ІV Праваслаўна-Каталіцкі форум павінен кансалідаваць хрысціянскія сілы для вырашэння праблем сучаснасці |
Беларусь |
30.05.2014 14:12 |
Аб гэтым ішла гаворка падчас прэс-канферэнцыі прысвечанай ІV Праваслаўна-Каталіцкаму форуму на тэму «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам Еўропы», які пройдзе ў Мінску з 2 па 6 чэрвеня. Раней гэты форум праводзіўся ў Трэнта (Італія), на востраве Радос (Грэцыя), у Лісабоне (Партугалія) і выклікаў шырокую зацікаўленасць як прэсы, так і грамадскасці Еўропы. У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел настаяцель мінскага прыходу Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны, прэс-сакратар ККББ кс. Юрый Санько і старшыня арганізацыйнага камітэту, віцэ-старшыня «Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мятода і Кірылы» Рыгор Даўгяла. Мэта Форуму, якую агучыў протаіерэй Фёдар Поўны, заключаецца ў кансалідацыі хрысціянскіх сілаў Еўропы для сумеснага сведчання сучаснаму свету і абароны хрысціяснкіх каштоўнасцей ва ўмовах секулярызаванага грамадства. Таксама протаіерэй Фёдар Поўны падкрэсліў, што вельмі важным з боку кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і СМІ з’яўляецца замацаваць у свядомасці беларускай грамадскасці ідэі міжрэлігійнага і міжнацыянальнага міра і супрацоўніцтва. Было адзначана, што гэты Форум будзе з’яўляцца прыкладам для ўсіх як веруючых, так і няверуючых жыхароў нашай краіны. Форум павінен стаць пляцоўкай, якая ўпершыню ў Беларусі збярэ вядомых тэолагаў, рэлігіязнаўцаў і філосафаў у такой вялікай колькасці і з такой шырокай геаграфіяй іх пражывання. З журналістамі была абмеркавана іміджавасць мерапрыества і прэстыжнасць для Рэспублікі Беларусь. Форум — гэта «магчымасць для беларускіх вучоных прадэманстраваць свае тэалагічныя і філасофскія дасягненні сярод іншых», — дадаў протаіерэй Фёдар Поўны. Прэс-сакратар ККББ кс. Юрый Санько звярнуў увагу на тое, што гэта не экуменічны форум, але форум, на якім прадстаўнікі розных канфесій збіраюцца разам, каб выказаць свой погляд на рашэнне складаных праблемаў сучаснага свету. На пытанне, ці будзе прысутным на Форуме Мітрапаліт Філарэт, было паведамлена, што іерарх запрошаны, але яго прысутнасць будзе залежыць ад стану здароўя. Было таксама заўважана, што амаль усе ўдзельнікі форуму прасілі аб сустрэчы з ім. Чакаецца, што ў працы Форуму прымуць удзел прадстаўнікі з 22 краін, з іх 42 каталіцкія і праваслаўныя іерархі. Урачыстае адкрыццё Форума з удзелай шырокай грамадскасці адбудзецца 2 чэрвеня ў 17.00 у Белай зале Храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне. Аксана Ючкавіч |
Фотарэпартаж |