэаткі старшыня ККББ Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Журналістка Святлана Алексіевіч – аўтар кніг «Чарнобыльская малітва», «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», «Час сэканд-хэнд» - стала першай беларускай, якой прысудзілі Нобелеўскую прэмію.



Беларускі з супольнасці Місіянерак Хрыста Валадара прынялі ўдзел у пілігрымцы кансэкраваных асобаў у Рым
Манахіні Людміла Леўдаровіч i Яніна Жукоўская з супольнасці сясцёр Місіянерак Хрыста Валадара прынялі ўдзел у пілігрымцы кансэкраваных асобаў у Рым, мэтай якой стала падзяка за дар паклікання да служэння ў Касцёле.



Падчас пілігрымкі манахінь і манахаў у Рым з імі сустрэўся Пантыфік. У пілігрымцы акрамя беларусак прымалі ўдзел таксама кансэкраваныя асобы з Аргенціны, Бельгіі, Даніі, Францыі, Грэцыі, Германіі, Украіны, Венгрыі, Італіі, Вялікабрытаніі і ЗША.

 

Папа Францішак благаславіў вуглавы камень будучага касцёла ў Гомелі



Асвячэнне каменя адбылося падчас аўдыенцыі Папы Францішка Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці.

Падчас сустрэчы Пантыфік благаславіў вуглавы камень пад будаўніцтва новага касцёла ў Гомелі, які носіць той жа тытул, што і касцёл, разбураны ў 1938 годзе – Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Папа Францішак падпісаў акт благаслаўлення вуглавога каменя, як знак апостальскага благаслаўлення ўсім жыхарам Гомеля.


 

Супольнасць свецкіх францішканаў папоўнілася новымі членамі
3 кастрычніка ва ўсіх францішканскіх парафіях Беларусі ў гадавіну смерці святога Францішка Асізскага прайшлі адмысловыя набажэнствы «Транзітус».

У Івянцы ўшанаванне памяці святога было спалучана з прыняццем новых сяброў у Францішканскі ордэн свецкіх.  

У навіцыят уступіў адзін чалавек, часовыя абяцанні склалі 6 чалавек, вечныя шлюбы – двое. Івянецкая супольнасць Францішканскага ордэну свецкіх налічвае сёння 24 чалавекі, з якіх 15 ужо склалі вечныя абяцанні.



Адзін з 260: арцыбіскуп Кандрусевіч удзельнічае ў Сінодзе Біскупаў на тэму сям’і
Беларускі ўдзельнік Сінода Біскупаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падвёў вынікі першага тыдня Сінода. Паводле слоў іерарха, першы тыдзень працы форуму паказаў пачуццё калегiяльнай адказнасцi бiскупаў за лёс сям’i.

«Касцёл не выключае з пастырскай апекi гомасексуалiстаў, разведзеных i тых, хто ўступіў у новы сужэнскi саюз, i хоча iм дапамагчы.

Аднак ён не можа прызнаць гомасексуальны саюз нармальнай сям’ёй, бо ён супярэчыць устаноўленаму Богам iнстытуту сям’i, як адзiнаму i непарушнаму саюзу мужчыны i жанчыны. Не можа Касцёл пагадзiцца i з Камунiяй для разведзеных i тых, хто жыве ў грамадзянскім шлюбе, бо яны не знаходзяцца ў стане Божай ласкi, якая патрэбна для прыняцця Эўхарыстыi.

(…) Дыскусii як у сiнадальнай зале, так i ў малых лiнгвiстычных групах носяць працоўны i канструктыўны  характар. Ёсць рознiцы ў падыходзе i меркаваннях, але мэта адна — вывесцi сям’ю з крызiсу», - адзначыў Мітрапаліт.



Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк стаў капеланам лётчыкаў
Як распавёў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё новапрызначаны капелан лётчыкаў, у свой час ён і сам марыў пра гэтую прафесію.

«Я дзякую Богу, што я стаў святаром, але для мяне гэта яшчэ і ўдзячнасць Богу, што я, даверыўшыся Яму, маю цяпер дачыненне і да гэтай справы, - зазначыў святар. - Мяне запрашаюць на прысягу, даюць слова сказаць перад навабранцамі і іх бацькамі. Тысяча-паўтары народа збіраецца і, ведаеце, паміж імі гучыць слова Божае, благаслаўленне, асвячэнне».



Пробашч парафіі Свв. Сымона і Алены ў Мінску кс. Уладзіслаў Завальнюк з’яўляецца таксама капеланам пчаляроў і бортнікаў Беларусі.



Радзіма рэктара пінскай семінарыі апісана ў ...Коласаўскай трылогіі «На ростанях»

Новы рэктар Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка ў інтэрв’ю Catholic. by расказаў пра свае новыя абавязкі, пра стан святарскага паклікання ў Беларусі і прыгадаў сваю малую радзіму, у якой у свой час настаўнічаў Якуб Колас.



"Я нарадзіўся і жыву на Палессі. Мая родная вёска Люсіна знаходзіцца на памежжы гістарычнай Случчыны і Піншчыны (цяперашні Ганцавіцкі р-н), - адзначыў святар. - Вёска цесна звязана з лёсам класіка беларускай літаратуры Якубам Коласам, дзе ён працаваў маладым настаўнікам і (…) пачаў пісаць свае першыя сур’ёзныя творы. І менавіта гэтым мясцінам прысвяціў першы том аднаго з асноўных твораў свайго жыцця — трылогіі «На ростанях».

Першая частка трылогіі «У палескай глушы» – гэта фактычна біяграфічны аповед пра яго жыццё на маёй маленькай радзіме"


Святар здзейсніў асвячэнне каня

Аб гэтым гаворыцца ў матэрыяле пра асвячэнне жывёл у парафіі Св. Францішка Асізскага ва Удзеле, дзе 4 кастрычніка святар асвяціў хатніх жывёл сваіх парафіян. Такі ж абрад асвячэння жывёл прайшоў у гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай.



Абрад асвячэння жывёл праводзіцца ў шэрагу краін, аднак для Беларусі ён хутчэй экзатычны.

Традыцыю асвячаць хатніх гадаванцаў 4 кастрычніка звязваюць з успамінам св. Францішка Асізскага, вядомага ідэяй братэрства з кожнай жывой істотай. У гэты ж дзень прыпадае і Сусветны дзень (абароны) жывёл.
Сярод тых, каго прыносілі (прыводзілі) сёлета беларускія католікі на асвячэнне, былі сабакі, каты і ...коні. Ці будуць у далейшым вернікі асвячаць іншых хатніх жывёл (магчыма, свіней і свойскіх птушак) і ці стане такі абрад традыцыйным у беларускіх касцёлах, пакуль невядома.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.