Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзённік удзельніка СДМ-2016: дзе малітва і Эўхарыстыя — там паўната еднасці
Беларусь
28.07.2016 12:04

27 ліпеня адбылася Імша для ўдзельнікаў СДМ з Беларусі ў парафіі Св. Максімільяна Кольбэ ў Кракаве. Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які пільна ўглядаўся ў моладзь, якая прысутнічала ў святыні, налічыў больш за 750 маладых людзей.

Перад Імшой кс. Антоні Грэмза, галоўны каардынатар паездкі з Беларусі на СДМ, адзначыў, што святары заўважаюць, як пасля святой Камуніі на Імшы моліцца французская моладзь — у цішыні, у развазе, у радасці і глыбіні адначасова.

Пасля слоў кс. Антонія Грэмзы я падумала: «Паназіраю таксама за гэтым сёння больш уважліва».

І многія беларусы ў Кракаве, як мне здаецца, глядзяць на паводзіны прадстаўнікоў іншых нацый з цікавасцю. І хутчэй не для таго, каб параўнаць з нашай беларускай моладдзю, але проста каб мець досвед. Да таго ж рознасць тэмпераментаў, традыцый, звычаяў у адзіным Касцёле — гэта так прыгожа і велічна.

Таксама і ў Беларусі, працуючы на Сatholic.by, часамі робячы здымкі ці пішучы, я заўсёды назіраю за тым, як людзі прымаюць Цела Хрыста, як выглядае асабістая сустрэча з Ім, які ў іх позірк, якая пастава.

Часамі захапляешся гэтымі тварамі, часамі глядзіш у смутку і задуменні, бо вочы бываюць сумныя, устрывожаныя ці ўвогуле апушчаныя. І радасць, і смутак, і пакора, і прыгнечанасць, і нясмеласць, а часамі сорам, а часамі адвага і запал.

Усё прачытаеш у гэтых вачах і паставах. У Кракаве таксама, хоць складана меркаваць па хвілінным сузіранні кагосьці.

Біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі адзначыў, што праз беларускую моладзь, якая прыехала на СДМ — моладзь, якая радуецца і моліцца, спявае і танчыць, якая гучна ўсклікае: «На Беларусі Бог жыве!» — можна складаць зусім іншы вобраз Касцёла ў Беларусі і Паўсюднага Касцёла, які для многіх уяўляецца як «Касцёл на каленях».


Пра гэты вобраз «Касцёла на каленях» я таксама разважала ўвесь дзень, стоячы на каленях у касцёле свв. Пятра і Паўла, а потым у дамініканскай святыні, дзе адбывалася начное чуванне.

Але і ў «Касцёле на каленях» — вялікая прыгажосць і праяўленне хрысціянскай моцы і тоеснасці, тоеснасці каталіцкай.

Я адкрыла нанова, як калісьці ў дзяцінстве, прыгажосць паставы на каленях.

Увогуле 27 ліпеня быў такім днём, дзе вобраз «Касцёла на каленях» увесь час быў побач з Касцёлам «вялікай дынамікі і руху».

Гэта было бачна паўсюль — не толькі на пляцоўках «Фестывалю моладзі», але і ў жывых ручаінах народаў са сцягамі, якія занялі ўсе вуліцы горада і ваколіцы.

«Where are You from?» — першае пытанне, з якога пачынаецца дыялог паміж народамі, які часамі заканчваецца новымі сябрамі ў сацыяльных сетках, новым досведам, прыгадваннем замежных моў. А папярэднічае такому пытанню шырокая ўсмешка.

Для гэтага дыялогу шмат не трэба: усмешка, некалькі слоў і імкненне сэрца.

Так і пачынаецца адзінства, якому не пагражае зайздрасць, прага ўлады, прага помсты, бо гэты дыялог мае свае вытокі ў Хрысце.

Папярэднія матэрыялы:

Дзённік удзельніка СДМ-2016: ад заплечніка да першых сустрэч і ўсмешак

Дзённік удзельніка СДМ-2016: міласэрнасць чалавека да чалавека

Дзённік удзельніка СДМ-2016: да кульмінацыі ўсё бліжэй

Дзённік удзельніка СДМ-2016: цяпер я нашу пры сабе тры важныя рэчы — тры гімны

Дзённік удзельніка СДМ-2016: Кракаў жыве!

Дзённік удзельніка СДМ-2016: Блоні — што далоні Бога, на якіх радуюцца Яго дзеці

Дзённік вядзе Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.