Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікапосныя рэкалекцыі на Catholic.by. Заканчэнне
Беларусь
15.04.2017 05:00

Вялікая пятніца — толькі адзін дзень у жыцці Езуса. Інакш кажучы, Яго жыццё не складалася выключна з цярпення і болю. У Яго служэнні пераважала радасць. Сапраўды, калі Езус сустракаўся з пакутамі людзей, Ён, выслухаўшы чалавека, адразу стараўся палегчыць ягонае цярпенне. Уяві сабе, як выглядаў, напрыклад, момант цудоўнага аздараўлення ад цяжкай хваробы... Сустрэць Езуса азначала сустрэць радасць, якая характарызуе панаванне Бога.  

Аднак, як мы ўжо бачылі, Езус пакутаваў. Яшчэ да таго, як выйсці на сусветную сцэну, Ён зведаў фізічны і эмацыйны боль чалавечага жыцця. Вучні не заўсёды разумелі Яго, а некаторыя прадстаўнікі рэлігійнай улады часта пераследавалі. Ён плакаў над смерцю свайго сябра Лазара. Такім чынам, пакуты гэтага свету былі вядомыя Яму. У Вялікую пятніцу Езус адчуваў не толькі фізічны боль, Ён моцна перажываў сваю пакінутасць — адышлі вучні і здавалася, што нават Айцец Яго пакінуў.

Што гэта ўсё значыць для цябе?

Ці сустрэў ты Езуса асабіста падчас гэтых рэкалекцый? Ці можаш узгадаць хаця б адзін момант, які ўразіў цябе, здзівіў, наблізіў да Бога?

Як змянілі цябе разважанні над пакутамі Хрыста?

Як і ў чым гэтыя рэкалекцыі табе дапамаглі?

Ёсць некалькі рэчаў — ізаляцыя, цярпенне, — боль ад якіх у значнай меры не паддаецца апісанню. Фізічныя праблемы, з якімі ты сутыкаешся, насамрэч па сваёй прыродзе вельмі прыватныя, бо ніхто не можа ўвайсці ў тваё цела і адчуць твой боль. У цэлым, твая барацьба — практычна ў любой сферы твайго жыцця — настолькі прыватная, настолькі асабістая, настолькі ўнікальная, што нават калі ты пастараешся растлумачыць гэта камусьці, то можаш адчуць, што насамрэч выклікаў у кагосьці няправільнае ўражанне. Але ёсць адна Асоба, якая цалкам разумее цябе: уваскрослы Хрыстус.

Уваскрослы Хрыстус, жывы і прысутны для нас у Святым Духу, знаходзіцца з табой у тваім цярпенні. Ён з табою ў сваёй боскасці, і гэта значыць, што Ён ведае ўсё, таму цалкам цябе разумее.

Ён з табой у сваёй чалавечнасці: Ён зведаў яе на зямлі. Калі ты калі-небудзь адчуваў сябе самотным у сваім змаганні, то больш не мусіш. Цяпер ты ведаеш, што Езус разумее цябе дасканала. Прысвяці некаторы час на тое, каб усвядоміць гэта.

Калі ты молішся Езусу, ты звяртаешся да таго, хто разумее цябе, і можаш адчуваць сябе не такім самотным. Ведаючы, што Езус цябе разумее, ты можаш гаварыць з Ім больш адкрыта і свабодна ў малітве. Дазволь сабе адпусціць кантроль. Адкрыйся. Будзь з Ім сумленным. Езус хоча пачуць пра тваю барацьбу, бо Ён разумее яе. І ты можаш пачаць адразу! У гэтых заключных момантах пагавары з Ім шчыра, як з блізкім сябрам. Менавіта такіх адносін Ён прагне.

ф Велікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» паводле кнігі а. Джэймса Марціна SJ «Сем апошніх слоў» (Seven Last Words).фПлан рэкалекцый тут >>>

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.