Велікапосныя рэкалекцыі на Catholic.by. Разважанне сёмае «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» |
Беларусь |
13.04.2017 05:25 |
Уводзіны ў малітву Прымі зручную і найбольш адпаведную для тваёй малітвы паставу цела і паспрабуй адчуць прысутнасць Бога. Уяві, як Ён з любоўю глядзіць на цябе. Можаш уявіць, як глядзіш Езусу ў вочы ці проста сядзіш побач з Ім, нібы з сябрам. Проста будзь тут і цяпер, адпачні…
Запрашэнне Ці ведаў Езус, што адбудзецца ў Велікодную нядзелю? У дадзенай апошняй сесіі запрашаю цябе вярнуцца да гэтага важнага пытання. Валодаючы дасканалай боскай прыродай, Езус павінен быў ведаць усё, маючы тую ж свядомасць, што і Бог Айцец. Як бы там ні было, Езус дакладна ведаў адно: Яго галоўным прагненнем было выканаць волю Айца. Вось яшчэ адно падабенства жыцця Езуса да нашага жыцця. Езус на кожным кроку свайго шляху, нават калі Яму было неверагодна складана, імкнуўся да канца выканаць волю Айца. І ў Гетсіманскім садзе Ён прымае канчатковае рашэнне. Гетсіманія — гэта адно з найбольш шырока адчыненых вокнаў у Ягоную чалавечнасць. Ён не кажа адразу: «Так, Ойча, усё, што Ты захочаш!» Не, спачатку Ён кажа: «Няхай абміне гэты келіх Мяне». І толькі потым: «Аднак, не як Я хачу, але як Ты хочаш». Гэта абсалютна чалавечы адказ на пагрозу пакутаў. Памятай пра гэта, калі будзеш слухаць сённяшняе чытанне з Евангелля паводле Лукі...
Чытанне святога Евангелля паводле Лукі Лк 23, 46 Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў. Разважанне На працягу свайго зямнога жыцця ўцелаўлёны Езус прайшоў па ўсім краі, які зараз называецца Палесціна. Ён хадзіў з горада ў горад, цалкам прысвячаў сябе людзям, слухаў іх, аздараўляў, насычаў, рабіў усё, аб чым прасіў Яго Айцец. Ён прысвяціў сябе публічнаму служэнню. А на крыжы Ён аддаў сябе дарэшты і канчаткова: «У рукі Твае аддаю дух Мой» Гэта найвялікшая ахвяра, якую свет калі-небудзь бачыў: Ён сам аддае цела і душу. Езус цалкам аддае сябе. Менавіта да гэтага пакліканыя і мы: цалкам і поўнасцю аддаваць сябе Богу.
Вось яшчэ адно падабенства нашага жыцця да жыцця Езуса, яшчэ адно месца, дзе Ён нас разумее. Езус разумее, што, аддаючы сябе Айцу, мы можам не ведаць, якое новае жыццё пачнецца з нашай ахвяры. І Ён ведае, што чым больш мы аддаём сябе Айцу, тым больш новага жыцця выцякае з усяго, што мы аддаем. Часта мы ўтойваем ад Бога нейкія часткі нашага жыцця: незадаволенасць, грахоўную звычку, эгаістычны спосаб паводзін, імкненне да ўлады і статусу, патрэбу набываць ва ўласнасць больш рэчаў. Увогуле мы вядзём добрае жыццё, і ўсё ж нейкую частку мы пакідаем для сябе, не аддаючы яе Богу. Мы кажам Яму: «Вазьмі ўсё астатняе, толькі не гэта». Але мы пакліканыя аддаць Богу ўсё. Размова з Богам Дарэшты аддаць сябе Богу азначае падпарадкавацца той будучыні, якую Ён для нас падрыхтаваў. Мы можам не ведаць, што гэта за будучыня. Мы можам гэтага не разумець. Але мы пакліканыя прыняць гэтую будучыню і падпарадкавацца ёй. Так, як гэта зрабіў Езус. Як ты звычайна аддаеш сябе Богу? Магчыма, гэта нешта такое, чаго ты не рабіў раней, але хацеў бы гэта зрабіць… Як бы там ні было раней з тваёй самаадданасцю, проста сядзь і пагавары пра гэта з Богам. Чым больш мы сябе аддаём, тым лепш мы разумеем, хто мы такія. Чым больш мы сябе аддаём, тым больш поўным становіцца нашае жыццё. І зараз, напрыканцы гэтых духоўных разважанняў, магчыма, ты захочаш памаліцца словамі: «У рукі Твае, Пане, аддаю дух Мой». Вялікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» паводле кнігі а. Джэймса Марціна SJ «Сем апошніх слоў» (Seven Last Words).фПлан рэкалекцый тут >>> |