Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску адбыўся прыём з нагоды дня Святога Пасаду і ў гонар удзельнікаў IV Каталіцка-Праваслаўнага Форума (+фота)
Беларусь
04.06.2014 23:32

4 чэрвеня ў Мінску адбыўся ўрачысты прыём ад імя Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці з нагоды штогадовага дня Святога Пасаду і ў гонар удзельнікаў IV Каталіцка-Праваслаўнага Форума — каталіцкіх і праваслаўных іерархаў Еўропы. Форум праходзіць у сталіцы Беларусі з 2 па 6 чэрвеня.

На прыёме прысутнічалі таксама каталіцкія біскупы Беларусі – Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня ККББ біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, духавенства, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпусу.

Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да прысутных, адзначыў у сваёй прамове, што жадае “аддаць даніну глыбокай павагі Яго Святасці Папу Францішку ў першую гадавіну яго Пантыфікату і запэўніць яго ў непарушнай салідарнасці і малітоўнай памяці аб здароўі і выкананні яго місіі”.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сардэчна прывітаў удзельнікаў IV Каталіцка-Праваслаўнага Форума. Па словах іерарха, “атмасфера дзён сумеснага разважання, жыцця і працы паказвае, як многае мы можам зрабіць разам, нават калі адзінства нашых Цэркваў пакуль не поўнае”. Звяртаючы ўвагу на той факт, што Форум праходзіць у Беларусі, прадстаўнік Папы, у прыватнасці, сказаў: “Гэта сведчыць перш за ўсё аб духу добрасуседства і ўзаемапавагі паміж хрысціянскімі канфесіямі ў гэтай краіне, што само па сабе з’яўляецца вялікай каштоўнасцю”.

“Сёння мы прымаем у Беларусі шаноўных пастыраў, якія прадстаўляюць тых, хто верыць у Хрыста, з 22 еўрапейскіх краін”, - нагадаў Апостальскі Нунцый, дадаўшы, што яны “прыбылі сюды, каб сустрэцца адзін з адным, з людзьмі, з царкоўнымі іерархамі і прадстаўнікамі дзяржаўнай улады” і “гэтым жэстам, у імя агульнай веры ў Бога, які ёсць любоў, яны зрабілі крок, які палітыкі многіх з іх краін лічаць немагчымым”. “Сёння ўся Еўропа сустрэлася ў Беларусі з братэрскімі абдымкамі і жаданнем ісці разам да вялікіх каштоўнасцяў, да якіх мы ўсе імкнёмся. Ад імя Папы я дзякую вам за гэты мужны крок, які годна будзе ацэнены ўсім беларускім народам”, — сказаў арцыбіскуп.

Прадстаўнік Святога Айца выказаў глыбокую падзяку Беларускай Праваслаўнай Царкве за аказаную гасціннасць, Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь за прадастаўленую аўдыенцыю, сустаршыням Форума - кардыналу Петэру Эрдзё, старшыні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, арцыбіскупу Эстэргомскаму і Будапешцкаму, і Мітрапаліту Сасімскаму Генадзіусу, які прадстаўляе Канстанцінопальскі Патрыярхат, - а таксама арганізатарам прыёма, усім, хто зрабіў свой уклад у тое, каб “гэтая братэрская сустрэча адбылася”.

Першы намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Міхневіч, кажучы пра правядзенне IV Каталіцка-Праваслаўнага Форума менавіта ў Мінску, адзначыў, што “абранне Беларусі ў шэрагу такіх краін, як Італія, Грэцыя, Партугалія, пляцоўкай для правядзення гэтага Форума не выпадковае і вельмі правільнае", дадаўшы, што ў сваёй гісторыі Беларусь "ніколі не была месцам для міжканфесійных канфліктаў", "прадстаўнікі ўсіх рэлігій мірна, спакойна, па-сяброўску жывуць на нашай зямлі, дапамагаючы адзін аднаму".

Аляксандр Міхневіч падкрэсліў, што Беларусь – “цудоўная пляцоўка для экуменічнага дыялогу паміж Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам”. “Нас аб’ядноўваюць выклікі, з якімі мы сутыкаемся сёння на нашым еўрапейскім кантыненце”, - адзначыў Першы намеснік міністра, выказаўшы надзею, што рашэнні, якія будуць выпрацаваны ў ходзе Форума, “унясуць свой уклад у духоўнае ўзбагачэнне, духоўнае адраджэнне Еўропы”, і пажадаўшы яго ўдзельнікам поспехаў у працы.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.