Велікапосныя рэкалекцыі на Catholic.by. Разважанне шостае «Здзейснілася!» |
Беларусь |
09.04.2017 05:52 |
Уводзіны ў малітву Распачынаючы сённяшнюю малітву, знайдзі найбольш выгоднае месца і прымі самую камфортную для цябе паставу цела. Адпусці ўсё напружанне, якое толькі заўважыш, асабліва ў плячах і спіне. Калі штосьці непакоіць цябе, аддай гэта Богу, і дазволь сабе адпачыць у Ягоных далонях… А потым проста пабудзь у Божай прысутнасці хвілінку ці дзве.
У Вялікую пятніцу Езусу давялося прайсці праз шматлікія пакуты. Часта хрысціяне засяроджваюцца на Яго фізічным цярпенні. І гэтая мука сапраўды была жахлівай. Як адзначалася ў папярэдніх разважаннях, укрыжаванне было адным з найбольш жорсткіх пакаранняў смерцю, якое тады існавала, удасканаленае (калі можна так сказаць) рымлянамі дзеля большага мучэння. Езуса, магчыма, пазбавілі адзення і пакінулі аголеным з намерам цалкам зганьбіць Яго, што і было інтэнцыяй укрыжавання. Гэта было публічным відовішчам, разлічаным не толькі, каб асцерагаць іншых, але і для таго, каб дарэшты зняславіць ахвяру, якая памірала ў мучэнні. Усіх заахвочвалі назіраць і каментаваць. Сённяшняе чытанне святога Евангелля паводле Яна вельмі кароткае. Але ў гэтым адным радку адлюстравана неспасцігальная веліч місіі Езуса…
Ян 19, 30 Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І, схіліўшы галаву, аддаў духа. Разважанне
Падумай, колькі дзён, месяцаў і гадоў Езус аддаў свайму служэнню. Спачатку не адзін дзясятак гадоў заняла падрыхтоўка, калі Ён маліўся аб сваім пакліканні як малады чалавек, потым вырашыў прыняць ад Яна хрост, вытрываў цяжкія выпрабаванні ў пустыні. Падумай, чаго Яму каштавала выбраць апосталаў і цярпліва настаўляць іх, а таксама колькі энергіі патрабавала вандраванне, аздараўленне хворых і прапаведаванне сярод жыхароў Юдэі, Галілеі і па-за іх межамі. Уся гэтая праца рабілася дзеля таго, каб дапамагчы людзям зразумець, што значыць быць запрошанымі ў Божае Валадарства. Цяпер падумай пра Езуса, прыбітага да крыжа. Ён ведае толькі, што Ён зрабіў для Айца ўсё, што мог, але Ён можа непакоіцца: што будзе з невялікім колам вучняў пасля Яго смерці, і ці будзе працяг у Ягонай справы. Пра што Ён мог думаць там, на крыжы?..
Многія з нас усведамляюць, які фізічны боль выцерпеў Езус. Гэтаму прысвечана вялікая колькасць твораў хрысціянскага мастацтва, дзе выяўлены твар Езуса, перакошаны ад болю, і знявечанае цела, якое скурчылася ў агоніі. Раней мы ўжо разважалі пра эмацыйны боль ад пакінутасці сябрамі і духоўны боль ад пачуцця пакінутасці Богам. Такім чынам, мы не павінны недаацэньваць сукупнасць фізічнага, эмацыйнага і духоўнага болю, які Езус перажыў. Айцец Стэнлі Мэроў SJ піша: «У сваёй смерці на крыжы Езус выяўляе, кім Ён ёсць насамрэч: Тым, хто адкрывае нам Айца». Чаму? Бо ў гэты момант Езус паказвае нам глыбіню сваёй любові да нас. «Такім чынам, у Яго смерці на крыжы, у поўні Ягонай паслухмянасці волі таго, хто паслаў Яго, Ён адкрывае сваю прывілеяваную ідэнтычнасць Адзінароднага Сына». У сваім класічным тэксце «Духоўных практыкаванняў» святы Ігнацый прапануе нам, напрыклад, такі спосаб малітвы: уявіць сабе ўсе важныя моманты жыцця Езуса, уключна з укрыжаваннем, і задацца пытаннем: «Як Яму там было?»
Размова з Богам
ф Вялікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» паводле кнігі а. Джэймса Марціна SJ «Сем апошніх слоў» (Seven Last Words).фПлан рэкалекцый тут >>> |