Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На пасяджэнні ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума выступіў з дакладам Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч
Беларусь
04.06.2014 19:17

Праца ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума “Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе”, які праходзіць у Мінску, працягнулася ў другой палове дня 4 чэрвеня. У межах пасяджэння выступіў з дакладам на англійскай мове “Касцёл і адраджэнне маральных фундаментаў Еўропы” Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Даклад беларускага арцыпастыра можна падзяліць на тры часткі. Першая прысвечана агульнай маральнай сітуацыі ў Еўропе, якая перажыае духоўны крызіс і больш не з’яўляецца хрысціянскай. Дакладчык падкрэсліў, што Еўропу трэба ўспрымаць не толькі як геаграфічную рэальнасць – гэта таксама сістэма каштоўнасцяў, якая склалася гістарычна і зыходзіць з хрысціянскай спадчыны Захаду і Усходу. На жаль, як адзначыў Мітрапаліт, ідэалогія секулярызму прывяла да дэвальвацыі гэтых каштоўнасцяў і страты хрысціянскай ідэнтычнасці Еўропы, што з’яўляецца выклікам для хрысціянскіх Цэркваў.

 

 

Другая частка даклада была прысвечана аналізу маральных праблем сучаснай Еўропы. Сярод іх выступоўца назваў у першую чаргу крызіс сям’і як асноўнай клеткі грамадства. Як адзначыў іерарх, дэвальвуецца каштоўнасць і значэнне гэтага ўстаноўленага Богам інстытуту, уводзіцца паняцце гендэрнай ідэалогіі, калі словы “мужчына” і “жанчына” ўжо не маюць дачынення да полу, а ўспрымаюцца як суб’ектыўная рэальнасць, калі кожны можа свабодна абраць пол ці яго змяніць – сёння мужчына, завтра жанчына і да т. п. Усё гэта, па словах Мітрапаліта, вядзе да таго, што баькі не называюцца “бацька” і “маці”, а “першы і другі з бацькоў”. 

Далей дакладчык падкрэсліў небяспеку дэмаграфічнага крызісу, прычынай якога з’яўляюцца аборты, эўтаназія і нежаданне мець дзяцей, у выніку чаго Еўропа старэе і вымірае, яе насельніцтва змяняецца такім чынам, што ў ёй жыве ўсе больш людзей іншых веравызнанняў, культур і звычаяў.

Як наступную надзённую праблему іерарх вылучыў неабходнасць з пачуццём любові да бліжняга ставіцца да мігрантаў і бежанцаў, як з матэрыяльнага, так і духоўнага пункту гледжання. Парадоксам Мітрапаліт назваў сітуацыю, калі багатая і самазадаволеная Еўропа пакутуе на сіндром беднасці. Вялікай праблемай, як заўважыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, з’яўляецца і патрэбнае хрысціянскае выхаванне моладзі, якую фарміруюць секулярныя тэндэнцыі і бездухоўныя СМІ.

Мітрапаліт адзначыў, што абарона і прамоцыя чалавечай годнасці – актуальная задача для хрысціянскіх Цэркваў. Культура спажывецтва, па словах арцыпастыра, з’яўляецца вялікай небяспекай для сучаснай Еўропы, а бізнес, палітыка і СМІ маюць патрэбу ў дзеяннях у адпаведнасці з нормамі хрысціянскай этыкі. Еўропа, як дадаў іерарх, мае таксама вострую неабходнасць у захаванні міру і мірнага суіснавання людзей розных нацыянальнасцяў, веравызнанняў і палітычных поглядаў.

У трэцяй частцы дакладчык заклікаў Каталіцкі Касцёл і Праваслаўную Царкву да інтэнсіфікацыі міжканфесійнага дыялогу і да актыўнага ўдзелу ў вырашэнні прадстаўленых вышэй праблем, а таксама заклікаў заканадаўцаў прымаць законы ў адпаведнасці з прынцыпамі хрысціянскай этыкі.

У канцы даклада Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да Маці Божай Марыі – Апякункі Еўропы – з просьбай заступацца перад Богам у гэты вырашальны час дзеля вяртання Еўропы да хрысціянскіх каранёў.

Поўны тэкст даклада Мітрапаліта>>>

Дакладчыкам з праваслаўнага боку на пасяджэнні па гэтай тэме стаў Мітрапаліт Канстанцыі-Аммахосту Васіліус (Кіпрская Праваслаўная Царква).

Тэму “Прырода Касцёла і яго місія” асвятлілі з каталіцкага боку арцыбіскуп Гранадскі (Іспанія) Хав’ер Марцінес, з праваслаўнага – епіскап Румынскай праваслаўнай епархіі ў Італіі Сілуан.

Даклад па тэме “Актуальнасць і неабходнасць міжрэлігійнага дыялогу: вопыт Беларускай Праваслаўнай Царквы ў новы час” прадставіў прафесар Андрэй Данілаў (Інстытут тэалогіі імя святых Мятода і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта).

Пасля пасяджэнняў адбываліся дыскусіі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.